Можна меркаваць, што сцэнар пуцінскага «вызваленчага паходу» супраць Украіны ў агульных рысах быў гатовы ўжо ўлетку 2021 году. І яўныя паралелі з падзеямі верасьня 1939 году тут ад самага пачатку меліся на ўвазе і ўлічваліся — нават у прапагандзе.
Зьвярніце ўвагу: спачатку Лукашэнка 7 чэрвеня 2021-га нечакана абвяшчае дзень 17 верасьня ўсенародным дзяржаўным сьвятам — у гонар падзеяў 1939 году. Потым, у ліпені, зьяўляецца канцэптуальны гістарычны артыкул Пуціна, у якім аўтар абгрунтоўвае непаўнавартаснасьць Украіны як дзяржавы і ўкраінцаў як нацыі, станоўча ацэньвае сталінскую агрэсію 1939 году супраць Польшчы. І, нарэшце, у верасьні 2021-га МЗС Расеі ўпершыню ў постсавецкай гісторыі вяртае ва ўжытак тэрмін сталінскай савецкай гістарыяграфіі — «вызваленчы паход» — называючы так падзеі верасьня 1939 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зайздрасьць і помста палёнафоба. За што Лукашэнка так ня любіць Польшчу і палякаўСпрабавалі паўтарыць
Сталінскі «вызваленчы паход» 1939 году — гэта той ідэальны сцэнар амаль бяскроўнай анэксіі чужых тэрыторый, які Пуцін пры саўдзеле і спрыяньні Лукашэнкі плянаваў ажыцьцявіць у лютым 2022-га. Разьлік быў на тое, што гісторыя паўторыцца. Што натоўпы ўзрадаваных украінцаў, якія «стагналі пад ярмом бандэра-фашыстаў», будуць вітаць танкавыя калёны «вызваліцеляў» кветкамі і пірагамі. Што загадзя падрыхтаваныя расейскім ФСБ ячэйкі калябарантаў імгненна пяроймуць уладу на «вызваленых» тэрыторыях (як гэта рабілі ў 1939-м актывісты прамаскоўскіх КПЗБ і КПЗУ). А шакаваныя магутнасьцю і татальнай перавагай пуцінскай і лукашэнкаўскай «саюзных» арміяў украінцы паслухмяна падымуць рукі ўгару, здаючыся ў палон. А пасьля анэксаваную, зьнішчаную Ўкраіну можна будзе яшчэ і падзяліць з заходнімі суседзямі — як падзялілі паміж сабой Польшчу Сталін і Гітлер у 1939-м (згадайма тут мапы падзелу Ўкраіны, апублікаваныя нядаўна Мядзьведзевым).
Падчас першага сьвяткаваньня новаабвешчанага «Дня народнага адзінства» ў верасьні 2021-га Лукашэнка паслухмяна паўтараў усе новыя пуцінскія пастуляты што да падзеяў 1939-га:
- «Польшча сама вінаватая»,
- «у Заходняй Беларусі ў 1939-м з захапленьнем віталі вызваліцеляў», «беларусы стагналі пад ярмом польскіх прыгнятальнікаў»,
- «Заходняя Беларусь была акупаваная Польшчай у 1920 годзе»...
Грамадзтва яшчэ не здагадвалася, але з вышыні сёньняшняга дня відавочна: ужо тады гэта была прапагандысцкая падрыхтоўка грамадзкай думкі да будучай агрэсіі супраць Украіны, якая ў галовах двух стратэгаў (маскоўскага і менскага), відавочна, таксама мусіла выглядаць як вялікі «вызваленчы паход» — але ні ў якім разе не як вайна. Нават дзіўна, чаму ў лютым 2021-га Крэмль урэшце спыніўся на тэрміне «спэцыяльная ваенная апэрацыя». Хоць цынічны сталінскі тэрмін пасаваў бы куды лепш.
«Папяровы тыгр»
Канец 30-х гадоў — час татальнай мілітарызацыі савецкага грамадзтва. Культываваўся міт пра непераможнасьць Чырвонай арміі. Паводле колькасьці штыкоў (больш за 4 мільёны чалавек) яна лічылася найбольшай арміяй на кантынэнце.
Наколькі баяздольнай і тэхнічна падрыхтаванай да рэальнай вайны яна пры гэтым была — пытаньне цьмянае. Кожнага, хто у той час выказаў бы хоць найменшы сумнеў у ейнай непераможнасьці, чакаў ГУЛАГ ці расстрэл. Многія савецкія вайскаводы таго часу (уключна з расстралянымі «чырвонымі маршаламі» Блюхерам, Тухачэўскім і Ягоравым) пераканаліся ў гэтым на ўласным трагічным лёсе. «Савецкі народ» напярэдадні Другой сусьветнай вайны вымушаны быў з энтузіязмам сьпяваць сталінскія маршы кшталту гэтага:
Мы войны не хотим, но себя защитим —
Оборону крепим мы недаром.
И на вражьей земле мы врага разгромим
Малой кровью, могучим ударом!
Сталінскі рэжым, такім чынам, бачыў будучую вайну менавіта такой: хуткай, з малымі стратамі, на чужой тэрыторыі. Падзеі верасьня 1939 году вельмі ўмацавалі гэты міт — пра непераможную сталінскую армію, якой ніхто ня здольны супрацьстаяць. 17 верасьня 1939 году больш як паўмільённая групоўка Чырвонай арміі ўварвалася на тэрыторыю чужой краіны, не сустракаючы ў сутнасьці ніякага супраціву. Польская армія у гэты час вяла цяжкія баі на захадзе, спрабуючы стрымаць агрэсію Гітлера. Зразумела, ніхто тады ня ведаў пра сакрэтныя пратаколы, падпісаныя Молатавым і Рыбэнтропам у жніўні 1939-га, пра тое, што два дыктатары ўжо даўно падзялілі між сабой Усходнюю Эўропу.
Польскае кіраўніцтва памылкова лічыла, што Чырвоная армія ўваходзіць толькі дзеля таго, каб абмежаваць зону нямецкай акупацыі, але не дзеля зьнішчэньня польскай незалежнасьці і не дзеля таго, каб застацца тут назаўсёды. Галоўнакамандуючы польскай арміяй Эдвард Рыдз-Сьміглы ўвечары 17 верасьня па радыё аддаў загад:
«Саветы ўварваліся на нашу зямлю... Баявых дзеяньняў з бальшавікамі ня весьці, хіба толькі ў выпадку атакі зь іхнага боку ці спробаў раззбраеньня нашых частак».
Загад быў у асноўным выкананы. У ягонай слушнасьці дагэтуль ёсьць вялікія сумневы. Ці такой ужо грознай сілай была тагачасная сталінская армія? Якім мог быць вынік, калі б Польшча аказала арганізаваны супраціў? Так, бальшавіцкая армія ўварваньня была агромністая, але ў ейнай баяздольнасьці і эфэктыўнасьці былі вялікія сумневы.
У свой час мне даводзілася размаўляць з многімі сьведкамі таго «вызваленчага паходу» — і з тымі, якія крочылі ў верасьні 1939-га ў Заходнюю Беларусь зь вінтоўкамі за плячыма, у складзе паходных салдацкіх калёнаў; і з тымі, якія хто зь цікавасьцю, хто з трывогай, а хто і з надзеяй сачылі за гэтымі калёнамі з вокнаў сваіх хатаў. Агульнае ўражаньне і тых і другіх: акупацыйная армія была вялізная, але ў той жа час яўна адсталая, патрапаная, зь недасканалымі і прымітыўнымі машынамі, якія няспынна ламаліся або спыняліся з прычыны недахопу паліва і запчастак; з абы-як апранутымі і паўгалоднымі салдатамі, якія ўвесь час шукалі ці прасілі харчу ў мясцовых жыхароў. Можна толькі здагадвацца, які мог быць вынік гэтага паходу, калі б армія Польшчы арганізавала адпор.
Дарэчы, сям-там такі супраціў на тэрыторыі Заходняй Беларусі быў аказаны — без узгадненьня з Варшавай. Для прыкладу, цягам двух дзён — 20–21 верасьня — спрабавала абараняцца ад савецкіх агрэсараў Горадня. Гэта была безнадзейная спроба: супраць сталінскіх дывізіяў выступілі некалькі батальёнаў пяхоты разам з добраахвотнікамі, сярод якіх у большасьці былі патрыятычна настроеныя гімназісты, старшаклясьнікі, падлеткі... Тым ня менш абаронцам удалося справіцца з першым націскам і нават падбіць некалькі танкаў. Пасьля ўзяцьця гораду бальшавікі жорстка адпомсьцілі абаронцам — расстралялі каля 300 палонных, сярод якіх пераважала моладзь.
У гэтыя дні ў кінатэатрах Польшчы ідзе прэм’ера фільму Кшыштафа Лукашэвіча «Арляняты. Горадня‘39» (арыгінальная назва: «Orlęta. Grodno’39») — шчымлівая гісторыя верасьня 1939-га вачыма 12-гадовага гарадзенскага хлопчыка, які быў сярод абаронцаў роднага гораду. Дарэчы, гэта першы мастацкі фільм пра савецкае ўварваньне ў Польшчу ў 1939 годзе.
Сёньня — Кіеў, заўтра — Ля-Манш
Пуцін і Лукашэнка, без сумневу, зайздросьцілі фарту, які выпаў на долю Сталіна ў 1939-1940 гадах. Геапалітычная карта для крамлёўскага тырана легла так удала, што ён мог грэбці жар чужымі рукамі: немцы зь цяжкімі баямі заваёўвалі Польшчу на Захадзе, а ён у гэты час, скарыстаўшыся сакрэтнай дамовай з Гітлерам, анэксаваў нашмат большыя тэрыторыі на ўсходзе фактычна без супраціву. А які быў прапагандысцкі эфэкт, якая прастора адкрывалася для шантажу і блефу!
Уся Ўсходняя Эўропа з жахам і трымценьнем назірала за сталінскай шматмільённай арміяй, якая імкліва займала ўсё новыя землі. Камуністычная імпэрыя ў 1939-40 гадах хутка вяртала пад сваё крыло сотні тысяч квадратных кілямэтраў тэрыторыяў, страчаных пасьля Першай сусьветнай вайны — ад Фінскай затокі на поўначы да вусьця Дунаю і чарнаморскага ўзьбярэжжа на поўдні. Літва, Латвія, Эстонія не наважыліся нават на мінімальны супраціў і паслухмяна выканалі ўсе патрабаваньні Крамля, адмовіўшыся ад уласнай незалежнасьці. Падобным жа чынам павяла сябе Румынія: Бухарэст, саступіўшы шантажу, безь пярэчаньняў аддаў Маскве дзясяткі тысяч квадратных кілямэтраў сваіх тэрыторыяў — Малдову і Паўночную Букавіну. Усходнеэўрапейскія краіны пáдалі да ног Сталіна як сьпелыя яблыкі. Абрысы колішняй імпэрскай Расеі вярталіся на палітычную мапу Эўропы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У пасьляваеннай Расеі адмаўленьне ўкраінскай і беларускай нацый павінна стаць крымінальным злачынствамІ як тут не згадаць сёлетні студзеньскі ўльтыматум Масквы, адрасаваны NATO: «зьбіраць манаткі і выпраўляцца на рубяжы 1997 году» (цытата з выступу намесьніка міністра замежных справаў РФ Рабкова 9 студзеня 2022 г.). Ультыматум прагучаў, калі расейскія войскі ўжо канцэнтраваліся ўздоўж усходняй мяжы Украіны, а таксама на поўначы, на тэрыторыі Беларусі — пад выглядам вайсковых манэўраў. Новы «вызваленчы паход» на захад ужо быў сплянаваны. Пляны і разьлікі гэтыя, дарэчы, з уласьцівым для сябе нетрыманьнем чужых сакрэтаў Аляксандар Лукашэнка выбалбатаў у інтэрвію расейскаму прапагандысту Салаўёву за два тыдні да ўварваньня, 7 лютага 2022 году:
«Украіна ніколі з намі ня будзе ваяваць: гэтая вайна працягнецца максымум тры-чатыры дні. Там ня будзе каму супраць нас ваяваць».
А таксама красамоўныя пляны на будучую атаку Пуціна і Лукашэнкі супраць Эўропы — пасьля таго, як Украіна будзе пастаўленая на калені:
«У Эўропе будзе прасьцей... Калі яны там разгорнуцца і перашлюць сюды нейкія войскі, мы ўжо будзем стаяць пры Ля-Маншу».
Сёньня, у верасьні 2022-га, развагі пра тое, як войскі Пуціна і Лукашэнкі «будуць стаяць пры Ля-Маншу», гучаць як трызьненьне псыхічна хворага. Але на пачатку году ўсё выглядала зусім інакш. У тое, што Кіеў будзе акупаваны за 36 гадзін з пачатку ўварваньня, верылі ня толькі прыхільнікі Пуціна і Лукашэнкі. Міт пра магутнасьць і непераможнасьць пуцінскай арміі ўспрымаўся зусім не як міт, а як рэальная пагроза. Што адметна, сам Крэмль з дапамогай уласнае прапаганды гэты міт разьдзьмуў, сам жа ў яго, відавочна, і паверыў. «Другая армія сьвету», «Расейскія цуда-волаты», «Можам паўтарыць!» і «Гэта мы яшчэ не пачыналі» — звыклая рыторыка Крамля напярэдадні і ў першыя тыдні вайны з Украінай. Можна ўявіць, у якую мілітарысцкую гістэрыю ўсё гэта вылілася б, калі б расейская армія і сапраўды ўвайшла ў Кіеў пераможным маршам у лютым 2022-га, калі б расейскія сьцягі потым зьявіліся ў Адэсе, Дняпры, Запарожжы... Нехта сумняецца, што Пуцін і Лукашэнка не спыніліся б, разграміўшы Ўкраіну?
«Кардонныя маршалы»
Гэтак жа «вызваленчы паход» 1939 году, падчас якога Чырвоная армія «доблесна перамагла» тых, хто ёй не супраціўляўся, зусім не спыніўся на берагах Бугу і Сану. І тут зноў цікавыя паралелі з сучаснасьцю. Наркамат абароны тады ўзначальвалі бравыя кавалерыйскія рубакі грамадзянскай вайны Клімент Варашылаў і Сямён Будзённы — два зь пяці сталінскіх маршалаў, якім удалося пазьбегнуць расстрэлу ў 1937-м. І адзін, і другі ў свой час заўзята змагаліся з «ворагамі народу» ў шэрагах арміі, зь іхнай згоды ў ГУЛАГу апынуліся дзясяткі тысяч ні ў чым не вінаватых савецкіх афіцэраў. Разьдзьмуваўся іхны культ як непераможных вайскаводаў. Іхнымі імёнамі называлі вуліцы, фабрыкі і нават гарады. У радыё штодня гучаў ваяўнічы марш:
«Будённый — наш братишка,
С нами весь народ.
Приказ — голов не вешать
И глядеть вперёд!
Ведь с нами Ворошилов,
Первый красный офицер,
Сумеем кровь пролить за СССР!»
Пуцінскі міністр абароны Сяргей Шойгу да ўвекавечаньня сябе ў вайсковых маршах і назвах гарадоў не дацягнуў, хоць перад пачаткам вайны з Украінай вызначаўся ваяўнічымі абяцаньнямі і блішчэў на парадах генэральскімі эпалетамі і геройскімі зоркамі ня меней, чым Варашылаў у 1939-м. У ліпені 2021-га ён хваліўся, што пры ім расейская армія цалкам пераўзброеная, больш за 70 працэнтаў яе ўзбраеньня — новыя сучасныя ўзоры, паводле гэтага паказьніку яна першая ў сьвеце.
Варашылава і Будзённага падвяла іхная безаглядная адданасьць коньніцы, шаблям, тачанкам і ліхім кавалерыйскім атакам. У верасьні 1939-га, падчас «вызваленчага паходу», дзе ня трэба было ваяваць, гэта яшчэ «пракаціла». Аднак ужо зімой 1940-га, калі маленькая Фінляндыя — першая з шматлікіх заплянаваных Сталіным для анэксіі ахвяраў — нечакана вырашыла чыніць узброены супраціў агрэсару, выявілася, што непераможная Чырвоная армія магутная і страшная толькі тады, калі зь ёю не ваююць. Коньніца Будзённага і Варашылава аказалася бездапаможнай і бескарыснай супраць фінскіх снайпэраў і лясных партызанскіх атрадаў. Чарговы «вызваленчы паход», падчас якога сталінскія дывізіі мелі вызваліць з «капіталістычнага рабства» фінскіх пралетарыяў, бясслаўна праваліўся. А чырвоны маршал Варашылаў у выніку гэтай вайны страціў пасаду наркама абароны.
Прыблізна гэта ж можа неўзабаве адбыцца з пуцінскім міністрам абароны генэралам арміі Шайгу, якога лічаць ледзь не галоўным вінаваўцам правальнай вайны ва Ўкраіне. Праўда, ён болей не называе сваю армію ні «другой», ні тым больш «першай арміяй у сьвеце». І ўвогуле, апошнім часам рэдка зьяўляецца перад тэлекамэрамі і не надзявае свой парадны генэральскі мундзір з шматлікімі мэдалямі ды аксэльбантамі. Але крыўдныя мянушкі («кардонны маршал», «аленявод», «генэрал, які ні дня не служыў у войску») — трывала прыліплі да яго: іх не саромеюцца паўтараць нават набліжаныя да Крамля асобы.
Сумнеўнае сьвята
Сёлета 17 верасьня — другая спроба рэжыму наладзіць усенароднае сьвяткаваньне даты, вельмі неадназначнай для беларускай гісторыі. Ужо зразумела: вялікага трыюмфу не атрымаецца. Сьвята для ягонага галоўнага ініцыятара безнадзейна сапсавана. «Вызваленчы паход» ва Ўкраіне захліпнуўся. «Другая армія ў сьвеце» ратуецца ўцёкамі з-пад Ізюму. Будучыня падпальнікаў вайны і аднаўляльнікаў савецкай імпэрыі цьмяная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка хоча вярнуць народную любоў — і для гэтага зрабіў з Польшчы ворага № 1Згуртаваць беларускую нацыю пад лёзунгамі 17 верасьня наўрад ці ўдасца і ў больш аддаленай пэрспэктыве. Для насельніцтва Заходняй Беларусі гэтая дата — ня толькі радасны ўспамін пра ўзьяднаньне разьдзеленага народу. Тыя, каго «вызвалялі», добра памятаюць, як усьлед за «вызваліцелямі» ішлі карныя атрады НКВД, як тысячы невіаватых людзей арыштоўвалі, як адбіралі маёмасьць і гвалтам зганялі ў калгасы, як дзясяткі тысяч самых руплівых працаўнікоў, настаўнікаў, лекараў, чыноўнікаў, студэнтаў ссылалі ў Сібір. (І такіх масавых высылак за два гады пасьля «вызваленьня», ажно да фашысцкага ўварваньня, Заходняя Беларусь перажыла чатыры).
Летась, падчас першага сьвяткаваньня 17 верасьня, Аляксандар Лукашэнка з патасам абвінавачваў «польскіх захопнікаў»:
«На доўгія 20 гадоў больш як чатыры мільёны чалавек, якія жылі на акупаванай Польшчаю тэрыторыі, былі пазбаўлены права размаўляць на роднай мове, вучыцца ў нацыянальных школах, разьвіваць сваю самабытную культуру».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зноў выказаўся за амністыю, але ня хоча выпускаць з турмаў «бандытаў» і «экстрэмістаў»Крывадушнасьць і цынізм гэтай заявы у тым, што «вызваленчы паход» 1939 году нічога гэтага беларусам не прынёс — ні беларускіх школаў, ні беларускіх газэтаў, ні беларускай мовы і культуры. Усё замяніла расейшчына, «русский мир». З адной няволі беларусы трапілі ў другую, пры тым значна больш жорсткую, брутальную, нялюдзкую. Сумнеўная і хісткая падстава для сьвята, якое рэжым хоча зрабіць агульнанацыянальным. Што ж тут сьвяткаваць?
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.