І сярод іх, найперш, міт пра трыадзіны расейскі народ у складзе вялікаросаў, маларосаў і беларусаў. Усё, што ў гісторыі мела ў сваёй назьве «русь» і «рускі», без аніякага сумненьня абвяшчаецца расейскім — і Кіеўская Русь, і Вялікае Княства Літоўскае, і гетманская Ўкраіна, і аўстрыйская Галіччына.
Ніхто не разьбіраецца ў тэрмінах і гістарычных фактах, усё валіцца ў адну кучу дзеля неймаверна далёкай ад рэальнасьці і рэальнай навукі мэты: даказаць, што не існуе ніякіх асобных народаў (і тым больш нацый) — украінцаў і беларусаў.
Усе дасягненьні гістарычнай навукі, паліталёгіі і сацыялёгіі ХХ стагодзьдзя ў сучаснай Расеі адкінутыя «за ненадобностью». Нібыта і не пісалі сваіх надзвычай прыгожых і інтэлектуальна дасканалых кніг пра нацыі і нацыяналізм Энтані Сьміт, Бэнэдыкт Андэрсан і іншыя выдатныя навукоўцы. Нацыі — гэта рэальнасьць нашага сьвету апошнія 200 гадоў, але не для расейскай палітычнай эліты.
І вось паступова ідэі розных фурсавых, бяспалек і мядзінскіх пра вялікую Расею, пра спрадвечную барацьбу Захаду супраць Сьвятой Русі, пра фармаваньне Ўкраіны то палякамі, то аўстрыйцамі, то Леніным, пра стварэньне бальшавікамі беларускай мовы ў 1926 годзе і пра тое, што «інтарэсы групы Сталіна ў 1929 годзе містычным чынам супалі з інтарэсамі Расеі», трапілі ў галовы і рыторыку расейскай палітычнай эліты.
Пасьля 2014 году я зь яшчэ большым зьдзіўленьнем слухаў разважаньні кіраўніцтва Расеі пра несправядлівы характар нарэзкі тэрыторыяў бальшавікамі пры стварэньні Ўкраінскай ССР, пра перадачы вялізных кавалкаў «спрадвечна рускіх зямель» і г. д. Гэта гучала дзіка, бо пасьля Гітлера і Другой сусьветнай вайны ў Эўропе было дрэнным тонам разважаць уголас пра тэрытарыяльныя прэтэнзіі да суседзяў, а межы дзяржаваў былі прызнаныя і здаваліся недатыкальнымі.
Нарэшце гісторык-няздара, абвінавачаны калегамі ў плягіяце дысэртацыі, міністар культуры Мядзінскі перабраўся на пасаду дарадцы прэзыдэнта Расеі, і летам 2021 году на сьвет зьявіўся артыкул Пуціна «Об историческом единстве русских и украинцев». Можна амаль не сумнявацца, хто напісаў гэты тэкст. Дакладна — гэта той гісторык або «гісторык», які не чытаў Энтані Сьміта, які сьцьвярджаў, што многія нацыяналізмы заснаваныя на гістарычна памылковых інтэрпрэтацыях мінулых эпох, падзей і зьяў.
І мы цяпер дакладна бачым — чый. І няма сумневу, што царская тэорыя трыадзінага народу якраз і належыць да ліку такіх памылковых інтэрпрэтацый гісторыі ўсходніх славян.
Тым ня менш артыкул Пуціна стаў, на маю думку, нечуваным у ХХІ стагодзьдзі маніфэстам дзяржаўнага рэваншызму. Расея ня вызвалілася ад імпэрыі і не ачулася ад імпэрыялізму.
Чаму так сталася? Прычына простая — адставаньне Расеі ад Захаду і патрэба ў розных спосабах кампэнсацыі гэтага адставаньня. Адна з формаў кампэнсацыі — імпэрыялізм.
Амэрыканскі гісторык Марцін Малія ў 1999 годзе пісаў, што роля велізарнай тэрыторыі Расеі зводзіцца выключна да таго, каб сілкаваць пыху расейцаў: «Мы займаем шостую частку сушы». У людзей узьнікае пачуцьцё, што гэты геаграфічны размах аказвае ўплыў на расейскую гісторыю, робіць яе больш велічнай і гераічнай. І яно ж служыць пажыўнай глебай для нараджэньня хімэраў «эўразійства».
А францускі гісторык Ален Бэзансон 20 гадоў таму пісаў:
«Імпэрыя распалася, гэта вельмі добра для Расеі і можа прынесьці ёй вялікую карысьць. Аднак людзі, якія цяпер жывуць у Расеі, па-ранейшаму мараць пра ўваскрашэньне імпэрыі, і самыя спрытныя дыпляматы, гэтак жа як і самыя дасьведчаныя супрацоўнікі „органаў“, таемна рыхтуюць яе аднаўленьне. Існаваньне незалежнай Украіны здаецца большасьці расейцаў ненатуральным кашмарам, ад якога яны вось-вось прачнуцца. Нарэшце, гатовая ўступіць у свае правы і хлусьня».
І хлусьня, як мы ўсе бачым, уступіла ў свае правы. Вайна пачалася таму, што «ніякіх украінцаў няма», «мы адзін народ», а тыя, хто хоча размаўляць на сваіх мовах (якіх, як вядома, таксама няма), — гэта нацысты. Напрыклад, Уладзімір Зяленскі, які, як сказаў прэзыдэнт Расеі, падпаў пад уплыў нацыстаў. (Верагодна, тады, калі свабодна загаварыў па-ўкраінску.)
І гэта ня проста гістарычныя ці лінгвістычныя спрэчкі — гэта рэальны расейскі імпэрскі шавінізм, рэальны рэваншызм і рэальная вайна, на якой гінуць тысячы людзей.
Вось чаму ўрады пасьляваенных Украіны і Беларусі пры садзеяньні міжнароднай супольнасьці і міжнародных прававых інстытутаў павінны дамагчыся дэшавінізацыі Расеі і абвяшчэньня адмаўленьня існаваньня ўкраінскай і беларускай нацыяў, а таксама іх права на самастойнае дзяржаўнае існаваньне крымінальным злачынствам.
Як найменш, такая норма павінна зьявіцца ў заканадаўстве пасьляваеннай Украіны і постлукашэнкаўскай Беларусі.
І гэта ня толькі праблема інтэлектуальнага поля — адмаўленьне існаваньня ўкраінскай нацыі ўжо прывяло да вайны і тысяч чалавечых ахвяраў. Такое не павінна паўтарыцца.
Трэба назаўсёды пазбавіць расейскі рэваншызм ідэалягічных падстаў.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.