Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зноў выказаўся за амністыю, але ня хоча выпускаць з турмаў «бандытаў» і «экстрэмістаў»


Турма, ілюстрацыйнае фота
Турма, ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка на нарадзе прапанаваў разгледзець праект амністыі да Дня народнага адзінства, які адзначаць 17 верасьня.

Паводле яго, зараз краіна знаходзіцца пад беспрэцэдэнтным націскам, таму ён мае намер абмеркаваць мэтазгоднасьць амністыі да Дня народнага адзінства.

«Для тых, каго адтуль выдаюць на волю, гэта важны момант у жыцьці. Па-рознаму яны, вядома, адаптуюцца ў грамадзтве, але тым ня менш такая практыка ёсьць», — перадае словы Лукашэнкі прэс-служба.

У Беларусі звычайна амністыі праводзяцца да юбілейных дат, афіцыйных сьвятаў Дня Перамогі і Дня Рэспублікі, 9 траўня і 3 ліпеня адпаведна. Апошняя амністыя адбылася ў 2020 годзе.

Лукашэнка лічыць, што зараз таксама можна правесьці амністыю, у тым ліку для асуджаных за «дзеяньні пратэставай накіраванасьці». Аднак прапаноўваць, каго адпусьціць, будзе МУС.

«За апошнія два гады паразумнелі ўсе. Асабліва ў турмах. Але гэта ўжо МУС зараз даложыць, яны і нясуць пэрсанальную адказнасьць за тых, хто будзе амніставаны. Ды і працаваць ім зь імі на волі. Калі гэтыя людзі раскаяліся, сталі на шлях выпраўленьня, цалкам загладзілі сваю віну, да іх можна праявіць літасьць. Прапаную абмеркаваць кола асоб, на якіх варта распаўсюдзіць амністыю», — сказаў ён.

На думку Лукашэнкі, да абмеркаваньня амністыі можна падключыць «нармальную апазыцыю» і арганізаваць спэцыяльную камісію.

Ён зазначыў, што ў яго ёсьць і прыхільнікі, якія настойваюць на «падаўжэньні жорсткіх мер». У выніку Лукашэнка прапанаваў не амніставаць «бандытаў і экстрэмістаў».

«Мы ня можам налева і направа адпускаць усіх. Хто павінен сядзець у турме, павінен сядзець. Але яшчэ раз падкрэсьліваю, ёсьць людзі, якіх мы свабодна можам вызваліць датэрмінова. Паслабленьні дапушчальныя толькі ў адносінах тых, хто рэальна гэтага заслугоўвае. Бандыты і экстрэмісты ня з гэтай сэрыі! Асабліва тыя, якія спрабавалі пад адхон пусьціць нашы цягнікі, рыхтавалі тэрарыстычныя акты і спрабавалі забіць нашых грамадзян», — сказаў ён.

На нарадзе ў Лукашэнкі таксама разглядаюць законапраект, які прадугледжвае пазбаўленьне грамадзянства палітычных апанэнтаў Лукашэнкі, якія зьехалі за мяжу. Раней Лукашэнка накідваўся з крытыкай і на ўладальнікаў «карты паляка», якая, як вядома, ёсьць у многіх ягоных падначаленых і іхных дзяцей.

Праваабаронцы «Вясны» лічаць палітвязьнямі 1328 чалавек. Колькасьць асуджаных за падзеі жніўня 2020 году і пазьнейшыя пратэсты, як адзначаюць іншыя праваабарончыя ініцыятывы і арганізацыі дапамогі палітвязьням, значна большая.

Як раней неаднаразова паведамлялася, у калёніях, на «хіміі» і ў СІЗA на палітвязьняў, асабліва вядомых людзей, сыстэматычна аказваецца ціск з патрабаваньнем напісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі, але людзі адмаўляюцца гэта рабіць. Напрыклад, так і не напісала прашэньня Натальля Хершэ, зь якой зьдзекаваліся ў турме і якую ў выніку вызвалілі пасьля дамоўленасьцяў са Швайцарыяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG