8 верасьня палітзьняволенай каардынатарцы Валянтэрскай службы «Вясны» Марфе Рабковай, асуджанай на 15 гадоў калёніі, дазволілі праз шкло паразмаўляць з мужам, зь якім яна апошні раз бачылася год таму, паведамляе «Вясна».
На сваёй старонцы ў сацсетцы «MySpace» Вадзім расказаў пра сустрэчу. Паводле яго, сустрэча з Марфай доўжылася гадзіну.
«Выглядае ў параўнаньні зь мінулым годам нармальна. Бледная, канечне, бракуе сонца. Худая. Сказала, што важыць каля 45 кіляграм. Але больш энэргічная, таму што год таму яна ледзь жывая была — тады яна вельмі хваравіта выглядала. Здароўе ўсё яшчэ турбуе», — піша Вадзім.
Паводле яго, Марфа Рабкова па-ранейшаму пакутуе ад болевых адчуваньняў у шыі з прычыны новаўтварэньняў у шчытападобнай залозе, у яе працягваюць разбурацца зубы, і зь нядаўняга часу «зьявіліся праблемы з нэўралёгіяй у вобласьці рэбраў».
Марфа вельмі перажывае за маці. Падчас сустрэчы Вадзім перадаў ёй прывітаньні, паводле яго, Марфа «вельмі дзякуе ўсім». Таксама ён расказаў Марфе пра міжнародную падтрымку і рэакцыі на прысуд міжнароднай супольнасьці — яна была радасная і задаволеная, што яе не забываюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У апошнім слове ў судзе Марфа Рабкова параўнала ГУБАЗіК з гестапа і выказала ўпэўненасьць у перамозе дэмакратыі«Прысуд успрыняла адэкватна, кажа: „Бязглузьдзіца“. На амністыю нават блізка не разьлічвае... Але спадзяецца на лепшае!
Расказала, што ў аснову абвінавачаньня таксама леглі задачы па крымінальным праве ў ЭГУ, калі артыкулы Крымінальнага кодэксу разьбіралі з пункту гледжаньня абвінавачваньня і абароны. У яе знайшлі файлы з рашэньнем гэтых практыкаваньняў, дзе яна расьпісвала, што трэба зрабіць, каб не падпасьці пад той ці іншы артыкул. І гэта кваліфікавалі як падрыхтоўку да злачыннай дзейнасьці. Марфа казала, што гэта ўнівэрсытэцкія заданьні, але абвінавачваньне заявіла, што яна дзеля пазьбяганьня адказнасьці так рабіла», — расказаў муж беларускай праваабаронцы.
Паводле Вадзіма, да этапу ў калёнію Марфе засталося дзесьці 3–4 месяцы — да апэляцыі. У гэты час яе яшчэ можна падтрымліваць пасылкамі, нават мэдычнымі, грашовымі пераводамі. Калі перавядуць у калёнію — ужо ня будзе такой магчымасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША, Эўразьвяз і АБСЭ асудзілі суровыя выракі Марфе Рабковай і яшчэ 9 палітвязьням6 верасьня каардынатарку Валянтэрскай службы «Вясны» Марфу Рабкову асудзілі на 15 гадоў калёніі па так званай справе «Рэвалюцыйнага дзеяньня». 27-гадовая палітзьняволеная не прызнала віны па ніводным з 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, паводле якіх яе абвінавацілі.
Разам з Марфай Рабковай па справе «Рэвалюцыйнага дзеяньня» асудзілі валянтэра ПЦ «Вясна» Андрэя Чапюка, анархістаў Акіхіра Гаеўскага-Ханаду, Аляксандра Францкевіча, Аляксандра Казьлянка, антырасіста Андрэя Марача, а таксама Паўла Шпетнага, Аляксея Галаўко, Данілу Чуля і Мікіту Дранца:
- Аляксандру Францкевічу — 17 гадоў;
- Акіхіра Гаеўскаму-Ханада — 16 гадоў;
- Аляксею Галаўко — 12 гадоў;
- Паўлу Шпетнаму, Мікіту Дранцу, Аляксандру Казлянку, Андрэю Чапюку — па 6 гадоў;
- Андрэю Марачу і Данілу Чулю — па 5 гадоў.