Сьцісла:
- Рэакцыя незалежных мэдыя на заяву нямецкага кіраўніка пра словы Ўладзіміра Пуціна, што Беларусь і Ўкраіна не павінны быць самастойнымі дзяржавамі, вымусіла Лукашэнку ўрэшце адрэагаваць.
- Асноўнае незадавальненьне Лукашэнкі палягае ў тым, што Шольц вынес гэтую заяву Пуціна ў публічную прастору;
- Тое, што Шольц і Макрон «зьліваюць» у публічную прастору сакрэтныя перамовы з Пуціным, сьведчыць пра іхнае нэгатыўнае стаўленьне да расейскага калегі.
- Якраз для палітычнага стылю Лукашэнкі характэрнае нетрыманьне сакрэтаў, абнародаваньне зьместу закрытых перамоваў зь лідэрамі іншых дзяржаў.
На працягу трох апошніх тыдняў Лукашэнка дэманстратыўна ігнараваў замежную палітыку. Ён езьдзіў па прадпрыемствах і калгасах, займаўся рутынай, дробнымі гаспадарчымі справамі. Хацеў даказаць, што краіна вярнулася да перадвыбарчай «стабільнасьці». Ні выбухі на аэрадроме ў Зябраўцы каля Гомля, ні заява канцлера ФРГ Оляфа Шольца пра словы Ўладзіміра Пуціна, што Беларусь і Ўкраіна не павінны быць самастойнымі дзяржавамі, здавалася, не падахвоцяць яго выказацца на гэтую тэму. Аднак рэакцыя незалежных мэдыя на словы нямецкага кіраўніка ўрэшце вымусіла Лукашэнку адгукнуцца. Бо хаваць галаву ў пясок стала проста немагчыма. Асабліва на тле тых шматлікіх публікацый і ўстойлівай думкі, што Лукашэнка здаў Пуціну незалежнасьць і ўжо не зьяўляецца гаспадаром Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка назваў Шольца «пацаном» і заявіў аб гатоўнасьці беларускіх самалётаў несьці атамныя зарадыАднак абвяржэньне Лукашэнкам Шольца сталася вельмі дзіўным. Па-першае, ён не абвінавачвае нямецкага канцлера ў тым, што той хлусіць, кажа няпраўду. І заява Лукашэнкі, што, маўляў, «такіх фэйкаў ужо наслухаўся», незразумела да чаго адносіцца. Ці то Шольц займаецца фэйкамі, ці то Пуцін?
Па-другое, галоўны акцэнт у гэтым умоўным «абвяржэньні» тычыцца ня зьместу скандальнай заявы расейскага лідэра, а самога факту абнародаваньня словаў Пуціна. Лукашэнку не абурае замах расейскага прэзыдэнта на беларускі сувэрэнітэт. Ён кажа: «Але галоўнае ня тое, што казалі Шольц і Пуцін. А галоўнае тое, што я вам кажу: сувэрэнітэт, незалежнасьць нашай дзяржавы — гэта рэчы непарушныя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канцлер Шольц: Пуцін казаў, што Беларусь і Ўкраіна не павінны быць самастойнымі дзяржаваміАсноўны патас выступу Лукашэнкі палягае ў тым, што Шольц вынес гэтую заяву Пуціна ў публічную прастору: «Шольц — гэта пацан, які нічога не разумее і разумець ня хоча ў палітыцы. Такія размовы паміж двума кіраўнікамі дзяржаў абсалютна закрыты характар носяць. Аб размове можна гаварыць і яе абнародаваць толькі са згоды чалавека на тым канцы дроту. Ён павінен быў дамовіцца з Пуціным, папрасіць яго: „Вось, я хачу“. І гэтак далей. Францускі прэзыдэнт Эманюэль Макрон неяк піярыўся перад журналістамі размовай з Уладзімірам Пуціным. Гэта пацаньнё, разумееце? Драбната. Так нельга, так не бывае».
Тут зьвяртаюць на сябе ўвагу два моманты. Найперш, тое, што Шольц і Макрон «зьліваюць» у публічную прастору сакрэтныя перамовы з Пуціным, сьведчыць пра іх стаўленьне да расейскага калегі. Яго не ўспрымаюць як рэспэктабэльнага палітыка, зь якім варта цырымоніцца. Для іх Пуцін — гэта чалавек па-за межамі дабра і зла, адносна яго цяпер усё можна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца МЗС Нямеччыны ня бачыць сэнсу ў перамовах з Расеяй, падтрымлівае пастаўкі зброі ЎкраінеДругі момант яшчэ больш пікантны. Справа ў тым, што такое нетрыманьне сакрэтаў, абнародаваньне зьместу закрытых перамоваў зь лідэрамі іншых дзяржаў характэрна якраз для палітычнага стылю Лукашэнкі. З самага пачатку сваёй прэзыдэнцкай дзейнасьці беларускі кіраўнік паказаў сябе дзяржаўным дзеячом, які ня ўмее захоўваць таямніцы. Калі ён уваходзіць у стан прамоўніцкай экзальтацыі, то па прастаце душэўнай можа выбалбатаць самыя патаемныя чужыя сакрэты, не прызначаныя для шырокай публікі. Гэта ягоная ахілесава пята і адначасова — знаходка для журналістаў, экспэртаў і шпіёнаў. Сваёй шчырасьцю ён шмат разоў «падстаўляў» як уласных міністраў, так і замежных палітыкаў, што пэрыядычна канчалася дыпляматычнымі скандаламі. Так, пасьля кожнай сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным экспэрты зь нецярпеньнем чакаюць, што на працягу некалькіх дзён беларускі лідэр, як звычайна, не ўтрымаецца і раскрые зьмест перамоваў (зразумела, у сваёй інтэрпрэтацыі). Прычым свайго расейскага калегу ён цытуе вельмі вольна, у тым ліку ў пытаньнях адносін з трэцімі краінамі. На гэтым тле ягоная крытыка заходніх палітыкаў выглядае трохі пацешнай.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.