$400 мільёнаў даўгоў, завод будавалі інвэстары з Аўстрыі: што вядома пра Miory Steel, які нацыяналізаваў Лукашэнка

8 жніўня Лукашэнка наведаў Мёрскі мэталапракатны завод, дзяржава ўзяла яго даўгі на сябе, а сам завод нацыяналізавалі. Раней там затрымлівалі кіраўніцтва са згоды Лукашэнкі. Глядзім, што з заводам.

Пачатак актыўнага будаўніцтва

Пра амбітны праект мэталапракатнага заводу на поўначы Беларусі, які будзе вырабляць белую бляху і дазволіць адысьці ад яе імпарту, стала вядома ў 2012 годзе. У 2015 годзе пачалося актыўнае будаўніцтва.

Плянавалася, што завод будзе вырабляць 150 тысяч тон бляхі на год (Беларусі патрэбна 30 тысяч тон). Пад завод тады адвялі 40 гектараў зямлі непадалёк ад мёрскай чыгуначнай станцыі. Па плянах кошт праекту першапачаткова складаў 200 мільёнаў эўра. Запусьціць яго зьбіраліся ў 2016 годзе. Да 2022 году гэта было прыватнае прадпрыемства, асноўны інвэстар — аўстрыйская кампанія ММРZ GmbH.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі больш за 2000 банкрутаў. Хто ў сьпісе?

Перанос тэрмінаў будаўніцтва, праект даражэе ўдвая

Адкрыць вытворчасьць у 2016, як плянавалася, ня выйшла. У 2020 годзе толькі скончыліся агульнабудаўнічыя працы. Тым часам праект падаражэў удвая — да 400 мільёнаў эўра.

Тады тагачасны кіраўнік КДК Леанід Алфімаў вінаваціў у зрыве тэрмінаў балота. Маўляў, інвэстары не ўлічылі балоцісты грунт, таму яго давялося замяніць на пясок, што і прывяло да падаражэньня праекту і зрываў тэрмінаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саўгас неплатаздольны, замежнае таварыства — банкрут. Што з арганізацыямі, на якіх патрабаваў парадку Лукашэнка

Першая прадукцыя і першыя страты

Першую прадукцыю Мёрскі мэталапракатны завод здолеў выпусьціць толькі ў жніўні 2020 году. Афіцыйнае адкрыцьцё заводу адбылося 7 лістапада з удзелам прэм’ера Беларусі Рамана Галоўчанкі.

Тады плянавалася, што завод акупіцца цягам 5 гадоў. 2020 год прадпрыемства завяршыла са стратамі ў 5,8 мільёна рублёў.

А ў жніўні 2020 году завод стаў партнэрам каманды Формулы-1 «Макларэн».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба нараджаць» і яшчэ адна прапанова Лукашэнкі падчас візыту на Віцебшчыну

Арышт кіраўніцтва

У чэрвені 2021 году на завод меўся прыехаць Лукашэнка, але замест гэтага прыехалі сілавікі і затрымалі ўсё кіраўніцтва заводу і некаторых супрацоўнікаў.

За кратамі аказаліся кіраўнік рады дырэктараў Аляксей Кавалёнак, гендырэктар заводу Пётар Шуміковіч, намесьнік па фінансах Дзьмітры Слаўнікаў.

Іх абвінавацілі ў злоўжываньні ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі, ухіленьні ад сплаты падаткаў і садзейнічаньні ў злачынстве. На сайце заводу гендырэктарам і цяпер значыцца Пётар Шуміковіч, Дзьмітры Слаўнікаў значыцца як намесьнік па фінансах. 2021 год завод скончыў з чыстымі стратамі ў 91,1 мільёна рублёў. То бок за год чыстыя страты вырасьлі ў 15,7 раза.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Завод перажыў дзьве вайны, але збанкрутаваў пры Лукашэнку. Што адбываецца зь беларускімі прадпрыемствамі

Прэтэнзіі «Беларусбанку» і суд аб эканамічнай няздатнасьці

У 2022 годзе «Беларусбанк» як адзін з асноўных крэдытораў падаў на завод у суд. Эканамічны суд Віцебскай вобласьці запусьціў вядзеньне па прызнаньні заводу эканамічна няздатным, то бок пачалася працэдура банкруцтва.

Канчатковае паседжаньне мелася адбыцца ў лістападзе гэтага году. Даўгі заводу тады складалі 717 мільёнаў рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За 3 гады страты заводу вырасьлі ў 27 разоў. Што з прадпрыемствамі, якімі апекаваўся Лукашэнка

Прыезд Лукашэнкі і нацыяналізацыя заводу

8 жніўня на завод прыехаў Аляксандар Лукашэнка і заявіў аб яго нацыяналізацыі, даўгі заводу забрала на сябе дзяржава.

Таксама ён абвінаваціў уласьнікаў заводу ў тым, што яны прысвоілі грошы. Маўляў, прадпрыемства не магло каштаваць 400 мільёнаў эўра, хоць раней у КДК гэтыя лічбы пытаньняў не выклікалі.

Ён сказаў, што ўсе ўладальнікі і супрацоўнікі, якія праходзяць па крымінальнай справе, мусяць кампэнсаваць страты. Тады ж Лукашэнка заявіў, што ў заводу даўгоў на 400 мільёнаў даляраў, і прызначыў новага дырэктара. Ім стаў Уладзімер Дзьяканаў, які раней быў намесьнікам гендырэктара па вытворчасьці. Таму, хто адновіць завод, Лукашэнка паабяцаў даць званьне Героя Беларусі.

Цяпер урад разьлічвае, што завод запрацуе на поўную магутнасьць толькі ў 2024 годзе.