Свабода сьцісла тлумачыць, што загадаў і прапанаваў Лукашэнка 3 жніўня падчас працоўнай паездкі ў Мёрскі раён на Віцебшчыне.
Нараджаць дзяцей
«Мінімум 3–4 дзіцяці трэба нараджаць», — сказаў Лукашэнка маладым маці ў радзільным аддзяленьні Мёрскай раённай бальніцы.
Будаваць нямецкі кардыяцэнтар падчас «справы мэдыкаў»
Лукашэнка сустрэўся зь беларускім бізнэсоўцам Аляксеем Каваленкам, які ўжо будуе Мёрскі мэталапракатны завод. Прадпрымальнік прапанаваў кіраўніку дзяржавы пабудаваць кардыялягічны цэнтар па нямецкіх стандартах для спэцыялізаванай дапамогі жыхарам Мёрскага і бліжэйшых раёнаў, а таксама замежнікам.
Чакаецца, што цэнтар будзе працаваць паводле прынцыпаў дзяржаўна-прыватнага партнэрства.
«Калі мы будзем у цябе лячыць людзей, якія ня могуць заплаціць, мы за іх будзем плаціць. Калі мы будзем бачыць, што нам гэта прапануюць для таго, каб зарабіць вялікія грошы, мы адмовімся ад паслугаў, таму што ў нас хапае дзе лячыць людзей», — сказаў Лукашэнка пра неабходнасьць узважаных коштаў.
Прадпрымальнік пра карупцыю ў пастаўках мэдтэхнікі: Дзяржава хоча, каб нашы бабулі гнілі дома
Сёлета ў чэрвені стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдычнай галіне. За злачынствы, прадугледжаныя арт. 430 («Атрыманьне хабару»), арт. 431 («Даваньне хабару») і арт. 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў») Крымінальнага кодэксу ўжытыя розныя меры стрыманьня ў дачыненьні да 37 службовых асобаў. Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 60 чалавек.
Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за спрыяньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдычных прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.