Лукашэнка запрасіў Станюту і згадаў дыктатуру. Як праходзіла інаўгурацыя пасьля першых прэзыдэнцкіх выбараў у 1994 годзе

Лукашэнка прысягае на Канстытуцыі, 20 ліпеня 1994

28 гадоў таму, 20 ліпеня 199, на адмыслова скліканай з гэтай нагоды XV сэсіі Вярхоўнага Савету, Аляксандар Лукашэнка прынёс прысягу і заступіў на пасаду прэзыдэнта.
У другім туры першых прэзыдэнцкіх выбараў, якія адбыліся 10 ліпеня 1994 году, дырэктар саўгасу «Гарадзец» Шклоўскага раёну Магілёўскай вобласьці, дэпутат Вярхоўнага Савету Аляксандар Лукашэнка перамог старшыню ўраду Вячаслава Кебіча, набраўшы 80,34% галасоў (у Кебіча было 14,17%). З улікам яўкі, гэта, адпаведна, 56% і 10% ад усіх грамадзянаў, якія мелі права голасу.


Адзіныя выбары, вынік якіх не аспрэчвалі іншыя кандыдаты

Як патрабавала новая на той момант Канстытуцыя, цырымонія прынясеньня прысягі новаабраным прэзыдэнтам адбывалася на сэсіі Вярхоўнага Савету. Сэктар прэзыдыюму Авальнай залі быў рэканструяваны — усталяваная адмысловая трыбуна для прэзыдэнта з крэслам і мікрафонам.

На цырымонію інаўгурацыі новаабранага прэзыдэнта былі запрошаныя ўсе зарэгістраваныя Цэнтравыбаркамам кандыдаты.

Выбары 1994 аказаліся адзінымі прэзыдэнцкімі выбарамі, перамогу на якіх Аляксандра Лукашэнкі не аспрэчваў ніводзін зь ягоных канкурэнтаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка прайграў выбары». Што сказаў на слуханьнях у Кангрэсе ЗША аўтар Акту аб дэмакратыі ў Беларусі

Рэкордная колькасьць дэпутатаў і Стэфанія Станюта сярод гасьцей

На сэсію сабралася рэкордная за ўсе гады дзейнасьці ВС-12 колькасьць дэпутатаў — 318.

Сярод запрошаных камандай Лукашэнкі на цырымонію ў Авальнай залі прысутнічалі артыстка Купалаўскага тэатру Стэфанія Станюта і кіраўнік ансамблю «Сябры» Анатоль Ярмоленка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі адмянілі паказы фільму «Авантуры Пранціша Вырвіча» з удзелам актораў Купалаўскага

У прамове Лукашэнка прыгадаў дыктатуру

Прысягаў Лукашэнка, стоячы на цэнтральнай трыбуне і паклаўшы руку на Канстытуцыю, пад дзяржаўным бел-чырвона-белым сьцягам. Ніякіх пярэчаньняў адносна прысутнасьці Пагоні ці сьцяга Лукашэнка ў часе інаўгурацыі не выказваў (зрэшты, як і ў наступныя месяцы, да вясны 1995-га, калі ён заявіў пра рэфэрэндум).

Прысягу Лукашэнка прынёс па-беларуску, але інаўгурацыйную прамову прачытаў па-расейску. Прамова (яе, як потым высьветлілася, яе пісаў Аляксандар Фядута), насуперак чаканьням, была поўная заклікаў да «грамадзянскай згоды». Лукашэнка заявіў, што «будзе адкрыты да самага цеснага супрацоўніцтва з усімі палітычнымі сіламі, гатовымі да канструктыўнага супрацоўніцтва на карысьць Беларусі». Ён таксама сказаў, што адзінай дыктатурай у Беларусі «можа быць толькі дыктатура закону».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ліквідаваныя ці знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі 765 арганізацый грамадзянскай супольнасьці

Выступілі толькі тры дэпутаты

З дэпутатаў выступілі толькі трое — старшыня Апазыцыі БНФ Зянон Пазьняк, старшыня Сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Алег Трусаў і старшыня Таварыства інвалідаў па зроку Анатоль Нятылькін.

Зянон Пазьняк заявіў пра адказнасьць ураду Кебіча за правалы ў эканоміцы і «аслабленьне эканамічнай магутнасьці нашай дзяржавы», заклікаў Лукашэнку да станоўчай дзейнасьці «дзеля ўмацаваньня нашай нацыі, дзяржавы і паляпшэньня жыцьця людзей».

Алег Трусаў выказаўся за пазбаўленьне паліўнай залежнасьці краіны ад адной крыніцы (маючы на ўвазе Расею).

Анатоль Нятылькін выказаў спадзяваньне на інтэграцыю з Расеяй і ўвядзеньне двумоўя і двайнога з Расеяй грамадзянства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Без Расеі Беларусь памрэ». Тлумачым, чаму гэта ня так

Нечаканая кандыдатура віцэ-прэм’ера

На той жа сэсіі, якая пачалася з інаўгурацыі Лукашэнкі і ішла толькі два дні, Вярхоўны Савет зацьвердзіў прапанаваныя Лукашэнкам кандыдатуры кіраўнікоў ураду на чале з Міхаілам Чыгіром. Нечаканым было вылучэньне Лукашэнкам на пасаду віцэ-прэм’ера Міхаіла Мясьніковіча, колішняга намесьніка Кебіча і кіраўніка ягонага перадвыбарчага штабу. Пазьней выявілася, што ў часе выбарчай кампаніі ў штаб Лукашэнкі рэгулярна паступала інфармацыя ад найбліжэйшага атачэньня Кебіча.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аграном, банкір і Галоўчанка. Хто ў Беларусі станавіўся прэм’ерам і што зь імі стала пасьля адстаўкі

Першая «удзячнасьць»

У абраньні Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта істотную ролю адыграў дэпутат Дзьміры Булахаў. У адпаведнасьці з Канстытуцыяй, Вярхоўны Савет павінен быў прызначыць старшыню Канстытуцыйнага Суду. Лукашэнка абяцаў гэтую пасаду Булахаву. Новаабраны прэзыдэнт вылучыў Булахава, але, як прыгадваюць тагачасныя паплечнікі Лукашэнкі, не пажадаў папрасіць уплывовых дэпутатаў падтрымкі, і Булахаў не набраў належнай колькасьці галасоў. Такім чынам, ужо ў першыя дні прэзыдэнцтва Лукашэнка пачаў аддаляць тых, каму быў абавязаны найвышэйшай дзяржаўнай пасадай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Плады сэлекцыі. Хто ўсе гэтыя людзі вакол Лукашэнкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці можна было ў 1994 пазьбегнуць увядзеньня прэзыдэнцтва