Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка прайграў выбары». Што сказаў на слуханьнях у Кангрэсе ЗША аўтар Акту аб дэмакратыі ў Беларусі


Кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт
Кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт

«У мінулым ЗША і краіны Эўропы прымалі жорсткія меры пасьля чарговай фальсыфікацыі выбараў Лукашэнкам. Але зь цягам часу гэтыя меры зьмякчаліся. Ня гэтым разам».

6 траўня у Камісіі правоў чалавека Кангрэсу ЗША адбыліся слуханьні, прысьвечаныя дэмакратыі і правам чалавека ў Беларусі. Слуханьні адбываліся ў онлайн-фармаце, іх вялі амэрыканскія кангрэсмэны, якія актыўна падтрымліваюць дэмакратычны рух беларусаў: Джэймс Макговэрн і аўтар «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі» Крыстафэр Сьміт.

Прапануем вашай увазе ўступнае слова кангрэсмэна Сьміта на слуханьнях.

— Дзевяць месяцаў таму сьвет быў сьведкай таго, як дзясяткі тысяч беларускіх дэманстрантаў — у некаторых выпадках больш за сто тысяч — выйшлі на вуліцы Менску і іншых гарадоў на знак пратэсту супраць вельмі несумленных выбараў.

Гэтыя мірныя дэмакратычныя дэманстранты былі — і працягваюць быць — разумнымі, вынаходлівымі, мэтанакіраванымі і надзвычай гераічнымі.

Паводле адной з ацэнак, трыццаць тры тысячы жанчын і мужчын былі часова затрыманыя альбо зьняволеныя ў месцах, дзе многія зь іх зазналі надзвычайную жорсткасьць, катаваньні, сэксуальны гвалт і іншыя формы гвалту.

Праваабарончыя арганізацыі лічаць, што Лукашэнка ўтрымлівае ў сваіх засьценках каля 350 палітвязьняў.

Грамілы Аляксандра Лукашэнкі б’юць і перасьледуюць мірных дэманстрантаў і журналістаў. На вуліцах беларускія жанчыны ў белым моцна кантрастуюць з галаварэзамі Лукашэнкі.

Людзі рознага ўзросту і паходжаньня хочуць, каб Лукашэнка сышоў. Яны хочуць надзейнай дэмакратыі. Яны хочуць свабоды і агульнапрызнаных правоў чалавека. І яны хочуць, каб рэпрэсіі скончыліся і каб вызвалілі палітвязьняў.

Некалькі дзён таму агенцтва Associated Press паведамляла, што: «Срэбны прызэр Алімпійскіх гульняў, які зьяўляецца адным з самых славутых спартоўцаў Беларусі, заяўляе, што трывае 10-дзённую галадоўку ў падтрымку ахвяраў палітычных рэпрэсій у краіне».

«Андрэй Краўчанка, які заваяваў мэдаль у дзесяціборстве на Алімпійскіх гульнях у Пэкіне ў 2008 годзе, сказаў у пятніцу, што ён таксама прадае залаты мэдаль з чэмпіянату Эўропы 2011 году па дзесяціборстве ў памяшканьнях, каб дапамагчы сем'ям палітычных вязьняў».

На сёньняшніх слуханьнях будуць разгледжаныя сыстэматычныя парушэньні Лукашэнкам правоў чалавека з жніўня мінулага году, а насамрэч — за ўвесь час кіраваньня апошняга дыктатара Эўропы зь ліпеня 1994 году.

На жнівеньскіх выбарах Лукашэнка прайграў Сьвятлане Ціханоўскай. Камісія глыбока ўдзячная ёй за тое, што яна далучылася да нас сёньня.

Лукашэнка прайграў выбары, але ўсё яшчэ застаецца пры ўладзе.

Паводле ацэнак АБСЭ, выбары не былі «празрыстымі, свабоднымі і сумленнымі».

Нелегітымнае кіраваньне Лукашэнкі, падтрыманага ягонымі сіламі бясьпекі і Расеяй, працягвае мець жудасныя наступствы для беларускага народу.

26 красавіка — літаральна на мінулым тыдні — лукашэнкаўцы разагналі шэсьце з нагоды 35-й гадавіны Чарнобылю — велізарнай катастрофы на атамнай электрастанцыі, якая адбылася ў канцы красавіка 1986 году ў Чарнобылі. У выніку той катастрофы шмат людзей у Беларусі і ва Ўкраіне пакутуюць на рак, выкліканы радыяактыўнымі выкідамі.

Я правёў два слуханьні, з нагоды 10-й гадавіны Чарнобылю, а затым 20-й, і быў шакаваны наступствамі для здароўя грамадзянаў абедзьвюх краінаў. Цяпер у Беларусі нават марш у памяць тых ахвяраў разагнаны ўладамі.

Калі яго крытыкуюць, рэжым кпіць з крытыкаў. Напрыклад, на мінулым тыдні міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей абараніў жудасныя парушэньні правоў чалавека пасьля сфальшаваных выбараў у жніўні 2020 году, назваўшы гэтыя рэпрэсіі «адэкватным адказам».

Што?

Праз чвэрць стагодзьдзя пасьля першага прыходу да ўлады Лукашэнкі камуністычны дыктатар савецкага гатунку па-ранейшаму кіруе Беларусьсю. Лукашэнка адмаўляе беларусам у дабрабыце, свабодзе і годнасьці, якія зьяўляюцца іхнымі правамі ад нараджэньня.

Я адзначу, што гэтыя слуханьні адбываюцца неўзабаве пасьля гадавіны прыняцьця Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 1791 году, у якую ўваходзіла і Беларусь. У той дзень 230 гадоў таму Эўропа ў рамках першай пісьмовай канстытуцыі на кантынэнце зрабіла гіганцкі скачок наперад, усталяваўшы прынцып урадавай адказнасьці перад народнай воляй і вяршэнства закону. У гэтым духу прайшлі мірныя акцыі пратэсту ў Беларусі, і я і мае калегі ў Кангрэсе верым, што беларусы змогуць вызначыць шлях да квітнеючай дэмакратыі, якая замацуе правы чалавека пасьля Лукашэнкі.

Аднак чакаць, што гэтая дыктатура сама прыйдзе да прынцыпу Джэфэрсана пра згоду кіраваных — гэта безнадзейная справа.

Гэтую ўладу падтрымлівае сіла, а не павага да годнасьці ўласнага народу. Сусьветная супольнасьць не павінна быць сьляпой адносна гэтага. У мінулым ЗША і краіны Эўропы прымалі жорсткія меры пасьля чарговай фальсыфікацыі выбараў Лукашэнкам. Але зь цягам часу гэтыя меры зьмякчаліся.

Ня гэтым разам.

Я галоўны аўтар Закону аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі ад 2020 году, які спачатку быў прыняты Палатай прадстаўнікоў, а затым падпісаны прэзыдэнтам Трампам. Я таксама быў аўтарам актаў аб дэмакратыі ў Беларусі 2004, 2006 і 2011 гадоў, Гэтым разам нашая рашучасьць мусіць быць пасьлядоўнай.

Сярод мноства палажэньняў новага закону:

  • Заклік да новых выбараў.
  • Прызнаньне Каардынацыйнай рады законнай інстытуцыяй для ўдзелу ў дыялёгу аб мірным пераходзе ўлады.
  • Заклік вызваліць усіх палітвязьняў.
  • Падтрымка памкненьня жыхароў Беларусі вызнаваць сваю рэлігію.
  • Спрыяньне разьвіцьцю дэмакратыі і грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.
  • У законе адназначна падкрэсьліваецца, што ЗША не прызнаюць ніякага ўключэньня Беларусі ў саюзную дзяржаву з Расеяй.
  • Закон патрабуе распрацоўкі стратэгіі ЗША па спрыяньні свабодзе інтэрнэту і доступу да інфармацыі.
  • Акрамя таго, ён прадугледжвае падтрымку беларускім СМІ і ІТ-сэктару.

Я вітаю намаганьні мужнага народу Беларусі ў забесьпячэньні сапраўднай дэмакратыі і павагі правоў чалавека для сваёй краіны — асабліва з 9 жніўня, калі народ пачаў масавыя акцыі, а вы, спадарыня Ціханоўская, сталі яго лідэрам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG