Візыт Драгі, Макрона і Шольца ў Кіеў; заява пра страты ўкраінцаў у вайне; баі на Данбасе. 113-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Оляф Шольц і прэм'ер-міністар Італіі Марыё Драгі наведваюць Ірпень 16 чэрвеня 2022 году. Замежную дэлегацыю ў Ірпяні суправаджае міністар грамадзкага і тэрытарыяльнага разьвіцьця Ўкраіны Аляксей Чарнышоў

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 7 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Лідэры Італіі, Францыі, Нямеччыны і Румыніі ўпершыню за час вайны прыбылі ва Ўкраіну.
  • Расейскае войска намагаецца ўсталяваць поўны кантроль над Севераданецкам.
  • Расейцы разьбілі ракетай вагон з гуманітарнай дапамогай для марыюпальцаў у эвакуацыі.
  • Украіна вярнула целы яшчэ 64 абаронцаў «Азоўсталі».
  • Расейцы атакуюць Севераданецк з розных кірункаў, але завод «Азоў» заблякаваць ня могуць.
  • Генштаб Украіны паведаміў аб прасоўваньні расейскіх войскаў да Бахмута, за некалькі кілямэтраў на паўднёвы ўсход ад гораду.
  • 4,5 мільёна ўкраінцаў вярнуліся ва Ўкраіну пасьля выезду на пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня на ўкраінскую тэрыторыю.
  • Дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны заявіў, што страты ўкраінскіх вайскоўцаў цяпер складаюць ад 100 да 200 чалавек штодзень.
  • Джо Байдэн заявіў аб наданьні Ўкраіне дадаткова $1 млрд амэрыканскай вайсковай дапамогі для абароны ад расейскага нападу і $225 млн гуманітарнай дапамогі.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Тэрытарыяльны кантроль Украіны па стане на 12 чэрвеня 2022

Што адбываецца 16 чэрвеня

Лідэры Францыі, Нямеччыны, Італіі і Румыніі ў Кіеве

Ва Ўкраіну прыехалі прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Оляф Шольц і прэм’ер-міністар Італіі Марыё Драгі. Яны ўжо ў Кіеве, дзе сустрэнуцца з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім. Палітыкі наведалі Ірпень, дзе, як і ў іншых гарадах Кіеўскай вобласьці, пасьля адступленьня расейскіх вайскоўцаў былі знойдзеныя дзясяткі целаў мірных жыхароў.

У Кіеве сёньня яшчэ адзін эўрапейскі палітык — прэзыдэнт Румыніі Кляўс Яганіс. Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў Twitter. Ён самастойна даехаў у сталіцу Ўкраіны з Бухарэста.

Іх місія — выказаць падтрымку народу Ўкраіны ў барацьбе з расейскай агрэсіяй. 17 чэрвеня Эўракамісія разглядае, ці прызначыць Украіне статус краіны-кандыдата на сяброўства ў ЭЗ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэры Італіі, Францыі, Нямеччыны і Румыніі ўпершыню за час вайны прыбылі ва Ўкраіну. ФОТА

Расейцы стараюцца ўзяць пад поўны кантроль Севераданецк. Баі працягваюцца

Як паведамляе Генштаб Украіны, на Севераданецкім кірунку расейскія сілы працягваюць «агнявы ўплыў на падразьдзяленьні УСУ з усіх наяўных агнявых сродкаў у раёнах населеных пунктаў Белагораўка, Лісічанск, Севераданецк».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўраінтэграцыя падчас вайны. Што можа атрымаць Украіна ў якасьці кандыдаткі на сяброўства ў Эўразьвязе

Дарадца мэра Марыюпалю: расейцы разьбілі ракетай вагон з гуманітарнай дапамогай для марыюпальцаў у эвакуацыі

«Расейская ракета пацэліла ў вагон з гуманітарнай дапамогай World Central Kitchen, якая мела карміць Данеччыну, і цяпер паўплывае на марыюпальцаў па цэнтрах «ЯМарыюпаль», — напісаў дарадца мэра Марыюпалю Пятро Андрушчанка.

Штодня на Данбасе гінуць ці атрымліваюць раненьні да 1000 украінскіх вайскоўцаў, ад 200 да 500 чалавек гінуць

Пра гэта падчас візыту ў ЗША заявіў кіраўнік фракцыі «Слуга народу» ў Вярхоўнай Радзе і кіраўнік украінскай дэлегацыі на мірных перамовах з Расеяй Давід Арахамія, перадае Axios.

Паводле Арахамія, за апошнія два тыдні колькасьць страт значна вырасла. У канцы траўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заяўляў, што краіна штодня страчвае 60–100 чалавек забітымі на Данбасе і 500 параненымі.

Мінабароны РФ у сакавіку прызнала гібель больш як паўтары тысячы сваіх вайскоўцаў ва Ўкраіне. Ад таго часу новых дадзеных пра колькасьць загінулых у вайне расейскіх вайскоўцаў не публікавалася. Паводле заходніх выведак, з 24 лютага ў вайне загінулі каля 20 тысяч расейскіх вайскоўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь рыхтуецца ваяваць

Ва Ўкраіне загінуў супрацоўнік прэс-службы Расгвардыі ў званьні палкоўніка

Пра гібель палкоўніка Сяргея Пастнова ноччу з 13 на 14 чэрвеня паведаміла «Настоящее время» са спасылкай на Раду вэтэранаў цэнтральнага апарату органаў унутраных спраў Расеі.

Расейскія войскі абстралялі горад Апосталава Днепрапятроўскай вобласьці

У выніку абстрэлу чатыры чалавекі загінулі і яшчэ адзін атрымаў раненьні, паведаміў старшыня абласной ваеннай адміністрацыі Валянцін Разьнічэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першыя вынікі «Рамштайн-3»: Славакія перадасьць Украіне баявыя верталёты, яшчэ тры дзяржавы — артылерыю

У Запароскай вобласьці Ўкраіны прайшла апэрацыя па абмене целамі загінулых вайскоўцаў. Украіна вярнула целы 64 абаронцаў заводу «Азоўсталь». Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Міністэрства рэінтэграцыі Ўкраіны.

У міністэрстве ўдакладнілі, што працэс вяртаньня на радзіму целаў загінулых працягваецца, ён праходзіць у адпаведнасьці з нормамі Жэнэўскай канвэнцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У лёнданскім аэрапорце арыштавалі падазраванага ў шпіянажы на Расею

Расейцы ствараюць умовы для наступу на Славянск

Паводле ўкраінскага ведамства, расейскія сілы засяродзіліся на тым, каб усталяваць кантроль над Багародзічным (сяло ў Славянскім раёне Данецкай вобласьці) і стварыць умовы для наступу на Славянск.

На тэрыторыі Беларусі перамяшчаюць расейскую тэхніку да мяжы з Валынскай і Ровенскай абласьцямі Ўкраіны


На беларускай тэрыторыі з боку Валынскай вобласьці застаецца каля 700 расейскіх вайскоўцаў. Як паведамілі 13 чэрвеня ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом, на беларускай тэрыторыі таксама працягваюць перамяшчаць расейскую вайсковую тэхніку бліжэй да мяжы з Валынскай і Ровенскай абласьцямі.

Да такіх высноў прыйшлі мясцовыя ўлады пасьля таго, як праінспэктавалі больш за 200 кілямэтраў супольнай беларуска-ўкраінскай мяжы ў Валынскай вобласьці.
Кіраўнік Валынскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Юры Пагуляйка паведаміў, што сытуацыя кантралюецца, а патэнцыйна небясьпечныя ўчасткі мяжы ўмацоўваюцца.

Ва Ўкраіне ад пачатку расейскай агрэсіі пацярпелі 892 дзіцяці, 313 зь іх загінулі

У Офісе генэральнага пракурора Ўкраіны паведамілі, што з 24 лютага, калі Расея пачала поўнамаштабную вайну, у краіне пацярпелі 892 дзіцяці, зь якіх 313 загінулі і яшчэ 579 атрымалі раненьні.

«Гэтыя лічбы не канчатковыя, паколькі працягваецца праца па іх удакладненьні ў месцах вядзеньня актыўных баявых дзеяньняў, а таксама на часова акупаваных тэрыторыях», — падкрэсьлілі ў Офісе генэральнага пракурора. Найбольш дзяцей пацярпелі ў Данецкай (291), Харкаўскай (169), Кіеўскай (116), Чарнігаўскай (68), Луганскай (54), Херсонскай (52), Мікалаеўскай (48), Запароскай (30) і Сумскай (17) абласьцях.

Што адбываецца ў Расеі

Старшыня Цэнтрабанку Расеі: умовы для эканомікі РФ, магчыма, зьмяніліся назаўжды

У Пецярбурскім эканамічным форуме, які адкрыўся ў сераду, ня ўдзельнічае ніводзін буйны заходні інвэстар. З больш як 100 расейскіх бізнэсоўцаў-мільярдэраў на форуме выступяць толькі 6. Некаторыя зь іх пад санкцыямі.

Старшыня Цэнтрабанку Эльвіра Набіуліна заявіла на форуме, што ўмовы для расейскай эканомікі «зьмяніліся надоўга, калі не назаўжды», і цяпер неабходна перанакіраваць вытворчасьць на ўнутраны рынак.

Форум у Пецярбургу сёлета праводзіцца 25-ы раз. У мінулым у ім удзельнічалі кіраўнікі транснацыянальных карпарацый, буйныя замежныя бізнэсоўцы і палітыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль і Эгіпет будуць пастаўляць звадкаваны газ у ЭЗ

Расавіяцыя працягнула забарону палётаў на поўдні і ў цэнтральнай частцы Расеі да 18 чэрвеня

Як паведамляе РБК, абмежаваньні закранаюць Анапу, Белгарад, Бранск, Варонеж, Геленджык, Краснадар, Курск, Ліпецк, Растоў-на-Доне, Сімферопаль і Элісту.

Пуцін падпісаў указ аб выплаце 5 мільёнаў рублёў семʼям забітых ва Ўкраіне салдат

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ: выплаціць па пяць мільёнаў рублёў семʼям супрацоўнікаў Нацыянальнай гвардыі і памежнай службы ФСБ, якія загінулі на вайне ва Ўкраіне і падчас баёў у Сырыі. Згодна з указам, столькі ж атрымаюць сваякі загінулых ва Ўкраіне і Сырыі расейскіх «добраахвотнікаў».

Апошні раз Расея паведамляла пра свае страты ў вайне з Украінай 25 сакавіка, заявіўшы пра 1351 загінулага і 3825 параненых. Украінскі Генштаб ацэньвае страты Расеі больш як у 31 тысячу салдат.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага, які цяпер рэарганізаваны ў полк.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З Расеі цяпер можна паляцець толькі ў 19 краін. Зь Беларусі — у 8

Генштаб Украіны: у Беларусі пачалі адпрацоўваць стварэньне ўдарных груповак

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны заяўляюць, што беларускія войскі адпрацоўваюць фармаваньне ўдарных падразьдзяленьняў.

«На валынскім і палескім кірунках, згодна з плянам праверкі, да 11 чэрвеня ва Ўзброеных сілах Рэспублікі Беларусь адпрацоўваюцца пытаньні стварэньня ўдарных груповак на адным з кірункаў і праверка гатоўнасьці транспартнай інфраструктуры да перамяшчэньня падразьдзяленьняў», — сказаў сьпікер Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Аляксандар Штупун.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады расказалі дэталі «народнага апалчэньня»: прыцягнуць паўналетніх, не прыдатных да вайсковай службы, дадуць стралковую зброю

Як рэагуе сьвет

Чэхія прыме 500 расейцаў і беларусаў, якіх перасьледуюць улады, па праграме МЗС

МЗС Чэхіі апублікавала падрабязнасьці праграмы паскоранай іміграцыі для расейскіх і беларускіх грамадзянаў. Прыём заяваў па праграме пачаўся 20 траўня і працягнецца цэлы год, але квота — усяго 500 чалавек.

Чэхія прыпыніла выдачу візаў расейцам і беларусам 24 лютага, адразу пасьля ўварваньня Расеі на тэрыторыю Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША сочаць за лёсам вэтэранаў сваёй арміі, якія, імаверна, трапілі ў расейскі палон ва Ўкраіне

Сусьветны банк зацьвердзіў выдзяленьне Ўкраіне 1,49 мільярда даляраў

Сусьветны банк ухваліў 1,49 млрд даляраў фінансавай дапамогі Ўкраіне, так што агульны заплянаваны пакет падтрымкі ўкраінскай эканоміцы перавысіў 4 млрд даляраў, паведамляе Reuters.

Грошы патрацяць на заробкі дзяржаўным і сацыяльным работнікам. Гэтыя сродкі ўключаюць у сябе крэдытныя гарантыі Вялікай Брытаніі, Нідэрляндаў, Літвы, Латвіі і шэрагу іншых краін. Праект таксама падтрымліваецца паралельным фінансаваньнем з Італіі і ўнёскамі з новага шматдонарскага траставага фонду.

ЗША надасьць Украіне вайсковую і гуманітарную дапамогу больш як на мільярд даляраў

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў 15 чэрвеня аб наданьні Ўкраіне дадаткова $1 млрд амэрыканскай вайсковай дапамогі для абароны ад расейскага нападу.

«Я паведаміў прэзыдэнту Зяленскаму, што Злучаныя Штаты выдзяляюць Украіне яшчэ 1 мільярд даляраў дапамогі, уключаючы дадатковыя артылерыйскія сыстэмы і ўзбраеньне берагавой абароны, а таксама боепрыпасы для артылерыі і перадавых ракетных сыстэмаў, якія неабходныя ўкраінцам для падтрымкі абарончых дзеяньняў на Данбасе», — цытуе Байдэна прэс-служба Белага дома. — «Сёньня я таксама абвяшчаю пра дадатковую гуманітарную дапамогу ў памеры 225 мільёнаў даляраў, каб дапамагчы людзям ва Ўкраіне, у тым ліку шляхам пастаўкі бясьпечнай пітной вады, важных мэдычных сродкаў і мэдычнай дапамогі, ежы, сродкаў для прытулку і грашовых сродкаў для набыцьця неабходных рэчаў для семʼяў».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.