«Кібэрпартызаны» атрымалі матэрыялы тэлефонных праслухоўваньняў МУС Беларусі, у тым ліку размоваў пасольстваў

Хакерская група «Кібэрпартызаны» атрымала доступ да «тысячаў гадзін» аўдыёзапісаў з мабільных і стацыянарных тэлефонаў Беларусі.

Пра гэта самі хакеры расказалі тэлеканалу «Настоящее время».

Запісы — агулам 1,5 тэрабайта ў фармаце mp3 — захоўваліся на сэрвэрах Дэпартамэнту забесьпячэньня апэратыўна-вышуковай дзейнасьці МУС Беларусі і ахопліваюць пэрыяд са студзеня 2020 году па чэрвень 2021-га, сьцьвярджаюць хакеры. Пра ўзлом сэрвэраў яны паведамлялі яшчэ ў жніўні 2021 году, але маштаб выцеку інфармацыі стаў вядомы толькі цяпер.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра «рэйкавую вайну» і кібэратакі на дзяржаўныя прадпрыемствы. «Кібэрпартызаны» — пра ўнутраную кухню

У доказ выцеку «Кібэрпартызаны» апублікавалі ў сваім тэлеграм-канале запісы званкоў у расейскае пасольства ў Менску. Прыкладам, у адной з размоваў жанчына, якая назвалася галоўным бухгальтарам пасольства, абмяркоўвае з супрацоўнікам МУС умовы працы аховы ў адной з рэзыдэнцый дыпляматычнага прадстаўніцтва. «Што ў нас з будкай? Там трэба паставіць нейкія прыбіральні, нейкія мікрахвалёўкі, нейкія абагравальнікі», — кажа яна. У іншай размове прадстаўнік МУС расказвае супрацоўніку пасольства, што «беларуская фура ляжыць на баку пад Курскам», пасьля чаго суразмоўцы абмяркоўваюць магчымасьць эвакуацыі гэтай фуры.

Як адзначаюць «Кібэрпартызаны», праслухоўваньне пасольскіх работнікаў можа супярэчыць Венскай канвэнцыі аб дыпляматычных адносінах 1961 году, згодна зь якой дыпляматычная карэспандэнцыя недатыкальная.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускай чыгунцы спатрэбілася 10 дзён, каб аднавіць онлайн-сэрвісы пасьля ўзлому, адказнасьць за які ўзялі «Кібэрпартызаны»

«Кібэрпартызаны» падзяліліся з тэлеканалам «Настоящее время» поўнымі запісамі некалькіх сотняў званкоў, а таксама суправаджальнымі файламі з мэтададзенымі. Аб’екты праслухоўваньня ў іх пазначаны кодавымі словамі, напрыклад, «Жук-6», «Брытанец» і «Ларэц». Мяркуючы па зьмесьце званкоў, праслухоўваньне вялося кругласутачна і пад яго падпадалі ўсе ўваходныя і выходныя званкі абанэнтаў.

У Беларусі супрацоўнікі сілавых структур могуць праслухоўваць грамадзян пры падазрэньні ў супрацьпраўнай дзейнасьці. Паводле закону «Аб апэратыўна-вышуковай дзейнасьці» гэта можна рабіць «у выпадках, якія не цярпяць адкладу», бяз санкцыі пракурора практычна ва ўсіх выпадках падазрэньня ў крымінальным перасьледзе або калі існуе пагроза нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь — на падставе пастановы міністра ўнутраных спраў, старшыні КДБ альбо кіраўніка іншага сілавога ведамства. На працягу 24 гадзін пра гэта трэба паведаміць пракурору ці ягонаму намесьніку, а на працягу 48 гадзін атрымаць санкцыю. Іншымі словамі, сакрэтнае праслухоўваньне бяз санкцыі суду законнае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новае аўдыё ад «кібэр-партызанаў»: міліцэйскае начальства ўказвае судзьдзям, якія даваць прысуды

«Кібэрпартызаны» — група ананімных хакераў, якія падтрымліваюць беларускія пратэсты. Улетку 2021 году хакеры правялі апэрацыю «Жара», падчас якой атрымалі доступ ва ўнутраныя сеткі спэцслужбаў і органаў улады рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, у прыватнасьці, да пашпартнай сыстэмы з пэрсанальнымі зьвесткамі ўсіх грамадзян краіны.

Тэлеканал «Настоящее время» накіраваў запыт у пасольства РФ у Менску з просьбай пракамэнтаваць выцек тэлефонных размоваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кібэрпартызаны заявілі, што ўзламалі дзяржаўны рэестар нерухомасьці