Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новае аўдыё ад «кібэр-партызанаў»: міліцэйскае начальства ўказвае судзьдзям, якія даваць прысуды


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Кібэр-партызаны» апублікавалі новае аўдыё: міліцэйскі начальнік дакарае, што судзьдзі даюць затрыманым мяккія пакараньні і патрабуе, каб давалі больш жорсткія.

«Вам возяць як мінімум па 20 чалавек штодня, а ў Жодзінскім судзе даюць папярэджаньні. Папярэджаньні – гэта наогул нічога!«, – выгаворвае палкоўнік Раман Мельнік намесьніку начальніка УУС Менскага аблвыканкаму Віталю Казлову, патрабуючы, каб ён указаў на гэта судзьдзям.

Пачуўшы апошнюю статыстыку, што затрыманым далі 16 штрафаў, 15 папярэджаньняў і «толькі 4» паслалі на суткі, палкоўнік загадвае: «Вы давайце, мяняйце гэтую сытуацыю. З папярэджаньнямі адтуль ніхто не павінен выходзіць».


«Там, дзе каардынатар, апантаны ўдзельнік, беспрацоўны – там арышты! Бо штрафаў аплочаных там ня будзе», – перадае міліцэйскі чын загад для судзьдзяў. У лік штрафу ён дае ўказаньне арыштоўваць хоць якую каштоўную маёмасьць – напрыклад, тэлефон.

У другой размове начальнік Дзяржынскага РАУС Яўген Жылінскі скардзіцца Віталю Казлову, што актывістцы суд даў папярэджаньне, бо ў яе двое непаўнагадовых дзяцей, а яна і надалей зьбіраецца хадзіць на акцыі са сьцягам. «Са старшынёй [суду], калі гутарылі – старшыня сказаў: «Калі камусьці патрэбныя суткі, вы кажыце, што трэба гэтага чалавека правучыць, а па астатніх мы прымаем рашэньні».

Аўдыёзапісы былі зробленыя 2 і 8 верасьня 2020 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG