Гандаль і колькасьць працоўных месцаў скарачаецца. Як эканоміка Ўкраіны адрэагавала на вайну з Расеяй

Амаль пусты супэрпаркет у Запароскай вобласьці, сакавік 2022

За тры месяцы вайны страты ўкраінскай эканомікай вызначаюцца трыльёнам даляраў – аб’ём прамых стратаў склаў 650 мільярдаў даляраў, і яшчэ 350 мільярдаў – непрамыя, выкліканыя скарачэньнем інвэставаньня і закрыцьцём прадпрыемстваў.

Свабода паспрабавала разабрацца, што стаіць за гэтымі лічбамі.

Гандаль паступова скарачаецца

Дзяржаўная служба статыстыкі Ўкраіны абнародавала папярэднюю статыстку замежнага гандлю краіны за першыя тры месяцы году, у адным зь якіх ужо ішла вайна.

Пакуль скарачэньне гандлю неістотнае, але гэта абумоўлена найперш тым, што аб’ём студзеня-лютага перавышае сакавік, таму выніковыя лічбы ўсё яшчэ захоўваюць інэрцыю. Украінскія пастаўкі прадукцыі на сусьветныя рынкі павялічыліся на 2,9%, да 14,1 мільярда даляраў, а на ўнутраны рынак скараціліся на 5,6%, да 14,1 мільярда даляраў у параўнаньні з такім жа пэрыядам 2021 году.

Скараціліся пастаўкі ва Ўкраіну практычна па ўсіх відах прадукцыі – расьліннага і жывёльнага паходжаньня і гатовых харчовых прадуктаў. Унутраны рынак адрэагаваў на гэта істотным павелічэньнем цэнаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праз баі на Данбасе спыніў працу найбуйнейшы ў Эўропе вытворца кухоннай солі «Артемсіль»

Прадукты ў наяўнасьці

У крамах ёсьць усе прадукты, якія ўваходзяць у спажыўны кошык – хлеб, гародніна, мука, макарона і крупы. Што праўда, цана на іх у некаторых групах павялічылася ўдвая.

Напрыклад:

  • памідораў – з 52 грыўняў (1,9 даляра) у сьнежні 2021 году да 120 грыўняў (3,3 даляра) у траўні 2022-га,
  • рысу – з 28 грыўняў (1,03 даляра) да 40 грыўняў (1,1 даляра).
  • Павялічылася цана на хлеб, мяса і малочную прадукцыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літву прыбыў першы цягнік са збожжам з Украіны. Ён ішоў не празь Беларусь

Вакансій менш, чым ахвотных знайсьці працу

Украінская кампанія Оpendatabot, якая аналізуе ўсе дзяржаўныя базы дадзеных, праналізавала рынак працы.

Паводле яе, на спэцыялізаваных інтэрнэт-рэсурсах утрая з пачатку вайны павялічылася колькасьць аб’яў аб пошуку супрацоўнікаў.

На сайце сэрвісу пошуку працы ў ІТ-сфэры разьмешчана 47 284 рэзюмэ і 15 339 вакансій, на сайце сэрвісу пошуку працы за мяжой – 32 720 аб’яў аб пошуку супрацоўнікаў, на «OLX Робота» разьмешчана 99 541 рэзюмэ і 32 855 працоўных вакансій.

Паводле Оpendatabot, колькасьць новых бізнэсаў стабільна павялічваецца: з пачатку вайны зарэгістраваны 28 442 індывідуальныя прадпрымальнікі і 4 584 новыя кампаніі.

Ва Ўкраіне працуе толькі 68% устаноў харчаваньня, а колькасьць заказаў таксі аднавілася толькі да 37% у параўнаньні з даваенным часам.

Колькасьць продажаў тавараў на онлайн-пляцоўках складае 85% ад даваенных паказчыкаў. У першыя дні вайны інтэрнэт-продажы скараціліся да 7%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Zбожжавая вайна. Як Расея не дае Ўкраіне вывозіць збожжа па моры, але прадае захопленае зерне пад выглядам расейскага

Колькі грамадзян Украіны выехалі за мяжу

Паводле Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, ад пачатку расейскага ўварваньня мяжу з краінамі Эўразьвязу і Малдовы перасеклі больш як 7,4 мільёна грамадзян, у тым ліку звыш 4,8 мільёна на выезд і больш як 2,2 мільёна на ўезд.

Памежнікі сьцьвярджаюць, што пасьля 9 траўня ўсё больш украінцаў вяртаюцца дадому, а паток на ўезд істотна перавышае выезд.

Паводле ААН, колькасьць уцекачоў з Украіны з 24 лютага склала 6 659 220 грамадзян.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва ўрадзе Беларусі кажуць, што гандаль з Украінай спыніўся. Статыстыка за квартал усё яшчэ паказвае рост