Вядомыя беларусы падзяліліся ўспамінамі пра памерлага Янку Запрудніка.
Паэт Уладзімер Някляеў:
"Ня стала Янкі Запрудніка. Чалавека, сэрцам якога была Беларусь. Ён пры жыцьці стаў легендай беларускай эміграцыі. Ягоны наробак у культуры, літаратуры, гісторыі велічэзны. Не кожнаму падняць. А для мяне ён назаўсёды застанецца найперш паэтам, які выдаў кнігу вершаў у 91 год! Такога ў сусьветнай паэзіі і да яго не было, і пасьля яго наўрад ці будзе. Гэта што да паэзіі.
А вось тое, што да палітыкі. Калі ў адзін зь ягоных прыездаў у Беларусь мы ўтрох, з намі Генадзь Бураўкін, разважалі, што зрабіць, каб пры антыбеларускай уладзе захаваць Беларусь, ён казаў і казаў: "Канфлікт вам нічога ня дасьць. Пры канфлікце сытуацыя не палепшыцца, а пагоршыцца. Бо надта няроўныя сілы. Таму не пакідайце спробаў на ўладу паўплываць«(...) Апошні раз сустрэліся два гады таму ў Нью-Ёрку. Гаварылі пра культурную катастрофу ў нашай Айчыне. Калі разьвітваліся, ён сказаў: «Маю надзею, што пабачымся ў Беларусі, у якой любяць сваю мову і сваіх паэтаў...».
Яго ня стала. Надзея засталася".
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр патрыярх беларускай дыяспары ў ЗША Янка Запруднік. Этапы жыцьця і выбраныя цытатыГісторык Натальля Гардзіенка:
«Янка Запруднік меў калясальны жыцьцёвы досьвед, унікальныя веды зь гісторыі эміграцыі, якімі шчыра дзяліўся. Ён часта пісаў тэксты для «Запісаў БІНіМу», дапамагаў з дакумэнтамі для кніг пра Раду БНР. Спадар Янка дапамагаў ідэнтыфікаваць людзей на пераважна не падпісаных эміграцыйных фатаздымках, адказваў на пытаньні пра розныя падзеі і асобаў з гісторыі эміграцыі. Ён падтрымоўваў шмат якія нашыя выдавецкія праекты. Сярод апошніх — альбом беларускіх магілаў на Захадзе, які каторы год рыхтуецца і для якога Надзея і Янка Запруднікі шмат дапамаглі матэрыяламі.
Спадар Янка праз усё жыцьцё зьбіраў вельмі розныя архіўныя матэрыялы. Прыкладам, у яго была вялікая, сыстэматызаваная па гадах калекцыя выразак з замежных газэтаў з публікацыямі пра Беларусь (гадоў ад 1960-х да пачатку 1990-х хіба). Для сваёй дзейнасьці на Радыё Свабода ён складаў у паасобныя тэчкі матэрыялы пра дзеячаў беларускай культуры як мэтрапольных, гэтак і эміграцыйных: публікацыі, лісты, даведкі, інтэрвію і г.д. І сёньня гэтыя тэчкі — каштоўныя крыніцы інфармацыі для дасьледчыкаў.
Цягам 1980-х — пачатку 1990-х Янка Запруднік складаў анталёгію вершаў пра беларускую мову, якая, на жаль, так і не была выдадзеная, але сабраныя ім матэрыялы захаваліся. У апошнія гады ён хацеў усё ж выдаць гэтую анталёгію, зьбіраўся напісаць да яе прадмову, але апошнія падзеі ў грамадзтве і выдавецкай справе ў Беларусі змусілі перапыніць працу. Цяпер яна засталася своеасаблівым ягоным запаветам.
Праз усё жыцьцё Янка Запруднік багата ліставаўся з калегамі і суродзічамі з розных краінаў, і сёньня гэтыя эпісталярыі — жывая гісторыя беларускай прысутнасьці на Захадзе.
У яго архіўных зборах захоўвалася шмат дакумэнтаў, друкаў і артэфактаў зь дзейнасьці беларускіх скаўтаў у паваенны час. Ён жа трымаў у сябе і каштоўныя дакумэнты, архівы, перададзеныя іншымі эміграцыйнымі дзеячамі: Антонам Адамовічам, Васілём Шчэцькам і іншымі. Яшчэ на мяжы тысячагодзьдзяў Янка Запруднік стаў часткова перадаваць свае архіўныя скарбы ў Беларусь.
Зрэшты, архівы Янкі Запрудніка трапілі і ў амэрыканскія сховішчы. Ён перадаваў дакумэнты і кнігі ў Александрыйскую бібліятэку Ратгерскага ўнівэрсытэту, дзе дзякуючы ягоным намаганьням назьбіраўся немалы фонд беларусістыкі. Некаторыя дакумэнты трапілі і ў Беларускую фундацыю Крачэўскага. Спадар Янка пры жыцьці вельмі дбаў пра тое, каб сабраныя ім каштоўнасьці не зьніклі, захаваліся і служылі далей для пашырэньня беларушчыны. Спадар Янка заўсёды глядзеў сябе. У той апошні свой прыезд на радзіму ён захапляў усіх, з кім сустракаўся, сваёй добрай фізычнай формай і сьветлым розумам. Некалі мяне моцна ўразіў здымак, на якім Янка Запруднік стаіць каля свайго надмагільля. Там была пахаваная ягоная першая жонка Вольга і пазначана ягонае імя, не хапала толькі даты сьмерці. Цяпер яна там зьявіцца...
Ня хочацца гаварыць банальнасьці пра тое, што адыходзіць эпоха. Для мяне гэта адыход беларуса, якому шчыра ўдзячная за тое, кім я ёсьць сёньня. Аднаго з маіх жыцьцёвых настаўнікаў, які пакінуў частку сябе ў тых, каго сустракаў на сваім жыцьцёвым шляху".
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запруднік як герой КупалыМовазнаўца Вінцук Вячорка:
«Сумная навіна. Ян Запруднік (Сяргей Вільчыцкі) пакінуў нас на 96-м годзе жыцьця. Прызнаны інтэлектуальны лідэр некалькіх хваляў беларускае дыяспары Паўночнай Амэрыкі, ён належаў да волатаў Адраджэньня, быў з таго пасьляваеннага пакаленьня беларускай эміграцыі, з таго сузор’я, дзе кожны чалавек — цэлая інстытуцыя. Ім кіравала пачуцьцё адказнасьці за зьберажэньне сапраўднае несавецкае беларушчыны.
У 1970-я, калі я прадзіраўся праз глушылкі да хваляў беларускае службы Радыё Свабода, то пачуў там і яго голас — пад псэўданімам Арсень Загорны. Голас «радыйны», упэўнены, адметны — і зь бездакорным, не сапсаваным чужымі ўплывамі вымаўленьнем. Запруднік быў першым дзеячом беларускае дыяспары, зь якім я пазнаёміўся асабіста ў 1990 годзе, пра ўсе сустрэчы зь ім памятаю і магу расказваць бясконца і з удзячнасьцю(...)
Ян Запруднік меў навуковую ступень у гісторыі, але нямала зрабіў і для беларускае мовы. Менавіта ён зьдзейсьніў пэўны стратэгічны моўны прарыў, цяпер незаслужана прызабыты.
У першай палове ХХ ст. беларускія навукоўцы і практыкі амаль не задумваліся, як пісаць у іншых лацінаграфічных мовах беларускія імёны і назвы. Трансьлітаравалі з расейскай, ужывалі спольшчаныя вэрсіі, а калі нават перадавалі беларускае гучаньне — то тузінам спосабаў.
У 1956 годзе Ян Запруднік першы вычарпальна сфармуляваў і праблему, і яе разьвязаньне. Ён дэманструе прыклады неймавернага разнабою пры перадачы беларускіх уласных імёнаў у мовах лацінскай графікі, а першай прычынай разнабою і прыкметаю «нашых нацыянальных камплексаў» называе перадачу беларускіх уласных імёнаў «у заходнія мовы, ні дай ні падзі, праз пасярэдніцтва расейскае ці польскае моваў, прыкра калечачы пры гэтым свае собскія вартасьці».
Але нават калі для перадачы бярэцца беларуская форма слова, то ўзьнікае дылема, як яе перадаваць. Крытыкуючы транскрыпцыйны падыход, Запруднік падкрэсьлівае, што ў пісаных назовах «важна больш форма напісаньня, чымся вымова, якая так ці інакш ніколі дакладна не перадаецца». Урэшце, нагадвае, што
«...народы, якія карыстаюцца лацінкай, перадаюць свае прозьвішчы й геаграфічныя назовы ў іншыя мовы (таксама з лацінкай), з рэдкімі выняткамі, безь ніякіх зьменаў. Дык пашто-ж Беларусы, маючы такую-ж лацінку, павінны ламаць сабе галаву, як апісваць сваю бацькаўшчыну?..»
Іншымі словамі, беларуская мова лацінапісьмовая, мае свой уласны кадыфікаваны лацінскі альфабэт, а значыць, перадача яе онімаў унутры міжнароднай прасторы раманскай графікі падлягае прынцыпу трансплянтацыі, а штучныя сыстэмы практычнай транскрыпцыі / трансьлітарацыі не патрэбныя.
Гэты стратэгічны пункт аўтар мог сфармуляваць ня толькі таму, што на яго ня ціснула савецкая цэнзура, але і таму, што ён аўтахтонны носьбіт беларускай клясычнай моўнай традыцыі, неад’емная частка якой — лацінка як адзін з нацыянальных альфабэтаў. Да падобнай думкі ў самой Беларусі тым, хто прымае рашэньні, трэба было ісьці яшчэ сорак гадоў.
Сьветлая памяць".
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Данчык пра сьмерць Янкі Запрудніка: Беларусы Амэрыкі адчуваюць вялікую страту ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Івонка Сурвіла: Янка Запруднік шмат зрабіў, каб у сьвеце не забываліся пра беларусаў