Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Данчык пра сьмерць Янкі Запрудніка: Беларусы Амэрыкі адчуваюць вялікую страту


Янка Запруднік, 2016 год
Янка Запруднік, 2016 год

Памерлага Янку Запрудніка ўзгадвае Багдан Андрусышын (Данчык).

У 1980-я гады Данчык на словы Сяргея Ясеня (псэўданім Янкі Запрудніка) запісаў папулярную песьню «Каханая».

Багдан Андрусышын згадвае Янку Запрудніка:

«Янка Запруднік быў надзвычайным чалавекам, як кажуць — адзін са „львоў“ беларускай дыяспары ў Амэрыцы. Ягоныя дасягненьні і ўнёсак у галіне сучаснай беларускай гісторыі, безумоўна, бясцэнныя. Кнігі і падручнікі Янкі Запрудніка будуць чытацца дасьледчыкамі будучых пакаленьняў.

Як чалавек Янка Запруднік быў вельмі элегантны і эрудыраваны, паважны (але не занадта), зь ім заўсёды было прыемна і цікава ў кампаніі.

Данчык
Данчык

З маленства яго памятаю, бо мае бацькі сябравалі з тады маладым Янкам і Вольгай Запруднікамі, а я з братам разам практычна расьлі зь іхнімі дочкамі Нінай і Верай. У дзяцінстве часта адпачывалі разам зь іншымі беларускімі сем’ямі на лецішчы ў горах.

Яшчэ мяне зьвязвае зь Янкам тое, што калі ён адыходзіў на пэнсію ў 1991 годзе — а многія гады ён працаваў шэфам беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў нью-ёрскім офісе — Янка прапанаваў мяне на вызваленую вакансію. Неўзабаве я адляцеў у Мюнхэн, дзе пачаў на Радыё Свабода сваю амаль 30-гадовую кар’еру.

Сёньня беларусы Амэрыкі адчуваюць вялікую страту аднаго з самых яркіх сваіх лідэраў, свайго ўласнага «eminence grise» («шэрага кардынала»).

Найшчырэйшыя спачуваньні спадарыні Надзеі Запруднік, ягонай ня менш актыўнай у беларускім грамадзтве і абаяльнай жонцы, а таксама Ніне і Веры. Вечная памяць».

На 96-м годзе жыцьця памёр адзін з найстарэйшых і самых вядомых дзеячоў беларускай дыяспары ў ЗША, гісторык, публіцыст, шматгадовы супрацоўнік Радыё Свабода, сябра Рады БНР Янка Запруднік.

Янка Запруднік (сапраўднае імя Сяргей Вільчыцкі) нарадзіўся 9 жніўня 1926 году ў Міры (у той час — Стаўпецкі павет Наваградзкага ваяводзтва Польскай Рэспублікі, цяпер Карэліцкі раён).

Быў адным зь першых супрацоўнікаў радыё «Вызваленьне» (пазьней — Радыё Свабода) у Мюнхэне, шмат гадоў узначальваў Нью-Ёрскае бюро. Аўтар перадач на тэмы актуальнай палітыкі, беларускай гісторыі, літаратуры і культуры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG