Бітва за Данбас, абстрэлы Запарожжа, Крывога Рогу, Мікалаева. 91-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

Разьбіты расейскі танк на ўкраінскім полі, 24 траўня 2022 г.

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 6 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі, яшчэ каля 7 мільёнаў хаваюцца ў іншых абласьцях Украіны. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Украінцы атрымалі францускія гаўбіцы Caesar і ўпершыню выкарысталі іх на фронце.
  • Раніцай 25 траўня расейцы крылатымі ракетамі абстралялі Запарожжа, пацэлілі ў цэхі заводу «Мотор-Січ».
  • Працягваюцца баі ў Луганскай і Данецкай абласьцях, расейцы атакуюць Севераданецк.
  • МАГАТЭ заявіла, што ня мае доступу на Запароскую АЭС, якую захапілі расейскія войскі.
  • Расейскія войскі раскрадаюць музэйныя калекцыі ў Мелітопалі.
  • У Запароскай вобласьці зьнішчаныя ці пашкоджаныя 8 помнікаў архітэктуры.
  • На Чарнігаўшчыне з-пад абломкаў абстралянага расейцамі вайсковага цэнтру дасталі 87 загінулых.
  • Вярхоўная Рада Ўкраіны падоўжыла ваеннае становішча і агульную мабілізацыю на 90 дзён — да 23 жніўня.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 25 траўня

У Данецкай вобласьці за дзень загінулі чатыры мірныя жыхары, 12 параненыя

Пра гэта паведаміў увечары 25 траўня кіраўнік рэгіёну Павел Кірыленка. Усе яны загінулі ў месцах, паблізу якіх ідуць баі. Двое чалавек — у Лімане (там баі ідуць ужо ў рысе гораду), яшчэ адзін — у сяле Сідарава непадалёк ад Славянску, яшчэ адзін — у Бераставым, што на стратэгічнай трасе Лісічанск — Бахмут. Яшчэ 12 чалавек атрымалі раненьні.

Найбольш жорсткія баі ідуць у ваколіцах Севераданецку

У генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны заявілі, што расейскія войскі пачалі наступ на Севераданецк, які выконвае функцыі абласнога цэнтру Луганскай вобласьці пасьля расейскай акупацыі Луганску ў 2014 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бітва за Данбас: найбольш жорсткія баі ў ваколіцах Севераданецку, расейцы імкнуцца да мяжы Луганскай вобласьці. ФОТА

Расейцы абстралялі горад Балаклея ў Харкаўскай вобласьці

Пра гэта расказаў кіраўнік Харкаўскай абласной ваеннай адміністрацыі Алег Сінягубаў. Паводле папярэдняй інфармацыі дарадцы кіраўніка Харкаўскай абласной рады Натальлі Паповай, у выніку абстрэлу 2 чалавекі загінулі, 7 параненыя, у тым ліку адно дзіця: «Дзяўчынка ў вельмі цяжкім стане», — напісала Папова.

Удар па Краматорску

У Данецкай вобласьці расейскія захопнікі нанесьлі ракетны ўдар па спальных раёнах і прыватным сэктары Краматорску, ніхто не загінуў, але ёсьць разбурэньні. Пра гэта інфармуе мэр Краматорску Аляксандар Ганчарэнка. Ён заклікаў гараджан выехаць у больш бясьпечныя месцы за горад, каб зьнізіць рызыку для жыцьця. Таксама ён папрасіў жыхароў Краматорску, якія выехалі раней, пакуль не вяртацца ў горад, бо вораг вельмі блізка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАГАТЭ ня мае доступу на Запароскую АЭС, якую захапілі расейскія войскі

Расея выкарыстала 60% запасаў высокадакладнай зброі, — кіраўнік ГУР

Расейскія вайскоўцы вычэрпваюць запасы высокадакладнай зброі, заявіў у інтэрвію Крим.Реалії начальнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Кірыла Буданаў.

З словаў Буданава, калі ў першыя два месяцы поўнамаштабнага ўварваньня абстрэл быў хаатычны, то пазьней сытуацыя зьмянілася.

«Па-першае, запасы канчаюцца. Паводле нашых зьвестак, калі гаварыць пра высокадакладную зброю, то каля 60% запасаў ужо выкарыстана. Для пэўных відаў нават больш — 70%. «Ёсьць адпаведныя нарматыўныя патрабаваньні да парогавага ўзроўню, які павінен захоўвацца ў войску, а для тых жа „Іскандэраў“ гэты парогавы ўзровень амаль прыйшоў», — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Чарнігаўшчыне, якую абстрэльвалі і зь Беларусі, загінулі больш за 500 і атрымалі раненьні 1 500 мірных грамадзян

Гаўбіцы Caesar ужо на перадавой

Пра гэта паведаміў у Facebook галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валерый Залужны і апублікаваў фота.

«Caesar — гэта самаходная артылерыйская ўстаноўка новага пакаленьня. Яна дазваляе з высокай дакладнасьцю паражаць праціўніка на адлегласьці 20 км і больш ад лініі фронту. На гэтай дыстанцыі знаходзяцца артылерыя, рэзэрвы, пункты кіраваньня праціўніка. Іх зьнішчэньне зьніжае наступальны патэнцыял праціўніка», — піша Залужны.

Раней у гэтым месяцы Forbes паведамляў, што ўзброеныя сілы атрымаюць дальнабойную САУ Panzerhaubitze 2000 зь Нямеччыны і Нідэрляндаў і Caesar — з Францыі. Усяго было 12 нямецкіх і 12 францускіх адзінак тэхнікі.

Абстрэл Запарожжа

У сераду, 25 траўня, у 05:13 расейскія войскі запусьцілі чатыры крылатыя ракеты па Запарожжы. Адну зь іх зьбілі сілы супрацьпаветранай абароны, паведамляе прэс-служба Запароскай абласной вайсковай адміністрацыі.

Мінабароны РФ пацьвердзіла ўдары па Запароскай вобласьці: вайскоўцы сьцьвярджаюць, што ракеты зьнішчылі два цэхі ўкраінскага прадпрыемства «Мотор Січ» — там выпускаліся рухавікі для ўкраінскай авіяцыі.

У выніку ракетных абстрэлаў у Запарожжы былі пашкоджаныя адзін з гандлёвых цэнтраў, інфраструктура прадпрыемства і ня менш як 62 жылыя дамы ў прыватным сэктары Шаўчэнкаўскага раёну. Разбураныя вуліцы засталіся без электрычнасьці і газу, ідуць ратавальныя працы.

Таксама ўначы расейцы абстралялі Мікалаеў, Крывы Рог і Сумскую вобласьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны Расеі заявіла, што зьнішчыла завод «Мотор Січ» у Запарожжы

Луганская вобласьць засталася без вады, газу і сьвятла

Пра гэта паведаміў кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай. Паводле яго, у рэгіёне была спынена апошняя газаразьмеркавальная станцыя (ГРС).

«Газ адсутнічае паўсюль. З прычыны абстрэлаў расейскай арміі спыніла працу ГРС. Вобласьць па-ранейшаму застаецца цалкам абясточаная. Адсутнічае і цэнтралізаванае водазабесьпячэньне. Ваду для патрэбаў насельніцтва развозяць ратавальнікі», — напісаў ён.

Расейскія вайскоўцы акупавалі 95% тэрыторыі Луганскай вобласьці

Пра гэта паведаміў кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай.

«Сытуацыя на Данбасе надзвычай дрэнная. Луганская вобласьць працягвае стрымліваць расейскае войска, якое зьнішчае нашы населеныя пункты. Абстрэлы не спыняюцца», — дадаў Гайдай.

Паводле яго, цяпер пад абстрэлам знаходзіцца траса Лысічанск-Бахмут. Агулам на падкантрольнай Украіне тэрыторыі Луганскай вобласьці застаюцца больш за 40 тысяч мірных жыхароў, 99% зь якіх не жадаюць зьяжджаць.

ААН: пэрспэктыва ядзернага канфлікту ва Ўкраіне стала магчымай

З такой ацэнкай выступіў кіраўнік дырэкцыі па каардынацыі надзвычайнага гуманітарнага садзейнічаньня Ўпраўленьня каардынацыі гуманітарных пытаньняў ААН Рамеш Раджасінгхам.

«Пэрспэктыва ядзернага канфлікту, калісьці неймаверная, зараз зноў стала магчымай», — сказаў прадстаўнік ААН.

У Марыюпалі пачалі выдаваць расейскія пашпарты, на чарзе Мелітопаль

Як паведаміў дарадца мэра Марыюпалю Пётр Андрушчанка, расейскія пашпарты 25 траўня пачалі выдаваць у Марыюпалі і іншых занятых расейскімі сіламі раёнах Данецкай вобласьці.

У занятым расейскімі войскамі Мелітопалі найбліжэйшым часам таксама пачнуць выдаваць пашпарты РФ, паведаміла прызначаная расейскім бокам выканаўца абавязкаў мэра гораду Данільчанка.

Пуцін падпісаў указ аб спрошчаным прыёме ў расейскае грамадзянства жыхароў Херсонскай і Запароскай абласьцей Украіны

Сёньня кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ аб атрыманьні расейскага грамадзянства па спрошчанай працэдуры для жыхароў Запароскай і Херсонскай абласьцей Украіны. Гэтыя тэрыторыі практычна цалкам акупаваныя расейскім войскам, і іх новыя акупацыйныя «ўлады» раней заяўлялі пра намер далучыцца да Расеі. У акупаваных частках Запароскай і Херсонскай абласьцей ужо ўведзены бівалютныя зоны: там можна расплачвацца і грыўнямі, і рублямі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін падпісаў указ пра спрошчаны прыём у расейскае грамадзянства жыхароў Херсонскай і Запароскай абласьцей Украіны

Зяленскі падтрымаў пэтыцыю аб увядзеньні ва Ўкраіне візавага рэжыму для грамадзян Расеі

«На фоне поўнамаштабнай расейскай агрэсіі ўзьнятае пытаньне важнае і актуальнае, таму неабходнасьць узмацненьня рэжыму кантролю за ўездам грамадзян РФ на тэрыторыю Ўкраіны падтрымліваю», — напісаў Зяленскі і даручыў прэм'ер-міністру Ўкраіны прапрацаваць пытаньне.

Разьмешчаная на прэзыдэнцкім сайце пэтыцыя набрала больш за 26 тысяч галасоў.

Улады 16 рэгіёнаў Расеі паведамілі пра гібель вайскоўцаў ва Ўкраіне

Пра гэта піша РБК і называе прозьвішчы і званьні 25 загінулых.

Мінабароны Расеі раскрывала дадзеныя аб стратах расейскага боку двойчы: 2 і 25 сакавіка. Паводле зьвестак ведамства на 25 сакавіка, загінуў 1351 расейскі вайсковец, 3825 былі параненыя.

Расейскія вайскоўцы забралі з патанулага крэйсэра «Масква» целы загінулых маракоў і сакрэтныя дакумэнты

Як паведаміў Крым.Рэаліям прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны Вадзім Скібіцкі, Расея прыцягнула ад пяці да сямі караблёў для правядзеньня на крэйсэры ратавальнай апэрацыі, якая доўжылася як мінімум два тыдні. «Даставалі тое, што там засталося і што не павінна трапіць у рукі трэцяй краіны», — растлумачыў Скібіцкі.

Мінабароны Ўкраіны: Расея актывізавала выкарыстаньне авіяцыі

Расейскія войскі апошнім часам павялічылі інтэнсіўнасьць прымяненьня баявой авіяцыі супраць падразьдзяленьняў Узброеных сіл Украіны, перадусім — штурмавой і армейскай авіяцыі, для падтрымкі наземнага наступу, паведаміў падчас брыфінгу афіцыйны прадстаўнік Мінабароны Ўкраіны Аляксандар Матузянік. Паводле яго, расейская стратэгічная авіяцыя, акрамя гэтага, правяла вучэньні ў акваторыі Азоўскага і Касьпійскага мораў і ў паветранай прасторы РФ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я не падзяляю эўфарыі, што заўтра ўсё скончыцца хуткай перамогай Украіны», — украінскі вайсковы экспэрт

ААН: ва Ўкраіне загінулі сама меней 3974 мірныя жыхары

Паводле апошніх зьвестак, якія мае ААН, з 24 лютага страты Ўкраіны сярод цывільнага насельніцтва складаюць 3974 чалавек, раненьні атрымалі 4654 чалавекі. У ААН адзначаюць, што зьвесткі з рэгіёнаў, у якіх вядуцца актыўныя баявыя дзеяньні, затрымліваюцца, і рэальныя лічбы могуць быць нашмат вышэйшыя.

Сярод 3974 загінулых — 1497 мужчын, 985 жанчын, 91 дзяўчынка і 99 хлопчыкаў, а таксама 69 дзяцей і 1233 дарослых, пол якіх пакуль не ўдалося ўстанавіць.

Сярод 4654 параненых — 938 мужчын, 619 жанчын, 108 дзяўчынак і 130 хлопчыкаў, а таксама 164 дзіцяці і 2695 дарослых, пол якіх пакуль не ўдалося ўстанавіць.

У Данецкай і Луганскай абласьцях на тэрыторыі, падкантрольнай Украіне, 2234 загінулі і 2638 атрымалі раненьні. На тэрыторыі, якая кантралюецца сэпаратыстамі, 128 чалавек загінулі і 527 былі параненыя. У іншых рэгіёнах Украіны 1740 чалавек загінулі, раненьні атрымалі 2016 чалавек.

Украіна зьмякчыла забарону на выезд за мяжу для мужчын прызыўнога ўзросту

Цяпер выяжджаць з краіны могуць:

  • Кіроўцы, якія перавозяць мэдычныя грузы, гуманітарную дапамогу для патрэбаў УСУ, а таксама насельніцтва Ўкраіны;
  • Звычайныя дальнабойшчыкі;
  • Чыгуначнікі;
  • Спартоўцы і трэнэры, якія ўдзельнічаюць у міжнародных спаборніцтвах або рыхтуюцца да іх.

Мінабароны РФ абвясьціла аб адкрыцьці 2 калідораў для выхаду замежных суднаў з 7 партоў Чорнага і Азоўскага мораў

У Чорным моры — для выхаду з партоў Херсон, Мікалаеў, Чарнаморск, Ачакаў, Адэса і Паўднёвы ў паўднёва-заходнім кірунку ад тэрытарыяльнага мора Ўкраіны працягласьцю 80 міляў і шырынёй 3 мілі. У Азоўскім моры — для выхаду з порта Марыюпаль працягласьцю 115 міль і шырынёй 2 мілі ў напрамку Чорнага мора. Калідоры будуць адкрытыя з 8-й раніцы да 19-й вечара па Маскве кожны дзень, заявілі ў Мінабароны. У ведамстве адзначылі, што ў чарнаморскіх партах застаюцца заблякаванымі 70 суднаў з 16 дзяржаў.

Што адбываецца ў Расеі

У Расеі заканадаўча скасавалі ўзроставую мяжу для кантрактнай службы

Цяпер заключыць кантракт з расейскім войскам можна будзе да заканчэньня працаздольнага ўзросту, гэта значыць да 65 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі заканадаўча скасавалі ўзроставую мяжу для кантрактнай службы

Дзярждума РФ прыняла законапраект аб пазасудовай забароне працы замежных СМІ за «дыскрэдытацыю» арміі і «заклікі да санкцый»

Дэпутаты ніжняй палаты расейскага парлямэнту ўхвалілі ў першым чытаньні законапраект, па якім генпракурор РФ або яго намесьнікі змогуць прымаць рашэньні аб адкліканьні ліцэнзій замежных СМІ і пазбаўленьні замежных журналістаў акрэдытацыі. Праца СМІ, паведамляецца на сайце Дзярждумы, можа быць спыненая «за распаўсюджваньне супрацьпраўнай, небясьпечнай інфармацыі, у тым ліку недакладнай грамадзка значнай інфармацыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне ў баі загінуў генэрал-маёр ваенна-паветраных сіл Расеі

Расея ўводзіць пэрсанальныя санкцыі ў дачыненьні да 154 чальцоў Палаты лордаў Вялікай Брытаніі

Пра гэта паведамляе МЗС РФ. У паведамленьні гаворыцца, што яны «зрабілі непасрэдны ўнёсак у выпрацоўку антырасейскіх санкцыйных захадаў Лёндана, нацэленых на стварэньне ўмоваў для палітычнай ізаляцыі Расеі і разбурэньне яе эканомікі, выкарыстоўвалі свой аўтарытэт для нагнятаньня антырасейскай гістэрыі ў Вялікай Брытаніі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны: Расея адмовілася ад «вялікай аблогі» ўкраінскіх войскаў на Данбасе

У Бранскай вобласьці зноў увялі высокі ўзровень тэрарыстычнай небясьпекі

Ён будзе дзейнічаць наступныя 15 дзён. Папярэдні раз такі рэжым дзейнічаў у рэгіёне з 11 красавіка па 10 траўня, яго ўводзілі з прычыны абстрэлаў прымежных пасёлкаў. Жыхарам вобласьці рэкамэндавалі ўстрымацца ад зьяўленьня на вуліцы зь вялікімі торбамі, сачыць за навінамі і мець пры сабе дакумэнты ў выпадку наведваньня грамадзкіх месцаў.

У Расеі завочна арыштоўваюць украінскіх вайскоўцаў

Басманны раённы суд Масквы завочна арыштаваў кіраўніка Адэскай аблдзяржадміністрацыі, былога камандзіра батальёна «Айдар» Максіма Марчанку, яго вінавацяць у прымяненьні забароненых сродкаў і мэтадаў вядзеньня вайны. Таксама суд па такім жа абвінавачаньні завочна арыштаваў камандзіра 44-й асобнай артылерыйскай брыгады Ўзброеных сіл Украіны Сяргея Баранава. Яны абодва абвешчаныя ў міжнародны вышук.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага, які цяпер рэарганізуецца ў полк.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўчанка заявіў, што Беларусь пастаўляе зброю Расеі

Украінскі Генштаб: у Беларусі разгарнулі комплексы «Точка-У» і «Сьмерч»

У Беларусі на асобных палігонах разгарнулі два ракетныя дывізіёны тактычнага ракетнага комплексу «Точка-У» і дывізіён рэактыўнай сыстэмы залпавага агню «Сьмерч», паведаміў Генштаб Узброеных сіл Украіны ў вечаровай зводцы 20 траўня. Пагроза ракетна-бомбавых удараў і артылерыйскіх абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі пакуль ня зьнікла.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віцэ-прэм’ер Беларусі Снапкоў: Санкцыі маюць удушальны характар

Беларускае войска ля мяжы з Украінай

Кіраўнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч заявіў аб пачатку другога этапу праверкі сіл апэратыўнага рэагаваньня.

Паводле ягоных слоў, у рамках гэтага этапу на Заходні і Паўночна-заходні апэрацыйныя кірункі рушылі батальённа-тактычныя групы, а для іх узмацненьня — падразьдзяленьні супрацьпаветранай абароны, ракетных войскаў і артылерыі, якія будуць забясьпечваць іхнае баявое функцыянаваньне.

Паводле Гулевіча, падразьдзяленьні сіл спэцыяльных апэрацый разгарнулі на трох тактычных кірунках паўднёвага кірунку (да мяжы з Украінай. — РС).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракуратура Ўкраіны: няма сумневаў у датычнасьці жыхара Беларусі да забойстваў у Бучы

Як рэагуе сьвет

Італія, Вугоршчына і Кіпр выступаюць за «мірныя перамовы і неадкладнае спыненьне агню»

Вугоршчына і Кіпр падтрымалі ініцыятыву Італіі ўнесьці патрабаваньне аб спыненьні агню і мірных перамовах з Расеяй у праект заявы па выніках саміту ЭЗ 30–31 траўня.

Як піша Reuters, Вугоршчына выступае супраць увядзеньня забароны на імпарт нафты, а Кіпр занепакоены прапанаванай забаронай на продаж нерухомасьці грамадзянам Расеі. Італія ж настойвае, што мірныя перамовы з Расеяй — адна зь першачарговых мэтаў ЭЗ у цяперашнім становішчы.

На мінулым тыдні Італія прапанавала плян мірнага ўрэгуляваньня канфлікту, які выклікаў крытыку як ва Ўкраіне, так і ў Расеі.

ЭЗ павялічыць фінансаваньне абароны на 3 мільярды эўра

25 траўня Эўрапейская камісія абвясьціла аб выдзяленьні аднаго мільярда эўра на фінансаваньне Эўрапейскага абароннага фонду, і яшчэ двух мільярдаў — на фінансаваньне дасьледаваньняў у галіне абаронных інавацый. Па словах эўракамісара па ўнутраным рынку Т’еры Брэтона, дадатковае фінансаваньне з Эўрапейскага абароннага фонду пойдзе на разьвіцьцё сумесных абаронных праектаў у космасе, кібэрпрасторы і высокіх тэхналёгіях.

Эстонія перадала Ўкраіне 1/3 усяго свайго вайсковага бюджэту

За 3 месяцы Эстонія пералічыла Ўкраіне 1/3 свайго вайсковага бюджэту — найбольш у сьвеце, паведаміў дарадца кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк. «Гэта яшчэ раз сьведчыць: можна быць маленькай краінай, але мець вялікае сэрца, а можна быць другой па велічыні, але ня мець яго зусім. Перамога будзе перамогай народу», — дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джордж Сорас абвінаваціў Ангелу Мэркель у стварэньні моцнай залежнасьці ад Расеі, назваўшы яе палітыку «мэркантыльнай»

Рада Эўразьвязу дазволіла часовую лібэралізацыю гандлю з Украінай

Гэтае рашэньне азначае, што на працягу аднаго году ня будуць спаганяцца імпартныя пошліны на ўвесь украінскі экспарт у краіны Эўразьвязу.

Таксама сёньня Рада ЭЗ ухваліла выдзяленьне 4-га траншу дапамогі з Эўрапейскага фонду міру ў памеры 500 млн эўра на патрэбы Ўзброеных сіл Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фінляндыя і Швэцыя пачнуць у сераду перамовы з Турэччынай, каб урэгуляваць рознагалосьсі наконт уступленьня ў NATO

Канада закупіла для Ўкраіны 20 тысяч снарадаў для гаўбіц M777

Пра гэта заявіла міністар абароны краіны Аніта Ананд. «Нельга дапусьціць, каб поўнамаштабнае, незаконнае ўварваньне Пуціна ва Ўкраіну было пасьпяховым, і яно такім ня будзе», — сказала Ананд.

Боепрыпасы купілі прыкладна за 98 мільёнаў канадзкіх даляраў, неўзабаве іх даставяць ва Ўкраіну. Гэтыя 155-мм снарады сумяшчальныя з гаўбіцамі М777, якія Канада і ЗША перадалі Ўкраіне раней.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАГАТЭ ня мае доступу на Запароскую АЭС, якую захапілі расейскія войскі

У Вугоршчыне абвясьцілі надзвычайнае становішча ў сувязі з вайной ва Ўкраіне

Прэмʼер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан абвясьціў надзвычайнае становішча. Паводле прэмʼера, яно ўводзіцца з прычыны вайны ва Ўкраіне, «канца якой не відаць». Орбан матываваў такі рэжым «прасторай для манэўру і магчымасьцю неадкладнага рэагаваньня» на наступствы расейскага ўварваньня.

ЗША перададуць Украіне ўзбраеньне яшчэ на 100 мільёнаў даляраў

У гэтым пакеце будуць пастаўкі 18 гаўбіц калібрам 155 мм і 18 тактычных машын для перавозу гэтых гаўбіц — эквівалент артылерыйскага батальёну, паведаміў прэс-сакратар Пэнтагону Джон Кірбі. Таксама ў пакеце дапамогі будзе 36 антыартылерыйскіх радараў ANTPQ.

Напярэдадні на брыфінгу ў Вашынгтоне неназваны высокі прадстаўнік Пэнтагону расказаў журналістам, што 79 з пастаўленых ЗША раней 90 гаўбіц ужо разьмешчаныя на пазыцыях украінскіх войскаў і выкарыстоўваюцца ў баявых дзеяньнях.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.