Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Чарнігаўшчыне, якую абстрэльвалі і зь Беларусі, загінулі больш за 500 і атрымалі раненьні 1 500 мірных грамадзян


Наступствы абстрэлу жылога прыватнага сэктару ў Чарнігаве
Наступствы абстрэлу жылога прыватнага сэктару ў Чарнігаве

У Чарнігаве засталося 100-110 тысяч жыхароў з 285 тысяч, якія пражывалі да вайны. Сам Чарнігаў ня быў акупаваны, але моцна пацярпеў ад абстрэлаў.

Кіраўнік Чарнігаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Вячаслаў Чавус паведаміў, што ад пачатку баявых дзеяньняў у вобласьці загінулі 500 і яшчэ 1 500 грамадзян атрымалі раненьні.

«У асноўным гэта жыхары Чарнігава і населеных пунктаў, якія знаходзяцца побач з Чарнігавам. Але мы яшчэ працягваем адкопваць целы расстраляных нашых грамадзян, фіксаваць злачынствы Расейскай Фэдэрацыі», — паведаміў Вячаслаў Чавус 25 траўня на брыфінгу па відэасувязі з Чарнігава.

Паводле яго, за час апошніх абстрэлаў, якія ажыцьцяўляюцца цяпер па населеных пунктах вобласьці з расейскай тэрыторыі, няма пацярпелых.

Ад моманту расейскага ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны Чарнігаўская вобласьць абстрэльвалася з тэрыторыі Беларусі.

На 25 траўня найбольшая колькасьць загінулых сярод цывільнага насельніцтва — у Марыюпалі. Мэр горада Вадзім Бойчанка ў інтэрвію CNN паведаміў, што ў Марыюпалі загінулі сама меней 22 тысячы мірных жыхароў. Раней Марыюпальскі вайсковы гарнізон, які абараняў горад, паведамляў пра 25 тысяч загінулых.

Горад Чарнігаў ня быў акупаваны, але моцна пацярпеў ад абстрэлаў. На гарадзкіх вуліцах да гэтага часу відаць сьляды ад бомбаў, а ў адным з паркаў зьявіліся новыя могілкі, дзе хавалі ахвяр расейскай агрэсіі.

Тры атакі на Чарнігаў

Упершыню расейскае войска паспрабавала ўвайсьці ў горад з ходу 26 лютага, але пасьля зацятых баёў на яго ўскраінах было вымушана адступіць. За наступны месяц Чарнігаў спрабавалі ўзяць яшчэ тройчы. Усе гэтыя спробы сталі беспасьпяховымі.

Акрамя шчыльнага артылерыйскага агню, ад якога больш за ўсё пацярпелі ўскраіны гораду, Чарнігаў стаў ахвярай авіяналётаў.

Дзьве траціны гараджан выехалі

У канцы сакавіка мэр гораду Ўладзіслаў Атрошанка расказаў, што ў горадзе засталося 100-110 тысяч чалавек з 285 тысяч, якія пражывалі ў Чарнігаве да вайны.

Найбольш пацярпелі ўскраіны

Ад інтэнсіўных абстрэлаў найбольш пацярпелі раёны на ўскраінах Чарнігава. Тут снарады траплялі ў жылыя дамы, крамы, лякарні, дзіцячыя садкі.

Мэр Чарнігава Ўладзіслаў Атрошэнка выступае за ўвядзеньне на тэрыторыі Чарнігава спэцыяльнага падатковага рэжыму, які дазволіць гораду быць канкурэнтным на ўнутрыўкраінскім рынку працы і змагацца за сваю пасьляваенную будучыню.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG