Расея выводзіць свае войскі з-пад Харкава; трэцяя фаза вайны. 80-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

Фота з Харкава

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 5,5 мільёна чалавек сталі ўцекачамі, яшчэ каля 7 мільёнаў хаваюцца ў іншых абласьцях. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Расея выводзіць свае войскі з-пад Харкава. Амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны гаворыць пра верагодную перамогу ўкраінскіх войскаў у бітве за Харкаў.
  • Эўразьвяз узгадніў выдзяленьне Ўкраіне другога траншу макрафінансавай дапамогі ў памеры 500 мільёнаў эўра.
  • Расейскія войскі працягваюць абстрэльваць Марыюпаль. Абаронцы Марыюпалю заклікалі сьвет іх выратаваць. Ва ўрадзе Ўкраіны кажуць, што вядуць перамовы з Расеяй.
  • На Луганшчыне ў выніку штурму расейскіх войскаў разбураныя амаль 60 дамоў, пашкоджаны мост у Рубежным.
  • З пачатку вайны Расеі супраць Украіны пацярпелі больш за 647 дзяцей: 227 загінулі, 420 параненыя.

Тэрытарыяльны кантроль Украіны на 11 траўня 2022

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 14 траўня

У Севастопалі заўважылі карабель «Усевалад Баброў», аб удары па ім заяўлялі ў Адэсе


Судна тылавога забесьпячэньня «Усевалад Баброў» Чарнаморскага флёту Расеі, пра ўдар па якім раней заявілі ў Адэскай абласной ваеннай адміністрацыі, 14 траўня зайшло ў бухту часова акупаванага Севастопаля. Каля 13 гадзінаў па мясцовым часе судна зайшло ў акваторыю Севастопальскай бухты і прайшло сваім ходам да месца стаянкі ў Сухарнай бухце.

12 мая прадстаўнік Адэскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Братчук паведаміў у сваім тэлеграм-канале пра ўдары ВСУ па расейскім судне тылавога забесьпячэньня «Усевалад Баброў» у раёне вострава Зьмяіны. Пра гэты інцыдэнт таксама паведаміла ўкраінскае выданьне «24 канал» са спасылкай на крыніцы ва ўкраінскай выведцы.

Расейскія вайскоўцы публічна не камэнтавалі інфармацыю ўкраінскіх уладаў і СМІ.

CNN: расейскі генэрал Жураўлёў загадаў абстраляць Харкаў касэтнымі снарадамі


Генэрал расейскага войска Аляксандар Жураўлёў у канцы лютага даў загад абстраляць Харкаў касэтнымі боепрыпасамі «Сьмерч», гаворыцца ў расьсьледаваньні тэлеканалу CNN.

Журналісты прааналізавалі відэазапісы ракетных удараў і фатаздымкі снарадаў, якія не разарваліся, зь месцаў выбухаў, а таксама пагаварылі з экспэртамі і відавочцамі атак. Журналісты CNN высьветлілі, што Харкаў абстрэльвала 79-я ракетна-артылерыйская брыгада, якая цяпер базуецца ў Белгарадзкай вобласьці, што мяжуе з Украінай. Аўтары расьсьледаваньня сьцьвярджаюць, што загад аб выкарыстаньні «Сьмерчу» мог аддаць толькі камандуючы вайсковай акругі, у якой дысьлякуецца брыгада, — генэрал-палкоўнік Жураўлёў.

G7: ваенная дапамога будзе працягвацца, а зьмену межаў Украіны «ніколі не прызнаюць»


Міністры замежных спраў краінаў G7 заявілі, што будуць працягваць аказваць ваенную дапамогу Ўкраіне «да таго часу, пакуль гэта неабходна», і ніколі не прызнаюць зьмену межаў Украіны праз ваенную агрэсію Расеі.

«Мы будзем працягваць нашу вайсковую і абарончую дапамогу Ўкраіне столькі, колькі будзе неабходна. Мы пацьвярджаем наш заклік да Расеі спыніць вайну, якую яна пачала. Мы таксама працягваем заклікаем Беларусь спыніць дазваляць Расеі агрэсію і выконваць свае міжнародныя абавязальніцтвы... Мы заклікаем Расею спыніць агонь і неадкладна і без усялякіх умоваў вывесьці свае войскі з усёй тэрыторыі Ўкраіны ў яе міжнародна прызнаных межах» — гаворыцца ў заяве.

Кіеў наведвае дэлегацыя Сэнату ЗША

«Візыт дэлегацыі Сенату ЗША на чале зь лідэрам рэспубліканскай меншасьці ў верхняй палаце Кангрэсу Мітчэлам Макконэлам зьяўляецца моцным сыгналам двухпартыйнай падтрымкі Ўкраіны з боку Кангрэсу ЗША і амэрыканскага народа», — пракамэнтаваў візыт прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

Украінскія памежнікі паведамляюць аб абстрэлах з боку РФ у Чарнігаўскай вобласьці

Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны паведаміла 14 траўня аб абстрэлах з боку Расеі памежных раёнаў Чарнігаўскай вобласьці.

«Сёньня ўначы ў 01:30 і раніцай у 06:30 памежнікі зафіксавалі мінамётны абстрэл украінскай тэрыторыі Сямёнаўскага раёна Чарнігаўскай вобласьці. Пацярпелых ад абстрэлу пакуль няма. Зьвесткі ўдакладняюцца», —паведамляюць памежнікі.

З пачатку вайны ва Ўкраіне загінулі 227 дзяцей

Пра гэта паведамляе офіс генпракурора Ўкраіны 14 траўня. У ведамстве таксама заявілі, што з пачатку вайны параненыя ня менш за 420 дзяцей.

У паведамленьні пракуратуры гаворыцца, што 12 траўня ў шпіталі памёр 12-гадовы хлопчык, які быў цяжка паранены 1 траўня падчас абстрэлу горада Папасная Луганскай вобласьці.

Расейцы абстралялі Днепрапятроўскую вобласьць

Раніцай 14 траўня расейскія вайскоўцы абстралялі Днепрапятроўскую вобласьць, паведаміў кіраўнік абласной дзяржаўнай адміністрацыі Валянцін Рэзьнічэнка.

«На досьвітку праціўнік абстраляў Шырокаўскую грамаду з „Ураганаў“. Людзі не пацярпелі. У некалькіх дамах выбітыя вокны. У некалькіх дварах — касэтныя боепрыпасы. Піратэхнікі працуюць», — сказаў ён.

Украінскі Генштаб: Расея выводзіць войскі з-пад Харкава. Найбольшая іх актыўнасьць — на Слабажанскім і Данецкім напрамках

Як паведаміў сьпікер Генштабу Узброеных сіл Ўкраіны Аляксандар Штупун, асноўная мэта расейскіх войскаў цяпер — устанаўленьне поўнага кантролю за тэрыторыяй Данецкай, Луганскай і Херсонскай абласьцей і забесьпячэньне ўстойлівасьці сухапутнага калідора з часова акупаваным украінскім Крымам. Найбольшая актыўнасьць расейскіх войскаў цяпер — на Слабажанскім і Данецкім напрамках.

У той жа час Расея адводзіць свае войскі ад Харкава.

У Марыюпалі расейскія вайскоўцы працягваюць блякаваньне падразьдзяленьняў Узброеных сіл Украіны ў раёне завода «Азоўсталь», наносяць масіраваныя артылерыйскія і авіяцыйныя ўдары.

У Запароскім кірунку, з мэтай утрыманьня захопленай тэрыторыі, адзначаюцца падрыхтоўчыя меры да пабудовы акупантамі шматэшаланаванай абароны.

Узброеныя сілы Ўкраіны, верагодна, выйгралі бітву за Харкаў, — амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны

«Украінскія сілы не дапусьцілі акружэньня горада расейскімі войскамі, ня кажучы ўжо пра захоп Харкава, а потым выгналі іх з-пад горада, як яны зрабілі гэта з расейскімі войскамі, якія спрабавалі захапіць Кіеў», — пішуць аналітыкі амэрыканскага Інстытута вывучэньня вайны.

Цяпер асноўныя намаганьні расійскіх ваенных сканцэнтраваны на захопе Севераданецка і Лісічанска, гавораць заходнія аналітыкі.

Узброеныя сілы Ўкраіны маюць намер парушыць, прынамсі, самую заходнюю з наземных ліній сувязі паміж Белгарадам і расейскімі войскамі, засяроджанымі вакол Ізюма, гаворыцца ў паведамленьні.

Таксама расейскія войскі распачалі спробу наземнага наступу з Ізюма, але беспасьпяхова.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Украіна, падобна, выйграла бітву пад Харкавам», — амэрыканскі Інстытут дасьледаваньня вайны

Расея ўступіла ў трэцюю фазу поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне, — МУС Украіны

Расея пачала трэцюю фазу поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне і рыхтуецца да доўгатэрміновага бою. Пра гэта ў эфіры Усеўкраінскага тэлемаратону заявіў дарадца міністра ўнутраных спраў Віктар Андрусіў, піша «Суспільне». Ён удакладніў, што першая фаза прадугледжвала спробу захапіць Украіну ў кароткія тэрміны, другая — узяць у кола Сілы абароны Ўкраіны на ўсходзе.

«Адно акружэньне плянавалі вельмі вялікае, хацелі адрэзаць ад Паўлаграда, другое акружэньне плянавалі так, каб разам з Краматорскам і Славянскам, а цяпер ім засталося вельмі маленькае асяродзьдзе — фактычна Паўночнаданецкае і Лісічанскае, але і гэтага яны зрабіць ня могуць», — зазначыў намесьнік міністра.

Паводле яго, расейцы рыхтуюцца да абароны рубяжоў, на якіх спыніліся. «Цяпер наступіла трэцяя фаза — калі яны пачынаюць рыхтавацца да абароны рубяжоў, на якіх спыніліся. Гэта ўказвае на тое, што яны вырашылі ператварыць вайну ў вельмі доўгую. Яны разьлічваюць, што крызісы, якія выклікае вайна, пасадзяць Захад за стол перамоваў зь імі. і Захад паспрабуе нас на што-небудзь абмяняць», — сказаў ён.

У Кіеве ўжо аднавілі працу 38 амбасадаў, — МЗС Украіны

У Кіеве аднавілі працу 38 замежных прадстаўніцтваў, паведамілі ў Міністэрстве замежных спраў Украіны 14 траўня. «Гэта яшчэ адзін доказ таго, што нашы партнэры вераць у перамогу, будучыню і пэрспэктывы Ўкраіны», — адзначылі ў МЗС.

У Луганскай вобласьці ў выніку абстрэлаў разбураныя больш за 50 дамоў

Кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай заявіў, што 13 траўня ў выніку расейскіх абстрэлаў у рэгіёне былі разбураныя больш за 50 дамоў.

Па словах Сяргея Гайдая, палова абстрэлаў прыйшлася на населеныя пункты побач з занятай расейцамі Папаснай. У прыватнасьці, Камышаваха, Траецкае і Залатое. Таксама разбурэньні зафіксаваныя ў Севераданецку, Рубежным і Лісічанску.

З горада Папасная людзей вывозяць у «ЛНР», — кіраўнік вобласьці

Таксама Сяргей Гайдай сьцьвярджае, што з горада Папасная, які 8 траўня перайшоў пад кантроль расейскіх войскаў, «пад стваламі кулямётаў» пачалі вывозіць людзей у так званую «ЛНР». Пасьля гэтага сувязі зь імі няма.

«Горад цалкам разбураны. Больш за паўтары тысячы жыхароў, якія не жадалі зьяжджаць, засталіся пад акупацыяй», — піша Гайдай.

Абстрэлы ў Данецкай вобласьці

За суткі расейскія войскі абстралялі 14 населеных пунктаў у Данецкай вобласьці, сьцьвярджае рэгіянальная паліцыя. Адзін чалавек загінуў, 12 пацярпелі.

У той жа час у так званай «ДНР» сьцьвярджаюць, што ў рэгіёне загінулі тры мірныя жыхары, сем пацярпелі. Па словах прадстаўнікоў «ДНР», украінскія войскі выпусьцілі 357 снарадаў і мін і абстралялі 14 населеных пунктаў.

«Пашкоджаныя 23 жылыя дамы, і 4 аб’екты грамадзянскай інфраструктуры», — сьцьвярджаюць у так званай «Народнай міліцыі ДНР».

CNN: расейскі генэрал Жураўлёў загадаў абстраляць Харкаў касэтнымі снарадамі

Журналісты CNN высьветлілі, што Харкаў абстрэльвала 79-я ракетна-артылерыйская брыгада, якая цяпер базуецца ў Белгарадзкай вобласьці, што мяжуе з Украінай. Аўтары расьсьледаваньня сьцьвярджаюць, што загад аб выкарыстаньні «Сьмерчу» мог аддаць толькі камандуючы вайсковай акругі, у якой дысьлякуецца брыгада, — генэрал-палкоўнік Жураўлёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: CNN: расейскі генэрал Жураўлёў загадаў абстраляць Харкаў касэтнымі снарадамі

Украінскі Генштаб: Расея страціла больш за 27 тысяч вайскоўцаў у вайне супраць Украіны

У поўнамаштабнай вайне супраць Украіны, якая доўжыцца 80 дзён, Расея страціла каля 27 200 сваіх вайскоўцаў, у тым ліку 300 забітымі за апошнія суткі, паведаміў раніцай 14 траўня Генштаб Узброеных сіл Украіны.

Масква пра свае страты ў вайне супраць Украіны апошнім разам паведамляла 25 сакавіка: тады расейскі бок пацьвердзіў гібель 1351 вайскоўца і раненьні 3825 вайскоўцаў. 7 красавіка прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў Sky News, што расейскія войскі панесьлі «значныя страты» ва Ўкраіне.

Расейскія войскі абстралялі Сумскую вобласьць

Памежная служба Ўкраіны паведаміла 14 траўня, што расейскія войскі абстралялі Сумскую вобласьць некіравальнымі авіяцыйнымі ракетамі. «Учора ўвечары вайскоўцы Дзяржаўнай памежнай службы зафіксавалі на ўскраіне адной з памежных вёсак Шосткінскага раёну пяць разрываў. Абсьледаваўшы месца трапленьня, высьветлілася, што агонь вёўся некіравальнымі авіяцыйнымі ракетамі. Іх фрагмэнты былі знойдзеныя на зямлі», — гаворыцца ў паведамленьні.

Паводле афіцыйных дадзеных, пацярпелых няма.

Украіна вядзе перамовы аб эвакуацыі 60 чалавек з «Азоўсталі»

Цяпер Украіна вядзе перамовы аб эвакуацыі 60 чалавек з «Азоўсталі» ў Марыюпалі, дзе ўкраінскія вайскоўцы абараняюцца больш за два месяцы, нягледзячы на акружэньне расейскіх войскаў.

Такую лічбу назвала «Суспільне» віцэ-прэм’ер Украіны Ірына Верашчук. Раней яна падкрэсьлівала, што перамовы ідуць няпроста. «Параненых некалькі соцень, іх трэба ратаваць у першую чаргу, бо расейцы ня згодныя на ўсіх адразу. Дык спачатку цяжка параненыя і дактары, іх сапраўды 60 чалавек», — сказала Верашчук.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Полк „Азоў“ робіць немагчымае». Што адбываецца ў Марыюпалі і на тэрыторыі заводу «Азоўсталь»

Сваякі ўкраінскіх вайскоўцаў з Марыюпаля просяць дапамогі ў Кітая

Сваякі ўкраінскіх вайскоўцаў, якія знаходзяцца на «Азоўсталі» ў Марыюпалі, заклікалі Кітай дапамагчы з вызваленьнем украінскіх вайскоўцаў.

«Мы просім Кітай умяшацца і стаць міратворцам у гэтай вайне, быць выратаваньнем для нашых байцоў з Марыюпаля, з „Азоўсталі“. Час ідзе на дні, хвіліны, сэкунды. Нашы салдаты ўжо патрапілі ў пекла, дайце ім магчымасьць убачыць сонца», — сказаў бацька адзін з украінскіх вайскоўцаў.

«Азоў»: расейскія войскі працягваюць штурм «Азоўсталі»

У палку «Азоў», які дысьлякуецца на «Азоўсталі» ў Марыюпалі, 14 траўня паведамілі, што на працягу ўсяго дня расейцы скідвалі авіябомбы на абаронцаў Марыюпаля, выкарыстоўваючы цяжкую артылерыю і танкі.

«Акупанты выкарыстоўваюць вялікую колькасьць пяхоты для спробы штурму ўкраінскіх пазыцый. Нягледзячы на надзвычай крытычную сытуацыю, абаронцы, прыкладаючы звышчалавечыя намаганьні, адбіваюць спробы прарыву пазыцый», — паведамляюць у «Азове».

На поўдні Ўкраіны расейскія вайскоўцы зьнішчаюць унікальную ахоўную Кінбурнскую касу

Пра гэта паведаміла ўпаўнаважаная ў правах чалавека ва Ўкраіне Людміла Дзянісава. Паводле яе, зь сярэдзіны красавіка ў Херсонскай вобласьці гараць лясы. Тушыць пажары складана, таму што рэгіён кантралюецца расейскімі вайскоўцамі.

«Пажар на Кінбурнскай касе доўжыцца больш за тыдзень. Агонь ахапіў амаль 4 тысячы гектараў лясоў на мяжы Херсонскай і Мікалаеўскай абласьцей. Пад пагрозай зьнішчэньня знаходзіцца ўвесь расьлінны сьвет, у прыватнасьці, самае вялікае ў Эўропе поле дзікіх чырвонакніжных архідэй (яго плошча дасягае больш за 60 гектараў), шматгадовыя дрэвы, ружовыя азёры, жывёлы», — піша Дзянісава.

У Кіеве перайменавалі арку Дружбы народаў

Дэпутаты Кіеўскай гарадзкой рады ўхвалілі рашэньне аб дэкамунізацыі назвы аркі Дружбы народаў. Цяпер яна будзе мець назву Арка Свабоды ўкраінскага народа, паведаміў 14 траўня мэр Кіева Віталь Клічко. Таксама дэпутаты зацьвердзілі пералік больш як 40 помнікаў і памятных знакаў, якія трэба прыбраць з вуліц і пабудоваў сталіцы і перадаць у музэй таталітарызму, дадаў мэр.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве перайменавалі арку Дружбы народаў

Украіна заявіла, што вяртае дадому целы загінулых расейскіх вайскоўцаў

Украіна гатова перадаць Расеі целы вайскоўцаў, якія загінулі ў Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцях, распавёў Reuters кіраўнік вайскова-цывільнага супрацоўніцтва Ўкраіны Уладзімер Лямзін. Паводле яго, гэты крок адпавядае «нормам міжнароднага гуманітарнага права».

«Пасьля завяршэньня актыўнай фазы канфлікту бакі павінны вярнуць целы вайскоўцаў іншай краіны. Украіна гатовая вярнуць целы агрэсару», — заявіў Лямзін агенцтву.

Ён распавёў, што целы загінулых расейскіх вайскоўцаў захоўваюцца ў некалькіх рэфрыжэратарных цягніках у розных рэгіёнах Украіны. У прыватнасьці, журналісты Reuters зьнялі пагрузку целаў у вагоны-рэфрыжэратары цягніка на ўскраіне Кіева.

«У гэтым рэфрыжэратарным цягніку захоўваюцца некалькі сотняў цел расейскіх акупантаў. Большасьць зь іх былі прывезеныя сюды з Кіеўскай вобласьці, некаторыя з Чарнігаўскай, і зь некаторых іншых рэгіёнаў таксама», — пракамэнтаваў Лямзін.

Расейцы пачалі перавозку забітых і параненых з вострава Зьмяіны ў Севастопаль

Загінулых і параненых расейскіх вайскоўцаў са Зьмяінага вострава пачалі перавозіць у Севастопаль на тэрыторыю акупаванага Крыму, паведамляе Галоўнае ўпраўленьне выведкі Мінабароны Ўкраіны. Аддзяленьні хірургіі і траўматалёгіі ў ваенным шпіталі перапоўненыя. У палатах разьмешчана 40 чалавек.

На востраве Зьмяіны расейскія войскі спрабуюць усталяваць сыстэмы супрацьпаветранай абароны, паведаміў прэс-сакратар адэскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Братчук. «Адпаведныя рашэньні нашага ваеннага кіраўніцтва будуць фатальнымі для расейцаў», — дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Maxar Technologies апублікавала спадарожнікавыя здымкі вострава Зьмяіны: на іх зруйнаваныя будынкі і затанулы катэр. ФОТА

Усе дзейныя падводныя лодкі Чарнаморскага флёту Расеі выйшлі ў мора

Усяго ў складзе Чарнаморскага флёту РФ шэсьць падводных лодак праекту «Варшавянка»: на іх знаходзяцца крылатыя ракеты «Калибр», якія выкарыстоўваюцца, у розных мадыфікацыях, для паражэньня марскіх і наземных цэляў. Кожная падводная лодка ўзброеная чатырма такімі ракетамі.

Як паведамілі прадстаўнікі Ўзброеных сіл Украіны 13 траўня, Расея наносіць удары з анэксаванага Крыму ракетамі са сваіх падводных лодак.

Расейцы ўзарвалі тры масты, жыцьцёва важныя для працягу наступу ўкраінцаў у Харкаўскай вобласьці

Калі расейскія войскі адступілі з прычыны працяглага ўкраінскага контранаступу ў Харкаўскай вобласьці, яны падарвалі тры масты цераз раку Паўночны Данец, жыцьцёва важныя для працягу наступу ўкраінцаў, паказваюць спадарожнікавыя здымкі BlackSky і Эўрапейскага касьмічнага агенцтва, піша CNN.

На здымках, зробленых 12 траўня, відаць участкі мастоў цераз раку Северскі Данец у раёне сёлаў Рубежнае і Стары Салтаў, якія знаходзяцца прыкладна за 10 міляў на поўдзень ад расейскай мяжы і нядаўна былі вызваленыя ўкраінскімі войскамі. На здымку Эўрапейскага касьмічнага агенцтва 8 траўня відаць, што мост цераз Печанежскую ГЭС таксама падарваны. Хаця не зусім ясна, калі былі ўзарваныя масты і хто нясе за гэта адказнасьць, малаверагодна, што гэта зрабілі ўкраінцы, адзначае агенцтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Пэнтагону правёў перамовы зь міністрам абароны Расеі

ААН пацьвердзіла гібель больш за 1000 мірных жыхароў у прыгарадах Кіева

Целы звыш 1000 цывільных былі знойдзеныя ў раёнах на поўнач ад Кіева, якія некаторы час былі занятыя расейскімі вайскоўцамі, заявіла Вярхоўны камісар ААН у правах чалавека Мішэль Бачэлет на 34-й спэцыяльнай сэсія Рады па правах чалавека. Пры гэтым яна адзначыла, што лічбы будуць працягваць расьці.

Паводле Мішэль Бачэлет, некалькі сотняў зь іх былі застрэленыя, яшчэ частка людзей памерла ад раненьняў і адсутнасьці на той момант на гэтых тэрыторыях мэдыцынскай дапамогі, некаторыя былі забітыя пры спробе пакінуць акупаваныя тэрыторыі на аўтамабілі.

Генштаб Узброеных сіл Украіны: З тэрыторыі Расеі і Беларусі па Ўкраіне было выпушчана 788 ракет

З пачатку вайны і да 11 траўня па тэрыторыі Ўкраіны з Расеі і Беларусі было выпушчана 788 крылатых і балістычных ракет, заявіў на брыфінгу 12 траўня намесьнік кіраўніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генштабу УСУ Аляксей Громаў.

Паводле яго, усяго расейскімі войскамі было зьдзейсьнена 487 ракетных удараў і 4917 баявых вылетаў. Выкарыстаныя, у прыватнасьці, 213 ракет «Іскандэр», 61 «Точка-У», 235 крылатых ракет марскога і паветранага базаваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі настаўніцы з Чарнігава ампутавалі ногі пасьля раненьня ад расейскіх абстрэлаў, зьбіраюць грошы на пратэзы

Уцекачы ад вайны

З моманту ўварваньня Расеі ва Ўкраіну краіну пакінулі больш за 6 мільёнаў чалавек, вынікае са зьвестак Офісу Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў па стане на 12 траўня.

Паводле дадзеных Офісу, звыш 3,27 млн чалавек выехалі ў Польшчу, амаль 895,8 тысячы чалавек — у Румынію, больш за 583 тысячы — у Вугоршчыну.

У Расею, паводле зьвестак ААН, вывезьлі больш за 785 тысяч чалавек. Украінскія ўлады сьцьвярджаюць, што акупанты вывозяць грамадзян Украіны гвалтам.

Каля 8 мільёнаў украінцаў цяпер — унутрана перамешчаныя асобы.

Насельніцтва Ўкраіны (уключна з тэрыторыяй пад кантролем Расеі) складае каля 44 мільёнаў чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў: Расея прымусова вывезла на сваю тэрыторыю больш за мільён украінцаў

Што адбываецца ў Расеі

Мінюст Расеі прапанаваў забараніць працаваць адвакатам зь «недружалюбных краінаў»

У далейшым на падставе гэтага загаду плянуецца пазбавіць статусу дзейных адвакатаў. Цяпер у рэестры зарэгістравана 247 адвакатаў з Украіны, ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі, Нямеччыны і іншых «недружалюбных» краін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кампанія Siemens заявіла, што пакідае Расею ў сувязі зь яе нападам на Ўкраіну

Авіякампанія S7 адмяніла рэйсы на захад і поўдзень Расеі, а таксама ў Крым да чэрвеня і верасьня

На гэта зьвярнула ўвагу агенцтва «РИА Новости». Авіяперавозчык закрыў продажы на рэйсы ў Анапу, Геленджык, Краснадар і Сімфэропаль да 23 чэрвеня, а на рэйсы з Масквы ў Белгарад, Бранск, Варонеж і Ліпецк — да канца верасьня.

Расавіяцыя закрыла пералёты ў кожны з названых аэрапортаў 24 лютага, у дзень пачатку вайны Расеі супраць Украіны, а потым падаўжала забарону больш як дзесяць разоў. Цяпер пералёты фармальна закрытыя да 13 траўня.

Расейцы пачалі менш давяраць тэлевізіі

Паводле дасьледаваньня «Accelerate research», 17 сакавіка 33% апытаных называлі тэлевізію найбольш надзейнай крыніцай інфармацыі; на 27 красавіка так лічылі ўжо 23% апытаных. Больш за ўсё зьнізіўся давер да тэлевізіі ў жыхароў невялікіх гарадоў (з 34 да 24%), а ў Маскве і Санкт-Пецярбургу — з 27 да 21%.

У той жа час давер да сацсетак і Telegram за 1,5 месяца вырас з 19 да 23%. Давер да інтэрнэт-СМІ і афіцыйных вэб-сайтаў таксама ўпаў з 26 да 23%.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна мае аднавіць выдачу відаў на жыхарства беларусам

Беларускае войска ля мяжы з Украінай

Кіраўнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч заявіў аб пачатку другога этапу праверкі сіл апэратыўнага рэагаваньня.

Паводле ягоных слоў, у рамках гэтага этапу на Заходні і Паўночна-заходні апэрацыйныя кірункі рушылі батальённа-тактычныя групы, а для іх узмацненьня — падразьдзяленьні супрацьпаветранай абароны, ракетных войскаў і артылерыі, якія будуць забясьпечваць іхнае баявое функцыянаваньне.

Паводле Гулевіча, падразьдзяленьні сіл спэцыяльных апэрацый разгарнулі на трох тактычных кірунках паўднёвага кірунку (да мяжы з Украінай. — РС).

Як рэагуе сьвет

У G7 пагадзіліся ўзмацніць эканамічную і палітычную ізаляцыю Расеі

Міністры замежных спраў краін Вялікай сямёркі паабяцалі ўзмацніць эканамічную і палітычную ізаляцыю Расеі, працягваць пастаўкі зброі ва Ўкраіну і працаваць над памяншэньнем глябальнага недахопу харчаваньня, выкліканага вайной. Пра гэта гаворыцца ў заяве міністраў.

Дыпляматы Вялікай Брытаніі, Канады, Нямеччыны, Францыі, Італіі, Японіі, ЗША і Эўразьвязу таксама паабяцалі працягваць ваенную і абарончую дапамогу Ўкраіне «па меры неабходнасьці».

«Мы ніколі не прызнаем межы, якія Расея спрабавала зьмяніць шляхам ваеннай агрэсіі, і будзем працягваць падтрымліваць наш удзел у падтрымцы сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, у тым ліку Крыму», — заявілі міністры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнікі МЗС краінаў «Вялікай сямёркі» заклікалі Беларусь адмовіцца ад падтрымкі Расеі ў вайне супраць Украіны

Латвія пашырыла сьпіс непажаданых асобаў з Расеі

МЗС Латвіі дадаў у сьпіс непажаданых асобаў з Расеі яшчэ 102 чалавекі за «выказваньне актыўнай падтрымкі рашэньня Пуціна аб уварваньні ва Ўкраіну». Ім забаронены ўезд у краіну на нявызначаны тэрмін. Сярод іншых у сьпіс трапілі акторы Аляксандар Панкратаў-Чорны і Уладзімір Гасьцюхін, рэжысэр Юрый Кара, паэт-песеньнік Аляксандр Шаганаў, музыка Канстанцін Бубноў.

У канцы сакавіка Латвія ўжо ўключыла ў сьпіс непажаданых асоб 31 дзеяча культуры, многія зь іх прынялі ўдзел у канцэрце-мітынгу «Крымская вясна», прысьвечаным гадавіне анэксіі паўвострава.

Брытанія ўвяла санкцыі супраць Аліны Кабаевай

Міністэрства замежных спраў Вялікай Брытаніі заявіла, што ўнесла ў свой санкцыйны сьпіс былую алімпійскую чэмпіёнку Аліну Кабаеву, паведамляе расейскае агенцтва «РИА Новости».

Пра блізкасьць Кабаевай да прэзыдэнта Расеі апошнім часам пісалі многія заходнія СМІ, сьцьвярджаючы, што яна зьяўляецца маці дваіх сыноў Пуціна, якія нарадзіліся ў 2015 і 2019 гадах. The Wall Street Journal са спасылкай на ананімныя крыніцы пісала таксама, што Рада нацыянальнай бясьпекі ЗША нядаўна спыніла ўвядзеньне санкцый супраць Кабаевай, асьцерагаючыся рэакцыі з боку прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і далейшага абвастрэньня адносін з Расеяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Швайцарская газэта піша пра «сыноў Пуціна», якія нарадзіліся ў 2015 і 2019 гадах

ЭЗ дасьць Украіне 500 млн эўра на закупку цяжкіх узбраеньняў

Кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі Жузэп Бурэльаб'явіў аб плянах Эўразьвязу дадаткова прадаставіць Кіеву 500 мільёнаў эўра. ​ Гэтыя грошы пойдуць на закупку цяжкіх узбраеньняў (пад цяжкімі ўзбраеньнямі звычайна маюцца на ўвазе сыстэмы супрацьпаветранай абароны, караблі, авіяцыйная і бронетэхніка).

Літва адклікае амбасадара і закрывае консульства ў Санкт-Пецярбургу

Літва адклікае свайго амбасадара ў Расеі 1 чэрвеня, а таксама закрывае генконсульства ў Санкт-Пецярбургу 7 чэрвеня. Пра гэта гаворыцца ў зарэгістраванай рэзалюцыі літоўскага ўраду, піша Delfi. Раней Расея заявіла аб закрыцьці літоўскага генконсульства ў Пецярбургу ў адказ на высылку расейскіх дыпляматаў зь Літвы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта палітычна немагчыма». У Брусэлі не разглядаюць магчымасьці вазіць украінскае збожжа празь Беларусь

Сэнат Чэхіі прызнаў злачынствы Расеі ва Ўкраіне генацыдам

Сэнат Чэхіі 11 траўня прызнаў злачынствы расейскай арміі ва Ўкраіне генацыдам украінскага народу, паведаміў у Twitter амбасадар Украіны ў Празе Яўген Перабійніс. Рэзалюцыя таксама падтрымлівае працяг перадаваньня Ўкраіне зброі Чэхіі і атрыманьне Ўкраінаю статусу кандыдата ў Эўразьвяз.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фінляндыя абвясьціла аб жаданьні далучыцца да NATO. Швэцыя на чарзе

ЗША на год скасавалі мыта на сталь з Украіны

Міністэрства гандлю ЗША заявіла пра скасаваньне на год мыта на сталь з Украіны з прычыны шкоды, якую расейская вайна нанесла ўкраінскім мэталюргічным прадпрыемствам. Мыта на імпартную сталь у памеры 25% у 2018 годзе ўвёў тагачасны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Да расейскага ўварваньня Ўкраіна займала 13-е месца ва ўсясьветным рэйтынгу найбуйнейшых вытворцаў сталі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.