«Мы ваюем супраць XVI стагодзьдзя». Вядомы футбольны фанат Віталь «Пума» пра бойкі, ГУБАЗіК, турму і вайну

Віталь «Пума» Пігараў

У беларускім фанацкім руху Віталь «Пума» Пігараў — адна з найбольш вядомых асобаў. Ён прыйшоў на фан-сэктар менскага «Дынама», самы вялікі ў краіне, яшчэ ў канцы ХХ стагодзьдзя, а празь нейкі час стаў там лідэрам.

Пад канец 2016 году «Пуму» затрымаў ГУБАЗіК у справе распаўсюду парнаграфіі і распальваньні варожасьці. Два гады і чатыры месяцы ён правёў у зьняволеньні, увесь гэты час фанаты «Дынама» ў знак салідарнасьці зь Віталём не наведвалі матчаў.

Цяпер «Пума» ў батальёне Каліноўскага. У вялікай гутарцы са Свабодай ён расказаў пра субкультуру фанатаў, чаму на сэктары «Дынама» былі расейскія імпэрскія сьцягі і пра стаўленьне да Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта будзе армія, якая пазьней вызваліць Беларусь». Былы беларускі АМАПавец стаў добраахвотнікам ва Ўкраіне

«Я футбольны хуліган»

— Віталь, хто вы такі?

— (сьмяецца) Я футбольны хуліган, які прытрымліваецца кансэрватыўных ідэй з нацыянальным ухілам.

— Як вы сталі футбольным хуліганам?

— Мабыць, у 1997 годзе я прыйшоў са школы і ўключыў перадачу «До 16 и старше». Для Менску гэты час быў самым росквітам усялякіх нефармальных рухаў: усе скакалі, разьбіраліся, хто круцейшы — рэпэры, нірваністы. А тут такі рэпартаж пра футбольных фанатаў! Былі кадры з футбольнымі беспарадкамі з Эўропы, з Расеі. Улетку 1998 году мой сусед па вёсцы, а тады ж усіх дзяцей адпраўлялі на вёскі на канікулах, прыехаў у «пілёце» (від курткі) і ботах адмысловых. Кажа, людзі баяцца, вельмі крута. Што там рабіць трэба, было незразумела, але вельмі крута глядзелася.

Віталь «Пума» Пігараў (зьлева), фанат менскага «Дынама», які цяпер ваюе ва Ўкраіне, і кіраўнік Беларускага дому ў Кіеве Радыён Батулін

— Футбол вас цікавіў ці не?

— У першай ці другой клясе ўбачыў матч галяндзкага «Аяксу», і мне вельмі спадабалася. А другі матч глядзеў ужо мадрыдзкага «Рэалу». У дварах часта гулялі «ў клюбы», калі трэба было біць пэнальці адзін аднаму, дык я заўжды ўпісваў гэтыя каманды. А ў беларускі футбол я трапіў у 1999 годзе, разам з гэтым самым сябрам схадзілі на «Тарпэда».

— Значыць, спачатку было не «Дынама»?

— Так, нават на выезд у Асіповічы зь імі зьезьдзіў, але мне дужа не спадабалася. А ў жніўні 1999 году ўпершыню трапіў на «Дынама», была гульня з «Дняпром» і мне вельмі зайшло — і колеры, і стадыён, і каманда. Усё разам.

Фанаты менскага «Дынама», якія цяпер ваююць ва Ўкраіне. Зьлева направа: «Бясьсьмертны», «Пума«, «Янкі»

«Бурыкіна бачыў толькі на „Валадарцы“»

— Вы ж расьлі ў Гатаве пад Менскам?

— Гэта быў такі раён з «паняцьцямі» — пацаны, бойкі. Клясе ў пятай я перайшоў у школу ў Чыжоўцы, а гэта яшчэ быў пэрыяд «раёну на раён», там вучыўся біцца. Мабыць, на тыдзень разы чатыры біўся. Спачатку атрымліваў, а пасьля навучыўся даваць адпор. Пайшоў на трэніроўкі: каратэ, футбол (нібыта каманда называлася «ЖЭС-89»), пасьля кікбоксінг, цяжкая атлетыка. Апошняе захапленьне — бокс.

— А ці не перасякаліся зь сьвятаром Бурыкіным у Гатаве?

— Не, вось ніколі. Я ведаў, чуў пра яго. Перасякаўся зь ім толькі на «Валадарцы» ў 2016 годзе. Нас разам вялі ставіць на прафіляктычны ўлік за экстрэмізм. Ён тады сядзеў у знакамітай «прэс-хаце» [камэра, дзе вязьню ствараюць невыносныя ўмовы. — Свабода]. Ён жа здаравяка, гэты Бурыкін, а выйшаў з камэры, мабыць, кіляграмаў 70 зь ягоным ростам, я аж афігеў. Кажу, чаму вы там седзіце? Паўскрывайцеся, дык вас адтуль вывезуць. Ён нават мне нічога не адказаў, проста моўчкі пайшоў.

Віталь «Пума» Пігараў, фанат менскага «Дынама», які цяпер ваюе ва Ўкраіне (справа) і Павел Кулажанка

«Знайсьці, вылічыць, накрыць»

— Што такое беларускі «каляфутбол» канца 1990-х — пачатку 2000-х?

— Эмоцыі, адрэналін. Знайсьці, вылічыць, накрыць. Ужо ў 2000-я ўсе беларускія клюбы падпісалі пагадненьне аб непрымяненьні салдацкіх спражак, дубінак. Нібыта толькі «Шахтар» і «Белшына» толькі доўга іх прымянялі. Цікава было.

— Бойкі ў лясах бывалі?

— Вядома. Першая «страла» была ў 2001 годзе з магілёўскім «Дняпром» на Вялікдзень. 40 на 40, мы перамаглі. Рэдка такія сустрэчы, але здаралася. Калі сталі старэйшымі, то здараліся магчымасьці выяжджаць у Эўропу, у Расею. У Расеі нярэдка біліся, бо ў Беларусі не было магчымасьці разьвівацца ў гэтым кірунку. Былі савецкія перажыткі тады яшчэ, што «Дынама» (Кіеў) — гэта ворагі. Але пасьля 2014 году кардынальна ўсё зьмянілася. Перад Новым годам мы яшчэ пасьпелі выступіць з заявай, што саюз з маскоўскім ЦСКА адмяняецца, усе новыя банэры робім толькі на беларускай мове.

— Калі сілавікі зацікавіліся фанатамі?

— Я ўпершыню папаўся ў 2002 годзе, зьбіраўся ў цэнтры ў кіно. А там нехта, здаецца, пабіў кітайцаў, нават толкам ня ведаю, «прымалі» ўсіх запар. Я толькі выйшаў з мэтро, як мяне зьбілі з ног, завялі ў Цэнтральны РУУС, дзе білі ўсю ноч. Я нават не разумеў, што да чаго. Пасьля гэтага пачалі тузаць у КДБ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Першая задача — дапамагчы Ўкраіне, другая — дапамагчы сабе». Пракоп’еў — пра фармаваньне беларускага палку «Пагоня»

«У імпэрскім сьцягу на сэктары тады не было ідэалёгіі»

— Ёсьць думка, што фан-сэктар «Дынама» быў вельмі прарасейскім. Гэта праўда?

— Скажу так, у канцы 1990-х асноўная частка фанатаў прылічвала сябе да скінхэд-руху (зборная назва моладзевага субкультурнага руху, як правіла, правых поглядаў. — РС). Было мала літаратуры, амаль не было інтэрнэту. Пачалі да нас прыяжджаць з Масквы людзі, рабілі канцэрты. Былі людзі, якія прыходзілі і з бел-чырвона-белымі сьцягамі, але поўнага разуменьня яго яшчэ не было. Убачылі імпэрскі чорна-жоўта-белы сьцяг: «А што гэта такое?» «А гэта скіноўскі сьцяг, — адказваюць, — нацыяналістычны». Ну крута, давайце насіць. Толькі праз пару-тройку гадоў пачало прыходзіць разуменьне, што гэта не зусім пра нас. Нават ва Ўкраіне на канцэртах такія сьцягі вывешвалі. Проста быў стэрэатып, што з «бчб» хадзілі адны нейкія валасатыя, нібыта «ворагі». Я шчыра кажу, што ніякай ідэалёгіі тады ў вывешваньні імпэрскага сьцяга ну проста не было! Не было і нянавісьці да беларускага, мы ж усе беларусы.

— Але ж ёсьць людзі кшталту Дзьмітрыя Лемяшонка, сына настаяцеля Сьвята-Елізавецінскага манастыра, які быў у фан-сэктары «Дынама», а сёньня падтрымлівае Расею ў вайне.

— Тут іншая гісторыя: маскоўская царква, грошы, улада, хрышчэньне Мікалая Лукашэнкі ягоным бацькам а. Андрэем. Я ж нагадаю, што ў многіх расейцаў у свой час таксама былі праблемы праз чорна-жоўта-белы сьцяг, за яго саджалі. Толькі апошнім часам улады памянялі арыентыр. Калі ж такія сьцягі сталі зьяўляцца на шаўронах оркаў, то стала зусім усё зразумела. Адбыўся натуральны працэс, які мусіў адбыцца. Пад канец 2000-х стаў свабодным доступ у інтэрнэт, можна было нешта пачытаць, адукаваныя людзі выбралі правільны вэктар, які зь цягам часу пацьвердзіўся. Не хлушу я ні сэкунды, калі расказваю, як гэта ўсё ўспрымалася тады. Так, неадукаванасьць наша ў чымсьці была.

Віталь «Пума» Пігараў, фанат менскага «Дынама», які цяпер ваюе ва Ўкраіне

«Спачатку саромеўся, а потым вельмі палюбіў»

— Як атрымалася, што вы сталі ледзьве не самым уплывовым беларускім фанатам?

— Я ніколі да гэтага не імкнуўся. У мяне проста такі характар, што я не хачу да канца падначальвацца, калі лічу, што гэта няправільна. У 2001 годзе разам з аднагодкамі зрабілі фанацкую фірму Capitals Legion. У нас тады была плеяда лідэраў. Ёсьць людзі, у якіх пруць ідэі. Я не скажу, што ў мяне так пастаянна, але я шмат прыдумляў: і на стадыёне, і ў бойках пераламіць хаду, дзесьці майку прыдумаць. Нейкі час не было каму заводзіць на сэктары, устаў я, пачаў гэта рабіць, атрымалася крута. Я спачатку саромеўся, але потым вельмі гэта палюбіў. Я нядаўна глядзеў псыхалягічныя ролікі на ютубе, дзе гаварылі, што адзін з самых вялікіх страхаў чалавека — страх публічнага выступу. Гэта ў жыцьці моцна дапамагло, лічу. У 2012 годзе зноў узяўся за старое, стварыў фірму «Першы шэраг». Андрэй «Бесьсьмяротны», які цяпер таксама ваюе ва Ўкраіне, — гэта мой выхаванец, гэта ўнікальны чалавек, які зрабіў усё ў фанацкай маладосьці, чаго я ня змог. А ўжо ён выхаваў славутага добраахвотніка «Янкі». Мы, праўда, усе хлопцы з характарамі, можам спакойна тыдзень не кантактаваць. Учора заяжджалі да мяне на базу, так цёпла было іх бачыць.

— Як вы сталі «Пумай»?

— Мянушка ў фанацкім сьвеце была абавязковая. Мабыць, 2000 год, быў выезд у Койданава. Ёсьць такі фанат «Агурок», ён даўно ўжо жыве ў Штатах, ішоў па электрычцы і пытаецца: «У цябе „паганяла“ ёсьць?» Я ўжо даўнавата ў руху, але мянушкі не было. І ён мне: «Ты падобны ж да магілёўскага фаната Бумы. Будзеш Бума». І ўсе такія: «Старэйшыя далі „паганяла“! Якое?» Кажу, Бума. А яны мне «Пума» і «Пума». Так і пайшло.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Чарнігаўшчыне, якую абстрэльвалі і зь Беларусі, загінулі больш за 500 і атрымалі раненьні 1 500 мірных грамадзян

«Якая парнаграфія? Гэты ролік ёсьць на ютубе»

— Як вас затрымлівалі?

— У мяне было два затрыманьні. Першы раз затрымалі ў 2009 годзе. Мы пабіліся з МТЗ (фанаты клюбу МТЗ-РІПА прытрымліваліся левых поглядаў) ля Дома міласэрнасьці, а потым сустрэлі ў цэнтры трох ці чатырох іхных. Нас прыкладна столькі ж было. «Хадземце», усё сумленна. Я адышоў на хвілінку, нашы нібыта паставілі іх на калені. А праз два дні мяне затрымалі, далі 4 гады «хатняй хіміі». Ужо праз шмат-шмат гадоў аднаго з фанатаў «МТЗ» саджалі на вялікі тэрмін за наркотыкі, дык тады высьветлілася, што да іх прыйшоў КДБ з гатовымі блянкамі на мяне, прымушалі падпісаць. Гэта асабіста мне пацярпелыя расказвалі. Па факце я тады нічога не рабіў.

— А другі раз?

— За мяне ўзяўся ГУБАЗіК. Нібыта асабіста міністар Ігарок (Шуневіч. — РС) даваў каманду мяне затрымаць — мяне не любілі, у мяне было імя. Прыехалі да мяне, нібыта я ваяваў ва Ўкраіне.

— Чуў розныя думкі пра гэта. Дык ці былі вы на Данбасе ў 2014 годзе?

— Незаконна я не перасякаў межаў. Недзе пра сябе думаў, ірваўся туды, але не паехаў. Прыехаў да сяброў ва Ўкраіну ў 2016 годзе, яны мне сказалі, што сэнсу ўжо няма заставацца, толькі калі хачу стаць вайскоўцам. Прыехаў праз тры дні дадому. На вайну на столькі ня езьдзяць.

У ГУБАЗіКу была папера пад пячаткай КДБ, што я ваяваў. На падставе той паперы пачысьцілі ўсю кватэру маю. Вечарам мяне адпусьцілі, бо ніякіх доказаў не было. Тэхнікі ж не аддавалі. На старонцы «ЎКантакце» выйшлі на сьпіс маіх відэа, і там за 2010 год знайшлі ролік, за які мне павесілі «парнаграфію». Гэта быў рэклямны ролік з «Канскіх ільвоў», срэбны прызэр, аб неабходнасьці абароненага сэксу. Гэты ролік ёсьць на ютубе, а там нерэальна знайсьці парнаграфію. Спэцыялістка ў эстэтыцы і парнаграфіі 1942 году нараджэньня выйшла і стала расказваць, як цудоўна адпачывала калісьці ў Канах і Манака. Усе сьмяяліся, усім весела было, нават судзьдзі. Здавалася, што пранесла, але мне запрасілі 3 гады і 9 месяцаў, далі 2 гады і 4 месяцы. Былі яшчэ відосы, якія мне інкрымінавалі паводле артыкулу 130 («Распальваньне варожасьці»), я іх нават не глядзеў ніколі. Проста закінуў на старонку, каб калісьці паглядзець.

Віталь «Пума» Пігараў, фанат менскага «Дынама», які цяпер ваюе ва Ўкраіне

«Спрабавалі надламаць маю псыхіку»

— Байкот фанатамі матчаў праз вашу пасадку неяк узгадняўся?

— Не, я не хацеў ні на кога ўплываць. Да мяне інфармацыя дазавана неяк даходзіла. А перад вызваленьнем пабачыў фоткі. Людзі ў лістах пісалі хэштэг #freepuma, але я асабліва не дадумваў. Я разумеў, што мяне шмат людзей падтрымлівае. Нам ніколі не было западло падтрымаць чалавека, нават з варожага лягеру, калі яго «закрывалі2 толькі за тое, што ён фанат. Заўсёды скідваліся грашыма — гэта адэкватныя паводзіны.

— Як сядзелася?

— Нармальна. Маё імя шмат каму было вядомае. Нават з умоўнымі ворагамі я жыў годна. У турме было шмат фанатаў, «старасідаў», якія ўспаміналі, як у пачатку 2000-х мы хадзілі на сэктары. У мяне ўсё было спакойна.

— Не вэрбавалі?

— Была сытуацыя, калі я прайшоў унутраную камісію, якая складаецца з начальнікаў атрадаў. Калі ты яе праходзіш, то 99%, што праз тыдзень на судзе цябе вызваляюць датэрмінова. Але за ноч да суду мяне выклікаюць, дзе просяць напісаць на чалавека паказаньні. Я адмовіўся, прыгразіў, што буду ўскрывацца, калі што. Мне сказалі: «Ідзі». На наступны дзень мяне не вызвалілі. «Старасіды» казалі, што ня памятаюць такога выпадку. Я быў адзіным такім з 45 чалавек. Гэта была такая губазікаўская тэма, якая павінна была надламаць маю псыхіку, але я выкараскаўся. Скажу шчыра, было цяжкавата. Яшчэ адсядзеў сем месяцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта вайна ўсяго цывілізаванага сьвету з Крамлём». Дэпутат Саэймы Латвіі кінуў палітыку і ваюе ва Ўкраіне

«У мяне быў плян на 9 жніўня»

— Калі вызваліліся, то зразумелі, што ў Беларусі ўжо жыць немагчыма?

— Першыя два тыдні была лёгкасьць. Але пасьля мяне зноў тузанулі ў ГУБАЗіК. Несправядлівасьці хочацца супраціўляцца. Я нешта паспрабаваў папрацаваць, але «карона» абламала шмат што. Калі пачыналіся выбары, то я абмяжоўваў стасункі зь людзьмі, каб не падставіць іх. Я прыдумаў сабе ўласны плян на 9 жніўня з тэлефонам — з запісам размовы, што я знаходзіўся нібыта ў вёсцы, а папраўдзе плянаваў далучыцца да пратэстаў. У пачатку жніўня мяне тузанулі зноў у ГУБАЗіК, папярэдзілі, прапанавалі адседзецца ў Расеі. Потым у сакрэтны чат мне прыйшло паведамленьне з пагрозамі маёй ліквідацыі ў выпадку выхаду на вуліцы. Я зьехаў 3 жніўня. Да гэтага мае кіеўскія сябры пісалі, каб ехаў да іх. На прыняцьце рашэньня ў мяне было дзень-два. Нікому не сказаў, проста сабраў торбу і паехаў. Калі ў Менску ўсё пачалося, то я ня спаў начамі, каардынаваўся з хлопцамі, шукаў людзей па турмах. Зьбіралі людзям грошы на білеты на самалёты.

Фанаты менскага «Дынама«, якія цяпер ваююць ва Ўкраіне Віталь «Пума» і Андрэй «Бясьсьмертны»

— Падзеі 2020 году зьдзівілі?

— Я прыняў рашэньне: калі пачнецца рэальнае супрацьстаяньне, то выяжджаю празь лясы. Шмат людзей разам са мной хацелі гэта зрабіць, але ўсё сышло на мірны пратэст. Не было сэнсу і не было рэсурсу. Арганізаванай сілай пратэст так і ня стаў. Фанатаў трэба было вывозіць, мы зрабілі правільны выбар, я лічу.

— Чым вы зараблялі на жыцьцё?

— Спачатку ў Кіеве дапамагаў сябрам з аховай. А потым атрымалася выхапіць некалькі замоваў на стварэньне сайтаў. Знайшоў некалькі хлопцаў, зь якімі скаапэраваліся, рабілі разам праект. У асноўным зарабляў гэтым.

«„Боцмана“ ведаю з канца 90-х»

— Якія былі адчуваньні ранкам 24 лютага, калі пачалася вайна?

— Я тады быў са сваёй прынцэсай. Мы зь сябрамі часта гаварылі пра вайну; казаў, калі нешта пачнецца, то абавязкова буду ваяваць. Але я ня верыў у вайну. 24 лютага пачуў выбухі, адкрыў інтэрнэт. У мяне ўжо было некалькі паведамленьняў, у тым ліку з Масквы. Сяброўку адправіў дамоў. Я быў у дзікім ступары, толькі ў абед дабраўся да прызначанага загадзя пункту збору, уночы ўжо атрымаў зброю.

— Далучыліся да «Азова»?

— Не, я быў спачатку ў атрадзе Сяргея «Боцмана» Кароткіх. Там прабыў дзён 50, атрымаў мноства ведаў — гэта цудоўны калектыў. Але разам з пабрацімамі мы вырашылі, што будзем больш карыснымі батальёну Каліноўскага.

— Што за чалавек «Боцман» ?

— Я яго ведаю вельмі даўно, яшчэ ў канцы 90-х выпадкова трапіў да яго на трэніроўку ў рукапашным баі. Потым быў у яго на трэнінгу выжываньня ў лесе. Гэта своеасаблівы чалавек, але разумны, ён разумее абстаноўку, прытрымліваецца сваіх ідэй. У мяне няма да яго ніякага нэгатыву. Вялікі дзякуй за тыя веды, якія атрымаў дзякуючы яму. Безумоўна, ён мае сантымэнт да Беларусі. У яго быў беларускі пашпарт, доўга жыў у нас.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Школа КДБ, РНЕ, «Азоў». Хто такі Сяргей Кароткіх, які дапамагаў нябожчыку Віталю Шышову зь «Беларускага дому ва Ўкраіне»

«„Чорны кот“ — гэта вар’яты»

— Таямнічая асобная група «Чорны кот» пры батальёне Каліноўскага яшчэ дзейнічае?

— Натуральна.

— Можаце патлумачыць, што гэта такое?

— Без камандзіраў ня маю права. Але гэта вар’яты ў добрым сэнсе слова. Трапіць у «Чорны кот» вельмі цяжка. Я, у прынцыпе, яшчэ ня там. Я побач, але мне трэба прайсьці яшчэ пэўную падрыхтоўку, каб быць зь імі на адным узроўні.

— Ці бралі ўдзел у нейкіх апэрацыях?

— Пра гэта трэба расказваць ужо пасьля вайны. Скажам так, у мяне жыцьцё было крыху менш насычанае, чым у маіх пацаноў. Але таксама было некалькі цікавых момантаў. Потым у вольнай Беларусі пад куфаль піўка раскажу ўсё.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Медуза»: новае відэа даказвае, што мірных жыхароў у Бучы забілі ў той час, калі ў горадзе стаялі расейскія войскі

«Я за любоў, а не за нянавісьць»

— Уся беларуская прапаганда расказвае пра вас як пра нацыста. Хачу спытацца ў лоб: вы сапраўды нацыст?

— З пэрыядам сталеньня ты адыходзіш ад усіх гэтых штампаў. Я люблю сваю нацыю. Ведаеце, я за любоў, у мяне няма нянавісьці да кагосьці іншага. У мяне былі магчымасьці падарожнічаць, я быў шмат дзе ў сьвеце, бачыў Парыж і Бэрлін — на мой погляд, гэта не зусім правільнае разьвіцьцё цывілізацыі. Мне здаецца, што можна інакш, можна лепш. Але я не прапускаю гэта празь нянавісьць, я за любоў. Я за захаваньне культуры, мовы. Чым больш ты пасееш нянавісьці, тым больш ты пажнеш таго, што цябе разбурыць. Трэба любіць, ствараць.

— У батальёне Каліноўскага ёсьць, скажам, Ян Мельнікаў, які прыйшоў з анархісцкага руху.

— Мы ўчора зь Янам абдымаліся (сьмяецца). Ёсьць і фанаты «МТЗ», у іх тату правага толку больш, чым у мяне. Яны кажуць, што беларускія нацыяналісты называюць сябе антырасістамі. У мяне пэрсанальна заўжды былі моцныя антыкамуністычныя погляды. Мой прадзед меў зямлю ля сучаснай правай вежы «варотаў Менску», меў там жа краму з каўбасамі, яго раскулачылі. Цяпер, з вайной, для мяне Расея — гэта той жа Савецкі Саюз. Тэлевізар і імпэрскія амбіцыі робяць свае справы. Яны хочуць вырашаць, як нам жыць. Але любога нармальнага чалавека адварочвае ад гэтых прыбіральняў на вуліцы, ад гэтага п’янства, наркаманіі, чыноўніцкай карупцыі, мізэрных заробкаў. Фактычна мы ваюем супраць XVI стагодзьдзя.

— Што вашы сябры па фанацкаму руху ў Расеі думаюць пра вайну?

— Вельмі мала адэкватных. Спадзяюся, яны ўжо выехалі.

— Якое ваша стаўленьне да Лукашэнкі?

— «А я січас вам пакажу...» Трэба паменей зь яго сьмяяцца, але болей успамінаць, колькі людзей зьнішчылі па ягоных загадах як зьнішчалася беларуская самасьвядомасьць. Я за справядлівы суд над ім. Вельмі шмат людзей будуць пацярпелымі ў гэтай справе, цэлая нацыя можа яго судзіць. Я пакуль яшчэ думаю на расейскай мове, але ўсё часьцей і часьцей пераходжу на беларускую, шмат пабрацімаў гавораць па-беларуску. Яшчэ хачу навучыцца вольна валодаць і ўкраінскай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «24 лютага вайна, 25-га споўнілася васямнаццаць, а 26-га запісаўся добраахвотнікам». Гутарка з байцом батальёну Каліноўскага Глебам Гунько

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.