Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Першая задача — дапамагчы Ўкраіне, другая — дапамагчы сабе». Пракоп’еў — пра фармаваньне беларускага палку «Пагоня»


Падразьдзяленьне беларускіх добраахвотнікаў у складзе інтэрнацыянальнага легіёну Ўзброеных сілаў Украіны.
Падразьдзяленьне беларускіх добраахвотнікаў у складзе інтэрнацыянальнага легіёну Ўзброеных сілаў Украіны.

Грамадзкі дзяяч Вадзім Пракоп’еў — у мінулым бізнэсовец, рэстаратар, блогер, а цяпер памочнік камандзіра падразьдзяленьня беларускіх добраахвотнікаў у складзе інтэрнацыянальнага легіёну Ўзброеных сілаў Украіны.

У эфіры Свабоды Premium ён расказаў пра фармаваньне беларускага палку «Пагоня», будучую прысягу, узаемадзеяньне зь беларускім батальёнам Кастуся Каліноўскага і галоўныя задачы беларусаў, якія ваююць за Ўкраіну.

Глядзіце размову на відэа цалкам


Сьцісла

  • Навучаньне будзе займаць прыблізна два тыдні, потым байцы паступаюць у распараджэньне Ўзброеных сіл Украіны. Мы частка інтэрнацыянальнага легіёну. Камандаваньне ў нас украінскае.
  • Чаму назва «Пагоня»? Спыніліся на ёй, бо адразу зразумела, што гэта вайсковае падразьдзяленьне і традыцыі. Сымбалічна і добра. Чаму полк? Тут ёсьць замах на будучыню. Гэта назва на выраст.
  • Ёсьць вельмі розныя людзі — электрык, былы бізнэсовец, рок-музыка, альпініст. Усе яны прыйшлі не па ўкраінскае грамадзянства, не па грошы ці вайсковыя званьні, прыйшлі праз ідэйныя перакананьні. Узрост — ад 19 да 60 гадоў.
  • Прысутнасьць ва Ўкраіне беларускіх добраахвотнікаў зьмякчае гэтую нянавісьць, але ўсё ж мы нясем калектыўную адказнасьць і за гэта, і з гэтым беларусам давядзецца доўга жыць.
  • Немагчыма нават марыць пра свабоду Беларусі, калі Пуцін скарае Ўкраіну. Таму першая задача — дапамагчы Ўкраіне, другая задача — дапамагчы сабе.

«Бачу ў гэтым ня толькі магчымасьць дапамагчы Ўкраіне, але і сыстэмную і вялікую беларускую гісторыю»

— У сацсетках зьявіліся першыя фатаздымкі беларускага падразьдзяленьня, на іх зь беларускім сьцягам каля 15 чалавек, трое, у тым ліку вы, з адкрытымі тварамі. З улікам усіх момантаў бясьпекі раскажыце пра гэтае падразьдзяленьне і пра заяўленую амбітную задачу — фармаваньне беларускага палку.

— Ва Ўкраіне я ўжо месяц. Выбачаюся за доўгае маўчаньне. З таго часу, як мы пачалі стварэньне такога падразьдзяленьня, як атрымалі вучэбныя часткі ў нашае распараджэньне, існавала забарона на мэдыйную дзейнасьць. Я абавязаны быў узгадняць. Фота зроблена два тыдні таму, на ім першая партыя байцоў. Апублікаваць фота мы змаглі толькі 30 сакавіка, узгадніўшы гэта з камандаваньнем Узброеных сіл Украіны.

Я паставіў за мэту сыстэмны, буйны працэс, які можна назваць фармаваньнем найбольшага падразьдзяленьня беларусаў, наколькі гэта магчыма цяпер ва ўмовах вайны ва Ўкраіне. Я бачу ў гэтым ня толькі магчымасьць дапамагчы Ўкраіне, але і сыстэмную і вялікую беларускую гісторыю. Першыя добраахвотнікі далучыліся зь вялікімі спазьненьнем, бо гэта было зьвязана з пратаколамі бясьпекі. Спадзяюся, што гэты канвэер наладзіцца паціху, і праз нашу «вучэбку» будуць фармавацца групы беларусаў, згуртоўвацца і навучацца.

Навучаньне будзе займаць прыблізна два тыдні, потым яны паступаюць у распараджэньне Ўзброеных сіл Украіны. Мы частка інтэрнацыянальнага легіёну. Камандаваньне ў нас украінскае. Усе беларускія вайскоўцы, якія трапляюць у такія падразьдзяленьні, ня могуць прэтэндаваць на званьне афіцэра, нават калі яны і былі афіцэрамі ў беларускай ці ў савецкай арміі, ці былі афіцэрамі запасу. Мы можам толькі прэтэндаваць на памочніка камандзіра.

Ахвотных надзвычай шмат. Рэкрутынгавы цэнтар, які адказвае за полк «Пагоня», прыняў каля тысячы заявак. Дапускаю, што некаторыя людзі стаміліся чакаць, пакуль мы іх запросім сюды. Гэтае рашэньне залежыць не ад нас. Мы просім усіх набрацца цярпеньня. Ёсьць вэрыфікацыі ў Варшаве, ёсьць псыхоляг, які праводзіць асабістую гутарку. Цяпер зьявілася магчымасьць правяраць людзей на паліграфе на ўкраінскім баку. Што таксама надзвычай карысна. Гэты працэс варта назваць пабудовай буйнога ваеннага падразьдзяленьня вельмі малымі часткамі, прапускная здольнасьць залежыць выключна ад украінскага камандаваньня.

«Мы ня бралі ўдзелу ў баявых дзеяньнях»

— Я так зразумела, што камандзір у беларусаў — украінец. А якія яшчэ нацыянальныя аддзелы ўваходзяць у інтэрнацыянальны легіён?

— Усіх ня можам бачыць. Бачым чачэнцаў. Мы ня бралі ўдзелу ў баявых дзеяньнях. Мы якраз спрабуем падрыхтаваць беларусаў да таго, што іх чакае. Бачу ў гэтым вялікі сэнс. Я дапускаю, што тыя, хто хацеў адразу ў бой, прыйшлі ў батальён Каліноўскага. Нам хочацца стварыць такую кансэрватыўную вайсковую сілу — праз «вучэбку», празь нейкія сумесныя рытуалы, праз навучаньне. Камусьці трэба будзе згадаць свае вайсковыя навыкі. У мяне асабіста вайсковы досьвед быў 30 гадоў таму...

Чаму назва «Пагоня»? Разглядалі розныя назвы, спыніліся на гэтай, бо адразу ўсім зразумела, што гэта вайсковае падразьдзяленьне, і адразу зразумелыя традыцыі. Гэта сымбалічна і добра. Чаму полк? Тут ёсьць замах на будучыню. Гэта назва на выраст. Называцца ўзводам ці ротай — гэты бар’ер мы дастаткова хутка пераадолеем. Ці батальёнам... Таксама былі варыянты.

Мы ўсё ж хацелі, каб мэты былі вялікія і каб гэтая назва прыжылася. Але гэта не азначае, што беларусы будуць служыць у адным падразьдзяленьні. Тых, хто прыедзе да нас пасьля працэсу вэрыфікацыі і далучыцца да навучаньня, раскідаюць па ўсім арганізьме Ўзброеных сілаў Украіны, але з гэтым брэндам, з гэтай назвай будуць зьвязаныя два тыдні навучаньня і згуртаваньня. Гэта будзе пупавіна і ідэалягічная зарадка.

«Мы ўжо абвясьцілі, што ў наступныя групы шукаем людзей з досьведам армейскай службы і ва ўзросьце да 40 гадоў»

— Дзяніс Дудзінскі ў інтэрвію расказваў, як яго не ўзялі ў добраахвотнікі праз узрост, адсутнасьць вайсковага досьведу, зрок. Якія патрабаваньні да добраахвотнікаў, у каго ёсьць шанцы, а ў каго няма?

— Нас прасілі ў першую чаргу прымаць людзей з баявым досьведам. Мы агаварылі з вайсковым камандаваньнем, што знайсьці беларусаў з баявым досьведам будзе вельмі цяжка. Гэта адзінкавыя выпадкі, паколькі Беларусь ня ўдзельнічала ў вайне. Таму наступны прыярытэт — людзі, якія служылі ва Ўзброеных сілах і маюць армейскі досьвед. У нашым складзе, які ўжо трэніруецца два тыдні, ёсьць афіцэры сілаў спэцыяльных апэрацый. Ёсьць вельмі розныя людзі — электрык, былы бізнэсовец, рок-музыка, альпініст. Усе яны прыйшлі не па ўкраінскае грамадзянства, не па грошы ці вайсковыя званьні, прыйшлі праз ідэйныя перакананьні. Узрост — ад 19 да 60 гадоў. Мы ўжо абвясьцілі, што ў наступныя групы шукаем людзей з досьведам армейскай службы і ва ўзросьце да 40 гадоў. Гэта будзе прыярытэтам. Думаю, што потым мы зможам расшырыць гэтыя рамкі.

«Я лічу, што ў такіх абставінах у нейкі момант мы проста аб’яднаемся»

— Якое ёсьць узаемадзеяньне з батальёнам Каліноўскага? Напэўна, пасьля вашай вучэбкі добраахвотнікі могуць і туды пайсьці?

— Так.

— І, напэўна, тут няма канфліктаў і канкурэнцыі, зусім непатрэбных у такі драматычны час.

— З сумам канстатую, што нейкае суперніцтва ёсьць, але спадзяюся, што жыцьцё будзе разьвівацца і мы пераадолеем гэтыя «хваробы росту». Калі я зьявіўся ў Кіеве, то прапанаваў батальёну (ён яшчэ ня меў назвы) свае паслугі, свае сувязі і сваю мэдыйную вагу. Увогуле прапанаваў быць проста байцом разам з маім сябрам. Яны вырашылі, што будуць разьвівацца сваім шляхам. Пасьля пэўных перамоваў мы вызначыліся, што ў іх свая мэдыйная дзейнасьць. Мы ня ўмешваемся ў іх працэс фандрайзінгу. У іх асобны контур, у нас асобны контур.

Мне крыху сумна, я бачу ў гэтым нястачу салідарнасьці. Я ня ведаю, чаму так атрымалася. Магчыма, таму што яны першыя, таму што яны больш дасьведчаныя. Урэшце мы выпрацавалі пагадненьне аб разьдзяленьні. Я лічу, што ў такіх абставінах нашы галоўныя мэты не забудуцца, і ў нейкі момант мы проста аб’яднаемся. Магчыма, агульным назоўнікам стане прысяга, якую мы б хацелі ў іх папрасіць, і магчыма мець адну і тую ж прысягу.

Там ёсьць байцы, якія служылі Ўкраіне з 2014–2015 году. Гэта дасьведчаныя людзі. Там ёсьць і навабранцы. Да нас практычна ўсе людзі прыходзяць без баявога досьведу. І мы лічым вельмі карысным два тыдні інтэнсіўнага навучаньня. Я спадзяюся, што беларусы ў складзе УСУ, у складзе батальёну Каліноўскага, у складзе «Пагоні» знойдуць адзін аднаго. Я лічу, што ў такіх абставінах у беларусаў будзе адна мэта, а калі больш дакладна, то дзьве мэты, і ўрэшце ўсё гэта стане на месца.

«Пераконваю ўкраінцаў, каб яны паверылі, што беларусы абсалютна дакладна на іх баку»

— Вы знутры бачыце сытуацыю ва Ўкраіне. Ці часта вам даводзіцца чуць пра тое, што расейскія ракеты ляцяць зь Беларусі на ўкраінскія гарады? Наколькі чын беларускіх добраахвотнікаў можа зьнізіць антыбеларускія настроі ва Ўкраіне?

— Гэтая праблема існуе. У кожным пэрсанальным выпадку працуе спакойнае пераконваньне. Спрабую рабіць гэта штодня. З кімсьці лягчэй атрымліваецца, з кімсьці цяжэй. Прысутнасьць беларускіх добраахвотнікаў зьмякчае гэтую нянавісьць, але ўсё ж мы нясем калектыўную адказнасьць і за гэта, і з гэтым беларусам давядзецца доўга жыць. Нічога тут ня зробіш. Мы павінны тлумачыць розьніцу.

Тут ёсьць меркаваньне, што беларуская рэвалюцыя павінна адбыцца заўтра, і няясна, «што беларусам перашкаджае, бо мы бачым прыклады адчайнага гераізму сярод украінцаў, якія з голымі рукамі спыняюць бранятэхніку ў акупаваных гарадах». У такіх выпадках я вельмі цярпліва тлумачу пра гістарычныя перадумовы, пра цяперашнюю сьпеласьць нашага грамадзтва, пра жорсткасьць нашай сыстэмы і сталінскія тэрміны, якія людзі атрымліваюць.

Пераконваю ўкраінцаў, каб яны паверылі, што беларусы абсалютна дакладна на іх баку. Наступным гістарычным шанцам нам наканавана скарыстацца. А калі ў нас будзе яшчэ сілавы элемэнт, якога нам бракавала, то наш наступны гістарычны шанец мы не павінны ўпусьціць. Фортачка магчымасьцей адкрыецца.

Многія беларусы цяпер у стане бясьсільля і зьняважанай годнасьці. Гэта цяжка. У такіх абставінах трэба ня проста верыць, што гістарычны шанец будзе, але і рыхтавацца да яго, захоўваць сябе і разумець, што, нягледзячы на прысутнасьць ва Ўкраіне згуртаванага беларускага сілавога флянгу, гэтую дыктатуру давядзецца зносіць. Будзе гістарычны шанец, і, па маіх дылетанцкіх выкладках, ён будзе яшчэ да таго, як зьменіцца ўлада ў Маскве.

«Беларусь і так ужо дзяржава-агрэсар»

— Якая верагоднасьць таго, што беларускіх вайскоўцаў могуць накіраваць ва Ўкраіну?

— Так можа адбыцца. Я зьдзіўлены, што гэтага не адбылося дагэтуль. У гэтым заслуга Лукашэнкі, які дзякуючы інстынкту самазахаваньня пакуль яшчэ выкручваецца, не ўступіў у наземную апэрацыю. Цяпер маем інфармацыю выведкі пра перагрупоўваньне, пра тое, што можа адбыцца наступ. Я не выключаю, што ўсе хітрыя манэўры зь перамяшчэньнем войскаў ля беларускай мяжы скончацца наземнай апэрацыяй. Лукашэнка гэтага вельмі ня хоча. Але калі так адбудзецца, гэта будзе сумная старонка ў гісторыі Беларусі.

Хоць Беларусь і так ужо дзяржава-агрэсар. Украінцы гэта разумеюць. Мы разумеем, што ў сілах спэцапэрацый, якія будуць браць актыўны ўдзел у наземным уварваньні, ёсьць пэўны працэнт «запуцінцаў». У іх няма крытычнага мысьленьня, яны ня ў стане прымаць самастойныя рашэньні, яны пранізаныя расейскай прапагандай. І калі тут іх жорстка не спыняць, праўда да іх ня дойдзе. Усё ж я спадзяюся, што яны падчытваюць навіны, і разумеюць, што пуцінскі бліцкрыг праваліўся і ідуць яны за чужую ідэю ў мясарубку.

«У тым, што я стаў вайскоўцам, ёсьць некаторая іронія»

— У вас пакручасты лёс — ад пасьпяховага бізнэсоўца да беларускага добраахвотніка, супраць вас улады Беларусі завялі шэраг крымінальных спраў, фармулёўкі якіх ня хочацца і паўтараць. Раскажыце, як было прынята рашэньне ехаць змагацца за Ўкраіну?

— Я быў тады ў Вільні. Рашэньне трэба было прымаць хутка, бо група беларускіх добраахвотнікаў, якія туды накіроўваліся, пагадзіліся ўзяць мяне і сябра. Быў марш-кідок на сямі аўтамабілях зь Вільні да Кіева. Ні пра што не шкадую. Мая рыторыка заўсёды была пасьлядоўна праўкраінская. Ніколі ня верыў у флірт з Пуціным. Лічу, што гэта вельмі шкодны пэрыяд у жыцьці нашага апазыцыйнага руху, калі спадзяваліся абхітрыць Лубянку і атрымаць Беларусь свабоднай. Я разумею, што гэта такая беларуская хітрасьць. Яна была шкодная.

Немагчыма нават марыць пра свабоду Беларусі, калі Пуцін скарае Ўкраіну.Таму першая задача — дапамагчы Ўкраіне, другая задача — дапамагчы сабе. Ніякага іншага выбару ў мяне не заставалася. У тым, што я стаў вайскоўцам, ёсьць некаторая іронія. Замкнулася кола. Я з 15 гадоў быў у сувораўскай вучэльні, насіў вайсковую форму, потым быў працяглы цывільны пэрыяд, і праз 30 гадоў зноў апынуўся ў казарме. Можна толькі ўсьміхнуцца такім пэрыпэтыям лёсу.

Мне вельмі падабаюцца людзі, якія цяпер вакол мяне. Палова зь іх гаворыць па-беларуску, палова па-расейску. Жартуюць. Ёсьць казарменны гумар, ёсьць і высокі рэгістар. Гэта вельмі матываваныя людзі, большасьць зь іх сядзела на сутках падчас пратэстаў 2020 году ў Беларусі. Нехта адкрыў твар на фатаздымку, нехта не. «Радыё Гаага» прыпыніла вяшчаньне. Калі і выйдзе, то гэта будуць гісторыі людзей, якія адкрылі свае твары.

Грошы зьбіраць у нас няма часу і магчымасьцей. Таму мы выбралі партнэрскую арганізацыю — Беларускі фонд спартовай салідарнасьці. У іх добрая рэпутацыя і празрыстая структура, яны ня страцяць ніводнага цэнта і навучыліся вельмі эфэктыўна гэта рабіць, падтрымліваючы пратэставых спартоўцаў. У нас будзе рэкрутынгавы цэнтар у Варшаве, фандрайзінг праз Фонд спартовай салідарнасьці, будзе вучэбка і будзе сувязь з усімі байцамі, якія паступілі ва Ўзброеныя сілы Ўкраіны.Спадзяюся, вырасьцім вялікую сілу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG