Маўляў, тэлевізар у Расеі безумоўна і рашуча перамог лядоўню. Грамадзтва татальна задуранае падкантрольнымі рэжыму мэдыя. Ашалелая, прымітыўная, маніпуляцыйная прапаганда аказалася на дзіва плённай і эфэктыўнай. Але ці так гэта?
Ніякая прапаганда ня здольная «раскруціць» ідэю, калі тая ідэя мёртванароджаная, калі да ўспрыняцьця яе не гатова грамадзтва. У гэтым сэнсе ідэя аднаўленьня імпэрскай велічы — гэта тое, што шараговаму расейцу якраз блізкае і зразумелае. «Няхай мы бедныя і няўдачлівыя, няхай у нас няма і таго, і другога, і трэцяга, затое мы самыя магутныя. І нас усе баяцца. Праўда на баку Расеі. А любы, хто ў гэтым сумняваецца, ці вораг, ці замежны агент».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прапаганда пераабуецца імгненна, ім ня так важна, што гаварыць. Быў бы загад», — БыкоўскіУгноеная глеба для рэваншызму
Разумныя аргумэнты пры гэтым амаль ня дзейнічаюць. Перакажу тут размову са сваім даўнім знаёмым, расейскім журналістам, на балючую для расейцаў тэму Крыму. Мой расейскі калега — чалавек адукаваны, начытаны, з жыцьцёвым досьведам. Але калі заходзіць размова пра анэксію Крыма, нібы нейкі тумблер шчоўкае, ніякія лягічныя аргумэнты не ўспрымаюцца. Пытаюся: ну вось навошта табе асабіста расейскі Крым? У той Крым ты да 2014 года лятаў без праблем штогод і адпачываў там за суму, утрая меншую, чым патрэбна цяпер, калі ён далучаны да Расеі. Чым табе той украінскі Крым замінаў? Ад цябе патрабавалі веданьня ўкраінскай мовы? Там не разумелі тваю расейскую? Былі цяжкасьці зь перасячэньнем мяжы? Ён нібыта ўсё разумее і пагаджаецца: ва ўкраінскім Крыме асабіста яму было і вальней, і таньней, і весялей. Але... Усё пераважвае тое, калі ён бачыць расейскі, а не ўкраінскі сьцяг над Малахавым курганам у Севастопалі. Крым у ягоным разуменьні павінен быць расейскім — і кропка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бяда ня проста ў тым, што «рускія хочуць вайны» — бяда, што многія ў Расеі ня ўмеюць хацець нічога іншага, — Макс ШчурІдэя імпэрскага рэваншу пасьля цяжкой паразы пачатку 90-х у пуцінскай Расеі набыла другое дыханьне, упала ва ўгноеную падрыхтаваную глебу грамадзкіх чаканьняў. Прыблізна тое ж было ў нацысцкай Нямеччыне 30-х гадоў. Нацыя, якая стагодзьдзямі прывыкала да велічы сваёй імпэрыі, да яе пастаяннага пашырэньня; да таго, што яе ўсе баяліся, — раптам апынулася ў становішчы прыніжэньня, распаду і паразы. Правадыр, які паабяцаў немцам вярнуць іхную страчаную мэсіянскую веліч, які спакусіў нацыю ідэяй яе перавагі над усімі іншымі, тут жа здабыў усенародную падтрымку і любоў. І ці была ў тым вялікая заслуга толькі рэйхсміністра нацысцкай прапаганды Ёзэфа Гёбельса? Бяз унутранай гатовасьці падпарадкавацца гэтай ідэі з боку самога нямецкага грамадзтва нічога б не атрымалася нават у самага таленавітага прапагандыста.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Стаўленьне татальна адмоўнае». Сацыёляг тлумачыць, што беларусы думаюць пра вайнуА якімі прывабнымі выглядалі для мільёнаў расейскіх пралетарыяў на пачатку мінулага стагодзьдзя бальшавіцкія ідэі ўсеагульнай роўнасьці і справядлівасьці! Бяз гэтага масавага ачмурэньня камуністычнай ідэалёгіяй наўрад ці такая далёка ня самая шматлікая і магутная партыя, як ленінская РКП(б), здолела б так лёгка захапіць уладу ў Расеі ў лістападзе 1917-га. І якой эфэктыўнай і прывабнай выглядала тады бальшавіцкая прапаганда. Перачытайце маладога Маякоўскага, неўтаймоўнага і таленавітага агітатара рэвалюцыі, які ў першыя гады бальшавіцкага рэжыму, працуючы ў «Окнах РосТА», выконваў прыблізна тую ж ролю, што сёньня Салаўёў ды Скабеева ў пуцінскай Расеі. Маладая прапаганда, як дзёрзкая юная дзяўчына, — з выклікам, бессаромная, спакусьлівая і авантурная, многім падабаецца. І ў такі пэрыяд шырокім народным масам, на якія скіравана прапаганда, кажучы словамі Пушкіна, «тьмы низких истин им дороже их возвышающий обман».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто і чаму ў Расеі падтрымлівае вайну? Тлумачэньне расейскага сацыёлягаПрапаганда з абмежаваным тэрмінам прыдатнасьці
Іншая справа, што любая прынадная папулісцкая ідэя — прадукт з абмежаваным тэрмінам прыдатнасьці. Палымяныя расейскія рэвалюцыянэры першай хвалі без ваганьняў аддавалі жыцьцё дзеля трыюмфу пралетарскай рэвалюцыі, дзеля ідэалаў ішлі на катаргу і на эшафот. Але што было потым, калі для ўсіх стала відавочнай утапічнасьць і невыканальнасьць пацёхканых бальшавіцкіх ідэй? Камуністычная прапаганда позьняга СССР — нібы какетка, што старэе: колькі ні накладвай пудры і крэмаў, як ні падмалёўвай вусны і бровы, былую прывабнасьць ня вернеш.
Ніякая прапаганда не ўратавала ад распаду камуністычную сыстэму. Хоць, здавалася б, і магчымасьці, і сродкі там былі ня роўня цяперашнім. Савецкі Саюз быў амаль гермэтычна запакаваны ў шчыльны інфармацыйна-прапагандысцкі пухір. Ніякіх іншых газэт і ніякага іншага тэлебачаньня, апроч тых, што дзень і ноч услаўлялі «адзіна правільны і адзіна справядлівы лад жыцьця», савецкім грамадзянам не дазвалялася. А тыя заходнія радыёгаласы, якія несьлі альтэрнатыўную інфармацыю, зь цяжкасьцю прабіваліся праз завываньні «глушылак» і, вядома ж, не маглі на роўных канкураваць з магутнай прапагандысцкай машынай. Але, калі ідэя безнадзейна састарэла и скампрамэтавала сябе, калі людзі ў ёй татальна расчараваліся, ніякая прапаганда ня здольная была яе ажывіць і вярнуць былую папулярнасьць. Як пісаў Булат Акуджава яшчэ ў 1968 годзе, ужо тады прадчуваючы будучы крах імпэрыі:
Вселенский опыт говорит,
что погибают царства
не оттого, что тяжек быт
или страшны мытарства.
А погибают оттого
(и тем больней, чем дольше),
что люди царства своего
не уважают больше.
Самыя яркія, прывабныя папулісцкія ідэі часта аказваюцца і самымі атрутнымі. Але атрута пачынае дзейнічаць не адразу — патрэбен час. Потым жа надыходзіць і працьверазеньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прафэсар Андрэй Зубаў: «Пераварот у Расеі непазьбежны. Рэжым Лукашэнкі пражыве бяз Пуціна адзін тыдзень»Як у Беларусі ў 1994-м немагчыма было супрацьстаяць папулярнасьці ідэі «моцнай рукі». Але ўва што гэта ўрэшце вырадзілася? І якім стала стаўленьне да дыктатарскага рэжыму ў беларускім грамадзтве ў 2020-м?
Ідэі блякнуць, зношваюцца, старэюць, страчваюць мэсіянскі флёр і ўсю сваю прывабнасьць — і ўрэшце выклікаюць не захапленьне і гонар, а насьмешкі, абыякавасьць ці нават агіду. Як было з ідэямі сусьветнай пралетарскай рэвалюцыі альбо пабудовы камунізму. Але для гэтага патрэбен час. І асабісты досьвед расчараваньня і стратаў. І яшчэ — цярпеньне, каб дачакацца, калі танная пазалота аблупіцца са старых прапагандысцкіх лёзунгаў, а былыя куміры, якія здаваліся бясспрэчнымі і бязгрэшнымі правадырамі, пападаюць са сваіх гранітных пастамэнтаў. І мільёны былых адэптаў, у якіх раптам расплюшчацца вочы, усклікнуць: «І як мы маглі верыць ва ўсё гэта глупства?»
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.