Пампэзныя вайсковыя парады на Краснай плошчы штогод набывалі ўсё большы размах. Пачаткова такія дэманстрацыі вайсковай магутнасьці задумваюцца пераважна для таго, каб пусьціць пыл у вочы іншым. Але чамусьці здараецца так, што ўрэшце гэты пыл ініцыятары пускаюць у вочы самім сабе. Задураныя ўласнай прапагандай, у Крамлі, выглядае, самі ўсур’ёз ёй паверылі. І, перакананыя ва ўласнай велічы і непераможнасьці, распачалі ваенную авантуру.
Магчыма, гэтая вайна ніколі не пачалася б, калі б Пуцін памятаў ня толькі пра сталінскі трыюмф 1945-га альбо пра «вызвольны паход» 1939-га, калі, дзякуючы таемнай змове з Гітлерам, Сталін без усялякага супраціву анэксаваў вялізныя тэрыторыі Ўсходняй Эўропы. Увогуле, на працягу апошніх больш як ста гадоў ваенных перамог Расея дамагалася пераважна тады, калі выступала ў кааліцыі з заходнімі дзяржавамі. Калі тэхналягічная і тэхнічная перавага заходніх саюзьнікаў памнажалася на вялізныя чалавечыя рэсурсы Расеі, са стратай якіх імпэрская ўлада ніколі асабліва не лічылася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 малавядомых фактаў пра Другую ўсясьветную вайнуВайна і лэнд-ліз
Самы вялікі трыюмф, ператвораны ў сёньняшняй Расеі ў абавязковы для ўсіх культ, у бязгрэшнасьці якога забаронена сумнявацца — перамога ў Другой сусьветнай вайне, якую ў Расеі і Беларусі называюць Вялікай Айчыннай. Але ці здарылася б гэта перамога, калі б побач з СССР не былі тады ЗША, Вялікая Брытанія і іншыя саюзьнікі па антыгітлераўскай кааліцыі?
У сёньняшняй Расеі ня любяць успамінаць пра «другі фронт», пра вайну на Захадзе, а асабліва — пра лэнд-ліз. Між тым, калі заглыбіцца ў падрабязнасьці гэтай маштабнай праграмы дапамогі, якую аказалі ЗША Савецкаму Саюзу ў самыя крытычныя моманты вайны, міжволі паўстае шмат пытаньняў. Напрыклад, Злучаныя Штаты паставілі ў СССР падчас вайны каля паўмільёна аўтамабіляў — гэта 163% ад таго, што вырабляў сам Савецкі Саюз.
На чым перамяшчалася б Чырвоная армія, калі б не амэрыканскія «Студэбэкеры» ды «Вілісы», якія складалі дзьве траціны ўсяго савецкага аўтапарку? Ці яшчэ адна лічба: па лэнд-лізу было пастаўлена больш як 2 мільярды бляшанак мясных кансэрваў (480% ад савецкай вытворчасьці). Гэта значыць, кожныя пяць з шасьці савецкіх салдат харчаваліся амэрыканскай тушонкай. І гэтак — па вельмі многіх пазыцыях: ад выбухоўкі, бранятэхнікі, самалётаў — да воўны, цукру, тлушчаў...
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці варта беларусам лічыць сваімі войны Расейскай імпэрыіІ калі ў красавіку 2022 году амэрыканскі Кангрэс прыняў Закон пра лэнд-ліз у абарону дэмакратыі ва Ўкраіне, гэта павінна было б выклікаць у Маскве самыя змрочныя паралелі і прадчуваньні.
Расея (разам з саюзнымі Вялікай Брытаніяй, Францыяй, ЗША) была б і сярод пераможцаў у Першай сусьветнай, калі б за некалькі месяцаў да перамогі не давяла сваёй палітыкай да ўзброенага перавароту бальшавікоў і не скарылася пераможаным, умудрыўшыся падпісаць у 1918 годзе ганебны грабежніцкі Брэсцкі мір з тымі, хто самі празь некалькі месяцаў падпішуць капітуляцыю.
І наадварот: без саюзу з заходнімі партнэрамі, без заходніх зброі, тэхнікі і тэхналёгіяў войны, якія вяла Расея, былі, як правіла, надзвычай няўдалымі. Ваяваць намагаліся галоўным чынам за кошт нізкай цаны жыцьця ў Расеі. І ніколі — за кошт тэхналягічнай і тэхнічнай перавагі, якой папросту не было.
Давайце прыгадаем тыя войны апошняга стагодзьдзя, якія імпэрыя распачынала і вяла самастойна, без удзелу і дапамогі Захаду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бяда ня проста ў тым, што «рускія хочуць вайны» — бяда, што многія ў Расеі ня ўмеюць хацець нічога іншага, — Макс ШчурРасейска-японская вайна, 1904–1905
Царскі рэжым распачынаў гэту кампанію зь цьвёрдым перакананьнем, што вайна будзе «маленькай і пераможнай»: лічылася, што Расея ва ўсім апярэджвае Японію. І расейская ўлада, і падагрэтае шавіністычнымі лёзунгамі грамадзтва чакалі хуткай і безумоўнай перамогі. Тым большым было расчараваньне, калі выявілася, што японская армія ўзброеная больш сучаснай зброяй, чым расейская, а камандуюць ёй больш прафэсійныя военачальнікі. І вялізная колькасная перавага расейцаў пры гэтым ня стала вырашальнай.
Расея пацярпела ганебную паразу, якая ўрэшце прывяла да вялікіх рэвалюцыйных узрушэньняў унутры краіны.
Ацэнка вядомага расейскага гісторыка Васіля Ключэўскага:
«Вайна выявіла поўную непрыдатнасьць флёту, ягонай матэрыяльнай часткі і асабовага складу, а ў сухапутнай арміі цэлы шэраг глыбокіх заган: адсутнасьць ведаў, самавольства і бюракратычны фармалізм вышэйшых чыноў, а разам з тым прыгнечанасьць шараговага афіцэрства, пазбаўленага падрыхтоўкі, ініцыятывы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры тыдні да вайны. Пасьля яе ні Лукашэнкі, ні Пуціна можа не застаццаСавецка-польская вайна, 1919–1921
Пачынаючы ўлетку 1920-га наступ на Варшаву, камуністычны рэжым у Маскве быў упэўнены, што польскі пралетарыят будзе сустракаць «вызваліцеляў» хлебам і сольлю. У абозе бальшавікі везьлі ўжо сфармаваны польскі пракамуністычны ўрад Дзяржынскага — Мархлеўскага. Варшава лічылася лёгкай здабычай. Узяўшы яе штурмам, бальшавікі плянавалі далейшы наступ на Бэрлін, на Эўропу, дзеля распальваньня сусьветнай пралетарскай рэвалюцыі. Вялікая колькасная перавага была на баку Чырвонай арміі.
Але Польскае войска, атрымаўшы вялізную дапамогу сучаснай зброяй і амуніцыяй ад Францыі і ЗША, натхнёнае ідэаламі адроджанай Айчыны, нечакана для ўсіх нанесла бальшавікам цяжкую паразу. У Польшчы жнівеньскую бітву пад Варшавай называюць «цудам над Віслай». Разьбітыя і дэмаралізаваныя чырвоныя войскі адступалі ажно да Менску.
Савецкая Расея вымушаная была пайсьці на падпісаньне Рыскай мірнай дамовы, згодна зь якой адмаўлялася ад прэтэнзій на вялізныя тэрыторыі былой Расейскай імпэрыі на захадзе, у тым ліку ад Заходняй Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Павінна застацца ў расейскай сфэры ўплыву». Як 100 год таму ў Рызе падзялілі Беларусь ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трывожнае рэха мінулага». Сусветная вайна ня скончылася ў 1918-мСавецка-фінляндзкая вайна 1939–1940
Маленькая Фінляндыя паводле тайнай дамовы паміж Сталіным і Гітлерам павінна была стаць часткай СССР — як і краіны Балтыі. Але марыянэткавы ўрад камуніста Куусінэна, які акупанты везьлі ў 1939 годзе ў сваім абозе, так і не даехаў да Хэльсынкі. Фінляндзкае кіраўніцтва выбрала, як паказала гісторыя, адзіна правільную стратэгію: абараняцца з усіх сілаў як мага даўжэй, прасіць дапамогі ў сьвету і падняць на справядлівае змаганьне ўвесь народ.
Сталінскія камбрыгі чамусьці верылі ў тое, што пралетарыят Фінляндыі будзе сустракаць іх як вызваліцеляў «ад капіталістычнага прыгнёту». Замест гэтага сутыкнуліся з усенародным супрацівам фінаў.
Фінляндыя вытрымала першыя некалькі дзён — а потым узьнялася вялізная хваля міжнароднай салідарнасьці. Ёй пераправілі зь іншых краін каля 12 тысяч добраахвотнікаў, 350 самалётаў, 500 гармат, больш за 6 тысяч кулямётаў і шмат усяго іншага.
І ўрэшце здарыўся цуд. Масква вымушана была пайсьці на перамовы і на падпісаньне мірнай дамовы: кошт вайны аказаўся для яе занадта высокім. Фінляндыя засталася незалежнай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сёньня гадавіна паразы СССР у вайне зь Фінляндыяй. Як гэта было, сьведчаць дакумэнты НКВДСавецка-афганская вайна 1979–1989
27 сьнежня 1979 году ў Кабуле здарылася тое, што, пэўна, плянавалася паўтарыць у Кіеве ў лютым 2022-га: закінутыя ў афганскую сталіцу савецкія дэсантнікі штурмам захапілі прэзыдэнцкі палац, а прэзыдэнта Аміна забілі. На наступны дзень газэта «Правда» паведаміла: «У выніку хвалі народнага гневу Амін разам са сваімі памагатымі паўстаў перад справядлівым народным судом і быў пакараны сьмерцю». Акупацыйная армія прывезла ў сваім абозе прасавецкі рэжым Бабрака Кармаля.
Наступныя дзевяць гадоў «абмежаваны кантынгент» безь вялікага посьпеху вёў барацьбу з афганскімі маджагедамі, узбраеньне якім актыўна пастаўлялі краіны Захаду. Урэшце, так і не дамогшыся перамогі, СССР вымушаны быў вывесьці свае войскі. Прасавецкі рэжым у Кабуле пасьля гэтага быў зрынуты, а апошні прамаскоўскі лідэр Наджыбула жорстка закатаваны паўстанцамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Аўганскі сындром». Чаму начальнік варты палаца ў Кабуле Віктар Сівохін дагэтуль ня выйшаў з вайныАдметна тое, што старыя сцэнары паўтараюцца зноў і зноў, хоць і з пэўнай дыстанцыяй у часе. Вялікая загадка — чаму Расея ўвесь час наступае на тыя самыя граблі?
Першыя пасьляваенныя дзесяцігодзьдзі, адыходзячы ад крывавых рубцоў вайны, калі яшчэ жывыя сьведкі і ўдзельнікі, яны прыдумляюць і сьпяваюць пацыфісцкія песьні кшталту «Хотят ли русские войны, спросите вы у тишины...». Але потым, калі старыя раны пакрысе загойваюцца, а магілы ахвяраў зарастаюць травой, імпэрскія хімэры хутка зноў узьнімаюць галовы. І тады ўжо гучыць бадзёрае «Если завтра война...»:
Мы войны не хотим, но себя защитим —
Оборону крепим мы недаром.
И на вражьей земле мы врага разгромим
Малой кровью, могучим ударом!
Гэту песьню ў СССР сьпявалі ў 1938–1941-м, але патас яе цалкам адпавядае тым грамадзкім настроям, якія пануюць у Расеі ў 2022-м.
«Шкада, што каралеўства малаватае...»
Культ пераможнай вайны пры Лукашэнку ў Беларусі расквітнеў значна раней, чым у Расеі, яшчэ да Пуціна.
Пампэзныя вайсковыя парады з абавязковай прысутнасьцю на трыбуне галоўнакамандуючага ў бліскучым маршальскім мундзіры — неад’емная рыса лукашэнкаўскай Беларусі. Іншая справа, што, як казала ў старым савецкім фільме «Папялушка» мачыха (гераіня Фаіны Ранеўскай): «Шкада, каралеўства малаватае, разгуляцца мне няма дзе. Ну нічога, я перасвару суседзяў між сабой — гэта я ўмею».
Лукашэнка яўна быў у курсе захопніцкіх плянаў Пуціна і быў зусім ня супраць паўдзельнічаць у пераможнай агрэсіі. І ці толькі ва Ўкраіну? Пляны былі куды больш маштабнымі. «У Эўропе будзе прасьцей... Калі яны там разгорнуцца і перашлюць сюды нейкія войскі, мы ўжо будзем стаяць каля Ля-Манша», — расказваў ён у інтэрвію расейскаму прапагандысту Салаўёву за два тыдні да пачатку пуцінскага ўварваньня ва Ўкраіну.
Са школьных урокаў гісторыі ў памяці ў мяне засталася абавязковая ў савецкія часы ленінская цытата, якую нязьменна выкарыстоўвалі настаўнікі пры характарыстыцы няўдалых захопніцкіх войнаў, якія вёў царскі рэжым: «Гэта вайна паказала гніласьць і бясьсільле прыгоньніцкай Расеі». Тэарэтык і практык пралетарскай рэвалюцыі, відавочна, казаў пра Крымскую вайну сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя. (Яна, дарэчы, таксама як найлепш упісваецца ў пералік войнаў, якія Расея вяла самастойна, без заходніх хаўрусьнікаў, і з трэскам прайграла з прычыны сваёй тэхнічнай і тэхналягічнай адсталасьці). Але гэтак жа можна было б сказаць і пра іншыя падобныя войны, прайграныя Расеяй — і расейска-японскую, і савецка-польскую, і савецка-фінляндзкую, і савецка-афганскую... Адно, што замест Расеі прыгоньніцкай у ХХ стагодзьдзі фігуравала ўжо Расея таталітарная.
Зусім магчыма, што ў хуткім часе гэты пералік папоўніцца назвай яшчэ адной вайны — той, якая адбываецца на нашых вачах у 20-я гады ХХІ стагодзьдзя.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.