Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аўганскі сындром». Чаму начальнік варты палаца ў Кабуле Віктар Сівохін дагэтуль ня выйшаў з вайны


Віктар Сівохін (сядзіць першы зьлева) з саслужыўцамі
Віктар Сівохін (сядзіць першы зьлева) з саслужыўцамі

Небаявыя страты савецкіх салдат, расстрэлы кішлакоў, наркотыкі і кантрабанда ў трунах — рэаліі вайны Савецкага Саюзу ў Аўганістане 1979–1989 гадоў у аповедзе баявога афіцэра Віктара Сівохіна.

Да 30-годзьдзя вываду савецкіх войскаў з Аўганістану, якое будзе адзначацца 15 лютага, Свабода публікуе цыкль матэрыялаў пра тагачасныя падзеі і іх беларускіх удзельнікаў.

Гісторыя трэцяя — пра двойчы параненага кавалера двух ордэнаў Чырвонай зоркі, начальніка варты захопленага прэзыдэнцкага палаца ў Кабуле Віктара Сівохіна.

Чым падзяліўся Віктар Сівохін

  • Нават Амудар'я паўстала супраць уводу савецкіх войскаў.
  • Выпрабаваньне Салангам: дзясяткі трупаў без адзінага стрэлу.
  • Рэйды супраць муджагедаў: як зачышчалі кішлакі аўганцаў.
  • Хто і як у войску «расслабляўся» наркотыкамі.
  • Кантрабанда ў запаяных трунах «грузу 200».

Зь беларускага памежжа — на мяжу з Аўганістанам

Віктар Сівохін на магіле сябра, Усходнія могілкі Менску
Віктар Сівохін на магіле сябра, Усходнія могілкі Менску

​Віктар Сівохін нарадзіўся ў 1955 годзе на Смаленшчыне ў вёсцы Бабрывец. Гэта памежжа Расеі і Беларусі, дзьве краіны аддзяляе рака Бесядзь. Сямʼя была вялікая, меў пяць братоў. Мама працавала паштальёнкай, за выключэньнем двух гадоў, калі баялася атрымаць «пахаронку» на сына-аўганца. Тата — трактарыст, ад маленства прывучаў дзяцей да сялянскай працы, прайшоў Другую сусьветную вайну матросам Балтыйскага флёту, кавалер ордэна Чырвонай зоркі і мэдаля «За ўзяцьце Кёнігсбэргу».

Падчас тэрміновай службы ў Сімферопалі
Падчас тэрміновай службы ў Сімферопалі

Наўрад ці Віктар мог нават уявіць, што перасягне бацьку ў колькасьці баявых узнагарод. Але яшчэ школьнікам, разглядаючы яго на франтавых здымках, вырашыў, што будзе афіцэрам. Пасьля тэрміновай службы ў Крыме паступіў у Навасыбірскую вышэйшую вайскова-палітычную вучэльню. У жніўні 1979 году маладым лейтэнантам быў накіраваны ва ўзбэцкі горад Тэрмэз.

Увосень падразьдзяленьні ягонай дывізіі былі перадысьлякаваныя ў палявы лягер на мяжу з Аўганістанам: ад таго часу тэарэтычная і баявая падрыхтоўка адбывалася там.

«У нас было 40% штату, што адпавядала патрабаваньням „мірнага часу“. І раптам ставяць задачу давесьці паказьнік да 100%, — успамінае ў інтэрвію Віктар Сівохін. — Падагналі „прызыўнікоў“ — узбэкі, таджыкі, туркмэны ўзростам 40-50 гадоў, запасьнікі. Такім чынам 108-ю мотастралковую дывізію ўкамплектавалі да ўзроўню патрабаваньняў „ваеннага становішча“. У далейшым тыя дарослыя мужыкі сталі першымі памочнікамі ў выжываньні ў горных умовах: мы не чакалі, што, увайшоўшы ў Аўганістан, апынёмся ў дзікім кутку. А вось яны былі ў сваёй талерцы».

Вайскоўцы Туркестанскай ваеннай акругі
Вайскоўцы Туркестанскай ваеннай акругі

Пераход праз Амударʼю

Першы раз па баявой трывозе з палявога лягеру паднялі раніцай 7 сьнежня. Прайшлі маршам, сталі амаль на ўвесь дзень, пад вечар атрымалі каманду вяртацца. Зноў пачалі разьбіваць лягер.

Празь некалькі дзён гісторыя паўтарылася: падымаюць, ня кажуць, куды, а потым адбой. Калі гэта здарылася трэцім разам, камандзіры прынялі рашэньне не «наўючваць» баявыя машыны пяхоты (БМП) лішнім грузам — намётамі, печкамі-буржуйкамі, цёплымі рэчамі. Маўляў, усё роўна вернемся.

Здымак у пашпарт перад адпраўкай у Аўганістан
Здымак у пашпарт перад адпраўкай у Аўганістан

​«Раптам па ўнутранай сувязі дакладае радыст зь пярэдняй машыны: „Таварыш лейтэнант, я па вадзе еду!“, — успамінае тагачасны камандзір 3-га ўзводу 1-й мотастралковай роты 180-га палка Сівохін. — Кажу, Федзя, ты, відаць, у арык заруліў. На ўсялякі выпадак адчыніў люк, вылажу наверх і бачу: сапраўды едзе па вадзе, і гэта Амударʼя! Дакладней, пантонны мост. Справа ад нас праз кожныя 10 мэтраў аж да другога берага катэры з уключанымі рухавікамі трымаюць хісткую канструкцыю, каб не развалілася. І куча ўзброеных афіцэраў-памежнікаў».

Потым высьветлілася, што папярэднія маршы адмяняліся якраз празь няўдалыя спробы скарыць раку Амударʼю: двойчы моцная плынь зрывала недасканалае інжынэрнае збудаваньне. Толькі калі выклікалі спэцыялістаў з Масквы, пераправу ўдалося наладзіць. Віктар Сівохін успрыняў гэта як папярэджаньне ад прыроды.

Як салдаты паміралі ў тунэлі

У другой палове дня 25 сьнежня тэхніка і вайскоўцы 108-й мотастралковай дывізіі ступілі на аўганскую зямлю. Галоўнай мэтай быў перавал Саланг у гарах Гіндукуш з далейшым выхадам на Кабул.

Першыя дні ў Аўганістане
Першыя дні ў Аўганістане

«Такі сьнег паваліў, як быццам яшчэ адно папярэджаньне, — кажа Віктар Сівохін. — Неўзабаве сустрэлі аўганскіх афіцэраў: зброя 1941 году, у тоненькіх суконных шынялях, як у нашых салдат анучы. Драўляныя гузікі, каб мацаваць бязь нітак. Потым пабачылі сялян з прымітыўнымі прыладамі — драўляная саха, толькі наканечнік жалезны. Дарослыя ў нейкіх лапцях, дзеці босыя, у лахманах. Непісьменнасьць татальная, салдаты чытаць ня ўмеюць! Толькі вось заваяваць іх не ўдалося ні брытанцам, ні саветам, ні амэрыканцам».

У сьвятле фараў бранятэхніка і асабовы склад рушылі да тунэля — па абедзе горы накрывала цемра. Першыя ахвяры маглі здарыцца ўжо тады. На шчасьце, камандзіры, якія адказвалі за фармаваньне калёны, адмовіліся ад спакусы праскочыць 3-кілямэтровы праход двума патокамі (сам па сабе рух там аднабаковы). А вось ракетнай брыгадзе, якая празь некалькі месяцаў рушыла тым жа маршрутам, не пашанцавала.

Пэйзажы выпаленай зямлі
Пэйзажы выпаленай зямлі

«Наступная пасьля нас калёна увайшла ў тунэль 23 лютага 1980 году. Рушылі паралельна дзьвюма машынамі. Там шырыня праезнай часткі ўсяго 6 мэтраў, у цемры не зарыентаваліся, здарыўся затор, спыніліся. Ад кляўстрафобіі паралізаваў страх, не здагадаліся выключыць рухавікі. Каб была каманда заглушыць, выбраліся б. Пад 20 чалавек задыхнуліся ад выхлапных газаў. На схіле гары выклалі трупы камандзіраў, мэханікаў-кіроўцаў. Мы езьдзілі на апазнаньне. У многіх афіцэраў былі прастрэлы шыі: замест агоніі ад удушша выбралі самазабойства».

Увосень 1982 году ў самым высакагорным аўтатунэлі ў сьвеце (у 1950-1960-х яго будавалі савецкія спэцыялісты) здарылася яшчэ адна трагедыя. Рызыкоўная спроба прайсьці дзьвюма калёнамі прывяла да выбуху бэнзавоза. Блізу дзьвюх сотняў загінулі, бальшыня — аўганцы.

Захоп палаца прэзыдэнта Аміна

Скарыўшы Саланг, калёна 108-й дывізіі ўдзень спынілася, каб замаскавацца, а з прыцемкамі зноў рушыла ў паход. У ноч на 27 сьнежня Віктар Сівохін у складзе першага батальёну акапаўся ў сьнягах паўднёва-заходняй часткі Кабулу. На ўзвышшы — велічны палац Тадж-Бек: ад пачатку апартамэнты караля Аманулы-хана, а пасьля рэзыдэнцыя прэзыдэнта Хафізулы Аміна. Неўзабаве мотастралкі сталі сьведкамі бою.

Віктар Сівохін (справа) зь сябрам на фоне палаца Аміна
Віктар Сівохін (справа) зь сябрам на фоне палаца Аміна

​«Ставілася задача не дапусьціць пранікненьня фармаваньняў у Кабул, але сэктар абстрэлу чамусьці быў накіраваны на горад, — гаворыць ён. — Пазьней давялі, што асьцерагаліся хваляваньняў, аўганская армія магла аказаць супраціў (пра ўвод войскаў афіцыйна абвясьцілі 27 сьнежня, хоць мы там ужо два дні). А 4-й раніцы „Шылка“ бабахнула па верхніх паверхах палаца, і пайшла заваруха — трасэры, выбухі, мітусьня. У выніку Аміна нашы спэцназаўцы забілі і ў ноч на 28 сьнежня пад аховай КДБ з Баграму даставілі новага лідэра — Бабрака Кармаля».

Ахвярамі спэцапэрацыі «Шторм-333» сталі ня толькі Хафізула Амін і два ягоныя малалетнія сыны (дачку паранілі), а і звыш дзьвюх сотняў вайскоўцаў, абсалютная бальшыня — аўганцы.

Намётавы лягер «шураві»
Намётавы лягер «шураві»

Празь месяц пасьля штурму Віктар Сівохін на чале ўзводу з 13 байцоў быў прызначаны начальнікам варты Тадж-Беку. Па шыкоўным палацы, дзе за гадзіну на кожным паверсе было выпушчана некалькі тысяч куляў, нават ладзіў экскурсіі — усіх цікавіла, як жылі першыя асобы. Уразіла, што бальшыня вялізных карцінаў, якія ўпрыгожвалі сьцены, хтосьці крыж-накрыж «прашыў» аўтаматнымі чэргамі. Лейтэнант так і не зразумеў, навошта.

Палац пачалі пераабсталёўваць пад штаб 40-й арміі — камандаваньню будынак належаў аж да завяршэньня вайны ў 1989-м. Паралельна разьмініравалі подступы, а таксама шукалі таемныя падземныя пераходы, каб выключыць рызыку пранікненьня муджагедаў: хадзілі чуткі, што лябірынты разыходзяцца на кілямэтры навокал.

Вайскоўцы 180-га палка
Вайскоўцы 180-га палка

Расстрэлы мірных жыхароў

Часовае замяшаньне, калі бакі прыглядаліся адзін да аднаго, хутка скончылася. Актывізаваліся партызаны, дывэрсіі супраць «шураві» станавіліся ўсё больш сплянаванымі. Савецкае камандаваньне дало дазвол на рэйды зачысткі, пайшлі першыя ахвяры сярод мірных жыхароў. Віктар Сівохін прызнае, што даводзілася дзейнічаць паводле законаў ваеннага часу.

«Нібыта мірны кішлак, ніхто нікога не чапае. І раптам з дому пачынае працаваць гранатамёт, падрывае БМП. Якія нашы дзеяньні? Гарматы налева-направа, хутка вылічваем і пачынаем прыцэльна гасіць. На руіны ідзеш — а там жанчыны, дзеці, старыя. Жах! Мы ж адразу ня ведалі, што муджагеды спускаюцца ў „кірызы“ — сярэднявечныя штучныя падземныя арыкі для арашэньня (зьверху тэрыторыя краіны на 90% „каменная“). Атакуюць, ныраюць у калодзеж, вылазяць у суседнім кішлаку, п’юць гарбату і пазіраюць, як забіваюць іх суродзічаў».

Афіцэры фатаграфуюцца ў «сплюшчаным» выбухам аўтамабілі
Афіцэры фатаграфуюцца ў «сплюшчаным» выбухам аўтамабілі

​Хоць з асабовым складам і вялася адмысловая праца для вывучэньня рэлігійных традыцый, нораваў і звычак аўганцаў (прынамсі каб не прасілі, як у кіно, мусульманскіх жанчын паказаць тварык), здаралася, што штабныя цыркуляры ігнараваліся, гаворыць Віктар Сівохін.

«Я быў зампалітам роты, жыў з салдатамі, нас елі аднолькавыя вошы. Таму адзін пра аднаго ведалі ўсё. Рознае здаралася, марадэрства ў тым ліку. Каралі жорстка, здавалі ў асобы аддзел. Мой бацька, прайшоўшы вайну, вучыў: на чужой тэрыторыі паскудзіць нельга! Бі ворага ў баі, але, як толькі падымеш руку на мірнага жыхара, ня выжывеш. Колькі ў Аўгане салдат, афіцэраў на гэтым пагарэлі, дадому не вярнуліся! Кроўная помста. Але былі і правакацыі: пад выглядам „шураві“ расстрэльвалі людзей, палілі кішлакі, гвалцілі жанчын».

Віктар Сівохін (у цэнтры) зь сябрамі
Віктар Сівохін (у цэнтры) зь сябрамі

​Тутэйшыя разумелі, чым можа абярнуцца супраца з савецкімі вайсковымі ці цывільнымі прадстаўнікамі. Паводле Сівохіна, на падначаленых СССР тэрыторыях з дапамогай мясцовых уладаў адкрывалі школы, малых вучылі азбуцы. Але, як толькі «кантралёры» адыходзілі, пачыналі дзейнічаць законы шарыяту. Настаўнікі прападалі, а ў адной з правінцый расказвалі, што хлопчыку адсеклі рукі за тое, што пайшоў вучыцца да акупантаў: спачатку адну, а калі зноў вярнуўся, то і другую .

Рэйд праз «даліну сьмерці»

Кожны дзень на вайне існуе рызыка не дажыць да вечара. Мінімум двойчы Віктар Сівохін гэта зьведаў — у лістападзе 1980-га і ў верасьні 1981-га, за што два разы быў узнагароджны ордэнам Чырвонай зоркі.

Уладальнік двух ордэнаў Чырвонай зоркі Віктар Сівохін
Уладальнік двух ордэнаў Чырвонай зоркі Віктар Сівохін

Першае раненьне атрымаў у Панджшэры — месца называлі «далінай сьмерці». Экіпаж Сівохіна і яшчэ дзьве БМП прыкрывалі выхад калёны 180-га палка зь цясьніны. Муджагеды ня мелі сродкаў спыніць рух цалкам, ужывалі тактыку дабіваньня «хвастоў». На плато шырынёй з машыну над 50-мэтровым абрывам кожны з 30 кілямэтраў мог стаць апошнім.

Віктар Сівохін пасьля выхаду ў запас
Віктар Сівохін пасьля выхаду ў запас

Толькі ўзбэк-мэханік вымавіў «Хвала Алаху, здаецца, выехалі зь пекла» — вочы асьляпіла ўспышка і цела кіроўцы перарэзала напалову разам зь сядзеньнем. Некіраваная машына павярнула да цясьніны.

Як кажа Віктар Сівохін, у адно імгненьне ў яго «вырасла рука»: з задняга адсеку неверагодным чынам дацягнуўся да горнага тормазу і спыніў БМП, калі левая гусеніца ўжо вісела ў паветры, накаціўшы на самотнае дрэўца.

Бакавым позіркам заўважыў аўганцаў, якія ішлі «дабіваць»: выкінуў празь люк чатыры гранаты, апэратар даў чаргу з гарматы. Так уратаваліся. На ўласнае раненьне лейтэнант зьвярнуў увагу, калі ўсё скончылася: на апэрацыйным стале зь цела дасталі паўсотні асколкаў.

У 1981 годзе тактыка муджагедаў зьмянілася — засяродзіліся на ліквідацыі канвояў з харчаваньнем, амуніцыяй, палівам. Падчас аднаго з баёў у раёне Мірбачыкоту тром БМП пад камандаваньнем Сівохіна ўдалося ня толькі стрымаць напад, а і захапіць намесьніка палявога камандзіра.

Сустрэча з школьнікамі
Сустрэча з школьнікамі

Надвячоркам муджагеды пайшлі ў атаку, завязаўся бой. Прыгадвае, што рэзка крутанула ў паветры, аўтамат выпаў і ляжаў за пару мэтраў у вінаградніку. Барадаты мужчына на даху ўсьміхаўся, перазараджаючы стары ангельскі «бур». Сівохін кінуўся да зброі і заваліўся: тады зразумеў, што сьцякае крывёю, з нагі вырваны ладны кавалак. Каб у гэты момант не прыйшла падмога, наступны дзень для яго наўрад ці настаў бы. А так засталася лёгкая кульгавасьць.

Наркотыкі ў салдацкіх намётах

Аўганістан дзесяцігодзьдзямі застаецца адной з галоўных крыніц наркатрафіку. На яго долю прыпадае 90% паставак опіюмнага маку, а ў вытворчасьці гераіну, гашышу ды іншых канапляных вытворных наогул сусьветны лідэр. У ваенны час наркотык паспытала бальшыня салдат ды афіцэраў з савецкага кантынгенту: у любой аўганскай сям’і трава ці мак — такі ж звыклы прадукт, як бульба ў склепе беларуса.

Самаробны самагонны апарат
Самаробны самагонны апарат

​«Чаму 80% хлопцаў гэтую дрэнь паспыталі? Супакойвала. І сам маладым лейтэнантам прыклаўся: доўга ванітаваў, бо да таго нават не курыў, а зельле забіваюць у цыгаркі. Я не „падсеў“, увесь вольны час аддаваў спорту. А іншыя — так. Шкадую, але было рукапрыкладзтва да тых, каго знаходзіў абкуранымі. Што ж вы, кажу, робіце, загінеце! У баях не да гэтага, а паміж імі, калі залізваеш раны, карцела папыхкаць — так расслабляліся. Адны ў карты гулялі, нехта трэнаваўся, астатнія пакурвалі. Ну і самагонку гналі, рабілі апараты».

Галоўнай пагрозай прывыканьня да наркотыкаў станавіліся самаволкі ў суседнія кішлакі, адкуль была вялікая рызыка не вярнуцца. Але ўнутраная патрэба часта адключала інстынкт самазахаваньня.

Віктар Сівохін падтрымліваў форму фізкультурай
Віктар Сівохін падтрымліваў форму фізкультурай

«Жылых модуляў яшчэ не было, пасьля бою афіцэры ішлі ў свае намёты, салдаты — у свае, — тлумачыць суразмоўца. — Ну і ясна, што камусьці не хапала кайфу. А гэтага дабра там, як у нашых вёсках бульбы. У самага беднага дэхканіна (селяніна) на стале ці ў каморцы абавязкова будзе тое зельле. Не сакрэт, што і сёньня гэта асноўны прыбытак для аўганцаў, цэлыя плянтацыі пад наркатой: ня хлеб сеюць, а каноплі ды мак. А празь дзіравае памежжа трапляе тая атрута і да нас».

Кантрабанда ў трунах

Часам жаданьне зарабіць на вайне атрымлівала вычварныя формы. Як кажа Віктар Сівохін, агіду выклікалі факты, калі «чорнымі тульпанамі» — самалётамі для перавозкі ў СССР нябожчыкаў — у трунах з «грузам 200» перакідвалі наркотыкі і нават зброю. Такія выпадкі хоць і ня масавыя, але былі, пацьвярджае суразмоўца.

Бальшыня гэтых салдат не дачакаліся дэмабілізацыі
Бальшыня гэтых салдат не дачакаліся дэмабілізацыі

За 10 гадоў аўганскай вайны загінулі звыш 700 беларусаў, яшчэ 12 чалавек лічацца зьніклымі бязь вестак. Як лічыць Віктар Сівохін, практычна ўсе гэтыя надзвычайныя выпадкі можна ўвязваць з жаданьнем мясцовых жыхароў пазьбегнуць карных рэйдаў «шураві».

Толькі праз шмат гадоў пры спрыяньні Камітэту ў справах інтэрнацыяналістаў пры Савеце кіраўнікоў урадаў СНД сьляды некаторых зьніклых нарэшце знайшлі: аўганцы пачалі прадаваць інфармацыю пра закінутыя пахаваньні.

На фоне вяршыняў Гіндукуш
На фоне вяршыняў Гіндукуш

«Дэхкане, натыкаючыся на забітага „шураві“, перастрахоўваліся, — расказвае Віктар Сівохін. — Разумелі: калі прыйдуць з рэйдам і пачнуць шукаць муджагедаў, кішлака можа не застацца, пад гарачую руку сатруць з твару зямлі. Натуральна, хавалі цела, старанна маскавалі месца. Гэта я ўжо расказваю з вопыту Камітэту ў справах інтэрнацыяналістаў: пасьля вайны знаходзілі парэшткі зьніклых бязь вестак, толькі празь дзесяцігодзьдзі мясцовыя сказалі пра тыя магілы. Праўда, за грошы: плаціш — тады вядуць і паказваюць, дзе 35 гадоў таму закапалі».

Аўганскі крыж: хваробы, шпіталі, неразуменьне

Калі ў 1979-м савецкія салдаты трапілі ў Аўганістан, ім абяцалі, што камандзіроўка не зацягнецца больш чым на тры месяцы. Але той «місіі» не было відаць канца. Як пачаў набліжацца да фінішу 1981-ы, лейтэнант Сівохін папрасіўся дадому — хваляваўся, што ўжо не прызнае маленькая дачка, якая нарадзілася перад аўганскай кампаніяй. На разьвітаньне па сукупнасьці заслуг ваенная рада 40-й арміі прадставіла афіцэра да ўзнагароджаньня ордэнам Баявога Чырвонага Сьцяга. Але так і не дачакаўся.

Рэлякс пад аўганскім сонцам
Рэлякс пад аўганскім сонцам

Так Віктар Сівохін апынуўся ў Беларускай вайсковай акрузе. Спачатку быў прызначаны зампалітам у вучэбную мотастралковую роту ў Печах, затым перакінуты на батальён. Пасьля выхаду ў адстаўку заснаваў фонд «Баявое братэрства бязь межаў», заняўся дапамогай былым «аўганцам». Стаяў ля вытокаў мэмарыялу на Востраве сьлёз у менскім Траецкім прадмесьці.

«Вайна — самае жахлівае, што прыдумалі людзі, — падсумоўвае ён. — А яшчэ страшней, што чалавек, які пабываў на вайне, не выходзіць зь яе ніколі. Загінуў — адна катэгорыя. Жывы — да канца будзеш несьці свой крыж: хваробы, шпіталі, неразуменьне. Тады мы выконвалі загад. Дый мэты, па вялікім рахунку, някепскія — дапамагчы аўганскаму насельніцтву выпаўзьці зь цемры. Я разумею лёгіку: Беларусь не ваявала, значыць, і ганарыцца няма чым. Дык а як з намі быць? Па турмах раскідаць, зьнішчыць? Мы ж таксама людзі, з той жа сыстэмы выйшлі...»

Інваліды-аўганцы на Востраве сьлёз
Інваліды-аўганцы на Востраве сьлёз

Беларусы ў аўганскай вайне

  • Зьвесткі пра колькасьць беларускіх ахвяраў 10-гадовай аўганскай вайны разыходзяцца: ад 711 да 789 загінулых з агульнага ліку больш як 30 тысяч мабілізаваных (хібнасьць даюць тыя, хто памёр неўзабаве пасьля дэмабілізацыі).
  • Прыблізна 1500 беларусаў атрымалі раненьні, больш за палову параненых вярнуліся інвалідамі.​
  • Яшчэ 12 прозьвішчаў значацца ў пераліку зьніклых бязь вестак ці ўзятых у палон — прычым гэта ня толькі вайскоўцы, а і цывільныя.
  • Грамадзянская вайна ў Аўганістане пачалася зь дзяржаўнага перавароту ў 1978 годзе, калі Народна-дэмакратычная партыя скінула аўтарытарную дыктатуру Мухамэда Дауда, а ісламская апазыцыя пачала супраціўляцца рэформам. СССР увёў войскі ў Аўганістан у 1979 годзе на просьбу прасавецкага аўганскага кіраўніцтва. ЗША ў той час сакрэтна падтрымлівалі антыўрадавыя сілы — муджагедаў.
  • Вывад савецкіх войскаў пачаўся ўвесну 1988 году на падставе Жэнэўскага пагадненьня аб палітычным урэгуляваньні сытуацыі ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Аўганістан. Апошняя калёна перасекла мяжу 15 лютага 1989-га: гэты дзень лічыцца афіцыйным канцом той вайны.
  • Агулам за ўсю кампанію праз Аўганістан прайшлі больш за паўмільёна салдат і цывільных з усіх былых саюзных рэспублік. Былі забітыя і памерлі ад хвароб 13 833 чалавекі, паранена блізу 50 тысяч. Інвалідамі сталі каля 7 тысяч, яшчэ тры сотні зьніклі бязь вестак.
  • Пасьля вываду савецкіх войскаў у Аўганістане працягнуліся войны: неўзабаве муджагеды зрынулі прасавецкі ўрад, зь імі пачаў ваяваць радыкальны рух «Талібан». У 2001 годзе ў краіну ўвялі свае войскі ЗША і іншыя чальцы NATO, а талібаў падтрымалі тэрарысты «Аль-Каіды», але дамагчыся кантролю над усёй краінай нікому не ўдалося і сёньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG