Маленькія фюрэры вялікай вайны. Які лёс напаткаў памагатых Гітлера, якія ўзначальвалі невялікія ўсходнеэўрапейскія краіны

Сёньняшняя Беларусь апынулася на адным баку фронту з агрэсарам. Спрабуючы зазірнуць празь цьмяную смугу гісторыі ў недалёкую будучыню, міжволі даводзіцца азірацца назад у пошуку гістарычных паралеляў і аналёгіяў.

Постаці маленькіх фюрэраў апошняй вялікай вайны цяпер ужо амаль забытыя, але іхныя лёсы могуць падказаць, што чакае той дыктатарскі рэжым, які вядзе цяпер Беларусь па дарозе вайны.

Нацысцкі блёк, гітлераўская кааліцыя — гэта найперш геапалітычная вось «Бэрлін — Рым — Токіё». Імёны Гітлера, Мусаліні і японскага імпэратара Хірахіта добра вядомыя. Але было ў ценю гэтых правадыроў нямала фігураў меншага маштабу, лёсы якіх напаўзабытыя.

Перадваенную палітычную мапу Эўропы амаль спрэс можна было маляваць карычневай фарбай: рознага кшталту дыктатарскія ці аўтарытарныя рэжымы панавалі паўсюль. Баўгарыя, Вугоршчына, Румынія, Славаччына, Фінляндыя: усе гэтыя краіны сувымерныя зь Беларусьсю па сваіх памерах і колькасьці насельніцтва. І ўсе яны падчас Другой сусьветнай вайны апынуліся на другім баку фронту, у адных акопах з агрэсарам. А пасьля вайны іхным народам давялося выпіць горкую чашу паразы, ганьбы і пакаяньня за ўчыненае іхнымі рэжымамі.

Целы італьянскага дыктатара Бэніта Мусаліні (зьлева) і яго каханкі Кларэты Петачы павешаныя перад гаражом на плошчы Лярэта ў Мілане 29 красавіка 1945 года, на наступны дзень пасьля таго, як яны былі пакараныя італьянскімі партызанамі

Вельмі па-рознаму і адначасова ў чымсьці падобна склаліся лёсы тых маленькіх фюрэраў, якія ўзначальвалі рэжымы ў гэтых усходнеэўрапейскіх дыктатурах. Па-рознаму — бо ня ўсе пасьля вайны трапілі на шыбеніцу ці пад расстрэл: некаторым удалося ўцячы і дажываць свой век, хаваючыся пад крылом іншых дыктатараў. Падобна — бо практычна ўсе прайшлі праз тыя ж этапы ўсьведамленьня і прыняцьця рэальнасьці: ад захапленьня Гітлерам і перайманьня яго ва ўсім — да пошуку кантактаў з заходнімі саюзьнікамі і спробаў у апошні момант перабегчы на бок пераможцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Марыюпаль дынамічна разьвіваўся да вайны і чаму ён так патрэбны расейцам

Баўгарыя

На пачатак Другой сусьветнай вайны гэта была маленькая дыктатарская краіна на чале з царом Барысам.

Цар спрабаваў лявіраваць паміж рознымі полюсамі сілы, але ўрэшце стаў на бок Гітлера, які выглядаў наймацнейшым. На пачатку 1941-га са згоды баўгарскага манарха тут зьявіліся першыя падразьдзяленьні вэрмахту. Баўгарыя далучылася да Бэрлінскага пакту. 6 красавіка 1941 году ў тым ліку з баўгарскай зямлі пачалося нямецкае ўварваньне ў Югаславію і Грэцыю. Адметна, што Баўгарыя дазволіла немцам скарыстаць сваю тэрыторыю, у тым ліку аэрадромы, аднак выкрутлівы цар Барыс дамогся, каб самі баўгарскія арміі непасрэдна ва ўварваньні ня ўдзельнічалі.

Балгарскі цар Барыс сустракаецца з Адольфам Гітлерам падчас вайны

Баўгарыя спаўна скарысталася з гітлераўскіх захопаў, значна пашырыла свае межы за кошт суседзяў (захапіла Ўсходнюю Сэрбію, большую частку Македоніі, грэцкае ўзьбярэжжа Эгейскага мора). Але як толькі Гітлер стаў прайграваць, пасьля Эль-Аламэйна і Сталінграда, баўгарскі манарх стаў шукаць кантакту з англа-амэрыканскімі коламі, каб пераскочыць на бок пераможцаў. Абвэр і СД гэта тут жа выкрылі, і гэта выклікала вялікія падазрэньні ў Гітлера.

Цар Барыс быў тут жа выкліканы ў стаўку фюрэра ва Ўсходнюю Прусію для тлумачэньняў. 28 жніўня 1943 году, неўзабаве пасьля таго як вярнуўся ў Сафію пасьля рандэву з Гітлерам, цар Барыс раптоўна памёр. Ва ўзросьце 49 гадоў. Афіцыйна паведамілі: ад інфаркту.

Пасьля сьмерці цара ўлада перайшла да ўхваленай немцамі Рэгенцкай рады, якая складалася з Барысавага брата — прынца Кірыла, прэм’ер-міністра Філава і генэрала Міхава. Пасьля таго як у Баўгарыю ўвайшлі савецкія войскі, а ўладу ў краіне захапілі камуністы, усе трое рэгентаў былі арыштаваныя. Іх расстралялі 1 лютага 1945 году разам яшчэ са ста былымі высокапастаўленымі функцыянэрамі колішняга царскага ўраду і парлямэнту. Целы расстраляных закапалі ў вялікую варонку ад авіябомбы, магілу засыпалі попелам і зраўнялі зь зямлёй, а потым на гэтым месцы адкрылі новыя могілкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Для Пуціна гэтая вайна — справа ўсяго жыцьця, — Канстанцін фон Эгерт

Вугоршчына

Вугоршчына, як і Нямеччына, у выніку паразы ў Першай сусьветнай вайне страціла шмат сваіх тэрыторый (практычна дзьве траціны ў параўнаньні з тым, што мела ў складзе Аўстра-Вугоршчыны). Ідэі рэваншу і аднаўленьня Вялікай Вугоршчыны былі тут вельмі распаўсюджаныя. Аўтарытарны лідэр краіны — адмірал Міклаш Хорці — яшчэ ў 30-я гады зрабіў стаўку на Гітлера, дзякуючы чаму ў 1938–41 гадах Вугоршчына няспынна расла ўшыркі (у Румыніі забрала Трансыльванію, у былой Чэхаславаччыны — паўднёвую Славаччыну і Закарпацьце, акупавала частку Сэрбіі).

У сваёй віншавальнай тэлеграме Гітлеру 22 чэрвеня 1941 году Хорці назваў гэты дзень «найшчасьлівейшым у сваім жыцьці».

Міклаш Хорці і Адольф Гітлер. 1938 год

Адным зь першых сярод саюзьнікаў Гітлера Хорці ўсьвядоміў непазьбежнасьць паразы краінаў «восі». Ужо з 1942 году ён пачаў сакрэтныя перамовы з саюзьнікамі. Пры набліжэньні савецкіх войскаў Хорці адхіліў ад улады прагерманскі ўрад і абвясьціў пра перамір’е з СССР.

Гітлер, аднак, з гэтым піруэтам хітрага хаўрусьніка не зьмірыўся. У Будапэшце адбыўся арганізаваны Нямеччынай дзяржаўны пераварот. Пад ціскам Гітлера Хорці перадаў уладу лідэру мясцовых нацыстаў Фэрэнцу Салашы, а самога яго разам зь сям’ёй вывезьлі ў Нямеччыну, дзе трымалі пад арыштам.

Пасьля вайны Хорці ўцёк у Партугалію. Улады Югаславіі спрабавалі прыцягнуць яго да адказнасьці як ваеннага злачынца за масавыя забойствы ў 1942 годзе ў Ваяводзіне. Аднак дыктатарскі рэжым Салазара яго ня выдаў. Хорці пасьля вайны пражыў у Партугаліі яшчэ 13 гадоў.

Значна меней пашанцавала яго наступніку — «фюрэру вугорскага народу» Фэрэнцу Салашы. 6 траўня 1945 году ён на тэрыторыі Аўстрыі здаўся ў палон амэрыканцам, але тыя перадалі яго ўладам Вугоршчыны. 12 сакавіка 1946 году яго, як і іншых лідэраў вугорскіх нацыстаў, павесілі ў двары Будапэшцкай гарадзкой турмы.

Дарэчы, адрозна ад амаль усіх іншых саюзьнікаў Трэцяга райху, Вугоршчына заставалася з Гітлерам да самага канца. Калі ў 1945 годзе савецкія арміі ўжо наступалі на Бэрлін, менавіта на вугорскай тэрыторыі яны сустрэлі самы жорсткі супраціў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка выступіў псыхатэрапэўтам Пуціна, – Карбалевіч

Румынія

Румынскім фюрэрам («кандукэторам») быў маршал Іон Антанэску. Пасьля таго як Румынія ў 1938–1940 гадах у выніку агрэсіўнай палітыкі суседніх СССР і Вугоршчыны страціла вялікія тэрыторыі (Малдову, Букавіну, Трансыльванію), Антанэску ўсталяваў рэжым асабістай улады і паабяцаў румынам аднаўленьне «Вялікай Румыніі».

«Аднаўляў» яе на Ўсходнім фронце. Пад Сталінградам, Харкавам і ў іншых мясьцінах на поўдні СССР паклаў 475 000 салдацкіх жыцьцяў.

У 1943 годзе пачаў спробы кантактаў з брытанскімі і амэрыканскімі дыпляматамі, каб знайсьці магчымасьць для сэпаратнага міру. На Захадзе яму параілі спачатку дамовіцца пра гэта з Масквой, што «кандукэтора» зусім не задавальняла.

Адольф Гітлер (справа) і прэм'ер-міністар Румыніі маршал Іён Антанеску ў сваёй штаб-кватэры падчас перамоваў, 16 студзеня 1943 года. У цэнтры справа міністар замежных спраў Германіі Ёахім фон Рыбентроп.

Калі савецкія войскі наблізіліся да мяжы Румыніі і разграмілі румынска-нямецкія сілы ў Яска-Кішынёўскай апэрацыі, румынскі кароль Міхай І у жніўні 1944-га, аб’яднаўшыся з антыфашысцкай апазыцыяй, загадаў арыштаваць Антанэску і абвясьціў вайну Нямеччыне.

У выніку малады кароль атрымаў ад Масквы найвышэйшы савецкі ордэн Перамогі, а былы румынскі фюрэр паехаў у савецкі канцлягер. Праз два гады Масква перадала яго новым румынскім уладам, якія тут жа асудзілі Антанэску на расстрэл. 1 чэрвеня 1946 году ў лесе ля Жылаўскай турмы прысуд быў выкананы. Былы маршал Антанэску сам камандаваў расстрэлам, падаўшы салдатам знак капелюшом.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Агрэсар — Беларусь ці Лукашэнка? Дыскусія юрыстаў

Славаччына

Даваенная Славаччына, створаная ў 1939 годзе на руінах разгромленай Гітлерам Чэхаславаччыны, адпачатку была сатэлітам Нямеччыны. Прэзыдэнтам яе стаў умераны нацыст Ёзэф Ціса. А прэм’ерам паводле настойлівай рэкамэндацыі Бэрліна паставілі прыхільніка радыкальнага крыла партыі Войцеха Туку.

Славацкія ўзброеныя сілы былі і нешматлікія, і ненадзейныя. У прыватнасьці, некалькі падразьдзяленьняў 2-й славацкай ахоўнай дывізіі ўвосень 1943 году пад Менскам перайшлі на бок беларускіх партызан.

У чэрвені 1943 году праз свайго амбасадара ў Ватыкане славацкія ўлады спрабавалі наладзіць кантакт з амэрыканцамі, каб запэўніць, што іхны саюз з Бэрлінам — вымушаны, і што ў будучыні яны разьлічваюць на захаваньне сваёй палітычнай незалежнасьці — магчыма, у складзе фэдэрацыі з чэхамі і палякамі.

У красавіку 1945 году і Ёзэф Ціса, і Войцех Тука ўцяклі ў Баварыю, дзе іх затрымалі амэрыканскія акупацыйныя ўлады. Абодвух выдалі ўладам новай Чэхаславаччыны. Туку павесілі 20 жніўня 1946-га, Ціса — 18 красавіка 1947-га.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей заклікаў Брусэль да дыялёгу зь Менскам

Фінляндыя

Пасьля драматычнай вайны 1939–1940 гадоў з СССР Фінляндыя бяз роздуму стала саюзьніцай Гітлера. Будучую вайну з Савецкім Саюзам там разглядалі як рэванш. Гітлер абяцаў фінам усю Карэлію, Кольскі паўвостраў і Архангельскую вобласьць.

Галоўнакамандуючы Густаў Манэргейм, які на пачатку вайны быў гарачым прыхільнікам Гітлера і вёў пасьпяховыя баі ў раёне Ленінграда і ў Карэліі, ужо ў лютым 1943, пасьля Сталінграда, настройваў сваіх генэралаў, што «Фінляндыі пры першай спрыяльнай магчымасьці неабходна паспрабаваць знайсьці спосаб выхаду з вайны».

Сустрэча лідэра нацысцкай Германіі Адольфа Гітлера і фінскага галоўнакамандуючага Карла-Густава Манэргейма 4 чэрвеня 1942 году

4 жніўня 1944 году маршал Манэргейм становіцца прэзыдэнтам. А 2 верасьня 1944 году Фінляндыя абвясьціла пра разрыў адносінаў зь Нямеччынай і павярнула зброю супраць былога саюзьніка.

У адказ на пратэст нямецкага пасланьніка Манэргейм сказаў: «Гітлер у свой час пераканаў нас, што зь нямецкай дапамогай мы пераможам Расею. Гэтага не адбылося. Цяпер Расея моцная, а Фінляндыя вельмі слабая. Дык няхай ён цяпер сам расхлёбвае завараную кашу…».

Адрозна ад многіх іншых палітычных дзеячоў Фінляндыі, прызнаных ваеннымі злачынцамі, Манэргейм пазьбег крымінальнага перасьледу. Калі Сталіну прынесьлі на подпіс сьпіс ваенных злачынцаў, ён асабіста выкрасьліў зь яго імя Манэргейма чырвоным алоўкам і напісаў: «Не трогать».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Заходнія дыпляматы, прачніцеся!» Павал Латушка пра сьцяг у Бухэнвальдзе, гульні з Лукашэнкам і ўрад у выгнаньні

Харватыя

Дзяржаву, абвешчаную ў красавіку 1941 году пры вайсковай і палітычнай падтрымцы краін «восі», практычна ўсю кароткую гісторыю яе існаваньня ўзначальваў «паглаўнік» (правадыр), заснавальнік і лідэр фашысцкай арганізацыі ўсташоў Антэ Павеліч. Ён ва ўсім капіяваў палітыку Гітлера. Пры ім праводзілася палітыка генацыду і дыскрымінацыі адносна сэрбаў, габрэяў і цыганоў, а таксама практыкаваўся тэрор у адносінах да праціўнікаў дыктатарскага рэжыму ўсташоў.

Адрозна ад многіх іншых «фюрэрчыкаў», Павеліч заставаўся да канца верным саюзьнікам Трэцяга райху. У траўні 1945 году ўцёк з краіны. Хаваўся ў Аўстрыі, Італіі, Аргентыне. У сябе на радзіме завочна асуджаны югаслаўскім судом на сьмяротнае пакараньне. Памёр у 1959 годзе ў Мадрыдзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітоляг Андрэй Ягораў: «Удзелам у перамовах аб міры ва Ўкраіне Лукашэнка хоча захаваць кантроль над Беларусьсю»

Які лёс чакае Лукашэнку?

Гэта былі вельмі розныя краіны і розныя народы. Але падабенства палітычных рэжымаў прывяло да таго, што ўсе яны апынуліся перад падобнымі выклікамі і ўрэшце перад падобным жа выбарам.

Маленькія фюрэры ва ўсім бралі за ўзор фюрэра вялікага. Першапачаткова ўсе былі перакананыя ў ягонай перамозе, і ўсе зь ягонай дапамогай спадзяваліся адхапіць кавалак ад суседа і ўмацаваць рэжым сваёй незьмяняльнай аднаасобнай улады.

Потым, пасьля Сталінграда і Эль-Аламэйна, калі станавілася зразумела, што гітлераўскі фашызм асуджаны, амаль усе пачалі шукаць кантактаў з антыгітлераўскай кааліцыяй. Амаль усе спрабавалі заключыць сэпаратны мір з былымі ворагамі. І амаль усе ўрэшце павярнулі штыкі сваіх армій супраць колішняга куміра і саюзьніка.

…Зыход расейска-ўкраінскай вайны, у якой Беларусь выступае саўдзельніцай агрэсіі, на сёньня застаецца няпэўным. Калі ўмоўна сумясьціць яе з часавым графікам Другой сусьветнай — бітва пад Масквой (Кіевам) агрэсарам ужо прайграная, але Сталінград (Данецк) яшчэ наперадзе. Шалі яшчэ могуць хіснуцца ў любы бок… І Лукашэнка пакуль ва ўсім падтрымлівае Пуціна. Так, як да Сталінграда Гітлера безумоўна падтрымлівалі і Антанэску, і Хорці, і цар Барыс, і Манэргейм… Але што было пасьля?

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.