«Ваенныя» страты расейскай касманаўтыкі. Што можа чакаць беларускага касманаўта на расейскім караблі

Дзьмітрый Рагозін і пепелац зь фільма «Кін-дза-дза!». Каляж

12 красавіка падчас сустрэчы з Лукашэнка Пуцін заявіў, што даў даручэньне «Роскосмасу» арганізаваць палёт у космас на расейскім караблі прадстаўнікоў Беларусі.

Пра тое, што сабой уяўляе цяпер касьмічная галіна Расеі, якія страты яна нясе праз вайну супраць Ўкраіны, вывучаў Канстанцін Сяргееў з расейскай службы Радыё Свабода.

Касманаўтыка доўгі час заставалася адной зь нямногіх расейскіх несыравінных індустрыі, якая карысталася попытам на міжнародным рынку. Цяперашняя палітычная сытуацыя практычна адразу паўплывала на яе.

Большая частка таго, чым мог ганарыцца «Роскосмос» па стане на 24.02.2022, — вынік міжнароднага супрацоўніцтва.

Напрамкаў супрацоўніцтва было некалькі:

  • мадэрнізаваная з замежным суфінансаваньнем савецкая спадчына: расейскі сэгмэнт МКС, ракеты «Саюз-2» і «Рокот-М», рухавікі РД-180-181, збольшага ракета «Ангара», навуковыя экспэрымэнты «Марс-500» і Sirius;
  • расейскія навуковыя прыборы на замежных аўтаматычных міжплянэтных станцыях: Mars Odyssey, Curiosity, LRO, BepiColombo, збольшага ExoMars TGO;
  • праекты па схеме «навука ўзамен на ракету»: гама-тэлескоп Integral, АМС Mars Express, Venus Express, збольшага ExoMars TGO;
  • праекты з прымяненьнем замежных камплектных частак: практычна ўсе спадарожнікі, у тым ліку вайсковыя ГЛОНАССы;
  • спадарожнікі, якія вырабляюцца са значным выкарыстаньнем замежных прыбораў, карыснай нагрузкі і службовых сыстэм: сэрыя «Канопус-У», KazSat-3, сэрыя «Экспрэсаў», сэрыя «Ямал», «Благовест» і іншыя;
  • доступ на міжнародны рынак касьмічных запускаў і камэрцыйныя посьпехі на ім: ракеты «Пратон-М», «Саюз-2», «Рокат-М», разгонныя блёкі «Брыз-М», «Фрэгат», ракетны рухавік РД-171, біяспадарожнікі «Біён» і «Фатон», дастаўка астранаўтаў на МКС;
  • навуковыя і камэрцыйныя экспэрымэнты на МКС: «Матрёшка», Icarus, Urthecast, ERA...

Трохі асобна ў гэтым сьпісе стаяць праекты «Радиоастрон», «Спектр-РГ» і ExoMars-2022, у якіх ступень расейскага ўдзелу нашмат вышэйшая, чым у астатніх, але і яны злучаны зь міжнародным супрацоўніцтвам. Для праекту «Радиоастрон» была важная падтрымка наземных радыётэлескопаў розных краін, а галоўны тэлескоп «двуствольного» «Спектра-РГ» — нямецкая eROSITA. У расейска-эўрапейскім праекце ExoMars-2022 у Расеі зьявілася магчымасьць даставіць сваю ўласную станцыю на Марс, чаго не здаралася з 1973 году.

Важна, што амаль усё вышэйпералічанае — гэта супрацоўніцтва з Амэрыкай і Эўропай. Усе размовы пра той жа Кітай пакуль застаюцца размовамі, адзіны рэальны прыклад такога супрацоўніцтва — гэта кітайскі спадарожнік на «Фобас-Грунце», за які Расея атрымала $20 мільёнаў — і адправіла апарат «вывучаць» дно Ціхага акіяну ў 2012 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскі астранаўт у Твітэры лаецца на расейскай з кіраўніком Раскосмасу Рагозіным і прапагандыстам Салаўёвым

Санкцыі

Амэрыканскія і эўрапейскія санкцыі, уведзеныя на фоне расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, сур’ёзна закранулі касманаўтыку. Цяпер спыніліся пастаўкі ў Расею пэўных відаў абсталяваньня і электронікі, касьмічныя прадпрыемствы трапілі пад санкцыі як вытворцы ўзбраеньня, кіраўнік «Роскосмоса» Дзьмітрый Рагозін апынуўся пад пэрсанальнымі санкцыямі.

Першыя санкцыі, якія закранулі расейскую аэракасьмічную галіну, былі ўведзены яшчэ ў 2014 годзе — пасьля крымскіх падзей. Тады «Роскосмос» сутыкнуўся з абмежаваньнем доступу да амэрыканскай і эўрапейскай электронна-кампанэнтнай базы. Але ў той момант ЗША моцна залежалі ад «Роскосмоса» у забесьпячэньні Міжнароднай касьмічнай станцыі і пастаўках ракетных рухавіках РД-180, таму санкцыі ўвялі кропкавыя, перш за ўсё на тэхналёгіі ваеннага прымяненьня.

Аднак абмежаваньні 2014 года на электроніку закранулі і навуковыя праекты. Напрыклад, на аўтаматычнай міжплянэтнай станцыі «Лунац-25» прыйшлося перарабляць пасадачны радар, і на гэта пайшло тры гады. Касьмічнаму тэлескопу «Спектр-УФ» Эўропа адмовілася прадаваць новую фотаматрыцу. З ваенных праектаў, аб якіх вядома ў адкрытай прэсе, пацярпеў новы спадарожнік «Глонас-К», які прыйшлося значна «імпартазамяшчаць» — па сутнасьці, перарабляць пад іншыя кампанэнты.

Паколькі расейская электронная прамысловасьць няздольная самастойна вырабляць усе неабходныя ў касманаўтыцы электронныя кампанэнты, то «Роскосмос», акрамя «імпартазамяшчэньня», прыдумаў яшчэ адзін тэрмін — «імпартанезалежнасьць». Ён мае на ўвазе не самастойную вытворчасьць кампанэнтаў, а пошук пастаўшчыкоў з краін, якія не ўвялі санкцый, у 2014 годзе гэта, напрыклад, Кітай, Сынгапур, Паўднёвая Карэя і Тайвань. Зь іх дапамогай «Роскосмос» стварыў к 2022 году «імпартанезалежны» спадарожнік «Глонас-КМ» і быў гатовы перайсьці да яго сэрыйнай вытворчасьці.

У цэлым можна сказаць, што да 2022 году«Роскосмос» у значнай ступені здолеў адаптавацца да санкцый 2014-2015 гадоў. Але ў 2022-м зьявіліся новыя абмежаваньні, больш шырокія як па кірунках, так і па геаграфіі. Прыпыненьне паставак адных толькі тайваньскіх мікрачыпаў ударыць па ідэі «імпартанезалежнасьці», а перастройваньне на новыя ланцужкі пастаўшчыкоў адбярэ яшчэ некалькі гадоў.

Ці залежаць ЗША ад Расеі ў космасе? Сёньня значна менш, чым пару гадоў таму. На замену расейскаму РД-180 Амэрыка распрацоўвае свае ракетныя рухавікі, на МКС амэрыканцы і эўрапейцы ўжо лятаюць на караблях Crew Dragon, якія будуе Space X. Застаецца толькі ключавая залежнасьць у карэкцыі арбіты і арыентацыі МКС расейскімі караблямі.

У 2022 годзе ЗША дапоўнілі свае санкцыі, склаўшы сьпісы прадпрыемстваў расейскага вайскова-прамысловага комплексу, і туды трапілі многія касьмічныя заводы і канструктарскія бюро. «Роскосмос» сьцьвярджае, што санкцыі не ўплываюць на ракетабудаваньне, але пры гэтым рассылае ўльтыматум у краіны-ўдзельнікі праграмы МКС, патрабуючы зьняцьця санкцый. Мяркуючы па ўсім, зьнікненьне доступу да тайваньскай электронікі — самы сурʼёзны ўдар па расейскім спадарожнікабудаваньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка з Пуціным на касмадроме «Восточный» гавораць аб «апэрацыі па абароне Данбасу» і палёце беларуса ў космас

Навуковы фронт

Эўрапейскае касьмічнае агенцтва ESA падтрымала рашэньне ЭЗ аб санкцыях у дачыненьні да Расеі. Гэта паставіла пад удар адразу два буйныя сумесныя праекты: рэнтгенаўскі касьмічны тэлескоп «Спектр-РГ» і міжплянэтны апарат Exomars-2022.

Першы — расейска-нямецкі праект. Расея прадаставіла касьмічную плятформу, ракету і адзін тэлескоп, а Нямеччына другі, але больш інфарматыўны. «Спектр-РГ» пасьпяхова працаваў на арбіце 3,5 года і гатовы працягваць, але з пачаткам расейскай «спэцапэрацыі» ва Ўкраіне нямецкія чыноўнікі вырашылі замарозіць працу свайго прыбора.

Другі — ExoMars-2022 — сумесны праект, дзе Расея давала ракету і пасадачную плятформу для эўрапейскага марсахода. Марсаход павінен быў паляцець восеньню 2022 года з Байканура і даць адказ на пытаньне, ці было жыцьцё на Марсе. Цяпер ён застанецца на захоўваньні на няпэўна доўгі тэрмін. Кіраўнік «Роскосмоса» адразу ж заявіў, што Расея запусьціць свой апарат і без эўрапейскага марсахода, але навуковая карысьць ад такога праектe будзе значна меншай. Прынамсі, ці ёсьць жыцьцё на Марсе, ён, напэўна, высьветліць ня зможа, а на пераробку апарата расейская дзяржава грошай не выдзяляла.

Абмяркоўваўся і сумесны праект Расейскай акадэміі навук і NASA для вывучэньня Вэнэры. Ва ўмовах сталага пагаршэньня расейска-амэрыканскіх адносін ён выглядаў малаімаверным нават да лютага 2022-га, а цяпер замёр канчаткова.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэнтагон заявіў, што Расея выпрабавала касьмічную зброю

Антысанкцыі

24 лютага 2022 года Расея дэ-факта адключыла сябе ад сусьветнага рынку касьмічных запускаў і ракетных камплектуючых. Гэта было дасягнута пры дапамозе «спэцапэрацыі» і «антысанкцый», якімі «Роскосмос» амаль адразу адказаў Захаду.

Першым адказам стаў сыход Расеі з касмадрома Куру і адмова ад далейшага супрацоўніцтва па гэтым кірунку. Фактычна гэта азначае адмову ад запуску трох ракет у 2022 годзе, якія ўжо дастаўлены ў Францускую Гвіяну.

Наступны «ўдар па суперніку» «Роскосмос» нанёс, адмовіўшыся запускаць спадарожнікі міжнароднай кампаніі OneWeb. Доля кампанія знаходзіцца ў валоданьні Брытаніі, якая падтрымала Ўкраіну, і гэта стала падставай для адмовы. У выніку на Байкануры закансэрвавана 36 спадарожнікаў, а 6 ракет, ужо аплачаных заказчыкам, засталіся ў вытворцы. Адну з ракет дэманстратыўна зьнялі са стартавага стала за два дні да пуску.

Дасталося ад «Роскосмоса» і немцам. Іх фактычна адключылі ад сумеснага навуковага экалягічнага экспэрымэнту Icarus па адсочваньні міграцыі жывёлаў. Замежнае абсталяваньне застанецца на МКС і будзе працаваць у інтарэсах расейскіх вучоных. Дарэчы, гэта ня першы выпадак на МКС, калі замежны заказчык, які аплаціў экспэрымэнт і абсталяваньне, адхіляецца ад працы і фактычна дорыць яго «Роскосмосу». Пяцьцю гадамі раней у такім жа становішчы апынулася канадзкая кампанія Urthecast, чые камэры для назіраньня за Зямлёй раптоўна сталі расейскімі. Тады гэта падавалася як форс-мажор на фоне сытуацыі з Украінай, а не карысьлівае рашэньне расейскага касьмічнага ведамства.

Дзеяньні «Роскосмоса» і ягонага кіраўніка Дзьмітрыя Рагозіна разбураюць рэпутацыю Расеі як надзейнага партнэра ў космасе нават у тых напрамках, якія не закрануты санкцыямі.

У апошнія паўтара месяца «Роскосмос» страціў або ўласнаручна абарваў практычна ўсе напрамкі міжнароднага супрацоўніцтва з амэрыканскімі і эўрапейскімі партнэрамі, якія выстройваліся апошнія 30 гадоў. Пакуль трымаецца Міжнародная касьмічная станцыя, але толькі таму, што там бакі зьвязаны на тэхнічным узроўні і «развод» аўтаматычна азначае крушэньне абодвух сэгмэнтаў. Акрамя таго, пакуль захоўваюцца некаторыя кірункі супрацоўніцтва ў космасе, якія ідуць праз Расейскую акадэмію навук.

Усходнія партнэры?

На Ўсходзе найбольш зацікаўленымі бакамі ў супрацоўніцтве з «Раскосмосам» бачыцца Паўднёвая Карэя, якая настроена разьвіваць сваю дзяржаўную і прыватную касманаўтыку, і Індыя, якой не хапае кампэтэнцый у пілятаванай касманаўтыцы. ААЭ спачатку працавалі з «Роскосмосом» і нават запусьцілі на «Союзе» аднаго арабскага касманаўта, але цяпер актыўна працуюць з ЗША і Японіяй.

Кітай, на які «Роскосмос» глядзіць як на апошнюю надзею, не заменіць сабой ЗША. Уласна, кітайская касманаўтыка па многіх кірунках ужо абышла «Роскосмос», а там, дзе Кітай яшчэ адстае, у супрацоўніцтве не зацікаўлена ўжо Расея, каб не дзяліцца тэхналёгіямі. У Расеі Кітай разглядаецца перш за ўсё як альтэрнатыўны пастаўшчык электронных кампанэнтаў, незалежны ад ЗША, але такога кшталту манапольны імпарт паставіць расейскую касманаўтыку ў поўную залежнасьць ад КНР.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Касманаўт Навіцкі сказаў Лукашэнку, што хоча вярнуцца ў Беларусь