25 лютага 2022 году, на другі дзень расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, Кэлі памяняў сваю аватарку ў Твітары на сьціснуты кулак у колерах украінскага сьцягу і з таго часу кожны дзень піша твіты на расейскай мове.
У сваіх твітах Кэлі то дражніць Пуціна і ўступае ў сваркі з кіраўніком Раскосмасу Дзьмітрыем Рагозіным (якога ён называем Дзімонам), то падтрымлівае расейцаў, якія выходзяць на антываенныя пратэсты або шукае дапамогу для сваіх украінскіх знаёмых.
На пытаньне, навошта ён гэта робіць, астранаўт адказаў у інтэрвію выданьню «Медуза».
— А вас увогуле нешта зьвязвае з Расеяй ці Ўкраінай? Чаму вас так хвалюе гэтая тэма?
— Сястра маёй жонкі замужам за амэрыканцам украінскага паходжаньня. Яго сям’я пераехала ў ЗША, калі яму было дзесяць. У іх двое дзяцей, Саша і Айзэк, мае пляменьнікі. Яны ўсе выдатна гавораць па-расейску. Акрамя таго, у мяне шмат сяброў і сярод расейцаў, і сярод украінцаў. Добра, што некаторыя мае расейскія сябры занялі правільную пазыцыю ў гэтым канфлікце. Ёсьць і іншыя, але я кажу сабе, што ў іх проста прамытыя мазгі. Хвалююся я за ўсіх аднолькава. Дакладней, больш за ўсё я хвалююся за ўкраінцаў, якім зараз горш за ўсіх.
Вядома, мяне непакоіць і тое, што зараз адбываецца ў Расеі і з расейцамі. Я ж шмат часу правёў у Расеі, мне шмат што там падабаецца. Расейцам зараз прыйдзецца вельмі нялёгка. Іх узровень жыцьця будзе імкліва мяняцца да горшага, ад параўнальнага дабрабыту апошніх 20-30 гадоў да дэпрэсіі. Таму я зараз выкарыстоўваю ўсе плятформы, якія ёсьць у маім распараджэньні, ад кніг да Твітара, дзе ў мяне 5 мільёнаў падпісчыкаў, сярод якіх шмат расейцаў, каб данесьці да іх не толькі кантраляваную дзяржавай інфармацыю. Спачатку я гэта рабіў даволі эпатажнай выявай, проста каб прыцягнуць увагу — ну разумееце, калі б я проста ретвіціў ці посьціў спасылкі на вашыя артыкулы, то гэта не выклікала б такога ажыятажу. Ну так, з некаторымі давялося перайсьці на асобы. Але я ні аб чым не шкадую. Дарэчы, пытаньне да цябе — ці чуюць мяне людзі?
— Па асабістым досьведзе магу сказаць, што, на жаль, не заўсёды атрымліваецца пераканаць нават тых, каго ведаеш асабіста, хто табе давярае.
— Разумею, гэта як сэкта. У нас таксама ёсьць зусім адбітыя прыхільнікі Трампа, прабіцца да іх — гэта непасільная задача. Бо Трамп у гэтым таксама падобны на Пуціна. У мяне таксама ёсьць сябар з Расеі, ён абсалютна перакананы, што гэта Расея абараняецца ад немінучага ўварваньня Украіны і NATO, што іншага выбару не было, інакш бы іх захапілі нацысты. Я яму кажу — проста падумай, якое жыцьцё ў цябе было яшчэ некалькі тыдняў таму. Ты мог езьдзіць куды заўгодна, вайны не было, расейскіх салдатаў не забівалі, украінцаў не забівалі, расейскую эканоміку яшчэ не змыла ва ўнітаз. Няўжо ты не можаш у думках вярнуцца ў гэты час і падумаць — можа, гэта ўсё памылка?
Не, усё марна. У яго ў галаве апошняя мяжа абароны ад нацысцкага бліцкрыгу, іншага выбару няма. У мяне ад гэтага мозг баліць, наколькі гэта безнадзейна. Тады ў мяне да цябе яшчэ пытаньне — а што з таго, што я пішу ў сябе ў Твітары, лепш за ўсё працуе? Ці падабаецца людзям, як я лаюся з [тэлевядучым Уладзімірам] Салаўёвым або [намесьнікам старшыні Рады бясьпекі РФ Дзьмітрыем] Мядзьведзевым?
— Ну, для многіх, хто іх не любіць, гэтая добрая забава, ім падабаецца, што ёсьць хоць нейкі аўтарытэтны чалавек, які паставіць іх на месца. На тых, каго ведаю я, хутчэй падзейнічае спасылка на тых, каго яны безумоўна паважаюць — напрыклад, на [расейскага касманаўта, рэкардсмэна па знаходжаньні ў космасе] Генадзя Падалку.
— Гэта праўда, Генадзь — легендарная асоба, касманаўт, герой Расеі. Ён шчыра верыць у свабоду і роўныя правы для ўсіх. Прынамсі, амэрыканцы гэта сапраўды шануюць, таму што гэтыя каштоўнасьці запісаныя ў нас у Дэклярацыі незалежнасьці.
— А што там з мэдалём ад Мядзведзева, ад якога вы адмовіліся? Вы на самой справе адправілі яго назад?
— У той жа дзень. Адправіў яе поштай у амбасаду Расеі ў Вашынгтоне. Паняцьця ня маю, што яны зь ім будуць рабіць, калі атрымаюць. Можа, і праўда вернуць Мядзьведзеву, але хутчэй за ўсё не, вядома. У гэты момант я адчуваў такія моцныя пачуцьці, што я проста не мог трымаць у сябе мэдаль ад хлопца, замяшанага ў ваенных злачынствах. Таму я ад яе публічна пазбавіўся.
— Вы шмат працуеце з расейцамі, з расейскімі касманаўтамі. Як у вас з імі складваюцца адносіны зараз?
— Цяжкое пытаньне. Мае сябры-касманаўты падзяліліся — хтосьці адназначна супраць вайны, хтосьці падтрымлівае Крэмль. Вельмі шкада, але так склаліся абставіны. Я люблю народ Расеі, расейскую культуру. Я шмат выступаю з лекцыямі ў ЗША і кожны раз гавару — я лётаў у космас недзе з 40 рознымі людзьмі. Зь іх самыя лепшыя мае сябры — менавіта з Расеі. Я тлумачу амэрыканцам гэта так: расеец можа выглядаць змрочным хлопцам з непрабіўнай абалонкай, але калі скрозь гэтую абалонку прабіцца... Расейцы — гэта «братэрства прыгнечаных». Яны абʼядноўваюцца перад тварам цяжкасьцяў — рэвалюцыі або вайны — якія выкоўваюць у іх гэты характар: маўляў, мы і гэта пераадолеем, таму што пераадолелі ўсё і да гэтага.