Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнтагон заявіў, што Расея выпрабавала касьмічную зброю


Касьмічнае камандаваньне ЗША ў сераду заявіла, што Расея выпрабавала проціспадарожнікавую ракету прамога перахопу.

Як вынікае з заявы ведамства, гэта выпрабаваньне стала часткай маштабнай праграмы, у рамках якой расейскі бок распрацоўвае і разьмяшчае на зямлі і арбіце касьмічную зброю. Гэты крок супярэчыць афіцыйным заявам расейскага кіраўніцтва аб тым, што яно імкнецца прадухіліць мілітарызацыю космасу, сказана ў заяве.

У Пэнтагоне не паведамілі, калі менавіта быў праведзены тэст. Паводле «Голасу Амэрыкі», які спасылаецца на абвесткі для расейскай паветранай прасторы, выпрабаваньне адбылося ў сераду. Як мяркуецца, мабільная сыстэма супрацьракетнай абароны А-235 «Нудоль» запусьціла перахопнік за 800 кілямэтраў на поўнач ад Масквы — зрэшты, без нацэльваньня на касьмічны аб’ект. Расейскія ўлады аб выпрабаваньні не паведамлялі, а афіцыйныя СМІ паведамілі толькі пра амэрыканскую рэакцыю.

Кіраўнік Касьмічнага камандаваньня ЗША генэрал Джон Рэйманд назваў тое, што адбылося, доказам «крывадушнасьці прапаганды расейскіх прапаноў у кантролі над касьмічнымі ўзбраеньнямі». Тэставаньне падобных сыстэм азначае, што пагрозы для касьмічных сыстэм ЗША і іх саюзьнікаў працягваюць расьці, упэўненыя ў Пэнтагоне. Там зьвярнулі ўвагу, што гэтая сытуацыя паказвае, наколькі своечасовым было фармаваньне Касьмічнага камандаваньня ЗША ў якасьці асобнай структуры, закліканай забясьпечваць абарону Амэрыкі і яе саюзьнікаў ад варожых дзеяньняў у космасе.

Па дадзеных амэрыканскіх вайскоўцаў, расейцы прадэманстравалі два зусім розныч тыпы касьмічнай зброі: неаднаразова выпрабаваны кінэтычны перахопнік, здольны зь зямлі зьнішчаць спадарожнікі на нізкай калязямной арбіце, а таксама спэцыяльную проціспадарожнікавую сыстэму, якая базуецца на арбіце. Апошняя была выпрабаваная двойчы — у 2017 і 2020 гадах, сьцьвярджаецца ў прэс-рэлізе.

Галоўная праблема, якой заклапочаныя ў ЗША, заключаецца ў тым, што ў выпадку паразы спадарожнік расколецца на сотні і тысячы абломкаў. Гэта прывядзе да забруджваньня калязямной касьмічнай прасторы да такой ступені, што яна стане непрыдатнай для функцыянаваньня камэрцыйных арбітальных апаратаў. Вынікам стануць «катастрафічныя наступствы для глябальнай эканомікі», заявіў спэцпрадстаўнік прэзыдэнта ЗША па кантролі над узбраеньнямі.

Асобна ў заяве Пэнтагону гаворыцца пра так званую «баявую лазэрную сыстэму», анансаваную ў сакавіку 2018 г. прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным. Такую «мадэль паводзінаў» амэрыканскія вайскоўцы назвалі «патэнцыйна небясьпечнай у цэлым». Асобна падкрэсьліваецца, што сьвет мае патрэбу ў касьмічных сыстэмах асабліва цяпер, у пэрыяд пандэміі, калі дзякуючы спадарожнікам можна дамагчыся эфэктыўнай лягістыкі і сувязі.

  • У Расеі адпрэчваюць крытыку заходніх вайскоўцаў, настойваючы на мірным характары касьмічных тэстаў. Афіцыйны прадстаўнік МЗС Марыя Захарава называла такія заявы «ініцыяванай Вашынгтонам мэтанакіраванай кампаніяй па дыскрэдытацыі расейскай касьмічнай дзейнасьці і мірных ініцыятыў па прадухіленьні гонкі ўзбраеньняў у касьмічнай прасторы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG