Расейскі касманаўт беларускага паходжаньня Алег Навіцкі сустрэўся 16 жніўня з Аляксандрам Лукашэнкам, перадае БелТА.
Да канца жніўня Навіцкі ўзяў адпачынак, чакае мэдыцынскай камісіі ў сьнежні-студзені. Яго могуць як дапусьціць да далейшых палётаў, так і не дапусьціць, таму Навіцкі кажа, што трэба паспрабаваць неяк асвойтацца ў Беларусі:
«Думаю, усё будзе нармальна. Таму, пакуль ёсьць час, паспрабую зараз заняцца, можа, будоўляй, — сказаў Навіцкі. — Трэба неяк падрыхтаваць сябе ўжо да жыцьця на зямлі, менавіта ў Беларусі».
Лукашэнка расказаў Навіцкаму, што ня вельмі любіць замкнёныя прасторы, таму турбаваўся за яго, калі глядзеў, «як вы там куляецеся». Таксама Лукашэнка выказаў зьдзіўленьне тым, як на арбіце людзі з розных краінаў знаходзяць агульную мову.
Фатаздымкі з касьмічнага інстаграму Алега Навіцкага
Навіцкі нарадзіўся ў райцэнтры Чэрвень Менскай вобласьці ў 1971 годзе. У космасе правёў амаль год: за першы палёт 143 дні, за другі — 197 дзён. Да яго ў космасе былі два беларусы: у савецкія часы на арбіту лёталі Пятро Клімук (за тры палёты правёў у космасе 78 дзён) і Ўладзімер Кавалёнак (за тры палёты — 216 дзён).
***
У канцы ліпеня старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч заявіў, што для Беларусі наступным крокам пасьля запуску касьмічных спадарожнікаў мае стаць зьяўленьне ў космасе беларускага касманаўта (Навіцкі працаваў на «Роскосмос», Клімук і Кавалёнак — на СССР).
У будучыні Мясьніковіч ня выключыў зьяўленьня ўласнага беларускага касьмічнага карабля. Пра тое, што «ўжо час» будаваць беларускі касьмічны карабель, Лукашэнка казаў у час прэс-канфэрэнцыі для расейскіх СМІ 17 лістапада 2017 году.