Патомная журналістка
Кацярына Андрэева (Бахвалава) нарадзілася 2 лістапада 1993 году ў інтэлігентнай сям’і. Яе прадзед Давід Пінхасік быў вядомым журналістам, прабабка Марыя Ваганава ў 1939 годзе ў Заходняй Беларусі была першым галоўным рэдактарам «Палескай праўды». Бабуля Ала Ваганава — дацэнт катэдры археалёгіі БДУ. Дзед Сяргей Ваганаў — вядомы журналіст, публіцыст, паэт. Бацькі журналісткі — філёлягі.
Ведае некалькі замежных моў
Кацярына скончыла беларускамоўную гімназію № 23. Яшчэ ў школе ў яе выявілася здольнасьць да вывучэньня замежных моў. Займалася з рэпэтытарамі, дасканала авалодала ангельскай, пасьля гімназіі паступіла ў Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт на факультэт гішпанскай мовы. У валянтэрскай праграме Эўракамісіі ў 2013 годзе паехала ў Гішпанію, дзе выкладала ангельскую мову.
Атрымала прэмію ўжо за першы артыкул
Ідэя стаць журналісткай, як успамінае дзед Кацярыны Сяргей Ваганаў, прыйшла да яе, калі вярталася з Эўропы на радзіму. Дабіраючыся дадому аўтастопам, яна напісала артыкул «Палянэз на вакзале», які апублікавалі ў «Нашай ніве» і за які яна стала ляўрэаткай прэміі «Народны рэпартэр». Супрацоўнічала з «Народнай воляй», «Нашай нівай», Радыё Свабода.
Першае спатканьне з будучым мужам прайшло на выбарчым участку
Са сваім будучым мужам журналістам Ігарам Ільяшом Кацярына Андрэева пазнаёмілася на працы — яны абое асьвятлялі акцыю пратэсту Міколы Статкевіча. Выбары 2015 году ў кар’еры Кацярыны былі першай палітычнай кампаніяй. Першае спатканьне прайшло на выбарчым участку — у гімназіі № 23, дзе Каця некалі вучылася і дзе іх ледзьве не затрымалі. 10 сьнежня 2016 году маладыя людзі пабраліся шлюбам.
Вяла жывыя трансьляцыі са знакавых беларускіх падзей
Ад 2017 году Кацярына супрацоўнічае з тэлеканалам «Белсат». Першыя стрымы вяла з «акцый недармаедаў». Кацю ўпершыню затрымалі ў красавіку 2017 году ў Воршы і судзілі за нібыта «непадпарадкаваньне міліцыі і парушэньне заканадаўства аб СМІ». Тады ёй прысудзілі штраф. У верасьні 2020 году Андрэеву затрымаў АМАП за жывую трансьляцыю з жаночага маршу ў Менску, тады яна прабыла ў няволі 3 сутак.
Разам з мужам напісала кнігу
У 2020 годзе разам зь мужам Ігарам Ільяшом Кацярына выдала кнігу «Беларускі Данбас» пра беларусаў — удзельнікаў расейска-ўкраінскай вайны. У кнізе адлюстраваны вынікі шматгадовага журналісцкага расьсьледаваньня. Журналісты высьветлілі, сярод іншага, як беларускія службы і дзяржпрадпрыемствы ўдзельнічаюць у вайне на баку сэпаратыстаў. У 2021 годзе кнігу прызналі экстрэмісцкай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінінфарм унёс кнігу «Белорусский Донбасс» у сьпіс экстрэмісцкіх. Але за яе набыцьцё ўжо караліАсуджаная на 2 гады зьняволеньня за стрым з «плошчы Перамен»
15 лістапада 2020 году Кацярыну разам з калегай Дар’яй Чульцовай затрымалі ў шматпавярховіку на «плошчы Перамен», адкуль яны вялі стрым з акцыі памяці Рамана Бандарэнкі. Спачатку дзяўчаты атрымалі па 7 дзён адміністрацыйнага арышту. Пасьля іх абвінавацілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Іх зьмясьцілі ў СІЗА № 1 («Валадарку»).
18 лютага 2021 году суд Фрунзэнскага раёну Менску (судзьдзя Натальля Бугук, дзяржаўны абвінаваўца Аліна Касьянчык, сьледчы Ігар Курыловіч) прысудзіў Андрэевай і Чульцовай па 2 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналістак «Белсату» Андрэеву і Чульцову пакаралі 2 гадамі турмы за стрым з «плошчы Перамен». ФОТА і ВІДЭАНа прапанову Юрыя Васкрасенскага напісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі Кацярына Андрэева не адказала.
У калёніі атрымала статус «схільнай да экстрэмізму»
У сакавіку 2021 году ў жодзінскай турме Кацярына Андрэева атрымала статус «схільнай да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеяньняў» за адмову прызнаць сваю віну перад турэмнай камісіяй і была ўзятая пад асаблівы кантроль Такі статус прадугледжвае, што на дзьвярах камэры ёсьць карычневая картка, падчас паверак зьняволеная павінна называць наглядчыкам свой артыкул і паведамляць аб прафіляктычным уліку. У камэры вызначана пэўнае месца, дзе яна абавязкова павінна заставацца, калі заходзіць наглядчык. Таксама чалавека з такім статусам пэрыядычна выклікаюць на прафіляктычныя гутаркі.
З калёніі зноў трапіла ў СІЗА
Адбывала пакараньне ў жаночай калёніі Гомля, працавала на швейнай фабрыцы. Засвоіла новую прафэсію швачкі, шыла трыкатажныя вырабы, элемэнты формы для курсантаў МНС. Лісты Кацярыне даходзяць толькі ад сваякоў. Муж Ігар быў на спатканьні ў Гомельскай калёніі на пачатку лютага. Кажа, што трымаецца яна, мяркуючы па лістах, роўна, годна.
«Мая задача — захаваць душу ад распаду і не дазволіць зоне пракрасьціся ў мяне. Ня стаць часткай выродлівага [турэмнага сьвету], а зрабіць трохі больш цудоўнай прасторы вакол сябе», — сказала Кацярына Андрэева падчас спатканьня з мужам у гомельскай калёніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволеная Кацярына Андрэева ў калёніі мела доўгатэрміновае спатканьне з мужам10 лютага 2022 году стала вядома, што Кацю этапавалі з гомельскай папраўчай калёніі № 4 у гомельскае СІЗА № 3. Аб прычынах нічога не паведамлялася.
7 красавіка муж Ігар Ільяш расказаў, што Кацярыне выставілі новае абвінавачаньне — у здрадзе дзяржаве (ч.1 арт. 356 КК). Сьледзтва праходзіла ва ўмовах поўнай сакрэтнасьці — цягам 55 дзён пасьля яе пераводу ў СІЗА сваякі ня ведалі ні статусу Каці, ні артыкулаў, паводле якіх праводзяцца працэсуальныя дзеяньні.
«Пра сутнасьць абвінавачаньня мы нічога ня ведаем да гэтага часу і, напэўна, ніякай інфармацыі ўжо не атрымаем — суд, відавочна, будзе закрытым», — напісаў Ігар Ільяш у фэйсбуку.
Ляўрэтка шматлікіх прэстыжных прэмій
У 2021 году Кацярына Андрэева разам з Дар’яй Чульцовай стала ляўрэаткай шэрагу прэстыжных журналістцкіх і праваабарончых прэмій:
- Прэміі імя Дар’юша Фікуса;
- «Гонар журналістыкі» імя Алеся Ліпая;
- Axel-Springer-Preis(de);
- «За мужнасьць у журналістыцы»;
- Прэміі імя Герда Буцэрыюса «Вольная прэса Ўсходняй Эўропы»;
- Prix Europa(de).