Расея супакойвае і запалохвае
Намесьнік сталага прадстаўніка Расеі пры ААН Дзьмітрый Палянскі 5 красавіка назваў беспадстаўнымі дапушчэньні, што Расея можа скарыстаць супраць Украіны ядзерную зброю.
«Задзейнічаньне Расеяй ядзернага патэнцыялу магчымае толькі ў адказ на прымяненьне супраць яе і (або) яе саюзьнікаў ядзернай і іншых відаў зброі масавага зьнішчэньня або ў выпадку агрэсіі супраць нашай краіны з прымяненьнем звычайнай зброі, калі пад пагрозу пастаўлена само існаваньне дзяржавы, — цытуе Палянскага агенцтва ТАСС. — Гэтыя крытэры ніякім чынам ня могуць быць ужытыя да сцэнару, які разгортваецца цяпер ва Ўкраіне».
Аднак раней, ужо празь некалькі дзён пасьля расейскага нападу на Ўкраіну, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абвясьціў, што загадаў перавесьці расейскія ядзерныя сілы ў «адмысловы рэжым баявога дзяжурства». Праўда, высьветлілася, што такога рэжыму афіцыйна не існуе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін загадаў Міністэрству абароны перавесьці расейскія ядзерныя сілы ў адмысловы рэжым баявога дзяжурства ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пуцін можа нанесьці ўдар тактычнай ядзернай зброяй на мяжы Беларусі і Ўкраіны», — меркаваньне расейскага вайсковага экспэртаА ў сакавіку той жа Палянскі ў інтэрвію брытанскаму тэлеканалу Sky News гэтак адказаў на пытаньне пра магчымае выкарыстаньне Расеяй ядзернай зброі: «Калі NATO справакуе Расею, калі NATO нападзе на Расею, — чаму не? Мы ядзерная дзяржава».
Што такое «правакацыя NATO»?
Заходнія экспэрты выказвалі занепакоенасьць, што Расея магла б трактаваць як «правакацыю NATO» ня толькі беспалётную зону, да ўвядзеньня якой заклікала ўкраінскае кіраўніцтва, але і пастаўкі зброі Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Масква заявіла, што будзе абстрэльваць замежныя канвоі з узбраеньнем для Ўкраіны ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выглядае, што Беларусь акупаваная». Дасьледчыца Atlantic Council пра магчымы ядзерны ўдар ПуцінаВыведнае агенцтва Міністэрства абароны ЗША ў сваім сакавіцкім аглядзе прагназавала, што Пуцін можа перайсьці да ядзерных пагрозаў, калі працягнецца жорсткі ўкраінскі супраціў расейскаму ўварваньню.
«Працяглая акупацыя частак украінскай тэрыторыі пагражае падарваць расейскія вайсковыя сілы і зьменшыць іхны арсэнал мадэрнізаванай зброі, у той час як пасьлядоўныя эканамічныя санкцыі, пэўна, увядуць Расею ў працяглую эканамічную дэпрэсію і дыпляматычную ізаляцыю», — напісаў дырэктар агенцтва Скот Бэрыер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ЗША і NATO ня хочуць уводзіць беспалётную зону над Украінай. Тлумачыць амэрыканскі генэралАмэрыканскі дасьледчык Фрэд Каплан у інтэрвію Нацыянальнаму грамадзкаму радыё ЗША ў сакавіку сказаў, што імавернасьць выкарыстаньня ядзернай зброі цяпер найвышэйшая ад часу Карыбскага крызісу 1961 году, бо Пуцін не перамагае ў вайне.
«А ён думаў, што пераможа. Я лічу, даволі верагодна, што калі сілы NATO ці ЗША непасрэдна будуць удзельнічаць у змаганьні, ён можа скарыстаць невялікую колькасьць тактычнай ядзернай зброі ці, як яе называюць, ядзернай зброі поля бою, каб паспрабаваць гэта спыніць».
Каплан патлумачыў, што нават самая слабая такая зброя ў эквіваленце роўная 8 000 тонаў дынаміту і выкліча вялікае радыяцыйнае заражэньне.
Ядзерны ўдар па Беларусі
У 2020 годзе ў сьвет выйшла кніга Каплана «Бомба: прэзыдэнты, генэралы і сакрэтная гісторыя ядзернай вайны». Расейскае выданьне The Insider зьвярнула ўвагу на адзін з эпізодаў гэтай кнігі. У ім апісваецца, як улетку 2016 году, у апошнія месяцы прэзыдэнцтва Барака Абамы, Нацыянальная рада бясьпекі ЗША мадэлявала магчымыя сцэнары дзеяньняў у выпадку, калі Расея нападзе на адну з балтыйскіх краінаў.
Амэрыканскія ўрадоўцы разглядалі сцэнар, у якім пасьля эфэктыўнага адказу NATO звычайнымі ўзбраеньнямі Расея наносіць удар ядзернай ракетай па базе NATO ў Нямеччыне. На пачатку мадэляваньня на ўзроўні намесьнікаў (Deputies Committee) у Нацыянальнай радзе бясьпекі рэй вялі вайскоўцы – яны абмяркоўвалі, як шмат ядзерных удараў трэба нанесьці ў адказ і па якіх цэлях. Але Колін Кэл, дарадца тагачаснага віцэ-прэзыдэнта Джо Байдэна, перавёў дыскусію ў іншае рэчышча, піша Каплан.
Кэл, які цяпер займае пасаду намесьніка міністра абароны ЗША, тады сказаў, што выкарыстаньне ядзернай зброі ўпершыню з 1945 году было б магчымасьцю аб'яднаць супраць Расеі ўвесь сьвет і дабіцца істотнага паслабленьня яе эканомікі і ўзброеных сіл. Аднак, паводле яго, ядзерны ўдар у адказ «нармалізуе» ядзерную зброю як інструмэнт вядзеньня баявых дзеяньняў.
Пасьля доўгай дыскусіі ўдзельнікі той нарады пагадзіліся, што прынамсі на пачатку ЗША маюць адказаць на ядзерны ўдар звычайнымі ўзбраеньнямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адказ на ядзерную пагрозу Пуціна ня будзе спрыяльным для яго, — амэрыканскі экспэрт у ядзернай бясьпецыАднак празь месяц, калі той жа сцэнар ваеннай гульні разглядалі на пасяджэньні камітэту кіраўнікоў (Principals Committee) Нацыянальнай рады бясьпекі ЗША, яго ўдзельнікі прышлі ўжо да іншага рашэньня, піша Каплан. Тагачасны міністар абароны Эштан Картэр заявіў, што адмова ЗША адказаць ядзернай зброяй на ядзерны ўдар разбурыць глябальную архітэктуру бясьпекі, бо партнэры страцяць веру ў амэрыканскія гарантыі.
Камітэт перайшоў да пытаньня, куды Злучаныя Штаты ў такім выпадку маюць накіраваць ядзерны ўдар. Прапанова ўдарыць па Калінінградзкай вобласьці не знайшла падтрымкі, бо ў адказ на амэрыканскі ўдар па сваёй тэрыторыі Масква можа атакаваць тэрыторыю ЗША. Варыянт з атакай па расейскіх узброеных сілах на акупаванай тэрыторыі ў краіне Балтыі таксама адкінулі, бо гэта прывяло б да празьмерных ахвяр сярод мірнага насельніцтва дзяржавы NATO.
У выніку большасьць удзельнікаў падтрымалі «кампрамісны» сцэнар – ядзерны ўдар па Беларусі як па найбліжэйшай хаўрусьніцы Расеі. Пры гэтым, паводле сцэнару той ваеннай гульні, Беларусь ня брала ўдзелу ў расейскім уварваньні (у адрозьненьне ад цяперашняй вайны ва Ўкраіне, для якой Расея выкарыстоўвае беларускую тэрыторыю).
Наколькі рэалістычныя сцэнары «ваенных гульняў»?
У лютым 2020 году, ужо пры адміністрацыі Дональда Трампа, прадстаўнікі Пэнтагону на брыфінгу расказалі пра падобнае ж ваеннае мадэляваньне. Паводле сцэнару, на эўрапейскай тэрыторыі адбывалася вайна з Расеяй звычайнымі ўзбраеньнямі і Расея наносіла «абмежаваны ядзерны ўдар» па адной з эўрапейскіх краінаў NATO.
На брыфінгу амэрыканскія ўрадоўцы ня сталі адказваць на пытаньне пра канкрэтныя дзеяньні ЗША ў гэтым сцэнары «ваеннай гульні». Аднак яны сказалі, што адказ ЗША быў «абмежаваным» і пры гэтым з выкарыстаньнем ядзернай зброі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэнтагон: пагроза міжнароднага канфлікту павялічваецца, а не зьмяншаеццаФрэд Каплан тлумачыць, што ў рэальным сцэнары з выкарыстаньнем ядзернай зброі будуць удзельнічаць эмацыйныя рэакцыі, якія цяжка спрагназаваць і змадэляваць падчас «ваеннай гульні».
«З аднаго боку, магчыма, што выгляд ядзернага грыба прывядзе ўсіх за стол перамоваў бо, Божа ж ты мой, тая лінія, якую мы пераступілі, проста жахлівая. Нам трэба пакласьці гэтаму канец. Ці магчыма, што гэта выкліча такія эмоцыі, як „мы ня можам дапусьціць, каб ім гэта сышло з рук. Мы вымушаныя адказаць тым жа“».
Паводле Каплана, ва ўсіх такіх сцэнарах Расея наносіць першы ядзерны ўдар, калі ў канфлікце бяруць удзел вайкоўцы NATO, і менавіта таму Байдэн і іншыя лідэры альянсу настолькі асьцярожныя ў пытаньні падтрымкі Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расейцы чакалі, што ўкраінскае кіраўніцтва ўцячэ». Амэрыканскі экспэрт пра сцэнары вайны