Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адказ на ядзерную пагрозу Пуціна ня будзе спрыяльным для яго, — амэрыканскі экспэрт у ядзернай бясьпецы


Пуск расейскай міжкантынэнтальнай балістычнай ракеты зь перасоўнага ракетнага комплексу «Ярс»
Пуск расейскай міжкантынэнтальнай балістычнай ракеты зь перасоўнага ракетнага комплексу «Ярс»

Цяперашняя вайна ва Ўкраіне можа перарасьці ў ядзерную. Мы спыталіся пра розныя сцэнары гэтага перарастаньня ў доктара Гаўарда Гола — прафэсара ядзернай інжынэрыі і дырэктара Інстытуту ядзернай бясьпекі Ўнівэрсытэту Тэнэсі.

Усю сваю кар’еру доктар Гол займаўся пытаньнямі глябальнай бясьпекі, найперш адносна ядзерных матэрыялаў і тэхналёгіяў. Да прыходу ва Ўнівэрсытэт Тэнэсі ён больш за дваццаць гадоў працаваў у нацыянальнай лябараторыі Лоўрэнса Лівэрмора, дзе кіраваў буйнымі навуковымі і апэратыўнымі праектамі ў галіне ядзернай і нацыянальнай бясьпекі. Лівэрморская лябараторыя — другі пасьля лябараторыі ў Лос-Аламасе цэнтар распрацоўкі амэрыканскай ядзернай зброі.

Гаўард Гол
Гаўард Гол
  • 26 лютага прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што альтэрнатывай жорсткім санкцыям адносна Расеі, якія ўвялі заходнія краіны, зьяўляецца Трэцяя сусьветная вайна.
  • 27 лютага прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін загадаў Міністэрству абароны перавесьці расейскія ядзерныя сілы ў адмысловы рэжым баявога дзяжурства.
  • 2 сакавіка міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў, камэнтуючы выказваньне прэзыдэнта Байдэна, сказаў, што Трэцяя сусьветная вайна, калі яна здарыцца, будзе ядзернай і разбуральнай.

— Спадар Гол, ваенныя экспэрты апісваюць некалькі варыянтаў перарастаньня цяперашняй вайны ва Ўкраіне ў ядзерную. Як іх ацэньваеце вы?

Калі NATO увядзе беспалётную зону над Украінай, а РФ учыніць дэманстрацыйны выбух тактычнага ядзернага боепрыпасу, якім будзе адказ NATO — спыненьне апэрацыі для забесьпячэньня беспалётнай зоны над Украінай, дэманстрацыйны выбух тактычнага боепрыпасу, іншы адказ?

— Па-першае, я адразу павінен папярэдзіць: я не плянавальнік NATO і ў мяне няма асаблівага разуменьня таго, як NATO думае пра ваенныя дзеяньні і варыянты. На гэтае і на ўсе наступныя пытаньні я адказваю як прафэсар унівэрсытэту і спэцыяліст у галіне ядзернай бясьпекі і, адказваючы тут, я гавару не ад імя ўраду ЗША.

Што да адказу NATO на ўжываньне тактычнай ядзернай зброі, я думаю, што адказ NATO будзе вельмі сытуацыйны, у залежнасьці ад таго, як і дзе Расейская Фэдэрацыя падарвала б ядзерную зброю. Да гэтага часу Расея ўжывала звычайныя ўзбраеньні ва Ўкраіне, не зважаючы на ахвяры сярод цывільнага насельніцтва.

Выбух ядзернай зброі, нават невялікай, зь вялікімі ахвярамі сярод цывільнага насельніцтва, перасякае «чырвоную рысу», супраць чаго выступіць увесь сьвет. І гэта, пэўна, значна пашырыць колькасьць краінаў, гатовых прыняць на сябе абавязаньні спыніць незаконную спробу Расеі зьнішчыць суседнюю краіну. Незалежна ад NATO, такія дзеяньні зрабілі б Расею глябальнай дзяржавай-ізгоем з эканамічнымі і палітычнымі наступствамі, якія будуць перасьледваць расейцаў на працягу пакаленьняў.

Нават невялікая ядзерная дэтанацыя, накіраваная на цалкам ваенную цэль ва Ўкраіне, мае высокія шанцы справакаваць такі зыход. Будучыя пакаленьні расейскіх школьнікаў будуць вучыцца ненавідзець Пуціна.

— Калі Расея, ня маючы магчымасьці дасягнуць мэтаў вайны канвэнцыйнымі сродкамі, нават без умяшаньня NATO выкарыстае тактычную ядзерную зброю супраць Украіны, якім будзе адказ NATO? Наколькі высокай зьяўляецца імавернасьць такога разьвіцьця падзей?

— Я думаю, глябальны адказ, як я апісаў вышэй, будзе такім жа. Хацелася б думаць, што прэзыдэнт Пуцін ці хаця б прафэсійныя вайсковыя афіцэры, якія прысягнулі служыць Расеі, аддалі б перавагу таму, каб не перасякаць такую «чырвоную рысу». Нельга ігнараваць магчымасьць таго, што такое наступальнае ўжываньне Расеяй ядзернай зброі першай можа лёгка выйсьці з-пад кантролю, што прывядзе да ядзернай вайны, якая стане глябальнай катастрофай. Ніводзін лідэр, які клапоціцца аб людзях, якімі ён кіруе, не павінен ухваліць такі небясьпечны і незаконны загад.

— Лідэры Ўкраіны і Літвы кажуць, што калі NATO не падтрымае Ўкраіну ў ваенных адносінах, баючыся вайны з Расеяй, Пуцін ня спыніцца на Ўкраіне і NATO усё роўна будзе ўцягнутае ў вайну з Расеяй, толькі пазьней і ў горшых умовах. Ці згодны вы з гэтым аргумэнтам?

— Я ня маю дадатковага інсайду наконт таго, як прымае рашэньні прэзыдэнт Пуцін, ці наконт яго канчатковых мэтаў, наконт разьлікаў, якія ён робіць, каб рашыцца на нястрымныя ваенныя авантуры. Аднак відавочныя доказы таго, што для яго мала значаць афіцыйныя дамовы і абавязкі, якія Расея ўзяла на сябе, калі гэтыя абавязкі перашкаджаюць яго імпэрскім амбіцыям.

— На думку некаторых расейскіх вайсковых экспэртаў, уведзеныя супраць Расеі санкцыі настолькі разбуральныя для яе эканомікі, што Крэмль выставіць Захаду ядзерны ўльтыматум — ці вы аслабіце санкцыі і прымеце нашыя ўмовы перадзелу сьвету ці мы пачнём вялікую ядзерную вайну. Якая імавернасьць такога сцэнару?

— Мне хацелася б думаць, што адказам расейскага народу і Думы было б правядзеньне пасьпяховага і строга законнага імпічмэнту расейскаму прэзыдэнту, калі б ён вырашыў выставіць такі небясьпечны ўльтыматум, замест таго каб прызнаць уварваньне ва Ўкраіну стратэгічным пралікам, вывесьці расейскія войскі з усёй тэрыторыі Ўкраіны і спыніць расейскую падтрымку сэпаратысцкіх груповак ва Ўкраіне.

— Калі падобны ўльтыматум усё ж будзе выстаўлены, якім будзе адказ ЗША? У такім супрацьстаяньні быць (або выглядаць) варʼятам — гэта даволі рацыянальная і эфэктыўная стратэгія. Што можна супрацьпаставіць ёй?

— Думаю, можна чакаць, што адказ на такую гульню ня будзе спрыяльным. Але, паўтаруся, я кажу гэта як прафэсар, а не ваенны плянавальнік або асоба, якая прымае рашэньні. У Расеі яшчэ ёсьць магчымасьць і час, каб скончыць гэтую вайну да таго, як гэтыя кашмарныя сцэнары, якія мы з вамі абмяркоўваем, стануць рэальнасьцю, але прастора і час для манэўраў сьціскаюцца. Спыненьне гэтай вайны было б высакародным учынкам. Я спадзяюся, што Расея скарыстае магчымасьць так і зрабіць.

- Пасьля таго, як расейскія войскі ўзялі пад кантроль Чарнобыльскую АЭС, з-за баявых дзеяньняў спынілася стацыянарнае электразабесьпячэньне станцыі, зараз яна – на аварыйных генэратарах. Якімі могуць быць наступствы з пункту гледжаньня ядзернай бясьпекі, калі стацыянарнае электразабесьпячэньне АЭС не будзе адноўленае?

- Прычына, паводле якой электраэнэргія неабходная для атамнай электрастанцыі, палягае неабходнасьці рэгуляваць цяпло, якое выдзяляецца палівам у актыўнай зоне рэактара, і палівам, якое раней выкарыстоўвалася і захоўваецца ў зборцы адпрацаванага паліва. Актыўная зона рэактара выклікае найбольшую занепакоенасьць, аднак апошні дзеючы рэактар у Чарнобылі быў спынены 22 гады таму. З тых часоў рэчыва ў зборцы адпрацаванага паліва таксама «ахалоджваецца», але ўсё ж вылучае некаторую колькасьць цяпла. Каб вада не пакрывала паліўныя зборкі, мясцовыя дызэль-генэратары могуць забясьпечваць электраэнэргію, калі ёсьць магчымасьць падаць дызэльнае паліва, ці вада можа запампоўвацца ў зборкі з дапамогай мабільных сыстэмаў, такіх як пажарная машына. У залежнасьці ад цяпла, які выдзяляецца ў зборках, гэта можа спатрэбіцца толькі раз у некалькі дзён, каб «падняць» узровень вады. Дваццаць два гады астуджэньня – гэта даволі шмат, у ЗША тыповы час астуджэньня ў зборках адпрацаванага паліва перад адпраўкай у сховішча ў сухіх кантэйнэрах складае каля 10 гадоў.

- Цяпер расейскія ўлады абвінавачваюць ЗША ў стварэньні ва Ўкраіне лябараторыяў па распрацоўцы біялягічнай зброі? Ці сапраўды гэтыя лябараторыі займаліся распрацоўкай такой зброі?

- Я думаю, што расейскія ўлады, выкарыстоўваючы амэрыканскі выраз, «кідаюць рэчы ў сьцяну, каб паглядзець, што прыліпне». Гэтая заява расейскіх уладаў падаецца мне адарванай ад фактаў прапагандай. Калі ў іх ёсьць доказы, хай прад'явяць іх.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG