Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ЗША і NATO ня хочуць уводзіць беспалётную зону над Украінай. Тлумачыць амэрыканскі генэрал


Францускі зьнішчальнік Rafale над Іракам, 2015 год, ілюстрацыйнае фота
Францускі зьнішчальнік Rafale над Іракам, 2015 год, ілюстрацыйнае фота

Генэрал-лейтэнант Марк Гертлінг, былы камандуючы войскамі ЗША ў Эўропе, на сваёй старонцы ў Twitter патлумачыў, чаму ён ня лічыць добрай ідэяй увядзеньне беспалётнай зоны (БЗ) над Украінай. Да гэтага заклікае ўкраінскі прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі.

  • Канцэпцыя БЗ у тым, што краіна дасылае паветраныя сілы ў спрэчную зону, каб не дазволіць іншай дзяржаве скарыстаць паветраныя сілы супраць саюзьніка. Гэта здаецца простым: падыміце самалёты ў неба і не дазвольце некаму іншаму скарыстаць свае самалёты для кепскіх рэчаў.
  • Тут ёсьць пара праблем: па-першае, каб забясьпечыць БЗ, вы павінны быць гатовыя зьбіваць іншыя самалёты. Калі вас гэта не хвалюе, бо ў вас дастаткова магутнасьці, каб не адбылося іншых кепскіх рэчаў, тады вы ў парадку.
  • ЗША ўвялі БЗ пасьля апэрацыі «Бура ў пустыні» ў Іраку і падчас паўстаньня на Балканах. У абодвух гэтых канфліктах было разуменьне і з боку Іраку (супраць курдаў і шыітаў), і з боку Сэрбіі (над Босьніяй і Герцагавінай), што калі яны паспрабуюць паслаць туды паветраныя судны, іх саб’юць.
  • Апэрацыя ў Іраку — «Паўночная варта» і «Паўднёвая варта» — пакрывала каля 70 000 квадратных міль (каля 181 000 км²), запатрабавала мноства паветраных суднаў, месца на зямлі (авіяносцы, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Турэччына). Пры гэтым была небясьпека ад сыстэмы супрацьпаветранай абароны Іраку (ня вельмі добрай). Адбылося мноства сутыкненьняў.
  • Дзеяньні сэрбаў над Босьніяй і Герцагавінай, якія агулам маюць плошчу 21 000 квадратных міль (каля 54 000 км²), таксама мелі «спартовыя элемэнты», бо Сэрбія неаднаразова ўваходзіла ў сутыкненьні і шэраг паветраных суднаў (у тым ліку амэрыканскіх) зьбіла супрацьпаветраная абарона. Вось матэрыял Вікіпэдыі пра гэта.
  • У абедзьвюх гэтых апэрацыях было адкрытае супрацьдзеяньне ў адказ на дзеяньні ЗША. Ва Ўкраіне, якая памерам з Тэхас, 233 000 квадратных міль (каля 603 000 км²), ёсьць праблема актыўных баёў паміж двума бакамі. Расейцы маюць мноства сыстэм супрацьпаветранай абароны і нейкую колькасьць дзейных паветраных суднаў.
  • Але Расея таксама мае тое, чаго ня мелі ні Ірак, ні былыя дзяржавы Югаславіі, — магчымасьць нанесьці ўдар ядзернай зброяй. І, на жаль, Пуцін даў зразумець, што ён скарыстаецца ядзерным патэнцыялам. Да таго ж на кожных расейскіх «вучэньнях», якія я наведваў, камандуючы ў канцы вучэньняў заўсёды выкарыстоўваў ядзерную зброю.
  • Адказныя нацыянальныя дзяржавы, калі яны ўвязваюцца ў вайну, вызначаюць рызыкі... І яны пралічваюць шляхі, як зьменшыць гэтыя рызыкі. Безадказныя нацыянальныя дзяржавы — як Расея пад Пуціным — маюць тэндэнцыю гуляць у азартную гульню. У такой гульні няма зьмяншэньня рызык... Вы альбо падымаеце стаўкі, альбо ідзяце дадому.
  • Цяпер паміж Расеяй і Ўкраінай адбываюцца жахлівыя рэчы. Гэта застаецца рэгіянальным канфліктам, і Расея ня здолела дасягнуць ніводнай са сваіх стратэгічных мэтаў. Пуцін ня здолеў: 1) падпарадкаваць Украіну; 2) падзяліць NATO; 3) яшчэ больш падзяліць ЗША; 4) атрымаць нейкую эканамічную перавагу.
  • Памяняць дынаміку з рэгіянальнага канфлікту на патэнцыйны глябальны ядзерны канфлікт — гэта даволі вялікая рызыка.
  • Да таго ж расейскія вайскова-паветраныя сілы зусім ня блізкія да абсалютнай перавагі ў паветры. Будзе жартам гаварыць нават проста пра іхную перавагу ў паветры, бо ўкраінскія паветраныя сілы і сыстэмы супрацьпаветранай абароны зьбілі дзясяткі іхных баявых самалётаў, верталётаў і некалькі транспартных самалётаў.
  • Пераважную колькасьць жахлівых ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва Ўкраіны сёньня спрычыняюць расейскія артылерыйскія і ракетныя сыстэмы, некаторыя зь якіх знаходзяцца на тэрыторыі Расеі і Беларусі. Беспалётная зона не вырашае пытаньня наземных сыстэмаў.
  • Найлепш працягваць пастаўляць Ўкраіне тэхналягічна лепшую зброю, зьвесткі выведкі і гуманітарную дапамогу. Расейцы на мяжы кульмінацыі, а Ўкраіна па-ранейшаму мае дух і волю, патрэбныя, каб захаваць сваю свабоду.
  • Галоўная высновы: беспалётная зона — гэта папулярная фраза, якое большасьць не разумее. Зяленскі хоча любой дапамогі, якую можна атрымаць, і ён бачыць гэта як спосаб займець саюзьнікаў у змаганьні. ЗША і NATO ня будуць рабіць стаўку на глябальную ядзерную вайну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG