Тэлеграм-канал ExtremScan апублікаваў дадзеныя сацыялягічных апытаньняў трох дасьледных праектаў — аднаго ўкраінскага і двух расейскіх — пра стаўленьне ўкраінцаў і расейцаў да вайны.
Украінскі дасьледны цэнтар InfoSapiens праводзіў апытаньне 14–15 сакавіка сёлета, расейскі праект «Афина» 28 лютага — 1 сакавіка, праект «Хроники» — 26-29 сакавіка. Ва ўсіх дасьледаваньнях было апытана каля 1000 чалавек.
Вынікі апытаньня паказваюць, што ўкраінскае грамадзтва ў вельмі малой ступені гатовае прыняць патрабаваньні Расеі, толькі па 10% лічаць прымальнай цаной за спыненьне баявых дзеяньняў прызнаньне незалежнасьці «ЛДНР» і расейскай прыналежнасьці Крыму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму большасьць расейцаў за вайну? Тлумачэньне дасьледчыка-сацыёлягаКрыху большая згода на выкананьне Менскіх пагадненьняў. Украінская ўлада на перамовах з Расеяй пагадзілася на нэўтральны статус Украіны і неўступленьне яе ў NATO. Але ў фармулёўцы «Забарона на ўступленьне Ўкраіны ў NATO» з такой саступкай згодная толькі траціна ўкраінцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перамовы Ўкраіны і Расеі ў Стамбуле пра спыненьне агню і гарантыі бясьпекі завяршыліся. Што кажуць бакіА ў Расеі толькі меншасьць (20%) гатовая на спыненьне баявых дзеяньняў без усялякіх умоваў. Каля траціны лічаць дастатковай умовай для спыненьня вайны забарону на ўступленьне Ўкраіны ў NATO — прыкладна столькі ж, колькі і ва Ўкраіне гатовыя на выкананьне гэтай умовы дзеля спыненьня вайны.
Значна больш расейцаў — каля 40% — лічаць прымальнымі ўмовамі спыненьня вайны прызнаньне Ўкраінай незалежнасьці «ЛДНР» і расейскай прыналежнасьці Крыму. І столькі ж лічаць такой умовай капітуляцыю ўкраінскага войска, што азначае поўную ваенна-палітычную паразу Украіны.
Такая нясумяшчальнасьць уяўленьняў двух народаў тлумачыць складанасьць дасягненьня мірнага пагадненьня паміж імі: максымум, на які гатовае адно грамадзтва дзеля спыненьня вайны, — гэта мінімум, пры якім другое гатовае вайну спыніць.
Гэтая нясумяшчальнасьць праяўляецца і ў адказах на пытаньне аб чаканай рэакцыі ўкраінцаў на вайну. У Расеі ў апытаньні «Афины», праведзеным праз тыдзень пасьля пачатку вайны, 30% адказалі, што гэтая рэакцыя будзе варожай. Магчыма, на гэта паўплывала хада вайны і зьвесткі пра супраціў украінцаў, магчыма, расейцы, якія так адказалі, і ад пачатку ня надта верылі тэзам прапаганды, што расейскае войска будуць сустракаць кветкамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 70% украінцаў віну за агрэсію супраць Украіны ўскладаюць на Лукашэнку — вынікі апытаньняЯк патлумачыла прадстаўніца праекту «Афина» Алена Конева ў інтэрвію «Медузе», з гэтых 30% дзьве траціны (20% ад усіх апытаных) падтрымліваюць вайну з Украінай. Паводле Коневай, гэтая пятая частка расейскага грамадзтва — гэта цьвёрдае ядро падтрымкі вайны, гэтыя людзі ня цешаць сябе ілюзіяй, для іх украінцы — ворагі, якіх трэба перамагчы, а ня вызваліць.
А ва Ўкраіне пераважная большасьць насельніцтва гатовая нават са зброяй у руках супрацьстаяць расейскім войскам. З гэтага вынікае, што адмоўнае стаўленьне да «вызваліцелеў» ва Ўкраіне амаль пагалоўнае.
Такая ж люстэркавая карціна — у спадзяваньнях адносна вынікаў вайны. Ва Ўкраіне пераважная большасьць упэўненая, што расейскі напад будзе адбіты. У Расеі таксама большасьць упэўненая, што Расея атрымае ваенную перамогу ва Ўкраіне, хоць цалкам упэўненыя ў гэтым крыху менш за палову рэспандэнтаў. Ва Ўкраіне ўпэўненасьць у ваенным посьпеху свайго боку вышэйшая, чым у Расеі — у посьпеху свайго.
Некаторыя палітыкі, грамадзкія дзеячы і публіцысты ва Ўкраіне кажуць, што цяперашняя вайна Расеі з Украінай — гэта вайна Пуціна. Пра гэта, у прыватнасьці, гаварыў прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн у сваёй прамове ў Варшаве. Аднак большасьць украінцаў так ня лічаць, яны ўскладаюць адказнасьць і на шараговых расейцаў: амаль палова ўскладае на іх віну цалкам, яшчэ 30% — часткова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн зьвярнуўся да расейцаў: Успомніце 1940-я гады ў Расеі. Менавіта такі жах прынесла ва Ўкраіну расейская арміяНягледзячы на тое, што Захад наўпрост ня ўдзельнічае ў вайне, а NATO ўпарта адмаўляе Ўкраіне ў закрыцьці яе неба, большасьць расейцаў упэўненыя, што ў вайне вінаваты менавіта Захад. На Ўкраіну, зь якой Расея, уласна, і ваюе, ускладаюць віну ў чатыры разы менш расейцаў.
Хіба не адзінае, у чым дзіўным чынам аказаліся згодныя абодва грамадзтвы, — дык гэта ў ацэнках меркаванай працягласьці вайны. Пераважная большасьць, прычым аднолькавая, лічыць, што баявыя дзеяньні працягнуцца некалькі месяцаў.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі