«Спачатку было вельмі страшна. А потым крыху прывыкаеш»
У Бучу Карына пераехала незадоўга перад вайной. З пачаткам баявых дзеяньняў думалі, што ў прыгарадзе будзе спакойна. А сталася наадварот — Буча месьціцца паміж рэгіянальным аэрапортам Гастомель і вайсковай часткай.
«У мяне пад вокнамі хадзілі расейскія вайскоўцы з аўтаматамі, езьдзяць БТРы. У нас выбухі зь першага дня, афіцыйна эвакуацыя немагчымая! Былі выпадкі, калі рэальна людзей расстрэльвалі», — апавядае Карына.
Your browser doesn’t support HTML5
Цяжка ўзгадваць, што яна перажыла, прызнаецца Карына.
«Страшна было, калі ляцеў СУ-25, які потым зьбілі. Гэта было зусім побач — мне здалося, што ён да нас у фортку заляціць. Калі штосьці выбухае, ты выходзіш праз вакно, а побач амаль з кожнага вакна дым ідзе. Бамбанулі нейкі цэх. Паклалі ўсе платы ў цэнтры. У прыватныя дамы заяжджалі, а дарогі проста ўсыпаныя гільзамі — і не з аўтамата Калашнікава, а з БТР. Бэтонная сьцяна ўся дзіравая. Дамы бяз дахаў, проста трэш.
Спачатку было вельмі страшна. А потым крыху прывыкаеш. Грыміць пастаянна, не было ні дня, ні ночы, каб не грымела. Баі ідуць безупынна, толькі адзін раз гучней, другі цішэй — залежыць ад адлегласьці», — расказвае яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пажар на Запароскай АЭС патушылі, яе пляцоўку захапілі расейцы. Дзявяты дзень вайны Расеі супраць УкраіныУ пэўны момант сталі шукаць магчымасьцяў выехаць з Бучы за грошы.
«Яшчэ ў абед адзін чалавек быў гатовы празь дзень забраць васьмярых за 2,5 тысячы даляраў. А ўвечары ён ужо хацеў 5 тысяч даляраў. Выйсьця адсюль проста няма, — кажа Карына. — Я пасядзела, падумала — і вырашыла дапамагаць. Працую валянтэрам у мясцовай радзе: каму прадукты паднесьці, каму лекі. Гастомель адрэзаны, туды нават інсулін людзям немагчыма падвезьці».
«Бегчы з краіны, дзе ідзе вайна, — гэта адно. Бегчы з краіны, дзе цябе могуць пасадзіць ні за што, — гэта іншае»
У самой Карыны і яе беларускіх сяброў гісторыі прыезду ва Ўкраіну зьвязаныя з рэпрэсіямі ў Беларусі. Карына — актывістка з Салігорску. У канцы сьнежня 2021 году, змучыўшыся ад перасьледу, вырашыла зьехаць зь Беларусі.
Беларуска-расейскую мяжу дзяўчына пераходзіла нелегальна, праз хмызьняк, лес, балота, якое ўжо падмерзла. Якраз у ноч на пасьля Раства — з 25 на 26 сьнежня. З сабой у Карыны было каля 200 даляраў, 150 давялося аддаць за дарогу.
«Бегчы з краіны, дзе ідзе вайна, — гэта адно, бегчы з краіны, дзе цябе могуць пасадзіць ні за што, — гэта іншае», — кажа яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 70% украінцаў віну за агрэсію супраць Украіны ўскладаюць на Лукашэнку — вынікі апытаньняУ Кіеве яе меў сустрэць «чалавек з Салігорску». Аднак гэтага не адбылося.
«Ён аказаўся падстаўным — на сувязь не выходзіў, і імя, і прозьвішча яго былі несапраўдныя, зьліваў кудысьці нашыя зьвесткі. Я засталася адна, бо раней адмаўлялася ад дапамогі іншых, бо была перакананая, што зямляк мяне сустрэне, арганізуе начлег», — кажа яна.
Часовы прытулак Карына пазьней знайшла ў доме Алены Жаркевіч, дзе жывуць беларусы-ўцекачы.
«Потым мы знайшлі кватэру ў Бучы, падпісалі дамову на год і заехалі. Там пазнаёміліся з жанчынай — Тацянай Рабцэвіч, якая таксама ўцякла зь Беларусі. Тыдзень гэтую кватэру «драілі», — узгадвае апошнія мірныя дні Карына Пацёмкіна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кадыраўцы ўначы разграмілі супэрмаркет і банкетавалі». Занатоўкі зь лініі фронту літаратара Сяргея ПрылуцкагаЯна апавядае драматычную гісторыю Тацяны Рабцэвіч, якая была назіральніцай на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году. Тацяна шматдзетная маці, мае чацьвёра дзяцей: дзяўчаты 17 і 13 гадоў і двое хлопчыкаў-блізьнюкоў, якім па 10 гадоў.
«Без дачок, з гэтымі хлопчыкамі-блізьнятамі Таня зьбягала зь Беларусі нелегальна праз Расею. Іх абстралялі на беларуска-расейскай мяжы. Уявіце — яны стаялі калі куста нерухома цягам трох гадзін. Хлопчыкі жудасна спалохаліся, адзін «абдзелаўся». А дзяўчаткі праз 2 дні яе даганялі з суправаджальнікам.
13-гадовая дзяўчынка ў момант, калі мама ўцякала з краіны, была ў Навінках. Трапіла туды, бо праз актыўнасьць маці на яе моцна ціснулі ў школе.
Была польская віза, але вырашыла застацца ва Ўкраіне
У Карыны была магчымасьць зьехаць у Польшчу яшчэ да вайны. Але яна вырашыла застацца ва Ўкраіне.
«Я якраз да таго часу здала зімовую сэсію — вучуся завочна. Але падумала, што ў Польшчы будзе моўны бар’ер, будзе цяжэй працягваць вучобу. Да таго ж ва Ўкраіне больш рэальна знайсьці добрую працу — гэта лепш, чым я буду працаваць у Польшчы на нейкім сховішчы.
Я ўжо схадзіла на сумоўе — тут адкрываўся супэрмаркет дзьвярэй, беларусы прывезьлі з сабой бізнэс. І я мела праз 4 дні выйсьці на працу.
А 24 лютага рана-рана Таня мяне будзіць і кажа: „Карына, апранайся. Вайна“. Я пачула выбухі», — распавядае пра павароты лёсу дзяўчына.
«Я ня дзеля таго прыехала ва Ўкраіну, каб бегчы ад Пуціна ці ад расейскіх акупантаў»
Стаўленьне да беларусаў, сьцьвярджае Карына, не зьмянілася. Напрыклад, незнаёмы ўкраінец, даведаўшыся, што яна беларуска, аддаў ёй банкаўскую картку з грашыма, бо рахункі беларусаў ва Ўкраіне заблякавалі.
Апавядаючы пра сваю валянтэрскую працу, Карына пералічвае заяўкі, якія валянтэры атрымалі 3 сакавіка:
1. «Заваліла людзей у суседнім дома, калі ласка, прыяжджайце»
2. «У Гастомелі ў падвале 14 чалавек безь нічога (безь сьвятла, ацяпленьня, вады, ежы). Шляхі туды адрэзаныя».
3. У Ворзелі чацьвёра дзяцей у падвале, бацькі загінулі. Дапамажыце.
Яна працягвае расказваць, што адбывалася ў Бучы ў першыя дні вайны.
«Вельмі ўзрушыла, калі Таня на другі дзень падымае ўсіх сваіх чацьвярых дзяцей а 5-й раніцы і садзіць іх у шэраг да апорнай сьцяны. Сядзець трэба вельмі ціха, каб чуць, што адбываецца за вакном. І ніводзін зь меншых не заплакаў. У кватэры няма ацяпленьня, дзеці прастудзіліся. Тут толькі адзін цёплы падвал на ўсю Бучу. Нам абрубалі электрычнасьць, сувязь. Мы содні ня ведалі, што адбываецца», — кажа яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Працаваў праграмістам, нармальна зарабляў». Хто такі беларус Ільля «Літвін», які загінуў за ЎкраінуКарына кажа, што колькі людзей загінула ці завалена ў падвалах, падлічыць немагчыма.
«Людзі ня могуць паехаць і разабраць завалы, пакуль тут крыху не супакоіцца. Ніхто статыстыку заваленых і загінулых ня дасьць», — эмацыйна кажа яна і ня можа стрымаць сьлёз.
«У сераду 2 сакавіка эвакуавалі два вагоны людзей з Ірпеня. Што там адбывалася, проста жах, — працягвае Карына. — Але з Бучы людзей немагчыма эвакуаваць. Да таго ж вакол узарвалі ўсе масты, і Буча апынулася як на высьпе. Сувязі з Кіевам няма».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы вызвалім усё, настрой баявы». Беларускі добраахвотнік ваюе за ЎкраінуКарына шле сэлфі, якое яна зрабіла 4 сакавіка ў бомбасховішчы. Кажа, што сёньня абстаноўка стала яшчэ больш небясьпечнай.
«Я нікуды ня зьеду адсюль. Я не дзеля таго прыехала ва Ўкраіну, каб бегчы ад Пуціна ці ад расейскіх акупантаў. Мяне Бог у цемечка пацалаваў, мяркуючы па тым, што я ўжо перажыла.
Мае сябры з Салігорску перажываюць за мяне. Хочуць прыехаць сюды, каб ваяваць. Угаворваюць ўсё ж неяк выехаць. Але пасьля таго, як я пабачыла Таніных дзяцей каля сьцяны і Таніны вочы, — я сказала, што нікуды не паеду».