Пуцін падпісаў закон пра «фэйкі»
Раней у пятніцу Дзяржаўная дума Расеі прыняла адразу ў трох чытаньнях законапраект аб крымінальнай адказнасьці за так званыя «фэйкі» аб дзеяньнях расейскіх Узброеных сілаў ва Ўкраіне. Людзям можа пагражаць да 15 гадоў турмы.
У Расеі пачынаюць блякаваць Youtube
Пра гэта сьведчаць дадзеныя сэрвісу GlobalCheck
Расейскія войскі занялі горад Трасьцянец у Сумской вобласьці Ўкраіны
Кіраўнік Сумскай абласной адміністрацыі Дзьмітро Жывіцкі піша, што расейцы кантралююць падстанцыю хуткай дапамогі і не дазваляюць мэдыкам выяжджаць на выклікі — толькі на экстраныя да дзяцей. Паводле яго, мэдыкаў папярэдзілі, што яны будуць расстраляныя, калі парушаць забарону. Мясцовае насельніцтва не мае магчымасьці купіць прадукты — усе крамы разрабаваныя, ідуць ператрусы, у горадзе працуюць снайпэры.
Ва Ўкраіне завочна арыштавалі расейскага рэжысэра Мікіту Міхалкова
Міхалкова падазраюць у замаху на тэрытарыяльную цэласьць Украіны за яго выказваньні у падтрымку «ваеннай спэцапэрацыі» Расеі, паведаміла генэральная пракурорка Ўкраіны Ірына Венядзіктава.
У Расеі цалкам заблякавалі Twitter
Пра гэта паведаміла «Медиазона» з спасылкай на праект RKN Dump Check. Неўзабаве інфармацыю афіцыйна пацьвердзіў «Роскомнадзор».
Паводле сэрвісу GlobalCheck, даступнасьць сацыяльнай сеткі ў Расеі — 0%. Карэспандэнты «Медиазоны» не змаглі адкрыць Twitter без VPN.
Зяленскі праз Zoom зьвярнуўся да людзей на плошчах эўрапейскіх гарадоў
МАГАТЭ тэрмінова праінспэктуе ўкраінскія АЭС, паведамляе «Енергоатом»
Старшыня МАГАТЭ Рафаэль Гросі заявіў, што агенцтва плянуе прыслаць інспэкцыю ва Ўкраіну для праверкі АЭС у сувязі з абстрэлам Запароскай атамнай станцыі.
Пра гэта паведамляе ўкраінскае дзяржаўнае ведамства «Енергоатом». Таксама плянуюць правесьці праверку ў Чарнобыльскай зоне.
Сэпаратысты Прыднястроўя заклікалі Малдову прызнаць іх незалежнымі. Малдова падае заяўку ў Эўразьвяз
Пасьля абвешчаньня кіраўніцтвам Малдовы аб падачы заяўкі на ўступ у Эўразьвяз улады самаабвешчанага Прыднястроўя заклікалі Малдову прызнаць незалежнасьць рэгіёну і падпісаць міждзяржаўную дамову.
Прыднястроўе — сэпаратысцкі рэгіён Малдовы, фактычна непадкантрольны Кішынёву з 1992 году. Паводле малдоўскіх законаў тэрыторыя на левым беразе Днястра з насельніцтвам каля паўмільёна чалавек мае статус «аўтаномнага тэрытарыяльнага ўтварэньня з асаблівым праўным статусам».
Расея ўжо больш за дваццаць гадоў трымае ў Прыднястроўі каля 1700 вайскоўцаў.
У Расеі заблякавалі Facebook
Прэзыдэнт кампаніі Meta (якая валодае Facebook) Нік Клег заявіў: «Хутка мільёны звычайных расейцаў даведаюцца, што іх адрэзалі ад дакладнай інфармацыі, пазбавілі іх штодзённай магчымасці размаўляць зь сям’ёй і сябрамі і прымусілі маўчаць. Мы працягнем рабіць усё, каб аднавіць нашы сэрвісы, каб яны засталіся даступнымі для людзей, якія змогуць бясьпечна выказваць свае думкі і арганізоўваць свае дзеяньні».
Раней у пятніцу Дзяржаўная дума Расеі прыняла адразу ў трох чытаньнях законапраект аб крымінальнай адказнасьці за так званыя «фэйкі» аб дзеяньнях расейскіх Узброеных сілаў ва Ўкраіне. Людзям можа пагражаць да 15 гадоў турмы.
BBC прыпыняе працу ў Расеі
У адказ на прыняты расейскімі ўладамі новы закон аб асьвятленьні навін у Расеі, генэральны дырэктар BBC Тым Дэйві заявіў:
«Гэты закон робіць крымінальна караным сам працэс незалежнай журналістыкі. Гэта не пакідае нам іншага выбару, акрамя як часова прыпыніць працу ў Расейскай Фэдэрацыі ўсіх журналістаў BBC News і дапаможнага пэрсаналу, пакуль мы ацэньваем усе наступствы гэтай непрывабнай падзеі».
Дзяржаўная дума Расеі прыняла ў пятніцу адразу ў трох чытаньнях законапраект аб крымінальнай адказнасьці за так званыя «фэйкі» аб дзеяньнях расейскіх Узброеных сіл ва Ўкраіне. Людзям можа пагражаць да 15 гадоў турмы.
У Барадзянцы пад заваламі могуць быць каля 100 чалавек, — служба надзвычайных сытуацыяў Украіны
Пад заваламі дамоў у горадзе Барадзянка Кіеўскай вобласьці могуць знаходзіцца каля 100 чалавек, іх лёс пакуль невядомы. Пра гэта паведаміла прэсавая сакратарка Дзяржаўнай службы надзвычайных сытуацыяў (ДСНС) Украіны Вікторыя Рубан.
Паводле яе, на гэты момант доступу да пацярпелых ратавальнікі ня маюць. Рубан расказала, што 3 сакавіка група ратавальнікаў ДСНС выехала ў Барадзянку і была абстраляная.
Падчас расейскага ўварваньня некалькі жылых дамоў у Барадзянцы былі разбураныя ўдарамі расейскай авіяцыі.
У Мікалаеве ўкраінскія вайскоўцы адбілі аэрапорт Кульбакіна
Пра гэта паведамляе UNIAN.
«Новая газета» выдаліць шэраг матэрыялаў пра вайну ва Ўкраіне
Расейская «Новая газета» праз пагрозу крымінальнага перасьледу паводле новага закону аб «фэйках» выдаліць шэраг матэрыялаў пра вайну ва Ўкраіне. Дзяржаўная дума Расеі прыняла ў пятніцу адразу ў трох чытаньнях законапраект аб крымінальнай адказнасьці за так званыя «фэйкі» аб дзеяньнях расейскіх Узброеных сіл ва Ўкраіне. Людзям можа пагражаць да 15 гадоў турмы.
EРАМ пералічыла ў бюджэт Украіны $1,66 млн падаткаў авансам
Кампанія, заснаваная ў Беларусі, а цяпер найвялікшая IT-кампанія Ўкраіны, пералічыла ў дзяржаўны бюджэт падатак на прыбытак за першы квартал 2022 году авансам. Ідзецца пра 50 млн грывень ($1,66 млн).
«Сёньня мы разам робім усё магчымае, часам і немагчымае, каб наблізіць мір ва Ўкраіне. Каб зьберагчы краіну і яе людзей. Каб мець магчымасьць працягваць разьвіваць тут высокатэхналягічны бізнэс. Пазыцыя кампаніі ясная і празрыстая — асуджэньне вайны і дапамога краіне», — гаворыцца ў рэлізе.
Канцлер Нямеччыны заклікаў Пуціна вывесьці войскі з Украіны
Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц правёў тэлефонную размову з Уладзімірам Пуціным. Пра гэта паведамляе DW.
Прадстаўнік нямецкага ўраду Штэфэн Гэбэштрайт паведаміў, што Шольц заклікаў «расейскае кіраўніцтва неадкладна спыніць усе баявыя дзеяньні» і запатрабаваў ад Пуціна забясьпечыць доступ гуманітарнай дапамогі ў раёнах баёў. Прэзыдэнт РФ у сваю чаргу паінфармаваў Шольца аб плянах правядзеньня трэцяга раўнду расейска-ўкраінскіх перамоваў «у канцы тыдня».
Канцлер Шольц выключыў магчымасьць удзелу бундэсвэру ў вайне ва Ўкраіне, распачатай Расеяй. Пра гэта ён заявіў, наведваючы апэратыўнае камандаваньне нямецкіх узброеных сілаў. «Мы не зьяўляемся часткай ваеннага канфлікту, які адбываецца там, і ня станем ёю. Для нас відавочна, што NATO і краіны-чальцы альянсу ня будуць удзельнічаць у гэтай вайне», — заявіў Шольц.
ААН: з пачатку вайны ва Ўкраіне загінуў як мінімум 331 мірны жыхар
Зь іх 19 — дзеці. Пры гэтым ААН удакладняе, што сапраўдныя лічбы могуць быць нашмат большыя, піша Reuters. Паводле зьвестак арганізацыі, яшчэ прынамсі 675 мірных жыхароў атрымалі раненьні. Прычынай сьмерцяў большасьці мірных жыхароў сталі артылерыйскія абстрэлы і выкарыстаньне рэактыўных сыстэмаў залпавага агню і авіяўдараў, лічаць у ААН.
Краіны NATO не адправяць ва Ўкраіну вайскоўцаў і баявыя самалёты
Блёк NATO ня будзе пасылаць ва Ўкраіну сваіх вайскоўцаў, а таксама не адправіць у краіну баявыя самалёты. Аб гэтым заявіў генэральны сакратар арганізацыі Енс Столтэнбэрг у пятніцу пасьля нарады кіраўнікоў МЗС краін NATO ў Брусэлі.
Столтэнбэрг падкрэсьліў, што Паўночнаатлянтычны зьвяз не імкнецца да вайны з Расеяй, а простае ўмяшаньне NATO ў канфлікт ва Ўкраіне падвышае рызыку такой вайны.
Столтэнбэрг пацьвердзіў, што на сустрэчы абмяркоўвалі прапанову Кіева ўвесьці над краінай беспалётную зону — што азначала б, што расейскія самалёты і ракеты над Украінай будуць зьбіваць. Аднак краіны NATO заявілі, што ня будуць уводзіць такую зону — зноў-такі з прычыны рызыкі эскаляцыі канфлікту.
Офіс прэзыдэнта Ўкраіны: пагрозы ўцягваньня беларускіх войскаў у наземную апэрацыю Расеі ва Ўкраіне няма
Дарадца Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхайла Падаляк мяркуе, што Беларусь пакуль не гатовая залучаць сваё войска ва ўдзел у расейскай вайне супраць Украіны.
«Там няма мабілізацыі ў тым аб’ёме, каб Беларусь узяла ўдзел у баявых дзеяньнях. То бок Беларусь ня будзе ўдзельнічае, прынамсі на сёньня яна ня ўдзельнічае і ў нас няма інфармацыі, што яна гатовая ўдзельнічаць у баявых дзеяньнях на баку Расейскай Фэдэрацыі. Гэта афіцыйная інфармацыя», — сказаў Міхайла Падаляк на прэсавай канфэрэнцыі 4 сакавіка.
Але Падаляк нагадаў, што Беларусь надала Расеі сваю інфраструктурную тэрыторыю для войскаў Расеі ў межах саюзных дачыненьняў. «Але ня больш за тое», — дадаў ён.
«Пакуль што на сёньня пагрозы зь беларускага боку, наўпроставага ўварваньня, то бок уцягваньня іх у наземную апэрацыю няма», — кажа Міхайла Падаляк.
Эўразьвяз прыпыняе трансьмежнае і транснацыянальнае супрацоўніцтва зь Беларусьсю і Расеяй
Пасьля ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны і паводле рашэньня Эўракамісіі аб поўным выкананьні ўсіх абмежавальных мераў ЭЗ Камісія прыпыніла супрацоўніцтва з Расеяй і яе хаўрусьнікам Беларусьсю ў рамках праграмаў трансьмежнага супрацоўніцтва.
Агульнае фінансаваньне ЭЗ для дзьвюх праграмаў зь Беларусьсю складала 257 мільёнаў эўра, а для васьмі праграмаў з Расеяй — 178 мільёнаў эўра.
Пяскоў: Пуцін «асабіста прымае рашэньні» пра дзеяньні расейскіх войскаў ва Ўкраіне
Прэзыдэнт Расіі Уладзімір Пуцін самастойна прымае рашэньне аб дзеяньнях расейскіх войскаў, якія ўварваліся ва Ўкраіну.
Пра гэта паведаміў ягоны прэс-сакратар Дзьмітрый Пяскоў, перадае расейскае дзяржаўнае агенцтва ТАСС.
Такім чынам Пяскоў нібыта пракамэнтаваў заклік прэзыдэнта Чачэнскай Рэспублікі Рамзана Кадырава да Пуціна аддаць загад аб «рашучым штурме» Украіны.
«Вярхоўны галоўнакамандуючы (Пуцін. — рэд.) атрымлівае інфармацыю, у тым ліку такія прапановы. І менавіта Вярхоўны галоўнакамандуючы вырашае, як і якімі сродкамі выконваць існыя задачы падчас гэтай апэрацыі», — сказаў прэс-сакратар Крамля.
Расейскія войскі рэгулярна абстрэльваюць цывільныя аб’екты ва ўкраінскіх гарадах, забіваючы і ранячы мірных жыхароў.