Мы ў адным з «гарачых пунктаў» краіны. Праз Бучу ідзе траса на Кіеў. Паралельна, на поўдні — яшчэ адна траса: адтуль мы таксама чуем гул артылерыі. Кватэра, у якой нам далі прытулак — у «ціхім» квартале. Але адзін са снарадаў даляцеў і сюды. У дом з самага краю. Жыхары тут заціснутыя з усіх бакоў. Ня выехаць ні ў сталіцу, ні на захад.
*
Дзень сёмы. Сёньня ўласьнікі прадуктовай крамы раздавалі людзям бясплатна ўсё, што засталося. Не было ні «штурму», ні бойкі, ні нават мацюкоў. Але на імгненьне заўважыў у кагосьці ў вачах гэты першабытны інстынкт «выжывае мацнейшы». Маленькая прыватная крама каторы дзень распрадае рэшткі. Яшчэ трошкі, апусьцее і яна. Надзея ў людзей застанецца толькі на валянтэраў. Ваду, калі яе вырубілі падчас першых абстрэлаў, мы хадзілі набіраць да суседняй будоўлі, дзе яе пампуюць са сьвідравіны і разьліваюць са шлянга. Побач — кампактны недабудаваны жыльлёвы комплекс з некалькіх шматпавярховікаў. Цяпер невядома, ці дачакаюцца ўласьнікі кватэр навасельля. І ці «дажывуць» будынкі да канца вайны. Бо ў суседні — жылы — снарад ужо трапіў.
*
Таго, звычайнага, жыцьця ня тое што няма — яго ўжо і ня будзе. І цябе «ранейшага» ня будзе. Усьведамленьне гэтага факту чым далей, тым болей адкрывае маштаб трагедыі. З тваёй першай (акупаванай ворагам) радзімы запускаюць ракеты па другой радзіме. Твае бацькі і ўсе родныя — там, ты — тут. Твой сын у свае 4 яшчэ ня ўмее чытаць, але ўжо мае першыя ўрокі выжываньня.
*
У кнігах пра вайну заўжды ўражвала, як людзі падчас сусьветнай катастрофы спакойна пасьвяць коней, езьдзяць на трамваі, гатуюць каву… Сёньня, пасьля адлігі, выпаў сьнег. Выйшлі з сынам на вуліцу і пакідаліся сьнежкамі на пустой дзіцячай пляцоўцы. Тумблер мозгу пераключаецца не да канца, толькі напалову: ты «завісаеш» між гульнёй і рэчаіснасьцю. І пры першым гуле снарадаў бяжыш з малым у сховішча.
*
Восьмы дзень вайны. З ранку да вечара зачышчалі ад расіян горад. Пастаянная беганіна з пакою ў бамбасховішча, ролю якога ў нас выконвае ванны пакой.
*
Дзень дзявяты. Пасьля ўчорашніх перамоваў зьявілася інфармацыя, што будуць эвакуаваць дзяцей, жанчын і пажылых людзей. Сяброўка зь дзецьмі і жонка з сынам сядзяць на торбах. Мінула пара гадзін — інфармацыя аказалася фэйкам. На вуліцах зноў кадыраўцы, танкі прасунуліся бліжэй да цэнтру, на вуліцу Хмяльніцкага. Зноў моцныя выбухі, страляніна. Кажуць, кадыраўцы ўначы разграмілі супэрмаркет і банкетавалі. У адным з пад’ездаў у іншым канцы гораду ўскрылі дзьверы і забілі мужчыну. Кажуць, ягонае цела дагэтуль ляжыць у двары.
Напад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы пачалі бамбаваць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
- У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
- 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.