«Украіна не здаецца, і мы не здамося!». Беларуская доктарка ў Адэсе пад выцьцё сырэнаў і гукі выбухаў лекуе хворых

Ірынай Шарафановіч

Паразмаўлялі з доктаркай Ірынай Шарафановіч, якая засталася ў Адэсе і дапамагае Ўкраіне.

«Калі я зьеду з Украіны, не змагу сябе паважаць»

Ірына Шарафановіч — доктарка зь Менску, гематоляг. Жанчына жыве ў Адэсе з жніўня 2021 году, пераехала з палітычных прычынаў. Ірына звольнілася з працы ў Беларусі пасьля забойства Рамана Бандарэнкі.

«Гэтае забойства, сьмерць маладога хлопца ўзрушыла мой эмацыйны стан настолькі, што я зразумела — гэта мая чырвоная лінія, пасьля перасячэньня якой я не магу працаваць у сваёй роднай краіне. Гэта мой асабісты страйк, асабісты пратэст. Я вельмі незалежная асоба. На той момант у мяне не было ніякіх плянаў працаўладкаваньня. Але ж ёсьць сябры, і ў сьвеце шмат такіх, як я, беларусаў».

З дапамогай сяброў Ірына апынулася ў Адэсе. У той момант дакладна разумела, што хоча працягваць працаваць доктаркай, — кажа яна.

Ірына ў Адэсе да пачатку вайны

«Калі не ўдаецца быць патрэбнай на сваёй радзіме ў такі цяжкі час, я выбіраю Ўкраіну. Не сакрэт, што краіна небагатая, шмат праблемаў з мэдыцынай, таму хачу лячыць украінскіх людзей. Пачуцьце альтруізму часам прыносіць ня менш радасьці, чым высокія заробкі. І ў рэшце рэшт — тут мора і сонца, а я так марыла пажыць на моры, а ня толькі вандраваць і адпачываць на ім».

Ірына працуе ў клініцы, ужо мае сваіх пацыентаў. Жанчына прызнаецца, што ёй вельмі падабаюцца ўкраінцы, яны ветлівыя, прыязныя і свабодныя людзі.

«Гэта адчувалася зь першых дзён. Я зноў адчувала радасьць, весялосьць, чаго не было ўжо год. Нарэшце пазбавілася стрэсу, нажытага ў Беларусі за часы рэпрэсіяў. Украінцы прынялі мяне ў сваю супольнасьць, адчынілі дзьверы як родныя, дапамаглі з жыльлём. Я не адна, са мной працуюць мае калегі зь Беларусі. Я ня вывучыла яшчэ ўкраінскую мову, але ж гэта ніяк не адбіваецца на якасьці майго жыцьця ва Ўкраіне. Зараз я магу сказаць: я люблю Ўкраіну! Я люблю Адэсу!»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Буду ваяваць за Ўкраіну, бо нідзе больш не знайду такіх сяброў». Як беларусы дапамагаюць Украіне

«Ніхто з маіх пацыентаў не размаўляў пра вайну. Адзін хворы абняў мяне, дзякаваў, плакаў»

Вайна ў Адэсе пачалася а 5-й раніцы.

«Я прачнулася ад моцных ракетных выбухаў. Сыгналілі машыны. Усе мы ведалі з навін пра пляны вайны, усе чакалі. Але ўсе ж адбылося нечакана жахліва, трывожна. Мне гэта нагадала ўрокі гісторыі і літаратуры. Мы раптам апынуліся а 4-й гадзіне 22 чэрвеня 1941: „Усё? Пачалося?“. Я праверыла навіны, там яшчэ нічога не было. Ці было страшна? Было. Але ні ў кога не было панікі. Сьлёз у мяне таксама не было, у іншых — так. Але ўсе людзі зь першага дня максымальна арганізаваныя, яны прыйшлі на працу, пачалі дзень ва ўмовах ваеннага становішча».

Марш за аб'яднаную Ўкраіну ў Адэсе 20 лютага, за 4 дні да нападу Расеі

Рашэньне — застацца ва Ўкраіне ці не — жанчына прымала ў першы дзень вайны.

«Было шмат пацыентаў, шмат працы, стрэсавая сытуацыя. Людзі прыходзілі як заўсёды, бяз панікі, але ўстрывожаныя, гэта было заўважна. Ніхто з маіх пацыентаў не размаўляў пра вайну. Першая рэакцыя — адмаўленьне: хаця б не гаварыць пра гэта. Ніхто не разумеў — а што цяпер? Адзін хворы абняў мяне, дзякаваў, плакаў».

Падчас працы

У Ірыны была магчымасьць паехаць у Польшчу.

«Я зразумела: калі зьеду з Украіны, не змагу сябе паважаць. Украіна, якая прыняла мяне як родную, з маёй расейскай прафэсійнай мовай, з маёй беларускай нацыянальнасьцю, з маімі праблемамі і маім горам за сваю краіну. Таму цяпер мая чарга. Таксама думкі пра маіх украінскіх пацыентаў, якім я патрэбная цяпер. Адна мая пацыентка — дзяўчына, 29 год, у яе лімфома. Калі ня я, то хто? Я — беларуска, я хачу быць разам з украінцамі. Хачу лячыць украінцаў. Хачу жыць тут. Я не хачу бегчы і прасіць дапамогі, я сама хачу дапамагчы. І гэта не моцныя словы дзеля інтэрвію, гэта маё асэнсаванае рашэньне. І я не адна ў сваім рашэньні: многія беларускія дактары — і ў Адэсе, і ў Кіеве».

«Чэргі ў донарскіх пунктах Адэсы былі такія доўгія, што не відаць канца»

Жанчына кажа, што пакуль у Адэсе абстаноўка адносна спакойная.

«Горад кантралююць узброеныя сілы Ўкраіны. Часам адбываюцца выбухі, працуе супрацьпаветраная абарона, чуваць перастрэлкі. Амаль штодзень сырэны паветранай трывогі клічуць нас у бамбасховішча. Мы жывем кожны ў сваёй кватэры, ведаючы, куды бегчы ў час трывогі і бамбаваньня. Опэрны тэатар абкладзены мяшкамі зь пяском. Гэта нібы 1941 год. Увялі камэнданцкую гадзіну з 19 да 6 раніцы. Працуюць прадуктовыя крамы, аптэкі, усе лякарні. Днём працуе транспарт. Таксама працуюць таксісты, некаторыя нават бясплатна. Украінцы вельмі салідарныя».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі ўкраінцы разумеюць, што ты не лукашыст, то ставяцца добра». Як беларусы дапамагаюць Украіне

У клініку, дзе працуе Ірына, прывозілі параненых, ня ўсе зь іх выжылі. Жанчына дадае, што, наколькі ведае, шмат параненых і ў Мікалаеве.

«З 25-га лютага абвясьцілі, што патрэбная кроў для параненых. Чэргі ў некалькіх донарскіх пунктах Адэсы былі такія доўгія, што не відаць было канца. Мэдыкі не спраўляліся, працавалі амаль да 3-й гадзіны ночы. Я таксама была донарам. Да нас прыйшоў пажылы чалавек, доктарка спыталася, колькі яму гадоў. Мужчыну было 77. Тады яна сказала: „Дзякуй вам вялікі, але не. Дзякуй за дапамогу, але ж трэба не нашкодзіць і сабе. Беражыце сябе“. Пасьля гэтага дыялёгу людзі правялі воплескамі мужчыну, які прыйшоў быць донарам. Людзі ўдзячныя. Людзі салідарныя. Людзі разам. Ёсьць арганізаванасьць і адсутнасьць панікі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пакуль беларускія вайскоўцы ня ўвойдуць ва Ўкраіну, адносіны паміж нашымі народамі можна яшчэ будзе выпраўляць», — украінскі экспэрт

«Украінцы вытрымліваюць гарматы і не здаюцца. Вы таксама вытрымаеце»

Жанчына прызнаецца, што адчувае страх, асабліва ў моманты выбухаў: страшна быць адной у кватэры ўначы.

Ірына Шарафановіч у Адэсе да вайны

«Але мы на гэты момант у тыле. І разумеем, які жах адбываецца ў гарадах на лініі фронту. Я працягваю працаваць і лячыць сваіх анкахворых. Таксама арганізаваныя онлайн-кансультацыі для тых, хто ня можа прыехаць у ваенны час. Сёньня пляную пачаць курс хіміятэрапіі майму пацыенту з лімфомай. Адна думка: толькі б не перашкодзіла бамбаваньне. Але трэба рабіць што трэба, і прарвемся».

Ірына дадае, што яе моцна загартавалі падзеі ў Беларусі ў жніўні 2020-га.

«Я пабачыла дно бяз дна. І я маральна гатовая нават больш, чым мае ўкраінскія калегі. Страшна. Але ёсьць і рашучасьць. Я ў захапленьні ад украінскай нацыі, ад сьмеласьці гэтых людзей. Яны запальваюць сьвятло!»

Жанчына кажа, што адчувае моцны сорам і боль ад таго, што дзяржава Беларусь апынулася на баку агрэсара.

«Мая краіна, якая перажыла Вялікую айчынную вайну, якая мела шматлікія жорсткія страты ў барацьбе з фашызмам, сама стала пляцдармам для фашызму. Так балюча, калі зь беларускіх аэрадромаў ляцяць самалёты-забойцы, калі беларускія памежнікі адчынілі браму танкам ворага. На каго? На Ўкраіну! У страшным сьне не прысьніцца. Учора ў мяне спыталіся: „Няўжо беларуская армія пойдзе ў нас страляць?“ Сорамна, хочацца ня верыць і крычаць: „НЕ! Няпраўда!“. У нас тут ужо не 16 дзяцей загінулі. Ужо шосты дзень вайны, ужо больш».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларус з Харкава: Землякі, не ідзіце сюды, бо многія ня вернуцца дадому

25 лютага беларусам і расейцам заблякавалі карты ўкраінскіх банкаў. Але жанчына кажа, што пра гэта ўвогуле не хвалюецца.

«За грошы не перажываем, гэтыя праблемы хутка вырашаюцца ў канкрэтных выпадках — наяўнасьць працы, віду на жыхарства. Але непрыемна сябе адчуваць грамадзянінам дзяржавы-агрэсара. Вось таму мы, беларусы, застаемся ва Ўкраіне разам з украінцамі. Ня ўсе беларусы — войска, і ня ўсе памяркоўныя. Украіна не здаецца, і мы не здамося. Разам былі ў радасьці, разам будзем у горы, разам да перамогі. Гэты народ не перамагчы!»

Таксама доктарка Ірына Шарафановіч зьвярнулася да беларусаў:

«Памятаю наш 2020-ы. Нашу салідарнасьць, радасьць і надзеі. Зараз мы маем другі шанец. Не падстаўляйцеся пад дубінкі, не аддавайце сябе ў ахвяры, але прачніцеся! Досыць баяцца, калі ня хочаце баяцца ўсё жыцьцё. Паглядзіце на Ўкраіну. Не працуйце на таго, хто адпраўляе танкі, самалёты і ракеты для забойства сваіх суседзяў і сяброў. Не працуйце, людзі! Ня будзьце рабамі. Забойцы забіваюць рукамі рабоў. Украінцы вытрымліваюць гарматы і не здаюцца. Вы таксама вытрымаеце. Дапамажыце ўкраінцам — і ўкраінцы дапамогуць нам. Разам пераможам! Слава Ўкраіне! Жыве Беларусь!»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Доктар Камароўскі беларусам: Падымайце бунт у канцлягеры, інакш застаняцеся там надоўга

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.