Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Доктар Камароўскі беларусам: Падымайце бунт у канцлягеры, інакш застаняцеся там надоўга


Яўген Камароўскі
Яўген Камароўскі

Папулярны ў Беларусі ўкраінскі лекар і тэлевядоўца Яўген Камароўскі ў інтэрвію Радыё Свабода расказаў, як украінцы жывуць ва ўмовах вайны, зьняпраўдзіў фэйкі расейскай прапаганды і зьвярнуўся да беларусаў.

Як выглядае жыцьцё ва ўмовах вайны

Я знаходжуся ва Ўкраіне і, як усе ва Ўкраіне, пачынаю дзень з абзвону знаёмых. Галоўная задача раніцай — выявіць, хто жывы. Вы можаце сабе ўявіць, што адчуваюць людзі, якія мусяць прачнуцца раніцай і пераканацца ў тым, што іхныя дзеці, жонкі, сваякі, сябры, што яны проста жывыя. І толькі пасьля гэтага мы пачынаем думаць, што рабіць далей з гэтым жыцьцём. Так што вельмі ўсё нявесела. У Харкаве, пэўна, авіяцыйная бомба ўпала на плошчу Свабоды. Гэта каля будынку абласной адміністрацыі. Гэта так званая высокадакладная зброя гэтых падонкаў. Вось так усё і адбываецца.

Што адкажаце тым, хто верыць, што Расея страляе выключна па вайсковых аб’ектах

Учора расейская армія абстраляла «Градамі» горад Харкаў, раён Салтаўка, у якім жыве паўмільёна чалавек, мірных жыхароў. Гэта вялізны спальны раён, дзе ніколі ня было вайсковай часткі, нічога ў прынцыпе. Таксама ўначы абстралялі Аляксееўку, гэта яшчэ адзін спальны раён. У Харкаве, хутчэй за ўсё, неабстраляных раёнаў ужо не засталося. Колькасьць зьнішчаных будынкаў — сотні. Забітыя, у тым ліку цывільныя і дзеці. Гэта немагчыма перадаць. Такое ўражаньне, што мы глядзім у дзяцінстве фільм пра Вялікую Айчынную вайну. І самае дзіўнае, што для народу Ўкраіны гэта сапраўды Вялікая Айчынная вайна.

Як перамагчы рускую прапаганду

Хай яна будзе праклятая, расейская прапаганда. Тыя, хто нас цяпер глядзяць, малаверагодна, каб нас глядзелі людзі, якія наеліся расейскай прапаганды. Тыя, хто паспытаў гэтае паскудзтва, гэты наркотык, яны будуць далей глядзець у вочы мярзотніку Салаўёву. І будуць хадзіць з раніцы да вечара з салаўіным памётам на мазгах. Таму нават калі 1% пачуе, пабачыць і зразумее, што тут забіваюць звычайных людзей, звычайных жыхароў Украіны... Яны ня ў стане справіцца з арміяй Украіны. Нельга справіцца з матываванымі людзьмі, якія абараняюць сваю зямлю. Іх можна толькі максымальна азлобіць, каб гэтых няшчасных хлопчыкаў тэрміновай службы перасталі шкадаваць, пачалі забіваць. Калі цяпер побач з Харкавам, за кальцавой, палова з тых, што стаіць, гэта ня толькі хлопцы, якія прайшлі падрыхтоўку, гэта людзі, якія ўзялі зброю, каб абараняць свой горад. У іх за сьпінамі жонкі і дзеці — вы разумееце, на што яны здольныя? Гэта ўжо не вайна, ня ведаю, як гэта будзе называцца.

Адзінае месца, дзе жывуць «бандэраўцы» — гэта галава Пуціна. Больш нідзе. Прычым гэта аказалася вельмі заразным, заразіўся яшчэ і беларускі дыктатар. Я б хацеў сказаць пра гэтую парачку, што яны хворыя, але прабачце, яны проста еб... ыя. Абодва. Кожны беларус разумее слова еб....ы. Хай гэта пачуюць і дзеці, бо гэта менавіта такія людзі. Яны не разумеюць нічога, яны сядзяць у сваім сьвеце, акружаныя лізаблюдамі, якія даносяць да іх толькі тую інфармацыю, якую яны хочуць. І яны пасьля трансьлююць гэтую інфармацыю на ўсіх іншых. Тут забіваюць народ Украіны. Ніякіх бандэраўцаў тут няма. Але самае дзівоснае тое, што нават калі б яны тут і былі, гэта не сабачая справа ні Пуціна, ні Лукашэнкі. Гэта нашая справа. Ніводзін чалавек з тэрыторыі Ўкраіны не прыйшоў у Беларусь або Расею. Гэта нашая краіна, і мы самі вырашым, што нам рабіць.

І расейскамоўны Харкаў і расейскамоўны Марыюпаль усяму сьвету даказваюць усю гэтую сьмярдзючую лухту людзей, якія расказваюць, як расейскамоўным кепска ва Ўкраіне. Расейскамоўныя людзі пасылаюць канкрэтна на тры літары, каб усім было зразумела, навошта вы сюды ідзяце. Шкада хлопцаў, яшчэ трошкі шкада тых, якія ідуць сюды і нічога не разумеюць. Ідуць сюды з пратэрмінаванымі пайкамі, без бронекамізэлек, нічога не разумеюць. Яны думаюць або прыкідваюцца, што яны проста на вучэньнях, выпрошваючы ежу. Зараз вашых беларускіх хлопцаў таксама сюды пашлюць. І яны тут застануцца, а беларускі народ будзе сядзець і чакаць, пакуль ім будуць прывозіць трупы або і ня будуць, будуць іх спальваць у перасоўных крэматорыях.

Ці верыце вы словам Лукашэнкі, што беларускія салдаты ня пойдуць ваяваць ва Ўкраіну?

Учора Лукашэнка заяўляў, што з тэрыторыі Беларусі ва Ўкраіну нічога не прыляціць, а пасьля крылатая ракета зь Беларусі прыляцела ў Жытомір. Гэта я ведаю дакладна. А што там яшчэ прыляцела, колькі танкаў зайшло з тэрыторыі Беларусі? Цяпер увесь напрамак ад Чарнобылю, ад Прыпяці на Кіеў, усе гэтыя танкавыя калёны, ідуць з тэрыторыі Беларусі.

Што вы жадаеце сказаць беларусам

Я жадаю, каб людзі ў Беларусі зразумелі, што цяпер вырашаецца лёс народу Беларусі. Народ Беларусі цяпер вырашае, што зь ім будзе далей. Што будзе далей з намі — абсалютна зразумела. Праз разруху, сьмерці, Украіна прыйдзе да свабоды пры дапамозе ўсяго сьвету. Украіна адбудуецца і будзе квітнець. З намі ці бяз нас, але так будзе. І нашыя дзеці ацалелыя будуць радавацца і жыць нармальна ў квітнеючай Эўропе. А вось што будзе з народам Беларусі, ня ведае ніхто. Народ Беларусі мае толькі два варыянты: або ён вызваліцца разам з намі і будзе разам з намі жыць у аб’яднанай Эўропе, або ён на доўгія гады будзе агорнуты цемрай агіднай аўтакратыі. Бо на зьмену гэтаму бандыту прыйдзе наступны. А мы ведаем, што беларусы могуць. Але гэта ўжо ня той этап, калі трэба падсьцілаць газэту на лаўку, перад тым як на яе стаць. Патрэбна ўжо іншае. Яны (улады. — РС) не пагодзяцца аддаць свае грошы, сваю ўладу, пазыцыю ў грамадзтве. Гэтыя пытаньні зь імі можна вырашаць толькі сілаю. Моладзі Беларусі, мужчынам Беларусі, жанчынам трэба разумець: вы цяпер вырашаеце, што будзе. Або вы застаняцеся на доўгія гады ў гэтым канцлягеры са смачным малаком...

Што могуць зрабіць беларусы

Распаўсюджвайце інфармацыю, дзяліцеся ёю, дамаўляйцеся, выходзьце па начах, блякуйце дарогу, па якой едуць аўтамабілі, танкі, цягнікі. Хіба беларусам трэба расказваць, як падарваць ветку на чыгунцы? Беларусы ўвесь сьвет могуць гэтаму навучыць. Вы ведаеце, па якой дарозе вязуць танкі да мяжы з Украінай. Зразумейце галоўнае. Калі вы цяпер не пазбудзецеся гэтых мярзотнікаў, яны з вамі на доўгія гады. Або вы зараз падымеце ў вашым канцлягеры бунт, або вы застаняцеся ў вашым канцлягеры. У вас няма іншых варыянтаў.

Чым могуць дапамагчы беларусы сьвету

Усё, што можна, трэба спрабаваць дастаўляць на межы з Польшчай, Вугоршчынай, Малдовай. А ўжо там нашыя лягістычныя цэнтры будуць вырашаць, як усё гэта па Ўкраіне распаўсюджваць. Іншых альтэрнатываў няма. У нас самае галоўная праблема — унутраная лягістыка, як даставіць ежу, мэдыкамэнты ў лякарні, у дамы з улікам камэнданцкага часу і пастаянных абстрэлаў. Для іх ужо не існуе нікога.

Чым усё скончыцца

Я магу прагназаваць хаду хваробы, калі я магу паставіць дыягназ. А ў гэтай сытуацыі гаворка ідзе пра сумесь шызафрэніі зь еб... цю. Такога дыягназу яшчэ ў прынцыпе ніхто ня бачыў, калі адзін хворы на галаву чалавек, які акружыў сябе незразумела кім, гэта ж таксама фактычна нелюдзі, якія стварылі яму ілюзію ўсёмагутнасьці; чалавеку, які ў інтэрнэт не заходзіць, а чытае толькі паперкі, што яму паклалі на стол; які нясе лухту, — гэты чалавек ня з гэтага сьвету. Ён еб... ты шызафрэнік. І вы хочаце, каб я сказаў, што ў яго далей будзе ў галаве? Пакуль у яго гэтая галава на плячах, ад яго можна чакаць чаго заўгодна. Сьвет павінен сачыць за ядзернай трыядай Расеі, за кожным самалётам і падводнай лодкай. Бо што яшчэ застаецца сьвету?

У чым сакрэт моцы ўкраінскай арміі

Армія складаецца зь людзей, якія абараняюць сваю краіну, жанчын і дзяцей, якія за імі. Ня сьпераду, як казаў шызафрануты правадыр, а за імі. І іх трэба абараніць любой цаной. Акрамя матывацыі, трэба разумець, што Расея тут ваюе з найлепшымі вайсковымі тэхналёгіямі сьвету. Бо сьвет працягвае Ўкраіне руку дапамогі. І колькасьць сродкаў проціпаветранай абароны, процітанкавай, сродкаў зьнішчэньня сілаў суперніка... Украіне ніхто ж не даваў наступальных узбраеньняў, Украіне пастаўлялі толькі абаронныя ўзбраеньні. Гэта ўжо скончылася. А цяпер ва Ўкраіну будзе заходзіць самая сучасная і найлепшая тэхніка. Расея ўжо страціла тысячы салдатаў, і гэтыя страты будуць павялічвацца. Мы бачым гэтыя палаючыя абломкі кожны дзень. Таму не спадзявайцеся толькі на нас. Лёс беларусаў вызначаецца толькі вамі.

Што скажаце расейцам

Я з вамі размаўляю кожны дзень. Усё, што я сказаў адносна беларусаў, у той ступені датычыць і народу Расеі, дзе мяне таксама практычна ўсе ведаюць. Вы павінны разумець, што цяпер гаворка ідзе пра вызвольную вайну, але гэта народ Украіны вызваляецца ад расейскіх агрэсараў, а народ Расеі вызваляецца ад хворых на галаву людзей, якія захапілі ўладу ў вашай цудоўнай краіне. І вы павінны разумець: ніхто ня прыйдзе да вас на дапамогу. Вось да нас прыйдуць на дапамогу ўсе, увесь сьвет. Але прыйсьці на дапамогу жыхарам Расеі могуць толькі жыхары Расеі. І Беларусі гэта датычыць у такой жа ступені. Слава Ўкраіне. Жыве Беларусь!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG