Лукашэнка зьбіраўся ў Кіеў на трактары. Цяпер камбінуе, як бы пад гэты «трактар» ня трапіць

Кіеў у агні ў выніку расейскага нападу. 26 лютага

Калі ва Ўкраіне стане зусім горача і ўласнага рэзэрву маладых расейскіх мужчын ваенкаматам РФ стане бракаваць, Лукашэнку, відавочна, аддадуць з Крамля адпаведны загад: увесьці ва Ўкраіну беларускія войскі. І няхай паспрабуе яго ня выканаць.

А гэта можа здарыцца. Бо ні ста, ні двухсот, ні нават трохсот тысяч салдат наўрад ці дастаткова, каб усталяваць паўнацэнны акупацыйны рэжым на такой вялізнай тэрыторыі, насельніцтва якой вядзе змаганьне з акупантамі. Мяркуючы па тым, што Масква цісьне на Казахстан, каб той накіраваў свае сілы для ўдзелу ў вайне на баку Расеі, на Менск такі ціск будзе аказаны тым больш.

Лукашэнку ёсьць чаго баяцца. Мы дакладна ня можам ведаць, якія дамоўленасьці існуюць паміж ім і Пуціным і якія «саюзьніцкія» патрабаваньні выстаўляе беларускаму рэжыму Крэмль. Праўда, Лукашэнка сьцьвярджае: «Мы не зьбіраемся ўцягвацца ў вайну. Нас ніхто пра гэта ня просіць. Там бяз нас здольныя разабрацца». Але веры гэтым сьцьвярджэньням ня больш, чым ягонаму колішняму абяцаньню, што «ніколі ня будзе, што з тэрыторыі Беларусі нейкія войскі атакуюць Кіеў. Ні-ко-лі!» і што «на танку ў Кіеве вы мяне ня ўбачыце. Калі і прыеду, то толькі на трактары». Што гэта за трактары, якія рушылі на Кіеў з-за беларускай мяжы, ва Ўкраіне ўжо ўбачылі. І бачаць штодня, пачынаючы з 24 лютага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі зьвярнуўся да беларусаў: «З вашай тэрыторыі забіваюць нашых дзяцей». ВІДЭА

Калі б бліц-крыг удаўся…

Калі пачалося расейскае ўварваньне ва Ўкраіну, мне ўспаміналіся кадры дакумэнтальнай кінахронікі 1938 году. Тыя, дзе гітлераўскія дывізіі ледзь не парадным крокам маршыруюць па брукаванцы Вены ды іншых аўстрыйскіх гарадоў і вёсак. А ўзрадаваныя аўстрыйцы кідаюць кветкі ў адкрытыя люкі гітлераўскіх танкаў.

Ці была імавернасьць таго, што падобным жа чынам пуцінскія танкавыя калёны будуць уступаць калі ня ў Кіеў, то ў пераважна расейскамоўныя гарады ўсходняй Украіны – Харкаў, Сумы, Чарнігаў? Безумоўна, была. Зусім верагодна, што на гэта і быў разьлік маскоўскіх стратэгаў, якія плянавалі агрэсію. Што іх будуць сустракаць як сваіх, як вызваліцеляў. Тое, што ніводзін з буйных украінскіх гарадоў, на якія вядуць наступ акупанты (ні Кіеў, ні Харкаў, ні Чарнігаў) дагэтуль не захоплены акупантамі, гэта відавочны посьпех Украіны, які надзвычай уражвае. Калі б бліц-крыг удаўся, Украіны, відаць, ужо не было б як адзінай дзяржавы. Тое, што яна выстаяла першыя дні, пакідае вялікую надзею.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прызнаў, што Беларусь удзельнічае ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Кіеў і Масква дамовіліся на перамовы. Хроніка вайны 27 лютага

Мой сябар юнацтва, які вельмі даўно, яшчэ да распаду СССР, пераехаў зь Беларусі ў Харкаў, заўсёды прыхільна ставіўся да ўсяго расейскага, заставаўся расейскамоўным (як і большасьць насельнікаў Харкава). 24-25-га лютага ў адказ на мае ўстрывожаныя пытаньні пра тое, што ў іх там робіцца, ён раптам перайшоў у сацсетках на беларускую мову:

«Зноў абстрэлы – на ўскраінах горада. Б’юць і па заводах… Сёньня зранку вось такая думка ў мяне. Хутка вясна, пацяплее: хто іхныя трупы зьбіраць будзе? А то на акружной у нас іх нямала ляжыць. Калі ўсё скончыцца, трэба іхных матак і бацькаў свабодна пусьціць празь мяжу, няхай адшукваюць, забіраюць сваіх. Іхнаму Пуціну яны ўжо не патрэбны».

Пераважная большасьць насельніцтва Харкава і іншых буйных гарадоў на ўсходзе Ўкраіны размаўляе па-расейску. Але думае – па-ўкраінску. І ў гэтым найбольшы пралік Пуціна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ехаў на вучэньні ў Беларусь. Як апынуліся ва Ўкраіне, не разумею». Пра палонных вайскоўцаў зь Сібіру паведамляюць іхныя сем’і

Фінскі досьвед супрацьстаяньня імпэрыі

Безумоўна, ва ўкраінскай арміі не было і няма ніякіх шанцаў перамагчы пуцінскія сілы ўварваньня ў адкрытым сутыкненьні.

Гэтак жа, як ніякіх шанцаў ня мела маленькая Фінляндыя ў 1938-1939 гадах, калі на яе абрынуліся магутныя сілы Чырвонай арміі, чыя колькасная і тэхнічная перавага была несувымерная. Здавалася, надзеі – ніякай. Але фінляндзкае кіраўніцтва выбрала, як паказала гісторыя, адзіна правільную стратэгію: абараняцца з усіх сілаў як мага даўжэй, прасіць дапамогі ў сьвету і ўзьняць на справядлівае змаганьне ўвесь народ.

Ачмурэлыя ад уласнай прапаганды сталінскія камбрыгі чамусьці верылі ў тое, што пралетарыят Фінляндыі будзе сустракаць іх як вызваліцеляў «ад капіталістычнага прыгнёту». (Як зараз расейскія палітрукі настройваюць няшчасных 20-гадовых хлопчыкаў-танкістаў, што тыя нібыта ідуць вызваляць украінцаў ад «бандэраўцаў»). І гэта была фатальная памылка Крамля. Абсалютная бальшыня фінаў успрынялі напад так, як і павінны былі ўспрыняць – як агрэсію супраць сваёй радзімы. І масава ўзяліся за зброю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне паведамілі пра зьбіцьцё крылатай ракеты, выпушчанай з тэрыторыі Беларусі

Фіны шырока ўжывалі тактыку партызанскай вайны: невялікія групы лыжнікаў з засады атакавалі калёны акупантаў, а пасьля гэтага хутка хаваліся ў лясах, на загадзя падрыхтаваных базах. «Кактэйлі Молатава» – гэта таксама вынаходка фінаў часу той вайны. За 3 месяцы ўварваньня фінская прамысловасьць выпусьціла іх больш як паўмільёна. Савецкія танкі і машыны палалі як сьвечкі.

Прыблізна тое ж мы бачым сёньня ва Ўкраіне. Спаленыя проста на дарозе калёны расейскай вайсковай тэхнікі – гэта вынік дзейнасьці невялікіх мабільных групаў (ці то вайскоўцаў, ці то «тэрытарыяльнай абароны» –апалчэнцаў-добраахвотнікаў).

Вырашальным было тое, што Сталіну ня ўдаўся плянаваны бліц-крыг. Фінляндыя вытрымала першыя некалькі дзён, а потым узьнялася вялізная хваля міжнароднай салідарнасьці. Ёй пераправілі зь іншых краінаў каля 12 тысяч добраахвотнікаў, 350 самалётаў, 500 гармат, больш за 6 тысяч кулямётаў і шмат усяго іншага. Зразумела, тады не было сыстэмы SWIFT і немагчыма было замарозіць актывы сталінскай намэнклятуры за мяжой (з прычыны адсутнасьці такіх актываў), але ўсе іншыя спосабы міжнароднай ізаляцыі СССР прымяняліся гэтак жа, як і цяпер. СССР як агрэсара выгналі зь Лігі Нацый, як зараз Расею выключаюць з Рады Эўропы, закрываюць для яе эўрапейскае неба і адмаўляюцца бачыць яе прадстаўнікоў на любых міжнародных форумах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея трэці дзень атакуе Ўкраіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Лукашэнка робіць выгляд, што нічога не адбываецца

І ўрэшце здарыўся цуд. Масква вымушана была пайсьці на перамовы і на падпісаньне мірнай дамовы: кошт вайны аказаўся для яе занадта высокім. Марыянэткавы ўрад камуніста Куусінэна, які акупанты везьлі ў сваім абозе, так і не даехаў да Хэльсынкі. Фінляндыя засталася незалежнай.

Прыблізна тое ж можа адбыцца ва Ўкраіне. Ёй дапамагае ўвесь сьвет. Расеі – ніхто. Апроч Лукашэнкі.

Агрэсія можа захліснуцца

Пуцін яўна разьлічваў на бліц-крыг, на хуткую капітуляцыю і, хутчэй за ўсё, на наступнае зьнішчэньне адзінай краіны, расчляненьне яе на кавалкі. Згадайце ягоныя пагрозьлівыя, прамоўленыя з хітрым злавесным прыжмурам абяцаньні ў прамове 21 лютага 2022 года:

«Вы хочаце дэкамунізацыі? Нас гэта таксама цалкам задавальняе, але ня трэба спыняцца на паўдарозе. Мы гатовы паказаць вам, што азначае для Ўкраіны сапраўдная дэкамунізацыя».

Можна меркаваць, што ён гатовы раздрабніць адзіную Ўкраіну – напрыклад, да таго стану, якой яна была «да Леніна», да таго моманту, калі бальшавікі валявым рашэньнем аб’ядналі ў адну савецкую рэспубліку ледзь не дзясятак самаабвешчаных у 1917-1920 гадах квазідзяржаў.

На пачатку ўварваньня Пуцін, відавочна, быў упэўнены ў рэалізацыі пляну бліц-крыгу, у тым, што вось-вось справа дойдзе да поўнай капітуляцыі і арышту «шайкі наркаманаў і нэанацыстаў у Кіеве, якая ўзяла ў закладнікі ўкраінскі народ». Аднак далейшыя падзеі паказалі: можа здарыцца так, што менавіта з гэтымі «наркаманамі і нэанацыстамі» давядзецца сядаць за стол перамоваў і спыняць агрэсію, супраць якой паўстаў народ Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Балістычныя ракеты, захоп Чарнобыльскай АЭС. Што вядома пра ўдзел Беларусі ў вайне супраць Украіны

…Лукашэнка ў гэтыя дні імкнецца рабіць выгляд, што да вайны ня мае ніякага дачыненьня. Гуляе ў хакей, катаецца на лыжах, праводзіць рэфэрэндум. Пра трактар, на якім зьбіраўся ў Кіеў, болей ня згадвае. Хоць у думках, напэўна ж, непакоіцца: як бы пад гэтыя «трактары», якія па-ранейшаму выпраўляюцца калёнамі зь беларускай тэрыторыі заваёўваць Украіну, урэшце самому ня трапіць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.