Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ехаў на вучэньні ў Беларусь. Як апынуліся ва Ўкраіне, не разумею». Пра палонных вайскоўцаў зь Сібіру паведамляюць іхныя сем’і


Павел Краўчанка, механік-кіроўца з Новачаромхава (мяркуецца, у ваенным палоне ва Ўкраіне)
Павел Краўчанка, механік-кіроўца з Новачаромхава (мяркуецца, у ваенным палоне ва Ўкраіне)

Украінскае выданьне УНІАН 26 лютага апублікавала відэа з палонным 19-гадовым салдатам Паўлам Краўчанкам зь вёскі Новачаромхава Іркуцкай вобласьці. Дакумэнты на яго імя былі апублікаваны раней, на відэа, зьнятым каля падбітай тэхнікі ў раёне ўкраінскага гораду Ахтырка.

Рэдакцыі Сибирь.Реалии расейскай службы Радыё Свабода ўдалося пагаварыць з роднымі яшчэ аднаго вайскоўца з 11 дэсантна-штурмавой брыгады Улан-Удэ А. — яго сястра мяркуе, што ён трапіў у палон, як яшчэ двое вайскоўцаў з гэтай жа брыгады, Вадзім Міхоеў і Натан Касаткін. Відэа зь імі 25 лютага галоўнакамандуючы Ўзброеных сіл Украіны Валеры Залужны апублікаваў на сваёй старонцы ў фэйсбуку, паведаміўшы, што абодва зьяўляюцца палоннымі.

На відэа ад 26 лютага салдат з Іркуцкай вобласьці паведамляе, што яго імя — Краўчанка Павел Цімафеевіч, ён 2002 году нараджэньня, служыць мэханікам-кіроўцам, і называе адрас сваіх бацькоў у вёсцы Новачаромхава. У адміністрацыі вёскі, па адзіным тэлефоне, указаным на сайце, рэдакцыі адказалі, што да іх ужо зьвярнуўся бацька салдата Цімафей Краўчанка наконт «яго зьнікненьня». Пацьвердзіць, што Павел Краўчанка служыць у войску і цяпер знаходзіцца ва Ўкраіне, у адміністрацыі адмовіліся. Бацька салдата Цімафей Краўчанка на пытаньні ў сацсетцы не адказаў.

На відэа са старонкі Залужнага вайскоўцы называюць свае прозьвішчы — гвардыі капітан Вадзім Міхоеў і яфрэйтар Натан Касаткін з 11-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады, Улан-Удэ (Бурація). На пытаньне ўкраінскага вайскоўца, якую яны атрымалі задачу, Міхоеў адказаў, што яны ўдзельнічалі ў вучэньнях у Крыме. Залужны пракамэнтаваў, што абодва вайскоўцы самі здаліся ў палон.

«Адпрацоўвалі адцягваньне параненых і ўсякія такія моманты па камандзе...», — кажа на відэа вайсковец, які прадставіўся як Міхоеў. Паводле яго, дэсант загрузілі «у полі» ў Крыме, але яны ня ведалі, куды ляцяць, думалі, што ўдзельнічаюць у вучэньнях. «[Пасьля высадкі ва Ўкраіне] яшчэ гадзіны чатыры не разумелі, дзе мы», — кажа на відэа вайсковец, які прадставіўся як Касаткін.

Чацьвёра сяброў са старонкі поўнага цёзкі Натана Касаткіна пацьвердзілі, што на відэа ён, але многія зь іх ня ведалі, што ён стаў вайскоўцам. «Ён вырас у Чыце, ужо пазьней пераехаў у Бурацію. Тут у яго засталася сястра. Добры, спагадлівы, зусім не агрэсіўны, я зьдзіўлены, што ён вайскоўцам стаў. Захапляўся футболам, мы разам гулялі», — расказаў Вячаслаў Галсанаў з Забайкальля.

Пазьней у рэдакцыю зьвярнулася сястра аднаго з вайскоўцаў 11 дэсантна-штурмавой брыгады. Яна паведаміла, што яе брат з учарашняга дня не выходзіць на сувязь, яна баіцца, што ён таксама трапіў у палон. «Ён ехаў на вучэньні ў Беларусь. Як яны апынуліся ва Ўкраіне, я не разумею», — паведаміла жыхарка Улан-Удэ.

Пазьней сямʼя яшчэ аднаго вайскоўца 11 дэсантна-штурмавой брыгады з Улан-Удэ паведаміла аб тым, што ён выйшаў на сувязь 26 лютага ўвечары і пацьвердзіў, што Касаткін і Міхоеў, а таксама яшчэ некалькі вайскоўцаў брыгады трапілі ў палон, але астатнія — на волі.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG