За што і як пакаралі Мікіту Емяльянава
Менчуку Мікіту Емяльянаву 21 год. Ён старэйшы з чатырох братоў. Вырас у шчырай каталіцкай сям’і. Хлопец вучыўся ў БНТУ караблебудаваньню, «палічыў гэты напрамак рамантычным». Яго затрымалі 20 кастрычніка 2019 году, калі ён вучыўся на трэцім курсе. Тады ў Беларусі было 6 палітвязьняў. Мікіта сядзіць ужо 2 года і 4 месяцы.
Мікіту Емяльянава разам з паплечнікам Іванам Комарам абвінавацілі ў тым, што яны пашкодзілі будынак Менскага гарадзкога суду і СІЗА № 1 на Валадарскага: першы закідалі лямпачкамі з фарбай, у другім спрабавалі падпаліць дзьверы, але ў іх ня надта атрымалася.
«Урон быў на 1 рубель 48 капеек, а іх абвінавацілі, быццам яны пашкодзілі гістарычны будынак (Пішчалаўскі замак. — РС), як быццам яны спалілі бразыльскую бібліятэку», — абураецца маці Мікіты Настасься.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справа аб кактэйлі Молатава. Прысуд анархістам зьменшылі з 7 да 4 і 3 з паловай гадоўМікіта сваю віну на судзе прызнаў часткова — што сапраўды ладзіў такія акцыі, але матывам была ня шкода будынкам, а прыцягненьне ўвагі грамадзкасьці да закрытага працэсу над палітвязьнем Зьмітром Паліенкам.
У сакавіку 2020 году Мікіту асудзілі на 7 гадоў калёніі, потым тэрмін скарацілі да 4 гадоў. Улетку 2021 году хлопца перавялі на больш жорсткі рэжым у магілёўскую турму.
Паплечнік Мікіты Іван Комар выйшаў з калёніі раней за канец тэрміну па ўмоўна-датэрміновым вызваленьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выйшаў на волю анархіст Іван Комар. Ён адседзеў больш за два гадыУ ШЫЗА і карцары правёў амаль 5 месяцаў, галадае другі раз
Сёлета ў студзені над ім пачаўся новы працэс за «парушэньні турэмнага рэжыму» (артыкул 411 Крымінальнага кодэксу). Мікіту могуць дадаць яшчэ два гады калёніі да папярэдняга тэрміну.
Мікіту часта караюць за парушэньні за кратамі. За ўвесь час зьняволеньня ён амаль 5 месяцаў правёў у штрафным ізалятары або карцары. Летась увосень ён трымаў галадоўку 20 дзён, каб да яго пусьцілі ксяндза.
Сёлета 17 студзеня Емяльянава зноў зьмясьцілі ў карцар. Пакараньне некалькі разоў падаўжалі. Ён у карцары ўжо 36 дзён.
З 3 лютага хлопец абвясьціў «сухую» галадоўку. Празь дзесяць дзён, калі стан моцна пагоршыўся, ён пачаў піць ваду. Пра гэта ягоны адвакат даведаўся толькі 16 лютага, падчас сустрэчы. Тады ён адзначыў, што хлопец моцна схуднеў.
Новых зьвестак пра галадоўку вязьня няма. Калі ён працягвае адмаўляцца ад ежы, то сёньня ідзе 19-ы дзень галадаваньня. Неўзабаве яго плянуе наведаць адвакат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анархіст Мікіта Емяльянаў трэці тыдзень галадае за кратамі, ён адбыў 4,5 месяца ў карцары і ШЫЗАНа новым судзе Мікіту ў кайданках прыкавалі да канваіра
16 лютага мелася адбыцца трэцяе паседжаньне ў новай справе Емяльянава. Аднак у апошні момант яго адмянілі, бо захварэла судзьдзя Аксана Ратнікава. У той жа дзень адвакат наведаў Мікіту ў турме.
Бацькі бачылі Мікіту апошні раз 27 студзеня, на пачатку суду над ім. Працэс праходзіў у актавай залі турмы, бацькоў пусьцілі. Аднак яны амаль ня бачылі сына. Ён сядзеў у першым шэрагу, яны — у канцы залі.
Калі Мікіта ўбачыў, што бацькі прыйшлі, узрадаваўся, стаў азірацца, жэстыкуляваць скутымі рукамі, пры гэтым ён быў прывязаны ланцугом да канваіра.
Настасься кажа, што здалёк, са сьпіны добра не разгледзела, як выглядаў сын, які тады ўжо сядзеў у карцары, але яшчэ не галадаваў. Аднак яна адзначыла, што ў хлопца быў слабы, асіплы голас.
Мікіта тройчы ня ўстаў падчас звароту суду, яго выдалілі з паседжаньня да канца разгляду справы.
У новай справе праходзяць 11 сьведак, гэта супрацоўнікі магілёўскай турмы, расказала маці. Зь ейных словаў, некаторыя спрабавалі выставіць Мікіту на судзе як не зусім адэкватнага, быццам у яго часта зьмяняецца настрой, таму ён парушае рэжым.
Аднак адзін прагаварыўся на судзе, што разумее: Мікіта такім чынам пратэстуе супраць кепскага стаўленьня да яго ў турме, супраць парушэньня ягоных правоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаўся суд над анархістам Емяльянавым за парушэньне рэжыму; яго выдалілі з заліПатрабуе, каб дазволілі перадаць «лісты салідарнасьці» на волю
Маці расказала, што асноўнае патрабаваньне Мікіты падчас гэтай галадоўкі — каб яму дазволілі перадаць на волю «лісты салідарнасьці», якія яму дасылалі сябры і знаёмыя. Гэта законна можна зрабіць пасылкай, або каб забралі непасрэдна родныя.
У турме, са словаў маці, адмаўляюцца прымаць у яго заяву на перадачу лістоў на волю. Настасьсі прыйшоў адказ з турмы, нібыта Мікіта сам ня піша заявы на гэта.
У хлопца ўжо назьбіралася цэлая торба лістоў у ягоную падтрымку. Яе будзе фізычна цяжка цягнуць разам зь іншымі рэчамі, калі яго этапуюць у іншую ўстанову, таму лісты ў адваротным выпадку давядзецца выкінуць.
Яшчэ адно патрабаваньне — каб сваякам дазволілі забраць рэчы Мікіты з турэмнага складу, іх таксама не аддаюць.
Апошнім часам Мікіту даходзіць мала лістоў, часта яму аддаюць толькі пустыя канвэрты, хаця там не было нічога забароненага: яркія паштоўкі зь вершыкамі на Раство або малюнак ад малодшага браціка, расказвае Настасься.
Таксама хлопцу не перадаюць лістоў ягонага сябра, былога палітвязьня Зьмітра Паліенкі, які зьехаў за мяжу. Сям’і Емяльянавых прыходзіць 1-2 лісты ад Мікіты на месяц.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: анархіста Емяльянава зьмясьцілі ў карцар, ён пачаў галадоўку«Я так разумею: тут або ён, або яны»
Маці ня ведае, як ставіцца да галадаваньня сына, бо «тут 50 на 50», кажа яна:
«Камусьці галадаваньне дапамагло, некаму — сапсавала здароўе».
Жанчына мяркуе, што ніхто ня можа параіць, ці варта галадаваць, ці не, бо толькі сам вязень можа ацаніць, як ягоны арганізм перажывае галадоўку, і як іншыя людзі рэагуюць на гэты ўчынак.
«Я так разумею: тут або ён, або яны», — кажа маці.
Мінулы раз Мікіта галадаваў увосень 20 дзён, каб дамагчыся візыту сьвятара. Бо перад гэтым цэлы год ягоныя заявы на наведваньне ксяндза ігнаравалі. Урэшце да яго двойчы запрасілі біскупа Аляксандра Яшэўскага: пасьля галадоўкі і на Каляды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакат паведаміў пра стан здароўя Мацкевіча пасьля галадоўкі«Ад яго патрабуюць выконваць правілы, а самі не выконваюць»
Настасься Емяльянава патлумачыла, чаму Мікіта шмат часу праводзіць у ШЫЗА.
«У яго абвостранае пачуцьцё справядлівасьці. Ён пайшоў у адкрыты, нахабны пратэст, як яны кажуць, бо ад яго яны патрабуюць выконваць правілы, але самі не выконваюць тых законаў, якія напісала гэтая ўлада», — лічыць маці.
Цяпер гэта праяўляецца ў сытуацыі зь лістамі, раней у недапушчэньні сьвятара. Летась у лістападзе Мікіта скардзіўся, што ён не наядаецца турэмнай ежай, бо малыя порцыі. Таксама ён даведаўся, што яму паводле нормы належыць 4 яйкі на тыдзень, а выдаюць адно або два. Пасьля скаргаў порцыі павялічылі.
Стала вядома, што Мікіту прымушаюць прыбіраць прагулачныя дворыкі пасьля іншых асуджаных, якія плююць або пакідаць недакуркі. Мікіта за сабой пакідае парадак і не разумее, чаму ён мусіць прыбіраць за іншымі.
Цяпер Емяльянаў ігнаруе ўказаньні «прадольных», дзяжурных. Калі яны прыходзяць на праверкі, хлопец можа ляжаць на нарах і маўчаць, хаця ўдзень ляжаць нельга, а пры супрацоўніках трэба ўстаць, пашыхтавацца і прадставіцца. Часам ён курыць на нарах, хаця курыць можна толькі каля прыбіральні. Яго караюць і за тое, што ня так зашпіленыя гузікі на адзеньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны радуюцца, што даводзяць чалавека да такога», — былы палітвязень, прафэсар Бандажэўскі пра галадоўку як неэфэктыўны і разбуральны крокЗа гэтыя парушэньні летась у жніўні хлопца пазбавілі адзінага дазволенага спатканьня зь сям’ёй на год. Сёлета, калі яго зноў перавялі ў сьледчы ізалятар, сустрэчу таксама яшчэ не дазволілі. Апошні раз хлопец меў спатканьне зь сям’ёй у кастрычніку 2020-га.
Мікіта казаў раней, што «ўжо прызвычаіўся» да ўмоваў турэмнага ШЫЗА.
Там, са словаў Мікіты, нават крыху цяплей, чым у звычайнай камэры. А ў ягонай камэры № 98 у магілёўскай турме быў добры рамонт, шклопакеты на вокнах, добрая падлога. Якія цяпер умовы ў карцары СІЗА, Настасься ня ведае.
«Трэба, каб была ахвяра ўсяго беларускага народу»
Маці думае, што перажываць зьняволеньне сыну дапамагае вера. Ён моліцца, чытае Біблію. Праўда, ружанец, які падарыў яму біскуп, у хлопца забралі.
«Хрыстос таксама быў палітзьняволеным, таксама цярпеў пакуты», — кажа верніца.
Маці ганарыцца тым, што сын не пайшоў на супрацоўніцтва з рэжымам. Яна лічыць, што на яго паўплывала тое, што пасьля Плошчы-2010 Мікола Статкевіч не напісаў прашэньня аб памілаваньні. Кажа, што ўся сытуацыя з затрыманьнем сына два гады таму стала для яе непрыемнай, але не непрымальнай. Мікіта са школы казаў, што ягоны герой — гэта Кастусь Каліноўскі.
Бацькі расказвалі сыну пра перапахаваньне паўстанцаў у Вільні, калі ён ужо сядзеў: «Вільня зноў была наша». Хлопец таксама меў уяўленьне пра тое, што адбывалася ў Беларусі ў 2020-2021, бо да мінулага красавіка яму прыходзіла газэта «Новы час».
З часам Настасьсі ўсё цяжэй перажываць, што сын за кратамі.
«Аднак я бачу ў гэтым сэнс. Іншым чынам абрынуць дыктатуру ў нас не атрымаецца. Я бачу, што Ісус Хрыстос дзейнічае ў гісторыі. Я бачу, што пачаліся зьмены ў краіне, і назад шляху ўжо няма», — мяркуе Настасься Емяльянава.
На ейную думку, найцяжэй тым, хто за кратамі.
«Я бачу, што трэба, каб была ахвяра ўсяго беларускага народу. Менавіта нявінныя людзі мусяць цярпець пакуты. Калі б сядзелі злыдні, то яны бы сядзелі справядліва за свае злачынствы», — лічыць суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У нашых дзетак ня будзе другога дзяцінства». Як блізкія палітвязьняў сустрэнуць Каляды і Новы год