Так палітвязень пратэстуе супраць кепскага стаўленьня да яго. З 18 студзеня ён у штрафным ізалятары, у яго знаходзяць усё новыя парушэньні рэжыму. Прыкладам, ён адмаўляецца прыбіраць дворык для прагулак за іншымі зьняволенымі, якія плююць, пакідаюць у ім недакуркі, бо пасьля сябе Мікіта пакідае двор чыстым.
Сёньня старшыня рады грамадзкага аб’яднаньня «Зьвяно» Тацяна Гацура-Яворская падлічыла, колькі разоў Мікіту за час ягонага зьняволеньня каралі карцарам і ШЫЗА. Высьветлілася, што агулам у камэры для парушальнікаў рэжыму палітзьняволены правёў 4,5 месяца (больш за 130 сутак):
- Верасень-кастрычнік 2021 — 42 сутак у ШЫЗА.
- З 11 кастрычніка па 10 лістапада 2021 году — карцар за парушэньні правілаў унутранага распарадку (там ён трымаў 20-дзённую галадоўку).
- 17 лістапада 2021 — 10 сутак ШЫЗА (прычына — нібыта адмовіўся выканаць патрабаваньне адміністрацыі прыбраць дворык для прагулкі).
- Пасьля гэтага яшчэ 10 сутак ШЫЗА (прычына — нібыта ляжаў на падлозе ў камэры ізалятара) 7 сьнежня — яшчэ 10 сутак утрыманьня ў ШЫЗА (за нібыта міжкамэрную сувязь).
- 17 сьнежня яго ня выпусьцілі з ШЫЗА, выйшаў толькі 25 сьнежня (усяго ў карцары ён правёў 38 дзён).
- З 25 сьнежня — адзіночная камэра.
- 17 студзеня 2022 году — 7 сутак ШЫЗА, адразу пасьля — яшчэ сем сутак, а затым 10 сутак.
- 13 лютага — спагнаньне ў выглядзе 10 сутак ШЫЗА.
Хто такі Мікіта Емяльянаў
Мікіта Емяльянаў вучыўся на 3 курсе БНТУ. Яго затрымалі ў кастрычніку 2019 году праз падазрэньне ў нападах на будынак Менскага гарадзкога суду і СІЗА на Валадарскага. Свой учынак хлопец патлумачыў пратэстам супраць перасьледу палітвязьняў.
У сакавіку 2020 году Емяльянава асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня, у выніку апэляцыі пакараньне зьменшылі да 4 гадоў. Спачатку вязень адбываў тэрмін у Бабруйскай калёніі, дзе яго зьмясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу, потым як парушальніка рэжыму перавялі ў Магілёўскую крытую турму.