Калегія менскага гарадзкога суду 27 сакавіка зьменшыла прысуд анархістам Мікіту Емяльянаву і Івану Комару, якія былі асуджаныя на 7 гадоў зьняволеньня. На разгляд касацыйных скаргаў актывістаў Емяльянава і Комара не прывозілі, хадайніцтвы абаронцаў аб выкліканьні асуджаных у суд былі адхіленыя, а прычыны такога рашэньня не былі агучаныя.
Емяльянаву цяпер прысудзілі 4 гады. Комару — 3 гады 6 месяцаў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Сумы шкоды (144 рублі ў адным эпізодзе, 1 рубель 48 капеек у другім) пакінулі ранейшымі.
Праваабаронцы раней прызналі палітвязьнямі асуджаных анархістаў. Прадстаўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алег Пашкевіч сказаў, што зьмяншэньне тэрміну пакараньня абодвум анархістам можна вітаць, але ўсё ж гэтага недастаткова.
«Гэта не адмяняе нашага агульнага рашэньня лічыць Емяльянава і Комара палітвязьнямі, — сказаў Алег Пашкевіч. — Праваабаронцы па-ранейшаму заклікаюць перагледзець прысуд і прыняць рашэньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі».
12 лютага Савецкі раённы суд Менску прызнаў вінаватымі
Мікіту Емяльянава і Івана Комара вінаватымі ў злачынствах, якія адбыліся ў верасьні і кастрычніку 2019 году. Емяльянаў прызнаў, што кінуў лямпачку з фарбай у будынак Менгарсуду, а Комар прызнаў, што быў у гэты момант непадалёк. Акцыя адбылася напярэдадні працэсу над актывістам анархісцкага руху Зьмітром Паліенкам. Абодва абвінавачаныя заявілі ў судзе, што акцыя была праявай салідарнасьці з аднадумцам.
Таксама на палітычны матыў сваіх дзеяньняў анархісты ўказвалі падчас судовага дасьледаваньня другога эпізоду справы — калі ў дзьверы СІЗА на вуліцы Валадарскага Мікіта Емяльянаў кінуў «кактэйль Молатава», а Іван Комар здымаў акцыю на відэа. Страты ад гэтай акцыі былі ацэненыя ў меней як 2 рублі. Адвакаты Емяльянава і Комара даводзілі, што сьледзтва нават не правяло экспэртызу «кактэйля Молатава», які вырабілі анархісты. Емяльянаў заявіў у судзе, што не зьбіраўся наносіць шкоду людзям.
Што казалі адвакаты асуджаных на разглядзе іх апэляцыі?
«Фактычна мы маем страты ў 1 рубель 48 капеек у гэтым эпізодзе ды 144 рублі ў эпізодзе пра Менгарсуд, якія былі кампэнсаваныя яшчэ да суду. А на другім баку мы бачым 7 гадоў зьняволеньня, што яўна несувымерна злачынству», — даводзіў абаронца Мікіты Емяльянава Дзьмітры Лепрэтар. Адвакат апэляваў да права Емяльянава на свабоду выяўленьня думак. Паводле абаронцы, надзвычай жорсткі прысуд Емяльянаву супярэчыць Дэклярацыі правоў чалавека, падпісанай Беларусьсю.
За адмену прысуду выказалася і абаронца Івана Комара Людміла Казак. Адвакатка даводзіла суду, што яе падабаронны непасрэдна не кідаў фарбу ў будынак суду і «кактэйль Молатава» ў будынак Менскага СІЗА. На думку абаронцы, Савецкі раённы суд недакладна кваліфікаваў дзеяньні Івана Комара і не прыняў да ўвагі ягоныя паказаньні, якія супярэчылі вэрсіі сьледзтва.
Адвакат нагадала пра заяву яе падабароннага, які казаў, што падчас сьледзтва ён зазнаў незаконны ціск і агаварыў сябе ды Мікіту Емяльянава, а на працэсе адмовіўся ад ранейшых паказаньняў. Абаронца нагадала, што Савецкі раённы суд у сваім прысудзе ніяк не ўлічыў станоўчыя характарыстыкі Емяльянава і Комара, а таксама не патлумачыў у прысудзе, чаму для выпраўленьня асуджаных абавязкова патрэбна пазбаўленьне волі.
З аргумэнтамі адвакатаў не пагадзілася прадстаўніца пракуратуры Алеся Мінец. Паводле супрацоўніцы пракуратуры, Савецкі раённы суд дакладна кваліфікаваў дзеяньні Емяльянава і Комара, вызначыў іх віну ў нападзе на Менгарсуд і СІЗА ў 2019 годзе і матываваў сваё рашэньне «патрэбным чынам».
У лютым 2020 году, неўзабаве пасьля працэсу над анархістамі Мікітам Емяльянавым і Іванам Комарам, беларускія праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі. У прынятай заяве праваабаронцы заклікалі беларускія ўлады адмяніць прысуд, які палічылі неабгрунтавана жорсткім, ды перагледзець справу.
Мікіту Емяльянава і Івана Комара трымаюць у Жодзінскай турме. На гэтым тыдні стала вядома, што ў турме Емяльянава зьмясьцілі ў карцар, але прычыны, якія прывялі да гэтага пакараньня, дагэтуль невядомыя. Паводле сваякоў, Мікіта Емяльянаў адбыў у карцары 5 дзён і вярнуўся ў звычайную камэру.