Міністар абароны Ўкраіны: «Агрэсіі Ўкраіны супраць Беларусі ня можа быць у прынцыпе. За гэта нас праклянуць нашчадкі»

Аляксей Рэзьнікаў

Украінская выведка не пацьвярджае адвядзеньня расейскіх войскаў ад межаў Украіны, як гэта заяўляла Расея некалькімі днямі раней.

Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў выступіў у Вярхоўнай Радзе. Ён гаварыў пра «Саюзную рашучасьць», колькасьць расейскіх войскаў і абвастрэньне на Данбасе.

Расея далучае дадатковыя войскі да вучэньняў

«Па-першае, мы не пацьвярджаем адвядзеньня расейскіх войскаў. Па-другое, мы назіраем за падразьдзяленьнямі расейскіх войскаў, якія налічваюць каля 129 тысяч наземнага кампанэнту і разам з марской ды авіяцыйным кампанэнтам гэтая колькасьць складае каля 149 тысяч», — паведаміў міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў у часе свайго выступу ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны 18 лютага.

Паводле яго, асноўная частка войскаў ужо сьцягнутая, паколькі усе вайсковыя вучэньні, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі, перайшлі ў актыўную фазу. «Мы чакаем, што найбліжэйшымі днямі будзе далучана яшчэ некалькі тысяч вайскоўцаў. Таксама мы чакаем, што ў Чорнае мора зойдуць яшчэ тры караблі», — дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крыніцы ў выведцы ЗША: адвод войскаў Расеі ад мяжы з Украінай — хітрыкі

«Наша выведка бачыць усе рухі, якія могуць уяўляць патэнцыйную пагрозу для Ўкраіны — кожны самалёт, верталёт ці танкавае падразьдзяленьне. Мы на сталым кантакце з нашымі міжнароднымі партнэрамі і атрымліваем пацьвярджэньне такой інфармацыі. Чарговы раз падкрэсьліваю — цяпер могуць падавацца розныя зьвесткі і даты нейкіх падзей, розныя сцэнары. Украінская армія ўсе іх адпрацавала і гатовая да іх. Мы ні ў якім разе не прымяншаем пагрозу, але імавернасьць маштабнай эскаляцыі ацэньваем як невысокую ў дачыненьні да ўварваньня ва Ўкраіну ў цэлым», — заявіў Аляксей Рэзьнікаў.

Вайсковы аташэ Ўкраіны наведае фінальны этап вучэньняў «Саюзная рашучасьць»

Міністар абароны Ўкраіны таксама лічыць, што па выніках размовы зь міністрам абароны Беларусі Віктарам Хрэніным удалося наладзіць неабходную камунікацыю. Рэалізацыя першай дамоўленасьці аб назіраньні на ўзаемнай аснове за вучэньнямі на тэрыторыі Беларусі і Ўкраіны дазваляе рэалізаваць сталыя кантакты на ўзроўні міністраў абароны і кіраўнікоў генэральных штабоў.

«Акрамя супрацы на ўзроўні аташэ, мы дамовіліся аб пачатку сталых каналаў камунікацыі на ўзроўні кіраўнікоў генэральных штабоў і непасрэдна на ўзроўні міністраў, каб можна было апэратыўна выйсьці на кантакт і атрымаць інфармацыю аб нейкім інцыдэнце. Напрыклад, калі выведка бачыць перасоўваньне нейкай дальнабойнай зброі ці, скажам, будаўніцтва пантону паблізу нашай мяжы, каб можна было атрымаць адказ. Перакананы, што гэта важна для захаваньня і ўмацаваньня добрасуседзкіх дачыненьняў. Такая сувязь існуе. І мы атрымліваем такую інфармацыю», — паведаміў Аляксей Рэзьнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністры абароны Беларусі і Ўкраіны правялі тэлефонную размову

15 лютага на аснове адкрытых зьвестак журналісты і вайскоўцы заўважылі ўзьвядзеньне пантоннага мосту праз Прыпяць за 6,44 кілямэтры ад украінска-беларускай мяжы. Сёньня стала вядома, што 17 лютага гэты мост разабралі.

Міністар абароны Ўкраіны таксама паведаміў, што 19 лютага вайсковы аташэ Ўкраіны наведае фінальныя захады расейска-беларускіх вучэньняў «Саюзная рашучасьць-2022».

«Яшчэ раз хачу падкрэсьліць. Беларусь — гэта асаблівая краіна для нас. Беларускі народ вельмі блізкі нам. Ніякай агрэсіі з боку Ўкраіны ня можа быць у прынцыпе. За гэта нас праклянуць нашчадкі, таму я выступаю за дыялёг і ўзмацненьне даверу паміж абароннымі ведамствамі», — заявіў Аляксей Рэзьнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хрэнін заявіў, што не атрымліваў ад Лукашэнкі загаду нападаць на Ўкраіну

Расея рыхтуе абгрунтаваньне для прызнаньня так званых «ЛДНР»

Міністар абароны Ўкраіны перакананы, што абвастрэньне на ўсходзе краіны, якое пачалося 17 лютага фактычна па ўсёй ліні судакрананьня, зьяўляецца правакацыяй расейскага боку.

«Перакананы, што адной з прычын гэтай правакацыі было правядзеньне пасяджэньня Рады бясьпекі ААН, якое было прысьвечанае менавіта менскім дамоўленасьцям. Гэта традыцыйная тактыка расейскага боку — заўсёды перад пасяджэньнямі трохбаковай кантактнай групы, перад сустрэчамі ў нармандзкім фармаце, перад любымі важнымі міжнароднымі падзеямі, якія датычаць украінска-расейскай вайны ладзіць нейкі інцыдэнт, каб сфармаваць фон, які расейскі бок лічыць выгадным для сябе», — адзначыў Аляксей Рэзьнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар ЗША прапанаваў Расеі правесьці новую сэрыю перамоваў

Паводле яго, асноўным аб’ектам абстрэлаў стала мірнае насельніцтва. «Гэта ваеннае злачынства і адкрытая правакацыя, пра якую мы неаднаразова папярэджвалі, як пра магчымы сцэнар эскаляцыі».

«У гэтыя дні мы сутыкаемся з правакацыямі — абстрэлы, кібэратакі, небясьпечныя манэўры авіяцыі, вывядзеньне з ладу мабільнай сувязі. Наша задача — не рабіць таго, да чаго нас падштурхоўвае Расейская Фэдэрацыя, даваць адпор, але трымаць галаву халоднай. Правакацыі ня спыняцца, бо Крэмль усё роўна рыхтуе абгрунтаваньне для прызнаньня асобных раёнаў Луганскай і Данецкай абласьцей паводле сцэнара, адпрацаванага ў Грузіі, незалежна ад таго, ці будзе ён рэалізаваны, проста, каб мець гэты варыянт на стале», — мяркуе ўкраінскі міністар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн: «Усе прыкметы ўказваюць на гатоўнасьць Расеі напасьці на Ўкраіну»

Аляксей Рэзьнікаў таксама зьвярнуўся да жыхароў акупаваных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей ня верыць ілжывым заявам пра нібыта падрыхтоўку наступу з боку Ўкраіны.

«Украіна ўзмацняе сваю абарону. Але ў нас няма намераў ажыцьцяўляць нейкія сілавыя дзеяньні супраць асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей або Крыму. Мы будзем рухацца палітычна-дыпляматычным шляхам, бо там нашы грамадзяне. І мы ня можам падвяргаць іх небясьпецы.«Не Ўкраіна ваш вораг. А тыя, хто хаваецца за вашымі сьпінамі, тыя, хто нібыта хоча вас абараніць ад Украіны. Ня верце чуткам пра ўкраінскі наступ», — заявіў міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў з парлямэнцкай трыбуны.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.