Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністры абароны Беларусі і Ўкраіны правялі тэлефонную размову

абноўлена

Расейскія танкі на вучэньнях у Беларусі, люты 2022 г.
Расейскія танкі на вучэньнях у Беларусі, люты 2022 г.

Міністры абароны Беларусі і Ўкраіны Віктар Хрэнін і Аляксей Рэзьнікаў правялі тэлефонную размову для аднаўленьня дыялёгу і зьніжэньня накалу рыторыкі.

Паводле Міністэрства абароны Беларусі, бакі «абмеркавалі пытаньні бягучага стану супрацоўніцтва ў вайсковай сфэры, наяўныя „болевыя пункты“, а таксама канкрэтныя крокі для ўмацаваньня атмасфэры даверу і бясьпекі ў рэгіёне».

Віктар Хрэнін, паводле афіцыйнага паведамленьня, заявіў, што «народ Украіны быў і будзе для Беларусі брацкім народам. Беларусь не зьяўляецца ініцыятарам напружанасьці ў адносінах Беларусі і Ўкраіны».

Як сказалі Свабодзе ў Міністэрстве абароны Ўкраіны, Аляксей Рэзьнікаў паведаміў міністру абароны Беларусі пра ход камандна-штабных вучэньняў «Мяцеліца-2022», якія праходзяць з 10 па 20 лютага на большасьці палігонаў, і найперш у памежных зь Беларусьсю абласьцях — Ровенскай, Валынскай, Жытомірскай.

Украінскі міністар падкрэсьліў, што гэтыя вучэньні маюць выключна абарончы характар, і прапанаваў іх наведаць вайсковаму аташэ Беларусі. Аналягічна дамовіліся, што вайсковы аташэ Ўкраіны наведае вучэньні «Саюзная рашучасьць — 2022».

«Я ўдзячны майму калегу Віктару Хрэніну за шчырую размову. Я неаднаразова падкрэсьліваў, што дачыненьні паміж украінскім і беларускім народам зьяўляюцца асаблівымі. Нашыя пачуцьці зьяўляюцца вельмі цёплымі. Любыя пагрозы ці правакацыі з боку Ўкраіны ў дачыненьні да Беларусі выключаныя. Гэта проста немагчыма. Віктар Генадзевіч (Хрэнін. — РС) таксама запэўніў мяне ў адсутнасьці рызыкаў і пагроз для Ўкраіны з тэрыторыі Беларусі. Мы абмеркавалі рэчы, якія цяпер на парадку дня, і вызначылі альгарытм далейшага ўзаемадзеяньня. Успрымаю гэта як пазытыўны сыгнал і першы крок да плённай супрацы», — працытавалі ў прэсавай службе Міністэрства абароны Ўкраіны Аляксея Рэзьнікава.

Сёньня ж у Міністэрстве абароны Ўкраіны адбылася сустрэча пасла Беларусі Ігара Сокала з удзелам аташэ ў пытаньнях абароны зь міністрам абароны Ўкраіны і прадстаўнікамі Генэральнага штабу Ўкраіны. Паводле беларускай амбасады, на сустрэчы абмяркоўвалі «асобныя аспэкты ваенна-палітычнай сытуацыі і ваеннага супрацоўніцтва паміж дзьвюма краінамі».

Раней у інтэрвію расейскаму прапагандысту Ўладзіміру Салаўёву, які працуе на расейскай дзяржаўнай тэлевізіі, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вайна Расеі і Беларусі супраць Украіны працягнецца 3–4 дні.

«Пакуль яны там разгорнуцца і перашлюць сюды нейкія войскі, мы ўжо будзем стаяць каля Ля-Маншу. Да нас празь Ля-Манш пераплыве гэты кудлаты наш сябар і скажа: „Хлопцы, усё!“ Мы паказалі! Мы каля Алматы, а Пуцін — у Нурсултане ўзялі пад кантроль аэрапорты, навошта? Мы б пешшу не прыйшлі б туды. На працягу некалькіх гадзін пасьля прынятага рашэньня там селі нашыя войскі.

А ў Эўропе будзе прасьцей! Яны што, гэтага ня бачаць? Яны разумеюць, што беспэрспэктыўна з намі ваяваць. Мы не гаворым пра ядзерную зброю, але нас лепш не чапаць. Украіна ніколі з намі ня будзе ваяваць. Гэтая вайна працягнецца максымум 3-4 дні. Там ня будзе каму супраць нас ваяваць. І як толькі крышку запахла, Валодзя Зяленскі адразу трухнуў (збаяўся — заўв. РС) і — „хлопцы, хлопцы!“»

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG