14 лютага на зімовых Алімпійскіх гульнях у Пэкіне адбыліся спаборніцтвы ў лыжнай акрабатыцы ў жанчын. Беларуска Ганна Гуськова заваявала срэбны мэдаль, атрымаўшы 107,95 бала.
Золата здабыла Сюй Мэнтао з Кітаю — 108,61 бала, на трэцюю прыступку п’едэсталу паднялася Мэган Нік са Злучаных Штатаў Амэрыкі — 93,76 бала.
На апошнім чэмпіянаце сьвету Гуськова была 5-й, і таму не расцэньвалася як безумоўная прэтэндэнтка на мэдалі ў гэты раз.
Ганна Гуськова — алімпійская чэмпіёнка 2018 году, калі гульні таксама праходзілі ў Азіі, у Пхёнчхане (Паўднёвая Карэя). Ганна — адзіная падпісантка ліста за свабодныя выбары ва ўсёй зборнай у фрыстайле. Нягледзячы на ціск уладаў, свой подпіс яна так і не адклікала.
Сьвятлана Ціханоўская павіншавала Ганну Гуськову са сярэбраным мэдалём Алімпіяды:
«Я віншую Ганну і жадаю ёй яшчэ шмат мэдаляў і перамог. І ў гэты ж час я спачуваю тым спартсмэнам, якіх прымусілі запісваць „пакаяныя“ відэа, дзе яны на фоне сьцягу апраўдваюцца, што не прынесьлі краіне мэдалёў. Сама практыка гэтых відэа зьневажае чалавечую годнасьць. Спартовец, які не заваяваў мэдаль, не становіцца ад гэтага „злачынцам“. Паразы — таксама частка спорту, і атлеты не павінны апраўдвацца за іх. Усім нам патрэбная краіна, у якой каштоўны кожны беларус незалежна ад таго, ці выйграў ён мэдаль, ці ляяльны ён ураду і ці кажа ён услых пра тое, што думае».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Цяжка сымпатызаваць спартоўцам, якія ўхваляюць катаваньне сваіх суайчыньнікаў», — галоўны рэдактар «Трыбуны»Такім чынам, фрыстайлісты Беларусі заваявалі як мінімум адзін мэдаль ужо на 7-х запар Алімпійскіх гульнях. За гэты час удалося здабыць 4 залатыя, 2 срэбраныя і 2 бронзавыя ўзнагароды.
Посьпехі ў фрыстайле зьвязвалі зь імем трэнэра Мікалая Казекі, які ўзначальваў каманду з 1993 году. Тым ня менш у 2020-м Казеку адхілілі ад працы з камандай. Хоць фармальна ён застаецца галоўным трэнэрам, але займаецца працай з паперамі. Ён падтрымаў свабодныя выбары і выступіў супраць гвалту. Цяпер каманду фактычна трэніруюць намесьнік Казекі Міхаіл Курловіч і прызэр Алімпіяды Дзьмітры Дашчынскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзякуй міністру Кавальчуку, які актыўна ўзяўся за тое, каб патапіць фрыстайл». Чым цяпер займаецца легендарны трэнэр Мікалай Казека?Першы мэдаль беларусаў на пэкінскай Алімпіядзе заваяваў біятляніст Антон Смольскі. Ён падпісант ліста ў падтрымку Лукашэнкі. Выхадзец з Капыльскага раёну таксама заваяваў срэбны мэдаль, не дапусьціўшы ніводнага промаху ў стральбе ў індывідуальнай гонцы на 20 км.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Біятляніст Антон Смольскі стаў срэбным прызэрам, гэта першы мэдаль беларусаў на сёлетняй Алімпіядзе ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскую фігурыстку, у якой знайшлі допінг, дапусьцілі да далейшых спаборніцтваў на Алімпіядзе