Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
«Дзякуй міністру Кавальчуку, які актыўна ўзяўся за тое, каб патапіць фрыстайл». Чым цяпер займаецца легендарны трэнэр Мікалай Казека?

«Дзякуй міністру Кавальчуку, які актыўна ўзяўся за тое, каб патапіць фрыстайл». Чым цяпер займаецца легендарны трэнэр Мікалай Казека?


Мікалай Казека
Мікалай Казека

На Алімпійскіх гульнях у Пэкіне 10 лютага пачынаюць барацьбу за мэдалі фрыстайлісты, у гэты дзень будзе разыграны камплект узнагарод у камандных спаборніцтвах.

Упершыню з моманту атрыманьня Беларусьсю незалежнасьці на Алімпіяду не паехаў трэнэр Мікалай Казека, які ўзначальвае зборную ад 1993 году. Фармальна ён і сёньня зьяўляецца галоўным трэнэрам фрыстайлістаў, але да працы са спартоўцамі яго не дапускаюць.

Казека падтрымаў патрабаваньне новых вольных выбараў і выступіў супраць гвалту з боку сілавікоў. Пасьля гэтага яго пазбавілі прэзыдэнцкай стыпэндыі, а таксама перасталі браць на зборы нацыянальнай каманды.

За сваю багатую біяграфію выхаванцы Казекі ўзялі на Алімпіядах чатыры залатыя мэдалі, адзін срэбны і два бронзавыя. Невядома, ці працягнецца гэтая тэндэнцыя ў Кітаі.

Свабода празь сяброў Мікалая Казекі даведалася, чым цяпер жыве славуты трэнэр.

«Здароўе больш-менш нармалізуецца. Уваходзіць у норму пасьля ковіду, фактычна выйшаў на дахваробны ўзровень», — расказалі суразмоўцы.

Узімку 2021 году Мікалай Казека цяжка перахварэў на каранавірус, было пашкоджана каля 80% лёгкіх, настаўнік знаходзіўся ў рэанімацыі, але здолеў перамагчы хваробу.

«Цяпер ён знаходзіцца ў папяровай творчасьці: робіць статыстыку, аналіз выступаў. Гаворыць, што сумуе па працы зь людзьмі. Тым ня менш паўтарае: «Пакуль мне ніхто ня можа дапамагчы, ды і ня хоча, а сам я не магу прабіць гэтую сьцяну».

Кантракт з Казекам дзейнічае да канца чэрвеня 2022 году. Трэнэр ня цешыць сябе спадзяваньнямі, што яго могуць працягнуць у будучыні.

«Гаворыць, што надзеі вельмі эфэмэрныя. Што тычыцца працы зь іншымі зборнымі, то на гэта адказвае, што, пакуль што дзейнічае кантракт зь Міністэрствам спорту, а далей — дасьць Бог дзень, дасьць і ежу», — расказваюць сябры Мікалая Іванавіча.

Ці не ўпершыню Мікалай Казека глядзіць спаборніцтвы не ўжывую, а праз тэлевізар. Сябры гавораць, што эмоцыі свае ён стрымлівае.

«Кажа: „Ці нешта зьменіцца, калі я буду перажываць?“ Разумееце, ну што ён можа зрабіць у такой сытуацыі: проста сесьці і паехаць? Каманда прасіла, пісала лісты, каб яго адправілі ў Пэкін, але ўсё марна. Дзякуй міністру Кавальчуку, які актыўна ўзяўся за тое, каб патапіць від спорту. І ягоная думка аказалася мацнейшай за грамадзкае абурэньне».

Цяпер Казеку забаронена даваць інтэрвію і камэнтары для СМІ, хаця раней від спорту заўжды быў адкрытым для кантактаў з прэсай. Настаўнік лічыў, што добрыя стасункі з журналістамі таксама зьяўляюцца адной з цаглінак таго, што ягоны від спорту стаў такім любімым у Беларусі.

«Мікалай Іванавіч кажа, што хлопцы і дзяўчаты добра падрыхтаваныя. Калі ня будзе дурных трэнэрскіх памылак, то выступяць някепска. Каманда збалянсаваная», — спасылаюцца на словы вядомага трэнэра сябры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG