«Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня». Кніга першая
Сапёрныя выбухі і «аднаўленьне» «нашего родного Минска»
Нешта падобнае, апісанае літоўскім гісторыкам Антанасам Вяркялісам у кнізе «Хто разбурыў Вільню», адбывалася і ў Менску.
Савецкі ваенны журналіст № 1, пісьменьнік Ільля Эрэнбург, які ў 1944 годзе ішоў на захад разам зь перадавымі часткамі Чырвонай арміі, запісаў у сваіх успамінах:
«В Минск я попал 4 июля. Танкисты накануне прорвались в город и тотчас ушли дальше на запад. В южных кварталах еще шла стрельба. Я поглядел на длинную улицу и обрадовался: почти все дома невредимы; четверть часа спустя раздались взрывы, и домов не стало. Весь день работали саперы...»
Ільля Эрэнбург быў надзвычай акуратны і працавіты чалавек. Усё жыцьцё ён падрабязна занатоўваў свае думкі, уражаньні і падзеі ў дзёньніку, які пасьля стаў падставай для яго выдатных шматтомных мэмуараў «Люди, годы, жизнь». Так што сумнявацца ў гэтым яго сьведчаньні пра выбухі ў Менску і шукаць тут памылак памяці не даводзіцца.
Інфармацыі пра тое, дзе адбываліся гэтыя выбухі, Эрэнбург у дзёньніку не пакінуў.
У 1998 годзе ў Дзяржаўным архіве Расейскай Фэдэрацыі быў знойдзены важны для менскай гісторыі дакумэнт. Гэта даклад Ільлі Эрэнбурга на паседжаньні Габрэйскага антыфашысцкага камітэту 26 ліпеня 1944 году — г. зн. праз 23 дні пасьля апісаных падзеяў. Вось урывак зь яго:
«... Когда я приехал в Минск, то прошло уже 4 часа после того, как первые советские танки вошли в город. Еще дома взрывались на улицах. При мне на улице, где я стоял, упало два дома. Город горел. Как только я столкнулся с первыми жителями, мне сказали, что некоторые евреи остались в живых в Минске в помещении СД. Я пошел туда и в кузнице СД нашел их. Это было несколько человек в очень тяжелом физическом состоянии...»
Зьвяртае на сябе ўвагу, што абедзьве згадкі Эрэнбурга пра выбухі ў Менску могуць датычыць розных месцаў гораду. У першым урыўку з мэмуараў і прыведзенай толькі што цытаце гаворка, верагодна, ідзе пра розныя месцы гораду.
У першым выпадку Эрэнбург убачыў цэлую вуліцу, пайшоў у іншы бок і праз 15 хвілін толькі пачуў выбухі, якімі вуліца была разбураная, а вынікі выбухаў пісьменьнік убачыў пазьней. У другім выпадку Эрэнбург стаў непасрэдным сьведкам падрыву і падзеньня двух дамоў. Адсюль вынікае, што выбухі 3–4 ліпеня ў Менску не былі адзінкавымі, яны гучалі па ўсім цэнтры Менску на розных яго вуліцах — неацэннае сьведчаньне аб іх нам і пакінуў пісьменьнік. Гэта супадае са сьведчаньнямі некаторых старых менчукоў, якія расказвалі пра выбухі ў Менску і 2 ліпеня.
Як мы ўжо ведаем, 3 ліпеня 1944 году ўсе, хто рухаўся з усходу па цэнтральнай менскай магістралі, з прычыны таго, што мост празь Сьвіслач каля электрастанцыі быў разбураны, паварочвалі на Круглым пляцы направа і праз ваколіцы Опэрнага тэатру і Траецкае прадмесьце па Хлусавым або Лаўскім мастах траплялі на Нізкі рынак у Старым горадзе.
Цытаваны ўрывак дакладу Ільлі Эрэнбурга, а таксама згадка ў яго мэмуарах пра доўгую менскую вуліцу з амаль не пашкоджанымі дамамі, якая была падарваная ў яго на вачах, якраз і прымушаюць думаць, што падрывы дамоў праз 4 гадзіны пасьля захопу гораду савецкімі танкамі адбываліся менавіта недзе ў цэнтры Менску, магчыма, непадалёк ад гістарычнага цэнтру.
Але думаць так прымушае і яшчэ адно меркаваньне. Як члена Габрэйскага антыфашысцкага камітэту і аўтара-складальніка «Чорнай кнігі» пра пакуты габрэйскага народу падчас вайны Ільлю Эрэнбурга ў кожным вызваленым горадзе на захадзе СССР цікавіла найперш гета і месцы масавых расправаў над габрэямі. Таму ён і павінен быў найперш апынуцца на тэрыторыі былога гета ў ваколіцах Замкавай вуліцы, Юбілейнага пляцу і далей, у боку вуліц Сухой і Калектарнай.
Якраз непадалёк, на вуліцы Астроўскага, знаходзілася смаленскае СД, дзе Эрэнбург, паводле яго сьведчаньня, знайшоў жывых вязьняў-габрэяў. Ведаць аб іх існаваньні маглі толькі тыя, хто жыў непадалёку.
Што ж гэта былі за выбухі? Аўтарства немцаў выключаць нельга, хоць у крыніцах і гістарычных працах згадваецца мініраваньне імі толькі самых значных аб’ектаў у горадзе — грамадзкіх будынкаў і прамысловых прадпрыемстваў. У іх лік, натуральна, не ўваходзілі даўно пакінутыя жыхарамі, напалову спаленыя старажытныя будынкі гістарычнага цэнтру Менску.
Аналіз нямецкіх аэрафотаздымкаў сьведчыць пра істотную розьніцу ў стане забудовы на вуліцах Энгельса, Камуністычнай, Інтэрнацыянальнай, Камсамольскай, Рэвалюцыйнай, Астроўскага, Віцебскай і Плошчы Свабоды паміж 6 чэрвеня і 8 ліпеня. Магчыма, яна стала ахвяраю ня толькі вызвольнага штурму гораду, але і тых апісаных Эрэнбургам загадкавых выбухаў.
Магчыма таксама, што апісаныя выбухі адбываліся ня ўздоўж трасаў вуліц, а ў захаваных каробках дамоў на ўнутрыквартальнай тэрыторыі гістарычнага цэнтру Менску. Маглі яны гучаць і ў іншых месцах. Так ці іначай, непасрэдна ў Старым горадзе ў названы прамежак часу нічога не памянялася — там «доўгіх вуліц» не было ўжо зь вясны 1944 году.
Тое дзіўнае савецкае «разьмініраваньне» першага тыдня ў вызваленым Менску трапіла нават у кінахроніку — кадры падрываў сёньня можа атрымаць у дзяржынскім архіве кінафотадакумэнтаў кожны ахвочы. Вясёлыя людзі ў вайсковай форме з усьмешкамі закладаюць у дамы звычайныя круглыя пяхотныя або процітанкавыя міны, выходзяць вонкі і торгаюць за вяроўку... Выбух — і дом «разьмініраваны».
Гэтыя кадры перамяжоўваюцца зь іншымі, больш стрыманымі — сапёры ходзяць зь мінашукальнікамі па шыкоўным клінкерным бруку, перацягваюць нейкія скрыні і г. д. Агулам у неабазнанага чалавека ствараецца ўражаньне звычайнага разьмініраваньня.
Наогул, у тым, што адбывалася ў Менску ў першыя дні і месяцы пасьля вызваленьня, зьдзіўляюць зацятасьць і мэтанакіраванасьць, зь якімі ўлады схапіліся за «аднаўленьне» гораду. Чытаючы тагачасныя газэты, цяжка пазбыцца адчуваньня, што ты — сьведка нейкай добра прадуманай і зрэжысэраванай акцыі. Інакш цяжка паверыць у такую спрытнасьць менскіх уладаў і нечуваны імпэт зьнясіленых акупацыяй людзей, якіх зь першых дзён ліпеня 1944 году пачалі гвалтам ганяць на разборы ўтвораных вайною завалаў.
Прапаганда працавала напоўніцу — газэты ледзь не штодзень выходзілі зь лёзунгамі «Возродим родную столицу», «Быстрее возродим, подымем из пепла и руин нашу любимую столицу», «Восстановим наш родной Минск», «Все на восстановление Минска», «Восстанавливать Минск ежедневно, по графику». Друкаваліся і расклейваліся плякаты «За работу. Все на восстановление родного Минска». А «восстановлением» (калі гаворка ідзе пра гістарычны цэнтар і Стары горад у прыватнасьці) называўся татальны і вульгарны разбор усяго, што было хаця б троху пашкоджана ці спалена.
Кожны здымак у газэце, на якім «разьбіралі» і амаль цэлы дом, і кучу друзу, нязьменна называўся «На восстановлении Минска». І няважна, якога стагодзьдзя быў чарговы разьбіраны падмурак — ХVІ-га або ХХ-га. Журналісты пісалі пра патас адраджэньня і новай мірнай стваральнай працы, а на тварах удзельнікаў тых расчыстак, зафіксаваных газэтнымі фатографамі, шчасьця мне ўбачыць не ўдалося. Не расказвалі мне пра пачуцьцё шчасьця і сваякі — удзельнікі тых разбораў.
Энцыкляпэдычная гісторыя Менску, напісаная навукоўцамі Інстытуту гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук, сьцьвярджае, што першы суботнік па разборы менскіх руінаў адбыўся 8 кастрычніка 1944 году. Афіцыйна — так. Але апытаныя мной старыя менчукі ў адзін голас сьцьвярджалі, што «разбор завалаў» пачаўся ўжо праз два-тры дні пасьля прыходу ў горад савецкіх войскаў, яшчэ пад выбухі сапёрных мінаў.
Вось фрагмэнт інтэрвію старшыні менскага гарсавету К. Бударына газэце «Советская Белоруссия» за 11 ліпеня 1944 году, якая пацьвярджае сьведчаньні старажылаў:
«Тысячи жителей освобождённого Минска вышли на работы по очистке города. Уже убран и вывезен мусор, улицы и дворы приведены в соответствующий вид. Приступило к работе более ста уличных комитетов. Произведён учёт населения, оставшегося после трехлетнего хозяйничания немецких бандитов. Повсюду ремонтируются помещения... В горсовет, горком партии и другие учреждения приходят женщины, старики и молодёжь, предлагающие услуги по восстановлению родного Минска».
Удзел у «расчыстцы» і «разборцы» завалаў быў абавязковым. Сэсія Менскага гарсавету ў кастрычніку 1944 году прыняла пастанову, паводле якой кожны дарослы мянчук павінен быў штомесяц адпрацаваць 30 гадзін, а студэнты і школьнікі старэйшых клясаў — 15. Гэта быў звычайны савецкі прымус. Для кантролю за ўдзелам менчукоў у разборы завалаў былі ўведзеныя спэцыяльныя «асабістыя кніжкі», іх атрымалі нават школьнікі. За парушэньне правілаў запаўненьня кніжак — жорстка каралі.
«Советская Белоруссия» у кастрычніку 1944 году пісала ў рэдакцыйным артыкуле:
«Личная книжка — важнейший документ, свидетельствующий об участии трудящихся в восстановлении города. Между тем во многих организациях личные книжки заполняются небрежно. В записях имеются грубые нарушения: учитываются не фактически отработанные часы, а по выполнению норм выработки. Зачастую ведение записей поручается второстепенным лицам. Это недопустимо. Партийные организации, директоры предприятий и учреждений, председатели фабзавкомов должны систематически проверять отметки в книжках участников восстановления города...»
Празь месяц намесьнік наркама жыльлёва-грамадзянскага будаўніцтва БССР В. Каменскі паўтараў:
«Очень важный и серьёзный момент в работе десятника и бригадира — отметка в личной книжке участника восстановления. Есть случаи, когда количество отработанных часов определяется выполнением нормы. Скажем, выполнил гражданин в один час две нормы, а записывают ему два часа. Это является совершенно неправильным и недопустимым. Записывать в книжку нужно фактическое количество выработанных часов, добиваясь максимальной выработки в час».
Дзе ж тут энтузіязм і добры працоўны настрой? Мужчын мабілізавалі ў войска ў першыя дні. Засталіся жанчыны, старыя і дзеці. Зьнясіленых цяжкай працай на прадпрыемствах і голадам часоў акупацыі людзей прымушалі працаваць фізычна ў выхадныя і нават у працоўныя дні без увагі на стан здароўя і век. Менчукі сталі парабкамі ХХ стагодзьдзя. Таму і працавалі без энтузіязму.
Зноў цытата з рэдакцыйнага артыкулу «Советской Белоруссии»:
«Необходимо всячески усилить массово-разъяснительную работу среди населения. В ряде партийных организаций агитаторы побывали на прикреплённых улицах только один-два раза и сочли на этом свою миссию законченной. Агитаторы должны систематически работать среди домашних хозяек, организовывать их на активное участие в восстановительных работах».
Але агітацыя і нават прымус не спрацоўвалі, і праз паўгода «Советская Белоруссия» зноў патрабавала:
«Райкомы должны выделить постоянных агитаторов для работы среди домашних хозяек».
Менчукі рэгулярна зрывалі графікі выхаду на прымусовыя працы.
«В последние дни уменьшился выход на работу коллективов предприятий, учреждений и домашних хозяек. Графики выхода срываются, а пропущенные дни не отрабатываются. Это, конечно, ни в коей мере не означает, что у населения уменьшилось желание работать на восстановлении своего города», — пісала 22 лістапада 1944 году «Советская Белоруссия».
Для таго, каб «энтузіязм» не зьмяншаўся, газэты паведамлялі, што кожны раз побач з «арганізаванымі» працаўнікамі, на разборы руінаў працуюць і «неарганізаваныя» добраахвотнікі. Напрыклад, з выйшаўшых 14 лістапада 1944 году на вуліцы Менску 16 тысяч менчукоў, як паведамлялі газэты, было каля 3 тысяч добраахвотнікаў.
Сёньня людзі ўспамінаюць, што добраахвотнікі сапраўды былі, але ня так шмат. Пераважна хадзілі тыя, хто натхняўся чуткамі пра знойдзенае ў руінах золата. Менчукі памяталі пра выпадкі часоў акупацыі — тады сапраўды пры разборы некаторых руінаў на вуліцы Ленінскай, прыблізна там, дзе цяпер аптэка, са сьценаў сыпаўся дождж з залатых манэтаў. Летам і восеньню 1944 году добраахвотнікі, шукаючы «габрэйскае золата» на тэрыторыі былога гета, ахвотна разьбіралі руіны на Замкавай і Падзамкавай.
Надзвычай актыўна выкарыстоўвалася праца школьнікаў. Дзяцей ганялі на разбор менскіх дамоў пасьля заняткаў, таму гэта звычайна адбывалася непадалёк ад школы. Гэтак вучні 42-й школы, якая месьцілася ў былым будынку езуіцкага кляштару (Дом губэрнатара, сёньня — музычная школа на Плошчы Свабоды), разьбіралі старыя дамы на вуліцах Ленінскай і на Вольнай.
З наступленьнем халадоў працы стыхійна сталі прыпыняцца. Не дапамагалі ні вымовы, ні пазбаўленьне прагульшчыкаў часткі харчовых картак. І беларускі ўрад паставіў перад працоўнымі новую задачу:
«В ряде мест пытаются объяснить снижение выхода населения на работу наступившими холодами, дождями, метелью. Безусловно, зима усложняет работу, но не должна прекратить. Необходимо перестраиваться на работу в зимних условиях, подбирать виды работ, позаботиться о соответствующем инструменте и т. д.».
І ні слова пра тое, дзе ўзяць цёплае адзеньне...
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: чэрвень 1944 году — савецкія бомбы над Менскам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: як і хто зносіў Стары горад у акупацыю ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: адкуль руіны на Замчышчы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: як немцы гаспадарылі ў сталіцы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: маштабы разбурэньняў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: пажары і падпалы першых дзён вайны ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: трагедыя 24 чэрвеня 1941 году і працэнты прапаганды ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: мост над Нямігай