2 лютага Сьвятлана Ціханоўская правяла брыфінг для паслоў па правах чалавека напярэдадні сэсіі Рады па правах чалавека ААН, дзе мае быць прынятая рэзалюцыя па злачынствах супраць чалавечнасьці ў Беларусі.
У сустрэчы ўзялі ўдзел дыпляматычныя прадстаўнікі Эстоніі, Францыі, Літвы, Люксэмбургу, Нідэрляндаў, Славаччыны, Швэцыі, Вялікай Брытаніі, Фінляндыі.
Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што прысутных аб’ядноўвае «агульная вера ў чалавечнасьць, годнасьць і адказнасьць».
Яна зьвярнула ўвагу на тое, што за кратамі ў Беларусі цяпер больш за 1000 палітвязьняў, сярод іх — 11 непаўналетніх, больш за 125 жанчын, ня менш за 25 асобаў, хворых на анкалёгію, сардэчныя захворваньні або зь іншымі сур’ёзнымі праблемамі са здароўем. Лідэрка беларускай апазыцыі дадала, што насамрэч зьняволеных беларусаў з палітычных прычын больш.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, з палітычных прычын завялі каля 5,5 тысяч спраў; зь лета 2020 году затрымалі 40 тысяч чалавек, рэпрэсіі працягваюцца. Прыкладам, за камэнтары па «справе Зельцара» затрымалі 210 чалавек, за крытыку ўвядзеньня войскаў АДКБ у Казахстан — ад 20 да 100 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі больш за 1000 палітвязьняў«Затрыманьні часта суправаджаюцца прымяненьнем празьмернай і непрапарцыйнай сілы. Гэтыя рэпрэсіі падтрымлівае дзяржава, яны маюць сыстэмны характар. У іх ёсьць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасьці», — падкрэсьліла Ціханоўская.
Яна зьвярнула ўвагу на жорсткія ўмовы ўтрыманьня палітвязьняў, а таксама на перасьлед ня толькі актыўных людзей, але і іхніх сваякоў.
Ціханоўская называла імёны Натальлі Хершэ, якая чарговы раз абвясьціла галадоўку на знак пратэсту супраць катаваньняў; Сьцяпана Латыпава, які спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам у судзе; Вітольда Ашурка, які загінуў у калёніі; шматдзетную маці Вольгу Залатар, якую зьбілі пры затрыманьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская выступіла на «Cаміце за дэмакратыю»: «Групе галаварэзаў удалося тэрарызаваць усю Эўропу»Яна расказала паслам па правах чалавека, што ўлады дагэтуль не завялі крымінальныя справы пасьля сьмерці пратэстоўцаў Аляксандра Тарайкоўскага, Генадзя Шутава, Рамана Бандарэнкі, Аляксандра Віхора і Вітольда Ашурка, не расьсьледавалі належным чынам каля 5000 скаргаў на катаваньні і жорсткае стаўленьне да мірных дэманстрантаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчыя ў Менску накіравалі ў суды 454 «экстрэмісцкія» справы і ніводнай за катаваньні і сьмерць пратэстоўцаўУвагу сабраных выступоўца зьвярнула і на перасьлед незалежных СМІ і блогераў: больш за 40 прадстаўнікоў мэдыя цяпер за кратамі, больш за 300 зьехалі з краіны, журналістка Ксенія Луцкіна хварэе на пухліну мозгу за кратамі.
«Дыктатар зрабіў усё, каб закрыць рот незалежным журналістам і ня даць сьвету бачыць тое, што адбываецца ў нашай краіне. Гэтага нельга дапусьціць», — перакананая Сьвятлана Ціханоўская.
Яна адзначыла таксама беспрэцэдэнтную атаку на грамадзянскую супольнасьць у Беларусі, у тым ліку на праваабаронцаў.
«Рэжым спрабуе заглушыць усе крытычныя галасы», — сказала апазыцыйная лідэрка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чакаем зручнага моманту для новай рэгістрацыі». Чым цяпер займаюцца зьліквідаваныя НДАТак, у 2021 годзе беларускія ўлады пачалі ліквідацыю 330 грамадзкіх арганізацый, сярод іх дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску, экалягічныя, моладзевыя, культурныя арганізацыі. За кратамі знаходзяцца сямёра праваабаронцаў «Вясны».
«Людзей саджалі за краты толькі за тое, што яны насілі няправільныя колеры. Адвакатаў, якія абараняюць палітвязьняў і спрабуюць выконваць закон, пакаралі пазбаўленьнем ліцэнзіі», — пераказала сытуацыю ў Беларусі выступоўца.
Яна нагадала, што беларускі рэжым пагражае ня толькі грамадзянам краіны, але і міжнароднай супольнасьці. У якасьці прыкладаў яна прывяла міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы і інцыдэнт з самалётам Ryanair.
«Парушэньні правоў чалавека ў Беларусі цяпер дасягнулі ўзроўню злачынстваў супраць чалавечнасьці празь іхную жорсткасьць і сыстэматычнасьць. Яны ўяўляюць сабой парушэньні міжнароднага права, якія абавязваюць іншыя дзяржавы прымаць меры для іх спыненьня і прыцягненьня да адказнасьці вінаватых. Вінаватых трэба прыцягнуць да адказнасьці», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўтары сотні ператрусаў і 113 затрыманых. БАЖ падвяла вынікі рэпрэсіяў супраць журналістаў у 2021 годзеЦіханоўская чарговым разам заклікала міжнародную супольнасьць дапамагчы вырашыць грамадзка-палітычны крызіс у Беларусі і распачынаць справы пад унівэрсальнай юрысдыкцыяй, каб пакараць вінаватых у тым, што адбываецца ў краіне.
«Мы павінны бачыць, што ўключаныя ўсе магчымыя мэханізмы для прыцягненьня справядлівасьці. Беспакаранасьць прывядзе толькі да горшых злачынстваў», — мяркуе яна.
Таксама яна выказала падзяку за міжнародную падтрымку беларусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заява ў польскую пракуратуру з абвінавачаньнем Лукашэнкі ў генацыдзе і злачынствах супраць чалавечнасьці налічвае тысячы старонакДа сэсіі падрыхтавалі даклад аб злачынствах рэжыму Лукашэнкі
Паводле дарадцы Ціханоўскай Францішка Вячоркі, які ўдзельнічаў ў размове, замежныя амбасадары ў часе дыскусіі казалі, якія крокі могуць быць прадпрынятыя іх краінамі ў падтрымку ахвяраў рэпрэсій у Беларусі, палітвязьняў, праваабаронцаў, незалежных СМІ.
Чарговая сэсія Рады ААН па правах чалавека пачнецца 28 лютага, беларускае пытаньне на ёй будзе разглядацца ў сакавіку.
Да гэтай падзеі ўжо падрыхтаваны даклад Офіса вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. Даклад напісала экспэртка Карына Маскаленка. Яго тэма — злачынствы супраць чалавечнасьці, учыненыя ўладамі Беларусі пасьля жніўня 2020 году.
Як кажа Францішак Вячорка, у дакладзе сотні доказаў злачынстваў, сьведчаньні пабітых і родных ахвяраў, уцекачоў зь Беларусі, якія знаходзяцца ў розных краінах сьвету.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскі адвакат падаў заяву супраць Лукашэнкі і паплечнікаў у Міжнародны крымінальны суд у Гаазе