21 сьнежня Палата прадстаўнікоў у двух чытаньнях прыняла папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасьць за ўдзел у зьліквідаваных арганізацыях: палітычных партыях, грамадзкіх і рэлігійных аб’яднаньнях, фондах.
Свабода спытала ў прадстаўнікоў некаторых закрытых арганізацый, чым цяпер яны жывуць.
БАЖ: «Мы ня запіс у рэестры юрыдычных асобаў»
Кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец гаворыць, што фармальна арганізацыя ўсё яшчэ не зьліквідаваная ў Беларусі.
«Мы абскарджваем рашэньне аб ліквідацыі. Паколькі яно прымалася Вярхоўным судом, то мы маем магчымасьць толькі напісаць скаргу ў парадку нагляду. Зразумела, што ў сёньняшняй хісткай сытуацыі разьлічваць на шмат не даводзіцца».
Кіраўніцтвам БАЖ, якое цяпер знаходзіцца за мяжой, было прынята прынцыповае рашэньне працягваць сваю дзейнасьць.
«Робім гэта ўсімі магчымымі і законнымі ў сёньняшніх умовах мэтадамі. Мы не гаворым, што працуем далей менавіта як грамадзкая арганізацыя „Беларуская асацыяцыя журналістаў“. Літаральна днямі будзем абмяркоўваць далейшыя пляны, ці нам паспрабаваць аднавіць рэгістрацыю ў Беларусі, ці рабіць нейкае міжнароднае аб’яднаньне».
Паводле Бастунца, прыярытэтным кірункам дзейнасьці застаецца дапамога журналістам унутры Беларусі.
«Сёньня рабіць гэта цяжка, але мы ўвесь час пра гэта думаем і робім усё магчымае. БАЖ — гэта ня запіс у рэестры юрыдычных асобаў, БАЖ — гэта супольнасьць журналістаў, якая кіруецца нашымі мэтамі і стратэгіяй».
«Бацькаўшчына»: «Як структура прыпынілі дзейнасьць»
Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» было адной з найстарэйшых у Беларусі НДА. Яно заснавана ў верасьні 1991 году. На зьезд арганізацыі ня так даўно нават прыходзіў міністар замежных справаў Уладзімер Макей. Тым ня менш ад ліквідацыі гэта ня выратавала.
«ЗБС „Бацькаўшчына“ знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі. Гэта ж ня проста Вярхоўны суд прыняў рашэньне — і арганізацыі няма, — кажа экс-старшыня рады „Бацькаўшчыны“ Ніна Шыдлоўская. — Гэта цэлы працэс з многімі дзяржаўнымі ўстановамі, трэба закрыць пытаньні дакумэнтальна, здаць усё ў архіў. І гэта робіцца хаця б для таго, каб у людзей, якія працавалі ў штаце арганізацыі, зь цягам часу не было праблем з налічэньнем пэнсій».
Спадарыня Шыдлоўская гаворыць, што місія, якую ставіла перад сабой ЗБС «Бацькаўшчына», застаецца актуальнай. Толькі ў цяперашняй сытуацыі мэтады і шляхі, якімі гэта ўсё дасягалася, моцна зьмяніліся.
«Трэба разумець, што пад уплывам абставін і агульных працэсаў „Бацькаўшчына“ часткова ня можа выконваць усе функцыі, якія прапісаныя ў статуце арганізацыі. Гэта найперш тычыцца часткі прадстаўленьня інтарэсаў дыяспар перад дзяржаўнымі органамі Беларусі».
Як структура арганізацыя прыпыніла сваю дзейнасьць. Цяпер сябры былой рады думаюць, што рабіць далей.
«Мы з Аленай Макоўскай доўгі час вядзём кансультацыі з тымі людзьмі, якія ўваходзілі ў нашу раду, хто быў у курсе бягучай дзейнасьці, з нашымі экспэртамі пра тое, каб знайсьці новы фармат, у якім мы будзем далей існаваць. Ці гэта будзе перафарматаваньне, ці рэгістрацыя ў іншай краіне, ці нешта яшчэ — пакуль ня маем адказу».
Рух «За свабоду»: «Канцэнтруемся на рэгістрацыі праэўрапейскай партыі»
Адной з выразна палітычных структур, якія пазбавіліся рэгістрацыі, быў рух «За свабоду». Спачатку дзейнасьць арганізацыі прыпынілі на паўгода, а потым зьліквідавалі яе цалкам.
«Рух „За свабоду“ — гэта супольнасьць аднадумцаў, якая фармавалася дзясяткі гадоў. І ніякія рашэньні дзяржаўных органаў з сумнеўнай легітымнасьцю, Міністэрства юстыцыі альбо Вярхоўнага суду, ня могуць прымусіць актывістаў адмовіцца ад сваіх поглядаў», — кажа кіраўнік Руху Юрась Губарэвіч.
Паводле яго, у сувязі са зьменамі ў Крымінальны кодэкс было прынята рашэньне, што публічную дзейнасьць ад імя арганізацыі будуць праводзіць толькі тыя людзі, якія знаходзяцца за мяжой.
«На сёньня гэта парадку 10-15% ад колькаснага складу арганізацыі. Сярод іншага, мы сканцэнтруемся на падрыхтоўцы да рэгістрацыі праэўрапейскай партыі, якая атрымае легальны статус, у момант, калі ў Беларусі адбудуцца перамены», — падсумоўвае Губарэвіч.
ТБМ: «Мы робім беларускую справу індывідуальна»
Хваля ліквідацыі закранула і Таварыства беларускай мовы. Шматгадовы кіраўнік ТБМ Алег Трусаў паведаміў, што фармальная дзейнасьць арганізацыі спыненая.
«Сядзібу закрылі. Ліквідавалі ўжо нават паштовы адрас. Але тысячы сяброў Таварыства беларускай мовы засталіся і робяць штодзень беларускую справу індывідуальна. Напрыклад, наперадзе чарговая беларуская дыктоўка».
«Чакаем зручнага моманту для новай рэгістрацыі», — адказвае Трусаў на пытаньне пра пляны на будучыню.
Human Constanta: «Перасталі камунікаваць прадстаўніцтвы міжнародных арганізацый»
Аднымі зь першых зьліквідавалі практычна ўсе праваабарончыя арганізацыі. Юрыстка Наста Лойка кажа, што частка супрацоўнікаў арганізацыі Human Constanta выехала за мяжу і працягвае дзейнасьць ад імя арганізацыі.
«Human Constanta кансультуе замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства, якія знаходзяцца ў Беларусі, у тым ліку ўвязаным у гуманітарны крызіс па віне беларускіх дэ-факта ўладаў; зьбірае інфармацыю і піша агляды аб сытуацыі з правамі чалавека; маніторыць мэдыя і піша агляды сытуацыі з антыэкстрэмісцкім заканадаўствам; адсочвае сытуацыю зь лічбавымі правамі, піша рэкамэндацыі для мэдыя і шмат што іншага», — расказала Лойка.
Тым ня менш пасьля ліквідацыі з праваабаронцамі перасталі размаўляць дзяржаўныя органы.
«Больш адчувальна, што з Human Constanta не камунікуюць і прадстаўніцтвы міжнародных арганізацый кшталту Ўпраўленьня вярхоўнага камісара ў справах уцекачоў ці Міжнародная арганізацыя па міграцыі».
Што тычыцца новай рэгістрацыі, то тут Наста Лойка не глядзіць на справу аптымістычна:
«Наколькі мне вядома, цяпер працэдура ўзгадненьня назваў ці новых рэгістрацый фактычна замарожаная, таму пра рэгістрацыю ў Беларусі ў форме некамэрцыйнай арганізацыі гаварыць рана — ёсьць плян пачакаць, што будзе далей. У іншых краінах заканадаўства не патрабуе такой рэгістрацыі».
Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі
У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.
«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.
22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.
«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»
«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.
30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.
«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.
Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.
Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.
Праз год пасьля пачатку масавага ціску, у ліпені 2022 году, стала вядома, што ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый. А маніторынг Lawtrend на канец 2022 году паказаў, што за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.
Адной з галоўных падзей стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў у краіне. Лідэрам арганізацый прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны.
Сярод зьліквідаваных арганізацый
- • Human Constanta
- • Беларуская асацыяцыя журналістаў
- • Беларускі Хэльсынскі камітэт
- • Гродна Лайф Медыя
- • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
- • Зьвяно
- • Имена
- • Мова нанова
- • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
- • ПЭН-цэнтар
- • Прававая ініцыятыва
- • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- • Тэрыторыя правоў
- • Цэнтар прававой трансфармацыі
- • Экадом
- Таварыства беларускай мовы
- Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску
- Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП)
- Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ)
- Беларускі незалежны прафсаюз (БНП)
- Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП)
2004 год. У апублікаваным 7 траўня аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend гаворыцца, што за пэрыяд пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і да канца красавіка 2024-га ўлады Беларусі зьліквідавалі ня менш за 1622 некамэрцыйныя арганізацыі. У працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзілася ня менш за 1003 НКА, рашэньне аб самастойнай ліквідацыі прынялі сама меней 619.